Помніш вечэр: с табою мы ў чоўні былі,
І па возеры сонным плылі;
Месяц круглы з блакіту на нас пагледаў,
Залацістые косы ён путаў і рваў
Ў хвалях вод, што за чоўнам ішлі…
На душы нам так сьветла, так ясна было —
Мы шчасьлівы былі… Ты пакінуў вясло
І падняўся з руля, і сеў побач мяне,
І па соннай, гладкой вадзяной раўніне
Ціхім ветрам нас лёгка, нясло…
Нам с табой не хацелась тагды гаварыць:
Мы баяліся возера с сну разбудзіць.
Маю руку ў свае ты паволі узяў, —
Лёгка сьціснуў і сьціха — ледзь чутна сказаў:
Праз жыццё гэтак будзем мы плыць!
Ізноў змоўк… Месяц з неба так ясна сьвяціў, —
Сваім блескам ваду ён усю залаціў,
А лазняк малады, што так рос над вадой,
Шэлясьцеў і шумеў і ківаўся над ёй,
Якбы нешта усё гаварыў.
Якбы думу сваю хвалі соннай шэптаў,
І галінкі свае ў вадзе яснай купаў.
Раптам вецер аднекуль шальны наляцеў,
І трывожна і громка лазьняк зашумеў…
— «Будзе бура», — ты ціха сказаў.
С шумам Хмара з-за лесу йшла з ветрам на нас;
Ў небі бліснуў маланкі агонь і пагас, А віхор на вадзе закруціў—зашумеў,
А на небі ўжо гром раскаціўся — грымеў,
Ў хвалі кідала лодку і нас…
Ты-ж весла ухапіўся і сьмела устаў;
Лодку кідала, гнала — ты сьмела стаяў!
Хвалі гнаные ветрам стагналі, раўлі,
С плескам брызгалі ў лодку і далей плылі;
Ты ня дрогнуў — стаяў — веславаў…
І здавалася мне, што ты бог над вадой;
Не баялась я буры, бо ты быў са мной.
Ты прыгнуўся, спакойна руку маю ўзяў
І, заглянуўшы ў вочы, мне з моцай сказаў:
— «Будзь спакойна; я — тут, я — с табой»…
Хоць нас вецер шалёны на хвалях насіў
І хоць човён ён гнаў, і кідаў, і круціў, —
Ані разу ад страху ня дрыгнула я,
Бо ў руках у тваіх рука была мая,
Бо ты, мілы, са мною там быў!..
|