Лес (Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Лес
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/16442


Ці знаеш ты, дзяцюк нядбалы,
І ты, дзяўчынка дарагая,
Лес гэты цёмны, лес падгалы,
Што зь веку ў век нам байкі бае?

Цікавым вокам і душою
Шмат пераняць чаго там можна,
Як там усё само сабою
Жыве паважна, асьцярожна.

Там зьвер туды-сюды шнуруе,
На гальлі птушка там трасецца,
Там хвойка з хвойкаю талкуе,
Як дзе кума з кумой на рэчцы.

Зімой сапе сьцюдзёнай думай,
Улетку песьняміь уп'ешся,
А ўвосень там – ах, шумы, шумы!
Не чуй – сьлязою абліешся!

Няхай жа сьвісьне ў ім сякера:
Застогне бедны ён, застогне...
О пушча, цёмная не ў меру,
Чыя душа з табой не дрогне?!

(1908-1910)