Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/XXXV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XXXIV Коннік без галавы. Раздзел XXXV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XXXVI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XXXV

НЕГАСЦІННЫ ГАСПАДАР

«Нікчэмны баязлівец! Дурань! Сам я таксама дурань, што спакусіўся такой надзеяй. Я павінен быў прадбачыць, што яна здолее ўгаварыць гэтага шчанюка і дасць магчымасць улізнуць нягодніку. Я мог-бы сам з-за дрэва забіць яго насмерць, не рыскуючы абсалютна нічым. Дзядзька Вудлі толькі падзякаваў-бы мне за гэта. Усе ў сетлменце апраўдвалі-б мой учынак. Нікчэмны спакуснік! Ганебны гандляр! Хто-б мог пярэчыць супроць справядлівай расправы з ім? Калі цяпер, чорт пабяры, яшчэ такі выпадак!»

Так размышляў капітан, вяртаючыся ў гасіенду і ідучы на некаторай адлегласці за Луізай і Генры.

«Цікава, — мармытаў ён сам сабе, уваходзячы ў двор, — ці сапраўды збіраецца гэты жаўтароты дурань папрасіць прабачэння ў чалавека, які ашукаў яго сястру? Так, ён, як відаць, узяўся за гэта ўсур‘ёз, інакш чым вытлумачыць гэты шум у стайні? Вось яго конь».

Адначасова з канём з дзвярэй стайні вышаў мужчына ў плашчы і панаме. Кольхаун пазнаў у ім Генры.

— Дурань! Ты выпусціў яго! — злосна прамармытаў капітан, калі юнак наблізіўся да яго. — Вярні мне нож і рэвальвер. Гэтыя цацкі не для тваіх далікатных ручак. Адкажы-ж мне, чаму ты не зрабіў так, як я табе сказаў? Чаму ты разыграў такога дурня?

— Так, я сапраўды сыграў дурня, — спакойна сказаў малады плантатар. — Я гэта ведаю. Я груба і незаслужана абразіў прыстойнага чалавека.

— Абразіў прыстойнага чалавека! Ха-ха-ха! Клянуся, ты звар‘яцеў!

— Я быў-бы вар‘ятам, калі-б паслухаўся тваёй парады, Касій. На шчасце, я гэтага не зрабіў. Як-бы там ні было, я неадкладна еду прасіць у яго прабачэння.

— Куды ты едзеш?

— Наўздагон за Морысам-мустангерам, каб папрасіць у яго прабачэння за свой нядобры ўчынак.

— Нядобры ўчынак! Ха-ха-ха! Ты, вядома, жартуеш?

— Не. Я гавару зусім сур‘ёзна. Калі ты паедзеш разам са мною, ты гэта сам убачыш.

— Тады я яшчэ раз скажу, што ты сапраўды вар‘ят. І не толькі вар‘ят, а проста ідыёт.

— Ты не надта далікатны, Касій!

Пры гэтых словах юнак прышпорыў каня і хутка паімчаўся.

Кольхаун стаяў, не кранаючыся з месца, пакуль конь не знік. Пасля рашучым крокам ён накіраваўся да дома і хутка прайшоў цераз веранду ў свой пакой. Неўзабаве ён вышаў адтуль у нейкім старым плашчы, прайшоў у стайню і вывеў адтуль за аброць свайго каня, ужо асядланага. Ён правёў каня па выбрукаваным дварэ настолькі ціха, як быццам украў яго. Затым ускочыў у сядло і хутка ад‘ехаў ад гасіенды.

Мілю або дзве ён ехаў следам за Генры Пойндэкстэрам, але, як відаць, не дзеля таго, каб дагнаць юнака, бо Генры паспеў ужо ад‘ехаць далёка, а Кольхаун не спяшаўся.

На поўдарозе да форта Кольхаун спыніў каня і, уважліва зірнуўшы на бліжэйшы гай, крута звярнуў на бакавую сцежку і паехаў у напрамку да ракі.

«Магчымасць яшчэ асталася, і нядрэнная, але толькі даражэйшая за тую, якую я ўпусціў. Гэта мне будзе каштаваць тысячу долараў. Але што-ж? Мне трэба, нарэшце, адчапіцца ад гэтага ірландскага нягодніка. Досвіткам, з яго слоў, калі толькі гэта не хлусня, ён будзе па дарозе да сваёй халупы. Калі гэта, цікава ведаць? Для жыхара прэрый, здаецца, уставаць досвіткам — гэта ўжо позна. Нічога. У нас яшчэ хопіць часу, і Кайот паспее яго апярэдзіць. Яго хібарка, напэўна, недалёка адгэтуль. Мексіканцы павінны ведаць гэтае месца або, ва ўсякім выпадку, дарогу, якая вядзе туды. А гэтага ўжо дастаткова. Няхай-жа ў халупе чакаюць гаспадара. Толькі наўрад ці дачакаюцца. Па дарозе-ж могуць сустрэцца індзейцы».

Размышляючы такім чынам, капітан пад‘ехаў да дзвярэй халупы мексіканца-мустангера.

Дзверы былі адчынены насцеж. Знутры далятала храпенне спячага чалавека.

Перыядычна гэта храпенне перапынялася то кароткімі інтэрваламі цішыні, то гукамі, падобнымі да рохкання свінні, то невыразнымі выкрыкамі: «Карамба! Тысяча чарцей! Ісус! Святая Марыя!»

Кольхаун спыніўся на парозе і прыслухаўся.

— Гэтая жывёліна дашчэнту п‘яная, — сказаў ён уголас.

— Ало, сен‘ёр! — усклікнуў гаспадар хакале, прыведзены ў поўнепрытомны стан гукам чалавечага голасу. — Каму такі гонар? Не, не тое, — я шчаслівы бачыць вас — я, Мігуэль Дыяз, Эль-Кайот, як мяне называюць. Ха-ха-ха! Кайот! Ага, а як вас завуць? Ваша імя, сен‘ёр? Тысяча чарцей! Хто вы такі?

Прыпадняўшыся на чаротавым ложку, Эль-Кайот некаторы час аставаўся ў сядзячым палажэнні, блукаючым позіркам углядаючыся ў нечаканага госця, які перапыніў яго п‘яныя снавідзенні.

Пасля, незразумела мармычачы, Кайот зноў расцягнуўся на ложку.

Дзікае рыканне, якое змянілася працяглым храпеннем, дало зразумець, што ён ужо не адчувае больш прысутнасці свайго госця.

— Вось і яшчэ адна магчымасць страчана, — злосна прасіпеў Кольхаун, паварочваючыся, каб выйсці. — Праклён! Цэлую ноч мне не шанцуе! Пройдзе прынамсі тры гадзіны, пакуль гэтая свіння працвярэзіцца. Цэлых тры гадзіны! Тады будзе занадта позна, занадта позна…

Пры гэтых словах Кольхаун узяў свайго каня за аброць, як быццам у нерашучасці, куды-ж яму накіравацца.

Няма ніякага сэнсу тут аставацца. Ужо будзе днець, калі ён апрытомнее ад п‘янства. З такім-жа поспехам я магу вярнуцца дадому і чакаць там або… або……

Свайго рашэння ён не выказаў уголас. Але, якое-б яно ні было, яго хістанні скончыліся.

Адвязаўшы свайго каня, Кольхаун ускочыў у сядло і паехаў у супроцьлеглым напрамку ад той дарогі, якая яго прывяла да хакале Эль-Кайота.