Перайсці да зместу

Курганная кветка (1914)/Чаму?..

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Помніш вечар?.. Чаму?…
Верш
Аўтар: Канстанцыя Буйло
1914 год
Дзяўчына
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чаму? (Буйло)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чаму?…

Скажы, мілы, чаму —
Толькі гляну я ў вочы твае —
Мне здаецца, што ноч прад сабою я маю?
Так глыбокі яны, як яна,
І так ясны, як зоркі яе.
Ажно часам я вочы свае прыжмураю…

Скажы, мілы, чаму
У глыбокае іх глубіне,
Як на кніжцэ патчас — так чытаць я гатова?
Уся глуб твайго сэрца у іх
Чорна-ясным атсьвеціцца дне,
Адабьецца ляпей і ясьней, як у словах…

Чаму с сілы усей
Часам хочэцца мне закрычаць:
Не глядзі — адвядзі ад мяне свае вочы!
Бо ўсё тое, што часам у іх
Мне удасца ўглядзець, прачытаць,
То мне разум, душу і ўвесь сьвет замарочэ?…

Не глядзі!… Я — ў сваю,
Ты ў сваю у старонку пайдзём;
Мы — чужые, чужымі і будзем век цэлы,
Хоць твой ўзгляд, як-бы бондар які,
Усе думкі мае абручом
У адзін круг скаваў, круг чароўны і цэлы…

Будзь здароў-жэ цяпер! —
Я іду — ўжо пара мне ісьці!
Не глядзі — ўжо і так душа поўна табою…
То, што ў сэрцэ ты мие зараніў,
Як той сьветыч — у цёмным пуцьці
Будзе вечна ісьці і сьвяціць прада мною.