Коннік без галавы (1941)/XI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел X Коннік без галавы. Раздзел XI
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XI

НЕЧАКАНЫ ПРЫЕЗД

— Гэй, ты, негр, дзе твой гаспадар?

— Містэр Пойндэкстэр, сэр? Стары ці малады?

— Навошта мне малады? Я пытаюся містэра Пойндэкстэра. Дзе ён?

— Так, так, сэр, яны абодва дома, гэта значыць іх абодвух няма дома — ні старога гаспадара, ні маладога містэра Генры. Яны ўнізе, ля рэчкі, глядзяць, як там робяць агарожу. Так, так, там вы іх абодвух знойдзеце.

— Унізе, ля рэчкі? Гэта далёка адгэтуль, як ты думаеш?

— О, сэр! Негр думае, што гэта каля трох або чатырох міль, калі не далей.

— Тры або чатыры мілі? Ды ты-ж зусім дурны. Хіба плантацыя містэра Пойндэкстэра цягнецца на такую адлегласць? А наўрад ці будзе ён будаваць агарожу на чужой зямлі. Вось што: скажы лепш, калі вы яго чакаеце? Спадзяюся, што гэта ты павінен ведаць?

— Яны абодва павінны вярнуцца вельмі хутка, і містэр Кольхаун таксама, О, у нас сёння вялікае свята — вы можаце меркаваць аб гэтым па паху з кухні. І чаго там толькі не гатуюць сёння! Наш гаспадар задае пір не горш за тых, якія ў нас наладжваліся ў Луізіяне.

— О, містэр Стумп, гэта вы? — пачуўся срабрысты галасок, і на верандзе з‘явілася Луіза Пойндэкстэр.

— Я так і думала, што гэта вы, — прадаўжала яна, падыходзячы да парэнчаў, хоць і не чакала ўбачыць вас так хутка. Мне здавалася, што вы адправіліся ў далёкае падарожжа. Але я вельмі рада, што-бачу вас тут. Тата і Генры таксама будуць вельмі рады вам. Плутон, ідзі зараз-жа да Хлоі і запытайся ў яе, што яна можа даць, каб накарміць містэра Стумпа. Вы-ж не абедалі, праўда? Вы ўвесь у пыле — вы далёка ездзілі? Фларында, збегай хутчэй у буфет і прынясі чаго-небудзь выпіць. Я не сумняваюся, што ў містэра Стумпа павінна быць моцная смага ў такі гарачы дзень, як сёння. Што вы больш любіце: партвейн, шэрры, кларэт? Ах так, цяпер я ўспомніла — вы прыхільнік манонгахельскага віскі. У нас, здаецца, знойдзецца. Бяжы, Фларында, і нясі хутчэй. Падымайцеся на веранду, містэр Стумп, і сядайце, калі ласка. Вы хацелі бачыць бацьку? Ён павінен вярнуцца з хвіліны на хвіліну. А я пастараюся забавіць вас да яго прыходу.

Калі-б маладая дзяўчына і раней скончыла гаварыць, яна ўсероўна не атрымала-б адказу зараз-жа. Нават і цяпер прайшло некалькі секунд, перш чым Стумп пачаў размаўляць. Ён стаяў, не адрываючы вачэй ад яе, і як быццам знямеў.

— Нябесныя сілы, міс Луіза! — нарэшце выгаварыў ён. — Калі я бачыў вас на Місісіпі, я думаў, што вы самая прыгожая істота на зямлі. Але цяпер я ўпэўнены, што вы самая цудоўная істота не толькі на Зямлі, але і на небе.

Толькі што прычасаныя валасы маладой крэолкі прыгожа блішчэлі. Яе шчокі гарэлі яркім румянцам пасля халоднай вады. Стройная, у лёгкай сукенцы з белай індзейскай кісеі, Луіза Пойндэкстэр сапраўды была надзвычай прыгожая.

— Ой, ой! Містэр Стумп, гэтага я ад вас не чакала. Техас навучыў вас гаварыць любезнасці. Калі вы будзеце прадаўжаць гэтак і надалей, я баюся, што вы развучыцеся гаварыць проста, як гаварылі раней. Я думаю, што пасля такіх любезнасцей вам неабходна як след выпіць. Ну, што-ж ты стаіш? Хутчэй, Фларында. Вы, здаецца, сказалі, што лічыце за лепшае віскі?

