Коннік без галавы (1941)/XVII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XVI Коннік без галавы. Раздзел XVII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XVIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XVII

ЛАВУШКА ДЛЯ МУСТАНГАЎ

Калі ўжо не пагражала небяспека, маладая крэолка з цікавасцю азірнулася навокал.

Яна ўбачыла невялікае возера. Берагі яго былі ўкрыты слядамі конскіх капытоў. Як відаць, гэта было любімае месца вадапою. Агінаючы возера і далёка ўразаючыся двума разыходзячыміся крыллямі ў раўніну, ішоў высокі плот.

— Для чаго гэта? — запытала дзяўчына, паказваючы на плот.

— Гэта лавушка для мустангаў, — сказаў Морыс.

— Лавушка для мустангаў?

— Загон для лоўлі дзікіх коней. Яны бадзяюцца паміж крыллямі плота, якія, як вы бачыце, шырока разыходзяцца і далёка вынесены ў прэрыю. Іх прыцягвае сюды вада, або мустангеры проста заганяюць іх у гэтае вузкае месца. Уваход загона загараджваецца, і тут іх ужо няцяжка злавіць пры дапамозе ласо.

— Бедная жывёла! Гэты загон належыць вам? Вы-ж мустангер? Вы нам так сказалі?

— Так, я мустангер, але я палюю на дзікіх коней у адзіночку. Я рэдка сустракаюся з людзьмі маёй прафесіі. Таму я і не магу карыстацца гэтым прыстасаваннем, для якога патрэбна прынамсі дваццаць чалавек загоншчыкаў. Мая зброя, калі толькі можна яе так назваць, — вось гэтае ласо.

— Вы вельмі па-майстэрску ім уладаеце. Я ўжо чула аб гэтым, ды і сама бачыла.

— Гэта вельмі любезна з вашага боку. Аднак, вы памыляецеся. У прэрыях ёсць прыродныя ласонеры-мексіканцы. І тое, што вам паказалася майстэрствам, яны палічылі-б проста за непаваротлівасць.

— Мне здаецца, містэр Джэральд, што ваша скромнасць прымушае вас пераацэньваць вашых сапернікаў. Я чула якраз адваротнае.

— Ад каго?

— Ад вашага прыяцеля — містэра Зебулона Стумпа.

— Ха-ха! Стары Зеб дрэнны аўтарытэт у гэтых пытаннях.

— Мне таксама хацелася-б навучыцца кідаць ласо, — сказала маладая крэолка, — але кажуць, што гэта не жаночая справа.

— Не жаночая справа! Гэта такі-ж нявінны спорт, як і катанне на каньках або стральба з лука. Я ведаю адну дзяўчыну, якая добра ўладае гэтым майстэрствам.

— Яна амерыканка?

— Не, мексіканка і жыве ў ваколіцах Рыо-Грандэ. Іншы раз яна прыязджае да нас на Леону: тут жывуць яе сваякі.

— Яна маладая?

— Мне здаецца, што яна вашых год, міс Пойндэкстэр?

— Высокая?

— Крыху ніжэйшая за вас.

— Але, вядома, значна прыгажэй за мяне? Я чула, што мексіканскія жанчыны значна прыгажэйшыя за нас, амерыканак.

— Мне здаецца, што крэолкі не ўключаны ў гэтую катэгорыю, — з дыпламатычнай тонкасцю адказаў Морыс.

— Цікава, ці магла-б я аўладаць гэтым майстэрствам? — прадаўжала маладая крэолка, як быццам не заўважыўшы зробленага ёй камплімента. — Ці не позна мне пачаць вучыцца? Я чула, што мексіканцы прывыкаюць да гэтага спорту з дзіцячых год. Таму яны і дасягаюць такой высокай дасканаласці.

— Не, вам яшчэ зусім не позна, — паспяшаўся адказаць Морыс. — Пасля аднаго-двух год практыкі вы зробіцеся ўмелай ласонеркай. Я, напрыклад, усяго толькі тры гады як займаюся гэтай справай…

Ён змоўк, бо яму не хацелася паказацца хвалько.

— А цяпер вы самы лепшы ласонер ва ўсім Техасе? — скончыла субяседніца, адгадаўшы невыказаную ім думку.

— Не, не! — смеючыся, запратэставаў ён. — Гэта толькі заблуджэнне з боку старога Зеба, які мяркуе аб маім умельстве, напэўна, прымаючы сваё за стандарт.

«Што гэта — скромнасць? — падумала крэолка. — Або гэты чалавек проста смяецца з мяне? Не, гэтага не можа быць, а то я проста звар‘яцею».

