Коннік без галавы (1941)/XIV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XIII Коннік без галавы. Раздзел XIV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XIV

МАНАДА

Нельга было выбраць больш удачнае месца для палявання на дзікіх коней і адначасова для вясёлага прывалу, чым тое, да якога прывёў падарожнікаў Морыс Джэральд.

Запеніліся дарагія віны з нямецкіх скляпоў Сан-Антоніо. Гул вясёлай размовы разлятаўся па прэрыі. Сінь неба пачала здавацца глыбейшай, больш ізумруднай здавалася зелень.

— Mustenos! — раптам пачуўся крык мексіканскага вакеро[1].

Морыс хутка асушыў сваю шклянку і, ускочыўшы на каня, крыкнуў:

— Cavallada?

— Не, — адказаў мексіканец, — manada.

— Што гэта яны там балбочуць? — запытаў капітан Кольхаун.

— Mustenos — мексіканская назва мустангаў, — адказаў маёр, — а манадай яны называюць табун дзікіх кабыл. У гэты час кабылы трымаюцца разам, асобна ад жарабцоў, калі толькі…

— Калі што? — нецярпліва запытаў капітан, перапыняючы тлумачэнні.

— Калі толькі на іх не нападаюць аслы, — з нявінным выглядам адказаў маёр.

Усе засмяяліся.

Між іншым манада набліжалася.

— У сёдлы! — пачуліся галасы з усіх бакоў.

Дзікі табун накіроўваўся, як відаць, цераз грэбень узвышанасці, на якім стаяў дазорны.

Дазорны ўскочыў у сядло; момант — і ён ужо сярод табуна, з ласо ў руках.

З дзікім храпеннем, у шалёным галопе імчаліся коні, нібы выратоўваючыся ад ненавіснага праследавання. Азіраючыся, яны не бачылі ні фургона, ні коннікаў.

— За імі пагоня, — сказаў Морыс, убачыўшы ўзрушаных страхам жывёл. — Што там такое, Крэспіно? — крыкнуў ён мексіканцу, які са свайго паста павінен быў бачыць, хто гнаў табун.

Чакаючы адказу, усе прыціхлі. На тварах адбіліся страх і трывога. Ці не індзейцы гэта ў пагоні за мустангамі?

— Дзікі асёл, — пачуўся адказ па-іспанскаму. — Самец, — дадаў Крэспіно.

— Ну, так. Так яно і ёсць. Трэба спыніць гэтага нягодніка, інакш ён сапсуе нам усё паляванне. Да таго часу, пакуль дзікі асёл гоніцца за табуном, ніякія сілы не спыняць коней. Ці далёка ён?

— Зусім блізка, дон Морысіо. Ён бяжыць проста на мяне.

— Накінь на яго ласо. Папрабуй. Калі не ўдасца — падстралі, як-небудзь трэба з ім расправіцца.

У чым заключалася сіла праследавальніка, аставалася таямніцай амаль для ўсіх прысутных. Толькі мустангер мог зразумець сапраўднае значэнне гэтых слоў: «дзікі асёл-самец».

— Растлумачце, Морыс, у чым справа, — папрасіў маёр.

— Паглядзіце туды, — паказаў мустангер на вяршыню гары.

Па горнаму хрыбту з хуткасцю птушкі імчалася жывёла, на якую прывыклі глядзець як на ўзор марудлівасці і дурнасці.

Дзікі асёл быў амаль такой-жа велічыні, як мустангі, за якім ён гнаўся. Калі ён і не бег хутчэй за самага быстрага мустанга, то ва ўсякім выпадку не адставаў ад іх у сваёй упартай пагоні.

Назіраўшыя не паспелі абмяняцца некалькімі словамі, як дзікія кабылы прымчаліся амаль ушчыльную да іх. Тут, нібы ўпершыню заўважыўшы групу коннікаў, мустангі забыліся аб сваім ненавісным праследавальніку і павярнулі ўбок.

— Заставайцеся на месцах, панове! Трымайце коней! — пачуўся голас Морыса Джэральда. — Я ведаю, дзе яны любяць пасвіцца. Яны бягуць цяпер туды. Мы адправімся за імі. Там добрае наладзім паляванне. За імі няможна цяпер гнацца — яны разбягуцца па гаю, і мы іх больш не ўбачым.

— Ола, сен‘ёр Крэспіно! Пусціце кулю ў гэтага нягодніка. Ён-жа на адлегласці стрэлу, ці не праўда?

Мексіканец хутка зняў з сядла сваю кароценькую стрэльбу — эскапету — і, прыцэліўшыся, стрэліў у дзікага асла.

