Коннік без галавы (1941)/XII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XI Коннік без галавы. Раздзел XII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XII

УСМІРЭННЕ ДЗІКАГА КАНЯ

Азотэя — самая прыемная частка мексіканскага дома. Яе падлога — гэта плоскі дах гасіенды, а дах — сіні купал неба. У добрае надвор‘е — а ў гэтым спрыяльным клімаце надвор‘е заўсёды добрае, — азотэі аддаюць перавагу перад гасцінай.

Тут у гадзіны заходзячага сонца мексіканскі кавальеро ў сваім упрыгожаным вышыўкай убранні франціць перад цудоўнай сен‘ёрытай, пускаючы ёй у шчаку дым ад сваёй «сігарыто». А чарнавокая дансела ціха слухае любоўныя прызнанні. Слухае? А магчыма, і не слухае, а з сумуючым сэрцам глядзіць на другую гасіенду, дзе жыве любімы ёю кавальеро?

Праводзіць гадзіны надыходзячага змроку на даху дома — гэта звычай, якога пільнуюцца ўсе, хто пасяліўся ў мексіканскім жыллі. Зусім натуральна, што і сям‘я луізіянскага плантатара не адмовілася ад гэтай прыемнай традыцыі.

І ў гэты вечар, пасля абеду, калі сталовая апусцела, уся кампанія, замест гасцінай, сабралася на даху. Заходзячае сонца асвятліла касымі праменнямі такую ажыўленую і выдатную кампанію, якая наўрад ці збіралася калі-небудзь на азотэі Каса-дэль-Карво. Нават у старыя часы, калі ранейшы ўласнік збіраў у сябе мясцовых гідальго, нават тады, не было тут такіх прыгожых жанчын і такіх адважных мужчын, як у гэты вечар.

Плантатар не пашкадаваў ні грошай, ні працы, каб надаць належную пышнасць святу. Бліскучыя мундзіры і эпалеты запрошаных афіцэраў форта, ваенная музыка, цудоўныя старыя віны пограбаў Каса-дэль-Карво — усё гэта надавала піраванню той бляск, які быў яшчэ да гэтага часу невядомы на берагах Леоны.

Але галоўным упрыгожаннем кампаніі была прыгожая дачка плантатара. Сотні вачэй былі накіраваны на яе; адны сачылі за ёю з захапленнем, другія з зайздрасцю.

У бліскучым натоўпе быў чалавек, які, больш чым хто-небудзь іншы, сачыў за ёю і лавіў кожны яе рух. Гэта быў яе стрыечны брат — Касій Кольхаун.

Яна нікуды не магла выйсці, каб ён не пайшоў за ёю. Ён ценем хадзіў за ёю, непрыкметна перасоўваючыся з месца на месца. То ішоў наверх, то спускаўся ўніз, то стаяў, прытуліўшыся ў кутку, з выглядам прытворнай разгубленасці, але ні на хвіліну не зводзіў ён вачэй з цудоўнай крэолкі.

Дзіўна, што ён не звяртаў увагі на тое, што яна гаварыла ў адказ на кампліменты, якімі яе засыпалі мужчыны, дамагаючыся яе ўсмешкі. Нават яўная ўвага драгуна Генкока, як відаць, не турбавала Кольхауна.

І толькі пасля таго, як усе падняліся на азотэю, Касій Кольхаун выдаў сябе. Міма ўвагі акружаючых не мог прайсці той упарты, выпрабавальны позірк, якім ён сачыў за Луізай, калі тая час ад часу падыходзіла да парэнчаў і ўглядалася кудысьці ўдалечыню.

Чаму яна гэта рабіла, ніхто не ведаў. І ніхто не спрабаваў сабе растлумачыць. Ніхто, апрача Касія Кольхауна. У яго-ж адносна гэтага былі падазрэнні, якія мучылі яго.

А калі ў прэрыі ў залатых праменнях заходзячага сонца з‘явілася нейкая група і назіраўшыя з азотэі хутка адрознілі ў ёй табун коней, у капітана не асталося больш сумненняў — ён ведаў, хто быў на чале гэтай кавалькады.

Але яшчэ задоўга да таго, як табун коней прыцягнуў увагу гасцей, Луіза заўважыла яго па воблаку пыла, якое паднялося на гарызонце. Праўда, яно было тады яшчэ настолькі невыразным, што ўбачыць яго мог толькі той, хто напружана чакаў, што вось-вось яно пакажацца.

