Перайсці да зместу

Лес плача

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хмара ідзе Лес плача
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 27, 24 верасьня 1924 г., б. 3, № 28, 26 верасьня 1924 г., б. 2
У цёмную даль

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXXVII.
Лес плача.

Мі чулі вы калі, як плача лес?

Як горача б’ецца яго сэрца? Ці бачылі яго сьлёзы?

Не, не, мусіць, ніколі!..

Тэта было ціхаю ночкаю, калі ніводзін ліст ня дрыжаў ад ветру, калі зоркі таемна сьвяцілі з высокага неба і дубы глядзелі ў цёмную ваду быстрай Лані…

Тады я чуў, як плача стары лес і бачыў яго сьлёзы…

Аб чым ён плакаў? Ці аб прошлых гадох свае славы, аб загінуўшых сяброх, ці мо’ аб людзях, што марна гінуць у жыцьці, а мо’ аб хвалях Лані?..

Не, не! Не аб тым плакаў стары лес…

Ён плакаў і цяпер яшчэ плача аб нядолі свае старонкі…

Схіліліся галіны бярозкі да галін дуба, стаяць панура елкі, маркотна глядзяць на зоркі вялікія сосны…

Прыціхлі асіны і лісты іх ня дрыжаць… і нейкі жудасны жаль лес апанаваў…

Ціха бягуць хвалі халоднай Лані, слухае балючыя словы лесу, цёмны сітняг…

Нейкі жудасны нібы стогн нясецца з галін дрэваў і за сэрца страх бярэ.

Чую нібы капаюць нечыя гарачыя сьлёзы на краскі, на зялёны мурог з лісьцьця дрэваў…

Я ведаю і сэрцам чую — гэта плача стары лес…

Ня плач, мой стары прыяцель магутны!

Табе ня трэба плакаць!

Ляпей ты мне казку былых гадоў скажы, каб мог я маіх братоў да згоды паклікаць…

Не, ня чуе мяне стары лес!

Капаюць яго горкія сьлёзы, нясецца цяжкі ўздох…

Зорак праменьні іграюць яскрава ў хвалях Лані…

Пачаў казку казаць прачнуўшыйся сітняг…

Усё ціха…

Хутка ўжо, хутка зоркі згінуць адна за аднэю, неба асьвецяць сонцавы праменьні…

Вецер нудныя думкі разгоне, зашуміць цёмны лес, засьпяваюць птушкі ў галінах, засьмяецца, весялей панясе свае хвалі Лань…

А, пакуль што, плача стары лес і капаюць на зямлю яго сьлёзы…

Дзяргач.