Хмара ідзе
← Лес шапоча | Хмара ідзе Абразок Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 27, 24 верасьня 1924 г., б. 2-3 |
Лес плача → |
Ня відаць сьвету, цёмна зрабілася ў лесе.
Панура загудзеў стары лес, затрашчалі галіны, зашамацела лісьцьцё, сьціхлі птушкі.
Вецер сярдзіта выў, стараючыся вырвацца на волю з моцных абцугоў лесу — але бароўся, трымаў яго лес, б‘ючыся з непагодай.
Горда стаяў ён, гледзячы на сьмерць сваіх сяброў і біўся далей з бурай.
Цёмная хмара, як ноч закрыўшы неба, напаўзала на лес…
Страшэнны вецер ляцеў, стараючыся сваім імпэтам зьнясьці дубы, грабы, сосны, елкі, бярозы, але дзе там!
Стоячы ў цеснай грамадзе, як адзін, байцы сустрэлі ворага і пачалася бойка: трашчаць карані дрэваў, ламаюцца галіны, сыплюцца лісты.
Круціць, ламае віхар — няма зьлітаваньня…
Белыя бярозкі гінуць адна за аднэй і кроплі дажджу паліваюць іх упаўшыя целы…
Ось затрашчаў стары дуб, шарахнуўся на зямлю…
Радасна завыў вецер над ім, закруціў галіны, сарваў лісьцьцё і панёс яго высока ў цёмную хмару…
Здавалася яму, што згінуў ужо стары лес, ляжыць зьніштожаны ў порах…
Але мыліўся вецер.
Лес далей змагаўся, хоць шмат панес ён страты ў сяброх…
Байцы горда глядзелі ў вочы сьмерці, бо ведалі, што іншыя прыдуць, за іх радамі паўставалі новыя рады байцоў…
Бо ня век-жа будзе панаваць цёмная хмара, ня век будзе сьмяяцца нядоля над пакутай, ня век!..
Прыдзе гадзіна, разойдзецца хмара па небе, разгоне вецер яе, разьмяце і зноў сонца засьвеце.
Засьвеце яскравымі праменьнямі, залеча раны старога лесу, асуша сьлёзы, зноў ціхую, цудоўную казку зашапочуць галіны, зноў ночка спакойная прыйдзе і за сабой шмат зорак прывядзе…
Ціха будуць галіны купаць сваё лісьцьцё ў серабрыстых хвалях Лані…
Будзе мець награду лес ад Бога, што вытрымаў барацьбу…
Дзяргач.