Коннік без галавы (1941)/XLI
← Раздзел XL | Коннік без галавы. Раздзел XLI Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел XLII → |
Раздзел XLI
ЧАТЫРЫ КОННІКІ
У гэтую знамянальную раніцу з форта Індж выехала не адна толькі група коннікаў на чале з маёрам. Значна раней за іх, амаль самым досвіткам, па тым-жа напрамку — да ракі Нуэсес — праехаў невялікі атрад з чатырох коннікаў.
Гэтая група адпраўлялася не на пошукі Генры Пойндэкстэра. У гэту гадзіну ніхто яшчэ не падазраваў, што юнак загінуў, нават не ведалі аб тым, што ён знік.
Гэтыя чатыры коннікі былі мексіканцамі.
Убачыць гэта было зусім няцяжка. Іх манера ездзіць конна, моцная мускулатура ног, яркая афарбоўка спускаючыхся з плячэй серапэ, аксамітныя штаны, шпоры на ботах, нарэшце, чорныя самбрэро на галаве — усё гэта выдавала ў іх мексіканцаў або людзей, якія пераймаюць у мексіканцаў.
Але чатыры коннікі, бясспрэчна, былі мексіканцамі. Смуглая скура, чорная густая шэвелюра, правільныя абрысы твара — усё гэта было характэрна для людзей іспанскага тыпу.
Адзін з коннікаў быў больш моцнага складу, чым яго спадарожнікі. Ён ехаў на самым прыгожым кані. Яго касцюм быў багацейшы. Яго зброя была лепшага вырабу. Ды і з усяго астатняга было відаць, што ён — старшы ў гэтай чацвёрцы.
Яму было трыццаць-сорак год. Яго можна было-б назваць нават прыгожым, калі-б не халодны, нейкі зверскі позірк і не азызлы твар, які выдаваў грубасць інстынктаў і жорсткасць.
Гэта быў не хто іншы, як Эль-Кайот — воўк прэрый.
Як здарылася, што Эль-Кайот ехаў па прэрыі так рана, як відаць, зусім цвярозы, на чале іншых таварышоў? Бо толькі-ж некалькі гадзін таму назад яго бачылі п‘яным?
Гэтую раптоўную і, да некаторай ступені, дзіўную перамену не так ужо цяжка растлумачыць.
Ад‘язджаючы, Кольхаун не зачыніў дзверы хакале, і яны асталіся адчыненымі да раніцы.
Досвіткам Эль-Кайот прачнуўся ад холаду. Гэта крыху працвярэзіла яго. Усхапіўшыся з ложка, ён пачаў, хістаючыся, хадзіць па халупе, пасылаючы праклёны холаду і дзвярам, якія гэты холад упусцілі.
Шэрае святло ранняга золаку яшчэ вельмі слаба асвятляла халупу. Эль-Кайот шнырыў навокал, спатыкаючыся і лаючыся, пакуль, нарэшце, не знайшоў таго, чаго шукаў: вялікую флягу, у якой у яго звычайна захоўвалася выпіўка.
— Кроў хрыстова! — закрычаў ён, у злосным расчараванні патрасаючы флягай. — Ні кроплі! А мой язык прыліпае да зубоў. Маё горла гарыць, нібы цераз яго прапусцілі цэлую жароўню гарачых вугаляў. Чорт вазьмі! Я не магу больш цярпець. Што-ж рабіць? Ужо днее. Давядзецца паехаць у гарадок. Магчыма, што сен‘ёр Дофер ужо адкрыў сваю пастку, каб лавіць ранніх птушак. Калі так, то ён знойдзе ў Эль-Кайоце яшчэ аднаго наведвальніка!
Перакінуўшы раменьчык флягі цераз плячо і накінуўшы на сябе серапэ, Эль-Кайот адправіўся ў сетлмент.
Праз дваццаць хвілін ён ужо быў у таверне.
Яму пашанцавала. Обердофер быў ужо ў бары. Ён абслугоўваў сваіх ранніх гасцей — некалькіх салдат, што пракраліся міма караула, каб выпіць у таверне.
— Бог мой, містэр Дыяз! — сказаў гаспадар, вітаючы новага госця і бесцырамонна пакідаючы шасцярых гасцей, якія выпівалі ў крэдыт, дзеля аднаго, які — ён гэта ведаў — заплоціць яму наяўнымі. — Ці вы гэта так рана на нагах? Я ведаю, чаго вы хочаце. Вы хочаце, каб я напоўніў вашу флягу мексіканскім напіткам, аг-аг… Як вы гэта называеце?
— Агвардыентэ! Вы адгадалі, кавальеро. Гэта якраз тое, чаго я хачу.
— Адзін долар. Гэта каштуе адзін долар.