— Калі я гэтага не сказаў, то ва ўсякім выпадку падумаў. А гэта амаль тое самае. Так, міс, я аддаю перавагу нашаму амерыканскаму напітку перад іншакраіннымі вінамі. Техас у гэтых адносінах не перавыхаваў мяне.

— Містэр Стумп, вы разбаўляеце віскі вадою? — запытала Фларында, паказваючы вінную шклянку, напалову напоўненую віскі.

— Не, душачка! Ну яе, гэтую ваду! Яна мне абрыдла за сёнешні дзень. З самай раніцы ў мяне не было ні кроплі віна ў роце.

— Дарагі містэр Стумп, але-ж віскі немагчыма так піць, яно абпаліць вам усё горла. Вазьміце крыху мёду або цукру.

— Навошта-ж псаваць дабро? Віскі — цудоўны напітак і без гэтых прыкрас, асабліва пасля таго, як вы на яго зірнулі. Вы зараз убачыце, ці магу я піць віскі неразбаўленым. Давайце паспрабуем!

Стары паляўнічы паднёс шклянку да губ і, зрабіўшы тры-чатыры глыткі, аддаў яе Фларындзе. Гучнае чмоканне амаль заглушыла мімавольны выкрык здзіўлення, які вырваўся ў маладой крэолкі і яе служанкі.

— Спаліць мне горла, вы сказалі? Ані. Яно толькі прамыла мне глотку, і цяпер я гатоў размаўляць з вашым татулем адносна крапчатага мустанга.

— Ах, так! А я зусім і забылася. Не, я не тое хацела сказаць. Я проста думала, што вы не паспелі яшчэ нічога аб ім даведацца. Хіба ёсць ужо якія-небудзь навіны аб гэтым прыгажуне?

— Прыгажуне — гэта правільна сказана.

— Ці не чулі вы чаго-небудзь новага аб гэтым мустангу з таго часу, як вы апошні раз былі ў нас?

— Не толькі чуў, але бачыў яго і нават рукамі чапаў.

— Няўжо?

— Мустанг злоўлены.

— На самай справе? Якая цудоўная навіна! Як я буду рада ўбачыць гэтага прыгажуна, і як добра будзе пакатацца на ім! З таго часу, як я ў Техасе, у мяне не было ніводнага добрага каня. Бацька абяцаў купіць мне гэтага мустанга, колькі-б за яго не папрасілі. Але хто гэты шчаслівец, якому ўдалося яго злавіць?

— Ну, вядома, мустангер.

— Мустангер?

— Так, і такі, якому няма роўнага ва ўсёй прэрыі. Ніхто не можа сапернічаць з ім ні ў коннай яздзе, ні ў тым, як накідваць ласо на шыю мустангу. Вы, магчыма, хочаце сказаць мне пра вашых мексіканцаў? Я ніколі яшчэ не бачыў ніводнага мексіканца, які-б так умела спраўляўся з коньмі, як гэты хлапец.

— А як яго завуць?

— Як яго завуць? Павінен вам прызнацца, што прозвішча яго я ніколі не чуў, а імя яго — Морыс. У ваколіцах форта ён вядомы як Морыс-мустангер.

Стары паляўнічы не быў настолькі заглядальны, каб улавіць нотку абвостранага інтарэсу, якая прагучэла ў апошнім пытанні. Ён таксама не заўважыў, як шчокі дзяўчыны ўспыхнулі густым румянцам, калі яна пачула яго адказ.

Аднак, гэта не ўслізнула ад Фларынды.

— А, міс Луі, — усклікнула яна, — гэтак-жа завуць таго маладога адважнага пана, які выратаваў нас ад удушша ў чорнай прэрыі!

— Так, — паспяшаўся адказаць паляўнічы, — толькі сёння раніцою ён расказваў мне гэтую гісторыю. Гэта было якраз перад нашым ад‘ездам. Гэта ён самы. Ён вось і злавіў крапчатага мустанга. Цяпер ён па дарозе да вас. Ён павінен быць тут да надыходу змроку. Я-ж пагнаў сваю старую кабылу наперад, каб папярэдзіць вашага бацьку наконт крапчатага мустанга. Я для вас гэта зрабіў, міс Луіза.

