Дзе ад таполі лісьцяў срабрыстых
Аксаміту лашчыцца цень, —
З вапняковых цагелак сьняжыстых
Як вясковага пеўня грабень,
Зроблен кветнік. Удзень
Бзымчаць пчолкі махнатыя, мухі,
Мітусяцца над ім матылькі.
А этэрныя крыльлечкаў рухі,
Як ад сьвечак мігцяць аганькі.
Ў гэты міг мне нічога ня трэба,
Я красы чую ў сэрцы прыліў.
Для мяне ўсьміхаецца неба,
Васількі сярод сьпеючых ніў.
Радасьць, радасьць па жылах агністая,
Як патокам зальле мае грудзі.
Бачу сіняе неба празрыстае,
І жыцьця свайго пройдзены пуць.
Чую песьню вячэрняй парою,
Жабаў крэхт каля гразкіх балот.
Калі вецер шуміць асакою,
І калышацца ціха чарот.
Ў гэты міг мне нічога ня трэба,
Я красы чую ў сэрцы прыліў.
Для мяне ўсьміхаецца неба,
Васількі сярод сьпеючых ніў.
|