— Карамба! Я плаціў дастаткова часта, каб ведаць цану.Вось вам манета, а вось пасуда. Напоўніце яе, толькі хутчэй.
— Вы спяшаецеся, містэр Дыяз? Я не прымушу вас чакаць. Вы, напэўна, спяшаецеся на паляванне на дзікіх коней. Баюся толькі, што калі ў табунах ёсць добрыя коні, то ірландзец зловіць іх раней за вас. Ён паехаў з майго дома ўночы. Дзіўны госць гэты містэр Морыс Джэральд! Ніхто ніколі не ведае, чаго ад яго чакаць. Я нічога не магу сказаць супроць яго. Для мяне ён быў добрым наведвальнікам. Ён разлічыўся па сваім вялікім рахунку, як багаты чалавек. Яго кішэні былі поўны долараў.
Мексіканец быў вельмі зацікаўлены паведамленнем Обердофера.
Ён выявіў гэта лёгкім выкрыкам здзіўлення і нецярплівымі рухамі.
Аднак, яму не хацелася, каб гэта заўважылі. Замест таго, каб распытаць у Обердофера і такім чынам выдаць сябе, ён адказаў з абыякавым выглядам.
— Гэта мяне не датычыць, кавальеро. У прэрыі дастаткова мустангаў. Хопіць усім. Будзьце здаровы, сен‘ёр, і дайце мой агвардыентэ.
Крыху засмучаны, што яму не далі папляткарыць, немец пачаў хутка напаўняць флягу. Не спрабуючы больш прадаўжаць размову, ён працягнуў яе мексіканцу, узяў долар і вярнуўся да сваіх заўсёдных таварышоў.
Дыяз, не гледзячы на смагу, вышаў з бара, не адкаркоўваючы бутэлькі і як быццам нават не ўспамінаючы аб ёй. Ён быў цяпер узрушаны нечым больш моцным, чым жаданне выпіць.
Не трацячы ні хвіліны, мексіканец заехаў у тры халупы на ўскраіне сетлмента і пасля гэтага адправіўся да сябе ў хакале. Вяртаючыся дадому, Эль-Кайот заўважыў каля халупы сляды падкаванага каня.
«Карамба! Капітан-амерыканец быў тут сёння ўночы. Чорт вазьмі! Я штосьці ўспамінаю, але мне здавалася, што я гэта бачу ў сне. Я здагадваюся, чаго ён сюды прыязджаў. Ён даведаўся аб ад‘ездзе дона Морысіо. Напэўна, ён яшчэ зойдзе. Ха-ха! Усё будзе зроблена і без яго. Мне не патрэбна будзе яго далейшых указанняў. Mil pesos! Тысячу манет! Што за шчасце! Як толькі я іх атрымаю, я паеду на Рыо-Грандэ, і тады паглядзім, што мне ўдасца зрабіць з Ісідорай».
Эль-Кайот аставаўся у сваім хакале нядоўга. Ён наспех праглынуў некалькі кавалачкаў смажанага мяса, хутка запіў іх добрым глытком агвардыентэ, затым злавіў каня, асядлаў яго, адзеў вялізныя шпоры, прывязаў да сядла маленькі карабін, сунуў два пісталеты ў кабуру, прымацаваў яе ля папругі, ускочыў у сядло і хутка паімчаўся. А перад тым як выехаць у прэрыю, ёй яшчэ раз заехаў на ўскраіну сетлмента, дзе сустрэўся з таварышамі.
Трое паплечнікаў Эль-Кайота, здавалася, ўжо ведалі аб яго планах. Ва ўсякім выпадку, яны ведалі, што месца дзеяння будзе на Аламо. Калі ў пачатку дарогі Дыяз звярнуў убок, яны крыкнулі яму, што ён едзе не па той дарозе.
— Я добра ведаю Аламо, — сказаў адзін з іх, таксама мустангер. — Я там паляваў шмат разоў. Гэта месца ляжыць на паўднёвы ўсход адсюль. Самая блізкая дарога туды ідзе вунь цераз тую прасеку. Вы звярнулі занадта на захад, дон Мігуэль.
— Няўжо? — з пагардай адказаў кіраўнік чацвёркі. — Вы забываецеся, сен‘ёр Віцэнтэ Барахо, што нашы коні падкуты. Індзейцы-ж не выязджаюць з форта Індж з тым, каб ехаць прама на Аламо. Вы разумееце мяне?
— Правільна! — адказаў Барахо. — Карамба! Я аб гэтым і не падумаў.
Без далейшых пярэчанняў трое паплечнікаў Эль-Кайота паехалі за ім. Яны ехалі амаль у поўнай маўклівасці, пакуль, нарэшце, не дасягнулі лесу.
Трапіўшы пад прыкрыцце зараснікаў, усе чацвёра злезлі з коней і прывязалі іх да дрэў.