— О, які вы добры, містэр Стумп! Я вам вельмі, вельмі ўдзячна. Цяпер вы мне прабачце, я павінна вас пакінуць на хвілінку. Бацька хутка павінен вярнуцца. У нас сёння званы абед. Мне трэба распарадзіцца па гаспадарцы. Фларында, скажы, каб містэру Стумпу падалі закусіць. Пайдзі і распарадзіся хутчэй. Ага, вось яшчэ што, містэр Стумп, — прадаўжала дзяўчына, падсунуўшыся бліжэй да паляўнічага і гаворачы больш ціхім голасам, — калі малады… малады чалавек прыедзе, калі тут будуць госці, — ён, напэўна, не знаёмы з імі, — прасачыце, калі ласка, каб аб ім паклапаціліся. Тут на верандзе ў нас стаіць віно, тут-жа будзе і закуска. Вы разумееце, аб чым я гавару, містэр Стумп?

— Чорт мяне пабяры, калі я што-небудзь разумею, міс Луіза. Я ўсё разумею наконт выпіўкі і іншага, але пра якога маладога чалавека вы гаворыце гэтага я не разумею.

— Ну як-жа вы не разумееце? Малады чалавек, які павінен прывесці мустанга.

— А-а! Морыс-мустангер! Пра яго вы, напэўна, гаворыце? Але я павінен вас папярэдзіць па-сяброўску, што гэтага хлапца пакрыўдзіць гасціннасць з другіх рук. Ён-жа, як у нас бывала гаварылі на Місісіпі, «ганарлівы, як Пойндэкстэр». Даруйце, што я так гавару. Я забыўся, што гавару з міс Пойндэкстэр калі не з самым ганарлівым, то з самым прыгожым членам гэтай сям‘і.

— О, містэр Стумп, мне вы можаце гаварыць усё, што хочаце. Вы ведаеце, што на вас, на нашага мілага велікана, я не пакрыўджуся. Але што вы хацелі сказаць, гаворачы аб гасціннасці з другіх рук?

— Я хацеў сказаць, што няма ніякага сэнсу мне прапаноўваць у вашым доме Морысу-мустангеру выпіць або закусіць. Калі толькі ваш бацька сам не прапануе яму, ён пойдзе, не дакрануўшыся ні да чаго. Вы разумееце, міс Луіза, ён-жа не з тых людзей, якіх можна паслаць на кухню.

Маладая крэолка не адразу адказала — яна была як быццам азадачана — і сканцэнтравана пачала аб нечым думаць.

— Ну, нічога, містэр Стумп, тады будзьце спакойны наконт гэтага, — нарэшце сказала яна. — Вы не частуйце яго. Толькі паведаміце мне, калі ён прыедзе. Але калі гэта будзе ў часе самога абеду, то, будзьце ласкавы, затрымайце яго крыху. Вы абяцаеце мне гэта?

— Добра, гэта я зраблю.

— Тады я сама прапаную яму закусіць.

— Калі вы гэта зробіце, міс, я баюся, вы сапсуеце яму апетыт. Нават галодны воўк страціць усякую ахвоту да ежы, калі ўбачыць вас. Калі я прышоў сюды, я быў такі галодны, што гатоў быў праглынуць цалкам сырога індыка. А цяпер мне ён больш не патрэбен. Я магу цяпер цэлы месяц не есці мяса.

Луіза моцна рассмяялася.

У гэтую хвіліну з дзвярэй кухні паказалася Фларында з лёгкім падносам у руках. За ёю ішоў Плутон, таксама з падносам, але толькі большага размеру і больш грунтоўна нагружаным.

— Ах вы, мілы велікан! — сказала крэолка з вясёлым дакорам. — Не верыцца мне, што вы так лёгка траціце апетыт. А вось ідуць Плутон з Фларындай, яны вам нясуць сёе-тое, што складзе вам больш вясёлую кампанію, чым я. Да пабачэння, Зеб! Да пабачэння!

Лёгкай хадою, з вясёлым настроем Луіза пакінула веранду, але, апынуўшыся адна ў сваім пакоі, яе зноў апанавала глыбокае задуменне.

«Гэта мой лёс. Я адчуваю гэта. Мне страшна ісці яму насустрач, але не ў маіх сілах унікнуць яго. Я не магу і не хачу!»