— Дзікія коні! — абвясціў маёр, камандзір форта Індж, паглядзеўшы ў бінокль. — Нехта вядзе іх сюды, — сказаў ён зноў, падымаючы бінокль да вачэй. — А! Цяпер бачу — гэта Морыс-мустангер. Ён іншы раз пастаўляе нам коней. Ён як быццам-бы едзе проста сюды, містэр Пойндэкстэр.

— Вельмі магчыма, што гэта ён, — адказаў уласнік Каса-дэль-Карво. — Гэты мустангер узяўся даставіць мне дзесяткі два-тры коней, і, напэўна, гэта першая яго пастаўка. Так, гэта так і ёсць, — сказаў ён, паглядзеўшы ў бінокль.

— Я ўпэўнены, што гэта ён, — сказаў сын плантатара. — Я пазнаю ў гэтым конніку Морыса Джэральда.

Дачка плантатара не паказала выгляду, што яна колькі-небудзь зацікаўлена тым, што адбываецца. Яна заўважыла, што за ёю сочаць злосныя вочы стрыечнага брата, яны нібы абпальвалі яе.

Нарэшце, кавалькада наблізілася. На чале яе сапраўды быў Морыс-мустангер, ён вёў за сабою на ласо крапчатага мустанга.

— Што за цудоўная жывёла! — усклікнула некалькі галасоў, калі палоннага мустанга падвялі да дома.

— Ды варта-ж спусціцца ўніз, каб паглядзець на такога мустанга, — заўважыла бойкая жонка маёра. — Я прапаную ўсім сыйсці ўніз. Што вы на гэта скажаце, міс Пойндэкстэр?

— О, вядома, — пачуўся адказ маладой гаспадыні сярод цэлага хору іншых галасоў. — Давайце спусцімся, давайце спусцімся!

Пад правадырствам маёршы дамы збеглі ўніз па каменнай лесніцы. Мужчыны пайшлі за імі. Праз некалькі хвілін мустангер, усё яшчэ конна, апынуўся разам са сваёй палонніцай у самым цэнтры надзвычайнай кампаніі.

Генры Пойндэкстэр перагнаў усіх і па-сяброўску вітаў мустангера.

Луіза абмянялася з Морысам толькі лёгкім паклонам. Больш сардэчную сустрэчу маглі-б палічыць за фамільярнасць, і наўрад ці спадабалася-б гэта кампаніі.

З усіх дам адна толькі маёрша ветліва прывіталася з мустангерам, але ў тоне яе гучала спагадлівасць. Затое ён быў узнагароджаны быстрым і маўклівым позіркам маладой крэолкі.

Між іншым, прыхільнасць адчувалася ў позірку не толькі адной Луізы. Не гледзячы на запылены ў дарозе касцюм, мустангер быў вельмі прыгожы. Прароблены ім шлях, звыш дваццаці міль, як быццам ніколькі не стаміў яго. Стэпавы вецер разрумяніў твар маладога ірландца. У расшпіленым каўняры рубашкі прыгожа выдзялялася сільная, бронзавая ад загару шыя, якая падкрэслівала яго мужную прыгожасць. Прыгожанькая пляменніца камісара з захапленнем усміхалася яму. Гаварылі таксама, што і жонка камісара паглядвала на яго, але гэта, як відаць, быў толькі паклёп, які зыходзіў ад доктаршы, вядомай пляткаркі форта.

— Няма сумнення, — сказаў Пойндэкстэр, агледзеўшы злоўленага мустанга, — што гэта іменна той конь, аб якім мне гаварыў Зеб Стумп.

— Так, гэта той самы, — адказаў стары паляўнічы, падыходзячы да Морыса, каб дапамагчы яму. — Зусім правільна, містэр Пойндэкстэр, гэта яна, — кабыла, як вы самі можаце пераканацца. Гэты хлапец злавіў яе яшчэ да маёй з ім размовы. Добра, што я ўсё-ж у час паспеў. Красуня-ж, бадай, магла трапіць у іншыя рукі, а гэта надта засмуціла-б міс Луізу.

— Гэта правільна, містэр Стумп. Вы вельмі да мяне ўважлівы. Я проста не ведаю, як аддзякаваць вам за вашу дабрату.

— Аддзякаваць! Вы хочаце сказаць, што хацелі-б мне зрабіць што-небудзь прыемнае? Гэта вам няцяжка будзе. Бо я-ж, увогуле, нічога асаблівага не зрабіў — па прэрыі пракаціўся, вось і ўсё. А палюбавацца на такую красуню, як вы, седзячы конна на гэтай кабыле, ды яшчэ ў вашым капелюшы з пяром і ў спадніцы з хвастом, — ды гэтага-ж зусім дастаткова, каб аплаціць Зебу Стумпу прабег уздоўж усяго хрыбта Скалістых гор і назад.

