Коннік без галавы (1941)/XXXIV
← Раздзел XXXIII | Коннік без галавы. Раздзел XXXIV Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел XXXV → |
Раздзел XXXIV
„РЫЦАРСКІЯ“ ПАБУДЖЭННІ
Куды-ж адправіўся Касій Кольхаун?
Вядома, не ў свой пакой. Хіба мог чалавек, раздзіраемы такімі мукамі, спаць?
Ён пайшоў у пакой свайго стрыечнага брата Генры Пойндэкстэра.
Ён накіраваўся проста туды, нават не трацячы часу на тое, каб узяць з сабою свечку. Свечкі, між іншым, і не патрэбна было — праменні месячнага святла досыць добра асвятлялі пакой. Можна было адрозніць яго незацейлівае абсталяванне: умывальнік, невялікі столік, пару крэслаў і ложак з полагам з кісяі — для аховы ад надакучлівых маскітаў.
Кольхаун прыпадняў кісяю і пачаў будзіць бесклапотна спаўшага юнака.
— Прачніся, Генры, прачніся! — праказаў Кольхаун, моцна калоцячы спаўшага за плечы.
— О-а! Гэта ты, Касій? Што такое? Спадзяюся, не індзейцы?
— Горш, значна горш! Хутчэй! Уставай і глядзі. Хутчэй, а то будзе позна. Уставай і глядзі на ганьбу вашай сям‘і. Хутчэй-жа, інакш імя Пойндэкстэраў будзе пасмешышчам для ўсяго Техаса!
Пасля такога папярэджання, вядома, нікому з членаў сям‘і Пойндэкстэраў не захацелася-б спаць. Юнак умомант усхапіўся на ногі і з неўразуменнем глядзеў на стрыечнага брата.
— Не траць часу на тое, каб апранацца, — заявіў усхваляваны капітан. — Хутчэй! Хутчэй!
Незацейлівы касцюм, які юны Генры прывык насіць, праз некалькі секунд ужо быў на ім. Юнак хутка пайшоў за капітанам у сад.
— У чым справа, Касій, — запытаў ён, калі Кольхаун знакам даў зразумець яму, што трэба спыніцца. — Скажы-ж мне, што ўсё гэта азначае?
— Глядзі сам. Стань бліжэй да мяне. Глядзі праз гэты прасвет дрэў у тым напрамку, дзе заўсёды стаіць твая лодка. Ці бачыш ты што-небудзь там?
— Штосьці ў белым. Як быццам жаночая сукенка. Гэта жанчына.
— Правільна, гэта жанчына. Хто-ж яна, як табе здаецца?
— А я не ведаю. А ты ведаеш, Касій, хто гэта?
— Побач з ёю другая фігура, у цёмным.
— А гэта як быццам мужчына. Так, гэта мужчына.
— А хто ён, як ты думаеш?
— Як-жа я магу ведаць, Касій? А ты ведаеш?
— Так, я ведаю. Гэты мужчына — Морыс-мустангер.
— А жанчына?
— Гэта Луіза, твая сястра, у яго абдымках.
Юнак кінуўся наперад.
— Стой! — сказаў Кольхаун, схапіўшы яго. — Ты забываешся, што ты не ўзброены, а ў мустангера ёсць зброя. Гэта я ведаю. Вазьмі вось гэта і гэта, — прадаўжаў ён, перадаючы яму свой нож і рэвальвер. — Я хацеў сам пусціць іх у ход, але падумаў, што лепш будзе, калі гэта зробіш ты як брат і абаронца сваёй сястры. Наперад, Генры! Толькі глядзі, не лучы ў яе. Падкрадзься ціхенька, папярэджваць не трэба. Страляй яму ў жывот. А калі ўсе шэсць куль не прыкончаць яго, тады закалі нажом. Я буду стаяць непадалёку і дапамагу табе. Бяжы!
Генры Пойндэкстэр не меў патрэбы ў гэтых подлых настаўленнях. Ён кінуўся выратоўваць чэсць сваёй сястры.
— Паганы нягоднік! — закрычаў ён. — Луіза, адыйдзі ўбок і дай мне забіць яго. Адыйдзі, сястра, адыйдзі, я табе кажу!
Замест таго каб выняць рэвальвер і абараняцца, Морыс-мустангер спрабаваў толькі вызваліцца з абдымкаў дзяўчыны, баючыся за яе, але яна мацней прыціскалася да яго.
Стрэліць у мустангера азначала-б для Генры рыскаваць жыццём сястры. Генры спыніўся і не спусціў курка.
Гэта прамаруджанне выратавала іх усіх. Пакінуўшы мустангера, Луіза схапіла за рукі брата. Яна ведала, што Морыса не трэба было баяцца, трэба было толькі спыніць брата.
— Бяжы, бяжы! — закрычала яна мустангеру, стараючыся ўтрымаць абуранага брата. — Генры ўведзен у заблуджэнне, я ўсё растлумачу яму сама. Хутчэй, Морыс, хутчэй выратоўвайся!
— Генры Пойндэкстэр! — сказаў малады ірландзец, ужо гатовы выканаць сяброўскую параду, — вы дарэмна лічыце мяне за нягодніка. Дайце толькі час, і калі я акажуся нявартым пашаны і кахання вашай сястры, тады вы можаце забіць мяне ва ўсіх на вачах, як нясмелага кайота. А пакуль бывайце.
Спробы Генры вызваліцца з рук сястры паступова слабелі, пакуль ён слухаў мустангера. Супраціўленне рабілася ўсё слабей і слабей, і ў момант, калі Морыс кінуўся ўплаў цераз раку, рукі юнака апусціліся.
— Брат, ты памыліўся ў ім. Запэўняю цябе, ты не ведаеш яго! — усклікнула Луіза. — О, Генры, калі-б ты толькі ведаў, які гэта цудоўны чалавек! Ён ніколі не дасць мяне пакрыўдзіць і тым больш не пакрыўдзіць мяне сам. Я не магу не кахаць яго, і мне ўсёроўна, кім-бы ён не быў.
— Луіза, скажы мне праўду. Гавары са мною так, як быццам-бы ты гаварыла сама з сабою. З таго, што я бачыў тут, я зразумеў, што ты кахаеш гэтага чалавека. Скажы мне праўду, ці быў ён сапраўды прыстойным чалавекам? Ці не злоўжыў ён тваёй даверлівасцю?
— Не! Не! Не! Клянуся табе! Нават у тым выпадку, калі-б я сама гэтага хацела, ён пашкадаваў-бы мяне. Генры, чаму ты так незаслужана абразіў яго?
— Я абразіў яго?
— Так, ты гэта зрабіў, Генры, груба, несправядліва.
— Я гатоў прасіць прабачэння ў яго. Я даганю яго і папрашу ў яго прабачэння за сваю нястрыманасць. Калі ты толькі гаворыш праўду, сястра, я павінен гэта зрабіць. Ты-ж ведаеш, што ён мне спадабаўся з першага-ж разу. А цяпер, Луіза, ідзі да сябе і засні. Я паспяшаюся да гасцініцы і, магчыма, яшчэ застану яго там. Я не знайду сабе спакою, пакуль не выпраўлю сваёй памылкі.
Калі брат з сястрою ўвайшлі ў дом, услед за імі паказалася і трэцяя фігура, якая да гэтага моманту хавалася ў кустах. Гэта быў Касій Кольхаун.