Кручаная баба
Кручаная баба апавяданне Аўтар: Адам Плуг 1849 |
Жыў на свеце адзін гаспадар, ды такі бедны — ажно страх, няхай Бог крые; але працавіты, справядлівы, цвярозы і калі б ня жонка, дык быў бы шчаслівы; на няшчасце ў жонцы яго цэлае ліха сядзела, як гэта, ня тут кажучы, часценька й бывае ў людзей…
Во гэтае ж цэлае ліха і сядзела ў жонцы, але і была ж яна шэльмай з пад цёмнай зоркі! Не кажу ўжо таго, што грызла яго, быццам соль у воку, што сакатала яму ў дзень і ў ноч над галавою, на гэтае ж бабы і родзяцца. Але галоўнае: ніякага сакрэту, крый Божа, ўтрымаць ня магла. Што толькі муж зрабіў, што толькі пастанавіў зрабіць, нават што памысліў, яна ўжо ўсё ведала ды зараз жа бегла ад хаты ў хату ды ўсім аб гэтым сакатала, дабаўляючы ў чатыры разы больш, як папраўдзе было. Гэтак і сама мужу прыносіла навіны ды малола ўсялякія брэдні: пры сакатлівасці сваёй была яна і надзвычайна легкавернай.
Здарылася неяк адзін раз, што гаспадар наш, аручы поле, пусціў валоў пасвіцца на мяжы, а сам пад кусцікам прылёг крыху адпачыць. Глядзіць, ажно надыходзіць нейкі дзядок з вялікім гаршчком пад палою сярмягі ды з рыдлёўкай ў руцэ. Гаспадар ляжыць бы мёртвы, толькі вочы, быццам рак, вытарашчыў ды вушы наставіў, як заяц. Вось дзядок выкапаў ямку, паставіў у ёй гаршчок дый пачаў закапываць, кладзючы лапатай хрэсты і балмочучы: «Той хай зможа ўзяць усе грошы, хто тут узложыць сем галоў». Закапаў, пашаптаў ды і пайшоў. Гаспадар з гэткага дзіва прызадумаўся моцна, а затым стаў чухаць голаў. «Гэй, — і думае сабе, -скуль бы мне ўзяць гэтыя сем галоў? Вось калі б гэтак жонка мая мела іх і семдзесят сем, дык не пашкадаваў бы іх, а ў яе толькі адна галава ды і тая дурная. Як бы тутака парадзіць?»
Доўга гэтак думаў, ляжаўшы да гары пузам ды лічучы хмаркі на небе, а над ім лётала цьма аваднёў. Як толькі які з аваднёў сядзе яму на нос, ён зараз яго ўхопіць, адарве галоўку авадню, саломку ў хвосцік, пусціць яго ды смяецца вясёла, гледзючы, як авадзень ляціць, бы ашалелы, высока-высока, пакуль ня прападзе пад небам. Шмат галоў ужо адарваў, многа саломак ужо ўсадзіў авадням, думаючы ўсё аб сямі галавах; ажно неяк добрая думка увайшла яму ў галаву. Скочыў на ногі дый давай лавіць аваднёў; злавіўшы іх сем, пайшоў туды, дзе дзядок закапаў свае грошы ды й выкапаў іх з зямлі, а, кідаючы ў яму адна за другой галавы, якіе адрываў авадням, прыгаварываў: «Вось адна галава, вось і другая галава!». I гэтак ажна да сямі. Кінуўшы ўсе, забраў гаршчок, дзе былі адны дукаты-чырвонцы, схаваў пад палу світкі і шчасліва ўцёк да хаты. Здурэўшы з радасці, сказаў жонцы аб сваім шчасці, а як прыпомніў сабе, што зрабіў глупства, кажучы аб гэтым жонцы, падумаў сабе: «А ліха ж яе мацеры! Селі пяцігорцы макам, кабыла порах з’ела! Што я нарабіў? Як цяпер на гэта парадзіць?»