— О, містэр Стумп! Вы непапраўны ліслівец! Паглядзіце навокал сябе, і вы знойдзеце жанчын, якія больш за мяне заслугоўваюць вашых кампліментаў.

— Добра, добра! — адказаў Зеб, кінуўшы павярхоўны позірк на прысутных дам. — Я не адмаўляю, што тут шмат прыгожых жанчын, чорт пабяры, так, шмат прыгожых жанчын, але як гаварылі ў нас у Луізіяне, Луіза Пойндэкстэр толькі адна.

Выбух рогату, у якім можна было адрозніць толькі нямнога жаночых галасоў, быў адказам на галантную гаворку Зеба.

— Я вам вінен дзвесце долараў, — сказаў плантатар, звяртаючыся да Морыса і паказваючы на крапчатага мустанга. — Здаецца, аб гэтай суме дагаварваўся з вамі містэр Стумп?

— Я не ўдзельнічаў у гэтай здзелцы, — адказаў мустангер, многазначна ўсміхаючыся. — Я не магу ўзяць вашых грошай. Гэты конь не прадаецца.

— На самай справе? — сказаў плантатар, адступаючы назад з выглядам абражанай гордасці.

Сябры плантатара і афіцэры форта не маглі захаваць сваё надзвычайнае здзіўленне.

Дзвесце долараў за неаб‘езджанага мустанга, у той час як звычайная цана была ад дзесяці да дваццаці долараў! Мустангер, напэўна, не ў сваім розуме.

— Містэр Пойндэкстэр, — прадаўжаў мустангер у тым-жа вясёлым тоне. — Вы мне так добра заплацілі за іншых мустангаў, і нават раней, чым яны былі злоўлены, што дазвольце мне аддзякаваць вам. Такі наш ірландскі звычай. Апрача таго, у нас заведзена рабіць падарунак не таму, з якім заключаеш здзелкі, але аднаму з членаў яго сям‘і. Ці няможна мне завесці гэты ірландскі звычай у Техасе?

— Зразумела, без ніякага сумнення! — адказала некалькі галасоў.

— Я не супярэчу, містэр Джэральд, — адказаў плантатар, паступаючыся сваім кансерватызмам перад воляй кампаніі. — Як вы захочаце.

— Дзякую, панове, дзякую, — сказаў мустангер, паглядзеўшы высакамерна на кампанію. — Гэты конь папаўся мне дзякуючы шчаслівай выпадковасці. І калі міс Пойндэкстэр згодзіцца ўзяць яго, я буду адчуваць сябе больш чым узнагароджаным за тыя тры дні бесперапыннай пагоні, якія мне давялося вытрымаць у часе палявання на гэтага дзікуна. Калі-б ён быў самай каварнай какеткай, то і тады наўрад ці цяжэй было-б яго пакарыць.

— Я прымаю ваш падарунак, сэр, і прымаю яго з удзячнасцю, — адказала маладая крэолка, выступаючы наперад. — Толькі мне здаецца, — прадаўжала яна, паказваючы на мустанга і ў той-жа час запытальна гледзячы ў вочы мустангеру, — мне здаецца, што ваша палонніца яшчэ не прыручана? Яна ўся дрыжыць, перад невядомым будучым. Яна, напэўна, пастараецца скінуць аброць, калі апошняя ёй будзе не да спадобы? І што-ж мне, беднай, тады рабіць?

— Правільна, Морыс, — сказаў маёр, зусім не зразумеўшы сэнсу гэтых таямнічых слоў і звяртаючыся да таго, хто адзін толькі і зразумеў іх значэнне. — Міс Пойндэкстэр правільна гаворыць. Гэты мустанг яшчэ зусім не аб‘езджаны. Гэта ясна кожнаму. А ну вось, мілы дружа, павучыце яго крыху.

Затым маёр звярнуўся да акружаючых і сказаў:

— Гэта, я вам скажу, варта паглядзець, асабліва тым, каму не даводзілася яшчэ бачыць такое відовішча. Паслухайце, Морыс, сядайце на яго і пакажыце нам гэтага дзікуна прэрый. Ён і сам як быццам-бы хоча выпрабаваць ваша майстэрства.

— Так, ваша праўда, маёр, ён сапраўды гэтага хоча! — адказаў мустангер, кінуўшы хуткі позірк, але не на чатырохногага палонніка, а на маладую крэолку, якая адступілася назад і схавалася ў натоўпе гасцей.

— Нічога, Морыс, нічога, — цвярдзіў маёр супакойваючым тонам. — Не гледзячы на тое, што вочы яго гараць д‘ябальскім агнём, я іду ў заклад, што вы выб‘еце з яго дурасць. Паспрабуйце!