— Вам, напэўна, хочацца вярнуцца ў кампанію вашых сяброў? — сказаў Морыс, заўважыўшы ў ёй нейкую няўважлівасць. — Ваш бацька, напэўна, ужо трывожыцца, што вас так доўга няма. Ваш брат, ваш стрыечны брат…

— Так, ваша праўда, — паспяшалася адказаць яна тонам, у якім чулася ні то некаторая дакорлівасць, ні то шкадаванне. — Я не падумала аб гэтым. Дзякуй, сэр, што вы напомнілі мне аб маіх абавязках. Трэба ехаць назад!

Яны зноў селі ў сёдлы. Неахвотна падабрала Луіза павады, неяк марудліва ўставіла ногі ў страмёны, і, здавалася, ёй зусім не хацелася пакідаць гэта цікавае месца, дзе быў зроблены загон для дзікіх коней.

∗             ∗

Морыс накіраваўся са сваёй спадарожніцай да месца пікніка самай кароткай дарогай.

Яны ехалі назад цераз «прэрыю пустазелля». Так назвалі яе піонеры-каланізатары Амерыкі, як відаць не задумваючыся асабліва над выбарам тэрміна.

Ураджэнка Луізіяны ўбачыла вакол сябе велізарны кветнік, усыпаны яркімі кветкамі, кветнік, які мяжуе з блакітным зводам неба, насаджаны і вырашчаны самой прыродай.

— Якая прыгожасць! — з захапленнем усклікнула крэолка, мімавольным рухам спыняючы каня.

— Вам падабаецца тут, міс Пойндэкстэр?

— Падабаецца? Больш таго, сэр. Я бачу перад сабою ўсё, што ёсць самае прыгожае ў прыродзе: зялёную траву, дрэвы, кветкі — усё, што з такой цяжкасцю вырошчвае чалавек. І ўсё-ж ніколі ён не можа дасягнуць роўнага гэтаму па прыгожасці. Тут нічога нельга дадаць, — гэта кавалак прыроды, бездакорны ў сваёй дасканаласці.

— Тут нехапае дамоў.

— Але стрэхі і коміны парушылі-б прыгожасць пейзажа. Чыстыя контуры дрэў такія прыгожыя. Пад іх ценем мне хацелася-б жыць, пад іх ценем мне хацелася-б…

Слова «кахаць» гатова было сарвацца з яе вуснаў, але яна раптам спынілася і нечакана нават для сябе замяніла яго словам «памерці».

Яна гаварыла ва унісон з тым, што адчуваў і сам ірландзец, яе словы былі нібы водгуллем яго адчуванняў, але ён маўчаў.

Яго адказ прагучэў суха і празаічна:

— Я баюся, міс, што вам хутка абрыдла-б такое жыццё, без даху, без людзей, без…

— А вы, сэр? Як-жа яно вам не абрыдвае? Ваш сябра, містэр Стумп, якому я зусім давяраю, гаварыў мне, што вы вядзеце такое жыццё ўжо некалькі год. Ці праўда гэта?

— Правільна.

— О, як вам зайздрошчу! Я ўпэўнена, што я была-б бясконца шчаслівай сярод гэтай прыгожай прыроды. І мне такое жыццё ніколі не надакучыла-б.

— Адной? Без сяброў? Нават пад адкрытым небам?

— Я аб гэтым не гаварыла. Але вы не сказалі мне, як вы жывеце. Ці ёсць у вас дом?

— Маё жыллё не заслугоўвае такой гучнай назвы, — смеючыся, адказаў мустангер. — Мая халупа, правільней, маё хакале — адно з самых скромных у нашым краі.

— Дзе-ж яна знаходзіцца? Дзе-небудзь недалёка ад тых месц, дзе мы сёння былі?

— Не вельмі далёка адсюль. Міля, не больш. Вы бачыце на захадзе вяршыні дрэў? Яны прыкрываюць маю халупу ад сонца і ахоўваюць яе ад бур.

— Вось што! Як-бы мне хацелася зірнуць на яе. Сапраўдная халупа, вы гаворыце?

— Так, сапраўдная.

— Стаіць адзінока?

— Я не ведаю ніводнага жылля на адлегласці дзесяці міль.

— Сярод дрэў? Маляўнічая?

— Гэта ўжо залежыць ад таго, як яна каму здасца.

— Мне хацелася-б паглядзець на яе і выказаць сваю думку. Толькі адна міля адсюль?

— Міля туды, міля назад — усяго дзве.

— Ну, гэта не страшна. Дваццаці хвілін нам хопіць.

— Я баюся, што мы злоўжываем цярплівасцю вашых блізкіх…

— Магчыма, вы хочаце сказаць: вашай гасціннасцю? Даруйце, містэр Джэральд, — прадаўжала маладая дзяўчына з ценем смутку, які набег на твар. — Я не падумала аб гэтым. Напэўна, вы жывеце не адзін? У вашай хакале, як вы называеце, з вамі жыве яшчэ хто-небудзь?

