Варта (1918)/Ай-Кітаб-Кіцёп
← Кручаная баба | Ай-Кітаб-Кіцёп Гістарычная праца Аўтар: Іван Луцкевіч Кастрычнік 1918 году |
Неміга і Менск → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ай-Кітаб-Кіцёп. |
Старасьведчына. |
Ай — Кітаб — Кіцёп.
Стацця вядомаго археолёга І. І. Луцкевіча.
Літоўскіе татары — магомэтане, якіе дагэтуль жывуць на Беларусі у Меншчыне і Віленшчыне, у пачатку XV веку пасялілісь у нашым краю. Яны былі вызваны, як успамагацельный корпус войска проціў крыжакоў, вялікім князем Вітаўтом. Пасьля вайны яны асталіся у нашым краю, атрымалі права ажаніцца з дачкамі тутэйшых бояр — шляхты і прынялі ад іх фамілію — прозвішчы, звычаі і беларускую мову; толькі вера асталася магомэтанская. Вось для духоўнай патрэбы татарскіе муллы (мална) арабскімі літэрамі ператлумачылі на беларускую мову сьвятую кнігу Ай — Кітаб, каторую збеларушчылі у слова «Кіцёп». Гэта кніга сьвятая ёсьць тлумачэньне Корану, яго важнейшых прыповесьці. Знаньне арабскай мовы хутко загінуло, асталося толькі знаўства пісаць арабскімі літэрамі і чытаць яе. Мы бачым яшчэ — праз — два векі XVI і XVII на судовых докумэнтах падпісы татарскіх фамілій арабскімі літэрамі. Учыліся татары доўгі час чытаць арабскімі літэрамі з паменённой вышай беларуской кніжкі Кіцёпа. Ужо век XVIII прынёс у татароў уплывы польскіе у граматнасьці і яны, як і ўся беларуская шляхта, пачынаюць чытаць, пісаць і падпісываць докумэнты па польску; паяўляецца ужо ні толькі рукапісьный у XVIII веку Кіцёп арабскімі літэрамі па польску, але і у пачатку XIX веку друкаванный па польску лацінікой цэлый Коран.
Пісаны па беларуску коран і Ай — Кітаб — Кіцёп выходзіць з ужытку і як не патрэбная рэч затрачываецца. Доўго прышлося шукаць яго вучоным: і толькі шчаслівы прыпадак давёў мяне да яго у 1915 гаду перед заняцьццем Вільні немцамі. Знайшоў я яго у татарскаго муллы Сцепана Полтаракевіча у ваколіцэ Сорак — Татары пад Вільняй. Кіцёп гэты складаецца з колькі сот страніц рукопісу, пісанный у канцы XVI, або пачатку XVII веку. Рукопіс не мае пачатку і канца. Дагэтуль удалось часьць яго расчытаць, перэпісываючы арабскіе літэры на лацінскіе — літэра у літэру атрымаўся чысты беларускі тэкст, каторы ніжэй падаю гражданкою.
Стр. 1-ая. „Напрод Божэ іме успамінайма, міласьць у нутрах свайіх уфундуем, першый і астатній он ест векоістый, да кожнай рэчы моцный ніхто ему непадобный ест, есьлі нічога не было стварыў сьветы“.
Стр. 2-ая. „Цёмна было, очы сьветласьці не відзелі. Куры не пелі, сабакі не брэхалі, дошч ішоў, цёмна было, вечер веяў. Разумеў, што судный дзень настаў“.
Разгледаючы гэтае старое провопісьмо беларускае, пісанае арабістыкай, мы бачым дзьве характэрные асобеннасьці, которых у кірылічным тэксьце старых беларускіх памятнікаў ніколі не спатыкаем, гэто ясны звук дз, напрыклад: дзень, невідзелі і т. д. Для гэтаго звука дз у арабскай транскрыпцыі істнуе асобое начэртанне літэры д, яна перачоркнута. Так сама другі звук ць, напрыклад: цёмна, сьветласьці, міласьць, — у кірылічнай транскрыпцыі, было-бы: тёмна і сьветласті, міласть, а тутака бачым, што звукі дзе і це ясна пісаліся арабістыкай, так як яны у жывой мове XVI, XVII векоў выгаварываліся. Гэта ёсьць не збурэный доказ, што жывая беларуская мова мае гэтые два характэрные звукі ад найдаўнейшых часоў і што новая беларуская транскрыпція, гражданіцэй і латынікай, зусім правільная, а усе ухішчрэння москвафілаў, каторые не прызнавалі дзе і це, фундуючысь на убожэстве і беднасьці кірылічнаго правопісма у недахватцэ знакоў для передачы памененых жывых звукоў беларуской мовы дзе і це, не маюць пад сабой ніякой навучнай падставы, апрача русыфікаторской тэндэнцыі, каторая пры адкрыцьці такого важваго памятніка беларускаго пісьмэнства, як «Кіцёп», арабістыкай па беларуску напісанаго у далёкай мінуўшчыне XVI і XVII вякоў, сама сабой падае.
м. Менск.