Коннік без галавы (1941)/XVI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XV Коннік без галавы. Раздзел XVI
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XVII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XVI

ДЗІКІЯ МУСТАНГІ

Коннікі засталіся сядзець у сваіх сёдлах. Луіза хвалявалася менш, чым мустангер, таму што яна даверылася яму. Яна зразумела ўсё-ж, што ім пагражае нейкая вялікая небяспека, хоць разумець яе добра яшчэ не магла. Калі такі чалавек, як Морыс Джэральд, праяўляе трывогу, значыцца, небяспека сур‘ёзная. Разуменне, што гэта трывога часткова звязана з яе бяспекай, наперакор усяму напаўняла яе радасцю.

— Мне здаецца, што мы можам цяпер рыскнуць, — сказаў Морыс, усё яшчэ прыслухоўваючыся. — Яны як быццам мінавалі ўжо тую закрытую паляну, па якой мы павінны адступаць. Упрашаю вас, збярыце ўсе свае сілы і ўвагу, каб справіцца з канём. Моцна сядзіце ў сядле і цвёрда трымайце павады. Едзьце побач са мною там, дзе толькі дарога дасць магчымасць, і ні ў якім разе не адставайце больш чым на даўжыню хваста майго каня. Я вымушаны ехаць наперадзе, каб паказваць дарогу. Вось яны проста накіраваліся да палянкі. Яны ўжо амаль перасеклі яе. Цяпер час!

Ва ўрачыстую цішыню прэрыі раптам уварваўся раз‘юшаны шум, нібы з дому звар‘яцелых. Прарэзлівае ірзанне дзікіх жарабцоў нагадвала крыкі буяных маніякаў, толькі гэтыя гукі былі разоў у дзесяць мацнейшыя. Ім уторылі тупат капытоў, свіст і трэск ломячыхся галін, дзікае храпенне, суправаджаемыя рэзкім лясканнем зубоў.

Гэтыя жахлівыя гукі гаварылі аб шалёнай схватцы дзікіх жарабцоў. Яны яшчэ не былі відаць, але яны набліжаліся.

Калі Морыс падаў знак рушыць у дарогу, табун дзікіх коней з‘явіўся ў вузкай прасецы паміж двума зараснікамі. Яшчэ момант — і яны з нястрымнасцю горнай лавіны вырваліся на адкрытую паляну.

— Сюды! — крыкнуў Морыс і прышпорыў каня, накіроўваючыся ў тыл табуна. — О, жудасць! Яны ўжо заўважылі нас! Хутчэй, хутчэй! Памятайце, што вы выратоўваеце сваё жыццё!

Але словы былі лішнімі.

Выскачыўшы на адкрытае месца і ўбачыўшы коннікаў, дзікія жарабцы раптам спынілі барацьбу паміж сабою. Нібы па загаду важака, яны выцягнуліся ўсе ў адзін рад, гатовыя да атакі.

Магчыма, гэта было праяўленне раптоўнага здзіўлення, але так ці інакш для ўцекачоў надышоў спрыяльны момант. За дваццаць секунд зацішша коннікам удалося абагнуць непрыяцеля і апынуцца ў яго ў тылу, на шляху да выратавання.

Аднак, небяспека ўсё яшчэ аставалася пагражаючай. Дзікія жывёлы, заўважыўшы іх уцяканне, з храпеннем і візгам кінуліся ім ўслед.

З гэтага моманту пачалося страшэннае спаборніцтва ў хуткасці бегу паміж коньмі без седакоў і коньмі з седакамі.

Час ад часу Морыс азіраўся назад, і, не гледзячы на тое, што адлегласць, якую ім удалося выйграць спачатку, не змяншалася, яго твар па-ранейшаму выказваў трывогу.

Каб ён быў адзін, ён не хваляваўся-б ні хвіліны. Ён ведаў, што яго гнеды нікому не дасць сябе дагнаць. Бяда была ў тым, што крапчаты мустанг сцішаў бег.

— Што гэта можа азначаць? — не разумеў мустангер, стрымліваючы свайго каня, каб параўняцца са сваёй спадарожніцай: — Калі нам трапіцца перашкода, — звярнуўся ён да яе, — мы загінем. Нам дорага кожная секунда.

— Але-ж яны не даганяюць нас, праўда?

— Пакуль яшчэ не. На няшчасце, наперадзе ў нас вялікая перашкода. Я ведаю, што вы цудоўная наезніца, але ваш конь… У ім я не ўпэўнены. Вы яго лепш ведаеце. Ці можа ён пераскочыць цераз…

— Цераз што, сэр?

— Вы зараз убачыце.

І яны прадаўжалі імчацца галопам, робячы амаль мілю за хвіліну.

Хутка яны апынуліся ля велізарнай, як прорва, расколіны, зіяючай на паверхні прэрыі. Яна была не менш пятнаццаці футаў у шырыню, значна больш у глыбіню і цягнулася з абодвух бакоў, наколькі хапала зроку.

Толькі прыжком у пятнаццаць футаў даўжыні можна было ўзяць гэту перашкоду. Морыс ведаў, што гнеды не падвядзе, — яму не раз даводзілася рабіць такія прыжкі. А крапчатая кабыла?

— Ці можа ваш конь справіцца з гэтай перашкодай? — з трывогай запытаў мустангер, пад‘язджаючы да краю прорвы.

— Я не сумняваюся, — з упэўненасцю адказала Луіза.