— О, так! Я жыву не адзін. Са мною жыве мой прыяцель, з таго часу як…

Перш чым мустангер скончыў свае словы, перад уяўленнем Луізы паўстаў вобраз яго прыяцеля. Дзяўчына яе год, з бронзавым адценнем скуры, з прадаўгаватымі, як міндаліны, вачыма. Зубы ў яе, напэўна, бялей за жэмчуг. На шчоках пунсовы румянец. Валасы даўжэйшыя, чым хвост у Кастро. Бусы на шыі, браслеты на нагах і руках. Прыгожа вышытая кароткая спаднічка, макасіны на маленькіх ножках. Так уявіла сабе Луіза Пойндэкстэр прыяцеля мустангера.

— Вашаму прыяцелю, магчыма, не спадабаецца з‘яўленне гасцей, і асабліва чужых?

— Не, наадварот. Ён заўсёды вельмі рады гасцям, ці то зусім чужыя ці сябры. Мой малочны брат вельмі кампанейскі чалавек, але яму, небараку, мала з кім даводзіцца цяпер бачыцца.

— Ваш малочны брат?

— Так. Яго завуць Фелім О‘Ніл, таксама ірландзец. Толькі яго ірландскі акцэнт яшчэ горшы за мой. Ён ураджэнец Гальвейскага графства.

— О, як-бы мне хацелася яго паслухаць! Там-жа вельмі смешна гавораць. Ці не праўда?

— З прычыны таго, што я сам гальвеец, то мне цяжка аб гэтым меркаваць. Але калі вы згодны на поўгадзіны пакарыстацца гасціннасцю Феліма, то ў вас будзе добрая магчымасць скласці наконт гэтага сваю ўласную думку.

— Я проста ў захапленні! Гэта будзе цікава і так нова для мяне! Няхай тата і астатнія пачакаюць. Там ёсць дамы і без мяне, а маладыя мужчыны няхай патурбуюцца ў пошуках нашых слядоў. Меркавалася-ж яшчэ паляванне на мустангаў. А я з радасцю скарыстаю вашу гасціннасць.

— Баюся толькі, што мая гасціннасць будзе занадта скромнай. Фелім некалькі дзён аставаўся адзін. Сам-жа ён не паляўнічы і, напэўна, сядзіць без усякіх запасаў. Добра, што вы паспелі закусіць перад вашым ўцёкам.

Вядома, не гасціннасць Феліма прымусіла Луізу Пойндэкстэр змяніць напрамак шляху. Не надта яе цікавіла таксама ломаная гаворка ірландца. І не жаданне ўбачыць халупу мустангера кіравала ёю. Яе штурхала больш моцнае пачуццё, якому яна не магла супроцьстаяць. Яна бачыла ў гэтым волю свайго лёсу.

* * *

Луіза наведала адзінокую халупу на Аламо, пабывала пад яе страхой. Здавалася, не без цікавасці пазнаёмілася яна з яе своеасаблівымі жыхарамі. Яна была вельмі прыемна здзіўлена, знайшоўшы ў халупе кнігі, паперу, пісьмовыя прылады і іншыя дробязі, якія характарызавалі гаспадара хакале як культурнага чалавека. З відочнай цікавасцю слухала яна забаўную гаворку Феліма. Яна паспрабавала пачастунак, не адмаўляючыся ні ад чаго, за выключэннем любімага напітку гальвейца. І, нарэшце, вясёлая і ажыўленая, паехала.

Але яе настрой хутка змяніўся. Прыўзняты стан, выкліканы навізной уражанняў, паў. Трапіўшы зноў у прэрыю, усыпаную кветкамі, яна пачала перабіраць у памяці толькі што перажытыя ўражанні. І тут у яе з‘явілася думка, якая пакутлівым холадам абдала яе сэрца.

Ці мучылася яна з-за таго, што прымусіла так доўга чакаць сваіх блізкіх і сяброў у невядомасці і трывозе аб ёй?

Не, не гэта мучыла Луізу.

На працягу ўсяго дня, на працягу шляху ад форта да месца пікніка, пры сустрэчы на паляне, у часе жудаснай пагоні дзікіх жарабцоў, у якой Морыс Джэральд быў яе абаронцам, у хвіліны адпачынку ля возера ў прэрыі, па дарозе назад, пад яго ўласнай страхой, — увесь гэты час яе падарожнік быў з ёю толькі ветлівы, але не больш. Ён строга трымаўся ў рамках джэнтльменскай карэктнасці.