Думаў дый выдумаў. Пайшоў у мястэчка, накупіў пірагоў больш за чатыры капы дый прынёс у хату. Капу рассыпаў на двары, капу кінуў на страху, панатыкаў крыху ў плецень, дый рэшту ўзяў у хату, шыбкі ў вакнах пабіў, а пірагі параскідаў па ўслонах ды па палу. Жонкі не было ў хаце, апавядала яна ўжо ў другім канцы сяла, як гэта муж яе чатыры катлы грашэй знайшоў, чаму, вядома, ніхто веры і не даваў. Аблітая потам, прыбягае яна ў хату; глядзіць, цэлы двор усланы пірагамі, пірагі на страсе, пірагі ў плетню, а хата з пабітымі шыбкамі ў вакнах.
— Што гэта? — пытаецца з дзівам. — Ці ты не бачыла, — адказвае ёй муж, — як ішла хмара з пірагамі замест граду? Збірай хуценька, каб суседзі не бачылі.
Пазбіралі ўсё дый схавалі у клеці. Жонка зараз жа пабегла з хаты ў хату дый давай апавядаць людзям, як над іх падворкам лопнула хмара з пірагамі, каторых і назбіралі поўную клець. Вяртаецца баба дамоў, ажно па дарозе сустракае мужа з гаццю на рыбы, ды вось дзіва, ў гаці чатыры шчукі ды два маладыя зайцы.
— Што гэта? — ізноў пытаецца. — А што, — адказвае муж, — паставіў я гаць на рыбы, а Бог даў рыбы ды зайцоў. — Ов-ва! — крыкнула жонка. — Вось дзіва так дзіва! — Зараз і пабегла хваліцца ў сяле, што муж злавіў гаццю ў рэчцы дзесяць шчук ды пяць зайцоў.
Вярнуўшыся позна ўвечары, бачыць, што мужа няма ў хаце; ўрэшце прыбягае ён мокры ад поту, быццам рудая мыш, а у руцэ трымае здор сала. — Што гэта? — пытае ў яго жонка. — Маўчы дурная! — кажа ёй муж на вуха: — Пан улез у клець дый краў сала, я, дагнаўшы, адабраў ды шэльму выхвастаў, як сабаку. Ды глядзі ж мне, не расказвай нікому, бо была бы бяда!
Прайшоў адзін тыдзень, другі, гаспадар пабіў сваю жонку за нейкае там ліха. Злуючы на яго, жонка й кажа: — Пачакай жа, гадзюка! Пайду я да пана, ўсё чыста скажу, як ты знайшоў грошы. — Ідзі к чортавай мацеры!
Яна так і пабегла. Пан прысылае за мужыком. Калі яго спыталіся аб знойдзеных грашысках, здрыгануў ён плечыма, пачаў хрэсціцца ды клясціся, адказваючы: — Далібог ані чуў, ані бачыў! — Хлусіць, паночку! брэша! — крычала заўзятая баба. — Знайшоў, далібог знайшоў, у той самы дзень, як хмара ішла з пірагамі! — Ашалела баба! — кажа здзіўлены пан. — Скруцілася, паночку! — адказаў муж, уздыхаючы. — Сам ён скруціўся! — дзіка крыкнула баба. — Знайшоў, далібог, знайшоў, у той самы дзень, як два зайцы ды чатыры шчукі ў гаць улезлі. — Што табе, баба? ўпілася ці ашалела? — пытаўся пан ад смеху, трымаючыся за пузо, каб не лопнуць. — Кручаная, паночку! — сказаў муж, ламаючы рукі. — Вось і доля мая, доля нешчасная! — Сам ты кручаны! — крычала, быццам ашалеўшы, баба, грозячы свайму мужу кулакамі: — Знайшоў, паночку! каб я счарнела, як зямля, калі ня праўда! Знайшоў у той самы дзень, выбачай паночак, як пан сала краў! — Няшчасная мая доля, горкае мае жыццё! — крыкнуў мужык са страхам.
А пан, смяючыся, як ніколі ў жыцці, загадаў бабу завясці да студні ды выліць ёй колькі вядзер вады на галаву, каб ёй глузды прыўраціць.
Сноў, 1849