Асёл зароў, пачуўшы стрэл, але гэта быў толькі адказ на выклік. Ён, як відаць, астаўся непашкоджаны. Крэспіно прамахнуўся.

— Я павінен спыніць яго, — усклікнуў мустангер, — інакш ён будзе прадаўжаць гнацца да самай ночы.

Рэзкім рухам мустангер прышпорыў свайго каня. Як страла, паімчаўся Кастро ў пагоні за аслом.

Некалькі прыжкоў, і скакун даставіў свайго гаспадара на адлегласць ласо ад асла. Яшчэ момант, і з маланкавай хуткасцю пятля ласо апусцілася над яго доўгімі вушамі.

Кінуўшы ласо, Морыс спыніўся, зрабіўшы поўабарот; Кастро пад ім павярнуўся, нібы вакол сваёй асі; затым з такой-жа пакорлівасцю конь стаў на месцы, чакаючы, калі нацягнецца вяроўка.

Асёл, бегучы ўперад, нацягнуў вяроўку, пасля стаў дыба і цяжка зваліўся на спіну, нібы прабіты куляй у самае сэрца.

Аднак, ён быў толькі аглушаны, а не задушаны.

Мексіканец ударам вострага нажа закалоў яго насмерць.

* * *

Усе чакалі, што цяпер будзе рабіць Морыс-мустангер. Між тым Морыс вызваліў шыю жывёлы і пачаў скручваць ласо. Але тут у руках ірландца зноў адчулася нейкая паспешнасць.

Раптоўна ён кінуўся да сядла. Як відаць, зноў нейкая трывога.

Луіза Пойндэкстэр імчалася галопам на сваім крапчатым мустангу, як быццам рашыўшы апярэдзіць усіх у агульнай пагоні за табуном.

Толькі адзін паляўнічы на дзікіх коней правільна адгадаў паводзіны крапчатага мустанга. Морыс заўважыў, што табун, які праімчаўся, быў той самы, да якога яшчэ нядаўна належаў крапчаты мустанг. Няма сумнення, што, убачыўшы сваіх таварышоў, мустанг паімчаўся са сваёй конніцай, каб далучыцца да іх.

Неўзабаве ўсе здагадаліся аб намеры крапчатага мустанга.

У парыве галантнай любезнасці за дзяўчынай кінуліся ўслед Кольхаун, Генкок і Кросман, а за імі каля дзесятка маладых людзей — плантатараў, адвакатаў, судзейскіх. Кожны марыў зрабіцца героем удачнай пагоні.

Аднак, амаль ніхто з іх не быў сапраўды ўстрывожаны. Усе ведалі, што Луіза Пойндэкстэр была цудоўнай наезніцай. Перад ёю рассцілалася велізарная раўніна, гладкая, як арэна цырка. Мустанг будзе бегчы, пакуль не стоміцца. Наўрад ці пагражае Луізе сур‘ёзная небяспека.

Толькі адзін чалавек не падзяляў гэтай думкі — гэта быў мустангер.

Ён апошнім рушыў з месца. Ён затрымаўся, скручваючы сваё ласо. Але вось і ён ускочыў у сядло і паімчаўся ў пагоню.

Яго сапернікі паспелі ўжо ад‘ехаць на некаторую адлегласць. Наперадзе імчаўся Кольхаун; драгун і стралок некалькі адсталі, а ззаду імчаліся астатнія ўдзельнікі спаборніцтва.

На сваім гнедым кані Морыс хутка апярэдзіў іх усіх. Апярэдзіў і капітана. У бяссільнай злосці Кольхаун паслаў яму ўслед праклён.

Паўдзённае сонца асвятліла зусім незвычайную карціну. Табун дзікіх коней імчаўся з невераемнай хуткасцю па шырокай прэрыі. Адзін конь з гэтага-ж табуна з конніцай на спіне бег за імі на адлегласці пяцісот крокаў. На такой-жа адлегласці ад яго на гнедым кані імчаўся коннік у прыгожым мексіканскім уборы, а яшчэ ззаду — цэлая вераніца коннікаў.

Ззаду ўсіх імчаўся поўным галопам эскадрон драгунаў, які толькі што аддзяліўся ад групы ўзрушана жэстыкулюючых дам і мужчын.

Праз дваццаць хвілін карціна змянілася. Дзеючыя асобы былі ўсё тыя-ж, але змянілася іх групіроўка: манада выйграла адлегласць у крапчатага мустанга, мустанг — у гнедага, а іншыя сапернікі ўжо зусім не былі відаць, і толькі высока лунаючы ў сапфіравым небе арол мог адрозніць іх сваім зоркім вокам.

Дзікія коні, мустанг і яго конніца, гнеды конь і яго коннік асталіся адны сярод прасторы саванны.


  1. Вакеро — пастух.