Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/XV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XIV Коннік без галавы. Раздзел XV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XVI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XV

УЦЯКАЧКУ ДАГНАЛІ

На адлегласці яшчэ адной мілі скачка прадаўжалася без асаблівых змен.

Дзікія кабылы па-ранейшаму хутка імчаліся, але ўжо не перамагаемыя страхам, без крыкаў і ірзання. Ззаду ў іх чулася адрывістае ірзанне крапчатага мустанга, але старыя таварышы як быццам не заўважалі яго. Конніца сядзела спакойна, без прыкметнай трывогі.

Коннік-жа на гнедым кані праяўляў вялікае хваляванне; роспач і безнадзейнасць адчуваліся ў яго паводзінах.

«Што, калі я страчу яе з віду? Яна-ж загіне тут!»

— Пайшоў, Кастро! — усклікнуў Морыс з нецярплівасцю ў голасе. — Што гэта з табой сёння? Не забывайся, што ты-ж дагнаў яго мінулы раз, праўда, з цяжкасцю. Але-ж цяпер ён з седаком. Ну, хутчэй-жа! Хутчэй!

І Морыс імчаўся, не адрываючы вачэй ад конніцы, якая ўсё аддалялася. Час ад часу ён усхваляваным позіркам вымяраў падзяляўшую іх прастору.

Перад яго ўсхваляваным уяўленнем паўставалі жудасныя карціны, адна сумней за другую — карціны пагібелі і катастрофы.

— Нябесныя сілы! — вырвалася, нарэшце, у яго. — Што, калі сюды забягуць жарабцы! Гэта-ж іх улюбёнае месца. Цяпер якраз той сезон, калі яны шалеюць.

Зноў глыбока ўбіліся шпоры мустангера. Кастро паімчаўся хутчэй.

Раптам дзікія кабылы зніклі ў зарасніках. Знікненне табуна зрабіла на мустанга амаль магічнае дзеянне. Ён раптам замарудзіў бег і праз хвіліну зусім спыніўся.

Морыс імчаўся далей. Ён ужо блізка ад сваёй мэты. Сярод паляны, нерухомая, як мрамарная статуя, сядзела ў сядле Луіза.

— Міс Пойндэкстэр! — закрычаў Морыс, пад‘язджаючы. — Як я рад, што конь зноў пакорны вам. Я быў вельмі занепакоены.

— Чым, сэр? — з неўразуменнем запыталася дзяўчына.

— Той небяспекай, якая пагражала вам, — адказаў ён, некалькі азадачаны.

— О, дзякую вам, містэр Джэральд. Толькі я не бачыла ў гэтым нічога страшнага. Няўжо мне пагражала небяспека?

— Пагражала небяспека! — паўтарыў ірландзец з узрастаючым здзіўленнем. — Конна на дзікім кані, які панёс вас сярод пустыннай прэрыі!

— Ну і што-ж тут асаблівага? Вы думаеце, што ён мог скінуць мяне? Але-ж я добрая наезніца і не дазволіла-б яму гэтага зрабіць. Праўду кажучы, — прадаўжала яна са шчырай прастатой, — я не шкадавала аб тым, што конь панёс мяне. Пустая балбатня стамляе чалавека. Мне хацелася падыхаць свежым паветрам і пабыць адной. Так што, нарэшце, містэр Джэральд, усё атрымалася вельмі ўдачна.

— Вы хацелі пабыць адна? — запытаўся мустангер з расчараваным выглядам. — Я вельмі шкадую, што парушыў вашу адзіноту. Запэўняю вас, міс Пойндэкстэр, я імчаўся за вамі толькі таму, што вам пагражала небяспека.

— Гэта вельмі міла з вашага боку, сэр. Я вам вельмі ўдзячна. Вы, напэўна, баяліся нападу індзейцаў?

— Не, я думаў не пра індзейцаў.

— Якая-ж іншая небяспека? Скажыце, калі ласка, надалей я буду больш асцярожная.

Морыс не адразу адказаў. Да яго даляцеў гук, які прымусіў яго павярнуцца.

Крэолка зразумела, што ён да чагосьці прыслухоўваецца. Да яе даляцеў рэзкі візг, пасля пачуўся тупат капытоў.

— Дзікія жарабцы! — усклікнуў мустангер трывожным голасам. — Я ведаў, што яны бываюць у гэтых месцах.

— Гэта тая небяспека, аб якой вы гаварылі?

— Так, я аб гэтым думаў.

— Але-ж гэта толькі мустангі. Што-ж у іх страшнага?

— Звычайна іх няма чаго баяцца. Але іменна цяпер, у гэту пару года, яны робяцца такімі-ж дзікімі, як тыгры, і такімі-ж небяспечнымі. Вы нават не падазраеце, што раз‘юшанага дзікага жарабца трэба больш баяцца, чым ваўка, пантэры або мядзведзя.

— Што-ж нам рабіць? — запыталася Луіза, з трывогай гледзячы ў вочы чалавеку, які аднойчы ўжо выратаваў яе ад небяспекі.

— Калі яны нападуць на нас, — адказаў Морыс, — у нас будзе толькі два выйсця. Першае — гэта ўзлезці на дрэва, кінуўшы нашых коней на расцярзанне.

— А другое? — спакойна запытала крэолка. — Я згодна на ўсё, але пакідаць нашых коней я не хачу. Гэта было-б дрэннае выйсце са становішча.

— Нам і не давядзецца так зрабіць, бо тут, як відаць, не знойдзеш ніводнага вялікага дрэва. У выпадку нападу нам астаецца толькі адно — здацца на хуткасць нашых коней. На жаль, — прадаўжаў ён, уважліва разглядаючы крапчатата мустанга, а пасля свайго каня, — ім занадта дасталося за сёнешні дзень, і абодва яны вельмі стаміліся. У гэтым наша галоўная бяда.

— Нам патрэбна зараз-жа выратоўвацца ўцёкамі? — запытала Луіза.

— Не, пакуль яшчэ рана. Чым больш мы дадзім адпачыць нашым коням, тым лепш. Жарабцы, магчыма, яшчэ і не прыдуць сюды. А калі нават і прыдуць, то гэта яшчэ не азначае, што яны на нас кінуцца. Калі яны будуць грызціся паміж сабою, то і мы будзем пад пагрозай. Ага! Так яно і ёсць — паміж імі барацьба. Я мяркую па іх ірзанню. Увы, яны накіроўваюцца сюды.

— Містэр Джэральд, дык чаго-ж мы чакаем тут?

— Цяпер няма сэнсу кратацца. Наперадзе — адкрытая раўніна, і нам няма дзе схавацца. Яны выскачаць туды, перш чым мы паспеем ад‘ехаць, і адразу-ж забягуць наперад нам. Месца, куды нам трэба ўцякаць, знаходзіцца ў іншым напрамку. Мы павінны перачакаць і пастарацца пракрасціся ззаду ў іх. Калі нам гэта ўдасца і мы зможам прабегчы галопам адлегласць у дзве мілі, то там я ведаю месца, дзе нам не будзе пагражаць небяспека. Ці ўпэўнены вы, што справіцеся з вашым мустангам.

— Зусім! — хутка адказала крэолка.