Перайсці да зместу

Лукішкі (1929)/Заходняя Беларусь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да паноў судзьдзяў Заходняя Беларусь
Верш
Аўтар: Алесь Салагуб
1929 год
⁂ Сыплюцца сьняжынкі матылямі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ

Беларусь, Беларусь!
Там, дзе Нёман бурліць,
Дзе Лукішак сьцяна мураваная,
Пад шляхецкай пятой,
Ты прымушана жыць,
Беларусь, у крыві спаласканая!

Цераз хаты твае дзьмуць ліхія вятры,
А сасонкі і елкі радзімыя
Адпраўляюць за Буг, ў край далёкі, чужы,
Смокчуць сокі твае падхалімы.

А палеткі твае, як і ў царскія дні,
Груганьнём, вараньнём абголены.
Як і ў царскія дні, твае дзеці-сыны
Кратай цёмнай вастрогам накормлены.

*

Ды ў масах помста родзіцца,
Паўстанчы новы рух
Як гром вясны раскоціцца
Ў дыме завірух.

Узойдзе сонца яснае
Над шэраю страхой.
Растае гора нашае
У зьзяньні кос вясной.

Ўздыхнем грудзьмі свабоднымі
Паветрам нашых ніў,
З краінай любай, роднаю
Пачуем моцны зьліў.

Мець будзем воблік раніцы,
Сыйдзе з павекаў сон.
Растае хмель у п‘яніцы
І цемра ля вакон.

Прыдзі, прыдзі, чаканая,
Народная вясна.
Устань, паўстань загнаная,
О, Беларусь мая!

Лукішкі.
29-VIII—27 г.