Не прыняць прапановы маёра мустангер не мог. Гэта быў выклік. Майстэрства конніка высока цанілася ў Техасе.

Сваю згоду Морыс выказаў тым, што хутка саскочыў з сядла і, перадаўшы свайго каня Зебу Стумпу, заняўся крапчатым мустангам; затым ён папрасіў аслабаніць месца.

Гэта было выканана ў міг — большая частка кампаніі вярнулася на азотэю.

Накінуўшы ласо на ніжнюю сківіцу мустанга і зацягнуўшы яго на галаве жывёлы ў выглядзе аброці, Морыс Джэральд ускочыў на спіну каня.

Упершыню дзікі конь адчуў такую абразу.

Прарэзлівае злоснае ірзанне выказала яўны пратэст супроць пасягання на яго свабоду.

Конь стаў дыба і некалькі хвілін захоўваў роўнавагу ў гэтым палажэнні. Коннік не перапалохаўся, ён абхапіў шыю каня абодвума рукамі. З сілай сціскаючы яго горла, коннік шчыльна прыціснуўся да корпуса мустанга. Каб не зрабіў ён гэтага, конь мог-бы кінуцца на спіну і раздушыў-бы пад сабою седака.

У адказ на гэта мустанг падняў свой круп — прыём, якім заўсёды карыстаюцца ў такіх выпадках дзікія коні. Гэта паставіла конніка ў асабліва цяжкае становішча: ён рыскаваў быць скінутым. Упэўнены ў сваіх сілах, мустангер адмовіўся ад сядла і страмён, а цяпер яны-б яму вельмі дапамаглі. Аднак, ён свядома не зрабіў гэтага, каб не зняславіць свайго гонару — усмірыцеля дзікіх мустангаў. Але ён справіўся і так.

Два ці тры разы паўтарыў мустанг спробу скінуць седака, але кожны раз павінен быў уступіць лоўкасці наезніка. Зразумеўшы, нарэшце, дарэмнасць сваіх намаганняў, раз‘юшаная жывёла перастала біць нагамі і, сарваўшыся з месца, панесла конніка па прэрыі.

Госці ціха сядзелі на сваіх месцах, чакаючы звароту Морыса. Меркаванні, што мустангер можа быць забіты або прынамсі пакалечаны, неаднаразова выказваліся на азотэі. Сярод прысутных быў адзін чалавек, які патаемна чакаў гэтага, і другі, для якога гэта было-б тое самае, што ўласная смерць. Чаму Луіза Пойндэкстэр, дачка гордага плантатара цукровага трысця, вядомая красуня, чаму яна захапілася бедным паляўнічым Техаса, — гэта было таямніцай, якую нават яна сама не магла вырашыць.

Яна разумела, што ў ёй успыхнула нейкая незвычайная цікавасць да гэтага надзвычайнага чалавека, — ён так моцна адрозніваўся ад усіх тых людзей, якіх яна сустракала ў сваім кругу. Яна таксама разумела, што гэтае дзіўнае пачуццё, замест таго каб сціхнуць, увесь час павялічвалася.

І сэрца Луізы забілася яшчэ мацней, калі Морыс-мустангер зноў з‘явіўся на дзікім кані, але ўжо больш не дзікім, а ўціхаміраным, які ўжо не спрабаваў скінуць яго, а прыціх і зрабіўся пакорлівым, прызнаў у ім свайго гаспадара.

— Міс Пойндэкстэр, — сказаў мустангер, саскокваючы з каня і не звяртаючы ўвагі на гром воплескаў, які сустрэў яго, — ці магу я папрасіць вас падыйсці да каня, накінуць яму на шыю ласо і завесці на стайню? Калі вы гэта зробіце, ён будзе лічыць вас сваёй усмірыцельніцай і заўсёды пасля гэтага будзе пакорным вашай волі.

Жэманніца пачала-б увільваць ад такой прапановы, какетка адхіліла-б яе, а нясмелая дзяўчына проста спалохалася-б.

Але Луіза Пойндэкстэр, ні хвіліны не хістаючыся, без ценю жэманства або страху, устала і пакінула сваіх субяседнікаў. Слухаючыся ўказанняў мустангера, яна ўзяла вяроўку, сплеценую з конскага воласа, накінула яе на шыю ўціхаміранага мустанга і завяла яго ў стайню Каса-дэль-Карво.

Словы мустангера ўвесь час гучэлі ў яе вушах, водгуллем адбіваючыся ў сэрцы:

«Ён будзе лічыць вас сваёй усмірыцельніцай і заўсёды пасля гэтага будзе пакорлівы вашай волі».