— Але, міс Пойндэкстэр, — з недавер‘ем прадаўжаў мустангер, — раптам яна не пераскочыць? Калі ў вас ёсць хоць кропля сумнення, давайце лепш пакінем яе. Я ведаю, што мой конь у поўнай захоўнасці пераправіць нас абодвух на той бок. Калі мы афяруем мустангам, то, напэўна, выратуемся і ад далейшых праследаванняў. Дзікія жарабцы… вы разумееце…

— Пакінуць Луну! Кінуць яе на расцярзанне дзікіх жарабцоў! Не, не, містэр Джэральд. Мой мустанг занадта мне дораг. Мы разам пераскочым прорву, калі толькі зможам. Калі не, мы разам зломім сабе шыю на дне яе. Ну, давай, мая прыгожая! Ляцім!

І, не чакаючы больш, адважная крэолка спакойна накіравалася да краю прорвы і з незвычайнай лёгкасцю ўзяла небяспечную перашкоду.

У мустангера было тры пачуцці, калі ён сачыў за Луізай. Першае з іх — здзіўленне, другое — пракланенне, трэцяе наўрад ці паддавалася вызначэнню…

Але як ні бліскуча ўдалася пераправа, яна не забяспечыла бяспекі для ўцекачоў. Для дзікіх жарабцоў расколіна не магла з‘явіцца перашкодай.

Небяспека зрабілася нават больш грознай. Пры пераправе ўсё-ж быў патрачан час, і гэта дало непрыяцелю магчымасць наблізіцца. За ўвесь час пагоні жарабцы яшчэ не былі так блізка. Яны пераляцяць цераз прорву без усякай затрымкі.

А што тады?

Коннікі імчаліся побач, як раней быстрым галопам.

Морыс раптам спыніў каня.

— Міс Пойндэкстэр, — звярнуўся ён да маладой дзяўчыны, якая паспела параўняцца з ім, — едзьце ўперад адна.

— Чаму? — запытала яна, крута спыніўшы мустанга.

— Калі будзе так прадаўжацца, жарабцы нас дагоняць. Трэба штосьці прадпрыняць, каб спыніць гэтых дзікіх жывёл. Цяпер яшчэ ёсць магчымасць, але пасля ўжо будзе позна. Толькі не задавайце пытанняў. Яшчэ дзесяць секунд — і ўсё загінула. Паглядзіце наперад, вунь туды. Бачыце паверхню вады? Гэта сажалка. Спяшайцеся проста туды. Там вы апынецеся паміж двума высокімі платамі. Ля сажалкі яны зыходзяцца. Вы ўбачыце загон і каля яго жэрдкі. Калі я не падаспею, едзьце проста ў гэты загон, злезьце з каня і загарадзіце ўваход жэрдкамі.

— А вы, сэр?

— Не бойцеся за мяне. Для мяне гэта рыск невялікі. Але хутчэй-жа наперад! Не ўпускайце з віду сажалкі. Няхай яна служыць вам маяком. Не забудзьцеся загарадзіць пралёт загона. Хутчэй-жа! Хутчэй!

Дзяўчына хісталася, не адважваючыся расстацца з чалавекам, які, выратоўваючы яе, рыскуе, магчыма, уласным жыццём.

На шчасце, яна не належала да ліку тых баязлівых і безрассудных дзяўчын, якія ў цяжкую хвіліну топяць свайго выратавальніка. Яна верыла ў сілы свайго саветчыка, верыла ў тое, што ён ведае, што робіць, і паслухмяна пусцілася галопам проста да сажалкі.

Расстаўшыся са сваёй спадарожніцай, Морыс выцягнуў з сядзельнага мяшка самую цудоўную зброю, якая калі-небудзь падымалася супроць ворагаў прэрыі, — шасцізарадны рэвальвер Кольта.

Прышпорыўшы каня, ён паімчаўся да расколіны, цераз якую ячы толькі што пераскочылі.

«Яны будуць пераскакваць у тым-жа месцы, дзе і мы, — падумаў ён, гледзячы на дзікі табун, які ўсё яшчэ быў на тым баку расколіны. — Калі мне ўдасца ўкласці хоць аднаго з іх, гэта можа спыніць іншых і дасць час мустангу ўцячы. Цяпер час!»

Пачуўся стрэл. Самы вялікі з жарабцоў, рыжай масці, зваліўся на зямлю, перагарадзіўшы сваёй тушай дарогу.

Некалькі мустангаў, што імчаліся ззаду, адразу-ж спыніліся, а за імі ўсе астатнія.

Скарыстаўшы замяшанне і не трацячы ні хвіліны, мустангер павярнуў на захад і паімчаўся да сажалкі. Крапчаты мустанг са сваёй конніцай паспеў ужо далёка ад‘ехаць.

Дзікія жарабцы не прадаўжалі пагоні. Магчыма, што пагібель важака збіла з панталыку іх, а магчыма, яго труп з‘явіўся перашкодай, загарадзіўшы шлях у адзіным месцы, дзе можна было пераскочыць цераз расколіну.

Калі Морыс пад‘ехаў да сажалкі, Луіза была ўжо там. Яна пакорна выканала ўсе яго ўказанні, за выключэннем аднаго: яна не загарадзіла ўваходу. Уваход быў адкрыты — жэрдкі валяліся на зямлі. Дзяўчына моўчкі сядзела ў сядле, усхваляваная глыбокай удзячнасцю.