О, служкі-найміты даляра!
Дарэмны вашыя патугі.
Вам ня стрымаць народны стругі,
Дзе Нёман, Днепр, Вяльля і Шчара.
Народ устаў, ўстрапянуўся,
Як волат, спаўшы цяжкім сном.
Арліным вокам азірнуўся,
Ўзмахнуў крылом…
Паны!
Вам не вярнуць часоў прыгону,
Ужо зьмяніўся шмат мужык, —
Пазнаў газэту і цягнік.
І чуць ня хоча путаў звону.
Пазналі ў лёхах дэфэнзывы
Салодкасьць „Заходняй культуры“,
Дзе ток пушчалі цераз жылы,
Ў скляпеньнях цёмных і панурых.
Наўчылі ў турмах галадоўкі
Цаніць культуры вашай смак,
Дзе шампалы, з гумы вяроўкі
На плечах клалі сьмерці знак.
Жыцьцёвы досьлед, сэрца раны
Сказалі нам, хто вораг наш,
Пакіньце-ж нас, тыраны!
Ад нашых дзетак вы ўкралі
Бацькоў, аратых і сыноў, —
Краіны лепшых змагароў
Ў катух сьцюдзёны ўпакавалі.
Парваць вы прагнеце струну, —
Народу нэрвы, мазгі, сілу,
Каб Беларусь загнаць ў магілу,
У „Вронкі“ — душную: турму.
Пакіньце думаць аб прыгоне
У нашай роднай старане.
На кроўю зрошаным загоне
Зара народная ўзыйдзе.
Народу, нёсшага ярмо,
Вам млосна бачыць адраджэньне,
Парыў да творства і натхненьне
Сарваць нявольніцтва кляймо.
Вам цяжка з праўдай пагадзіцца,
Што вольным можа быць народ;
Што можа сьвет з людзьмі зьмяніцца
Жыцьця, падзеяў вечны ход.
Крывёю плачце, ды дарэмна,
Вам не вярнуць мінулых дзён.
Дзе колькі год было йшчэ цёмна,
Там сонца пырскае з вакон.
|