Коннік без галавы (1941)/X
← Раздзел IX | Коннік без галавы. Раздзел X Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел XI → |
Раздзел X
КАСА-ДЭЛЬ-КАРВО
Памесце, або гасіенда, Каса-дэль-Карво цягнулася ўздоўж лясістых берагоў Леоны больш чым на тры мілі, у бок-жа прэрыі, на поўдзень, яно займала ўдвая большую прастору.
Сядзібны дом у Мексіканскай Амерыцы звычайна, хоць і няправільна, называецца таксама гасіендай. У Каса-дэль-Карво ён пабудаваны на адлегласці пушачнага стрэлу ад форта Індж, адкуль відаць частка яго белых сцен. Большая-ж частка гасіенды схавана пад ценем высокіх дрэў, якія абводзілі берагі ракі. Рака тут робіць круглую луку ў форме падковы. Адсюль і назва «Casa del Corvo» — «Дом на луцэ».
Месца для пабудовы дома было выбрана, напэўна, з мэтай лепшай абароны яго ад індзейцаў, якія тэрарызавалі сваімі нападамі еўрапейскіх перасяленцаў у раннія дні каланізацыі Амерыкі.
Між іншым, гэта небяспека астаецца і да сёнешняга дня.
Сваім фасадам гасіенда абернута ў бок прэрыі, якая, як бясконцы ізумрудны кавёр, рассцілаецца перад ёю да самага гарызонта.
Архітэктура Каса-дэль-Карво, як і іншых сядзібных пабудоў Мексікі, носіць характар маўрытанска-мексіканскага стылю. Дом аднапавярховы, з плоскім дахам — азотэяй, абнесенай парэнчамі. Унутры пабудовы знаходзіцца выбрукаваны плітамі двор з фантанам і лесніцай, якая вядзе на азотэю. Масіўныя драўляныя вароты на цяжкіх балтах размешчаны з боку галоўнага пад‘езду. З абодвух бакоў варот два або тры акенцы з жалезнай рашоткай. За сценамі агарожы — некалькі ўбогіх халуп, населеных нявольнікамі-неграмі. Іх убогія домікі былі рэзкім кантрастам у параўнанні з панскай сядзібай плантатара.
Такой была гасіенда, набытая плантатарам з Луізіяны.
* * *
Луіза Пойндэкстэр у задуменні апусцілася ў крэсла перад люстрам і загадала сваёй служанцы апрануць яе і прычасаць да прыёму гасцей.
Гэта было прыблізна за гадзіну да званага абеда, які даваў Пойндэкстэр, каб справіць сваё наваселле. Ці не гэтым варта было вытлумачыць некаторы неспакой у паводзінах маладой крэолкі? Аднак, у служанкі-нявольніцы былі адносна гэтага свае здагадкі — аб гэтым сведчыла размова, якая адбылася паміж імі.
Хоць наўрад ці можна было назваць гэта размовай. Луіза проста думала ўголас, а яе служанка ўторыла ёй, як эха. На працягу ўсяго свайго жыцця маладая крэолка прывыкла глядзець на нявольніцу як на рэч, ад якой можна было не захоўваць сваіх думак, таксама як ад крэслаў, сталоў, канап і іншай мэблі яе пакоя. Розніца была толькі ў тым, што Фларында ўсё-ж была жывой істотай і магла адказваць на пытанні.
На працягу першых дзесяці хвілін пасля таго, як Фларында з‘явілася ў пакоі, яна бесперастанку балбатала аб усякім глупстве, і ўдзел у размове самой Луізы абмяжоўваўся толькі адрывачнымі заўвагамі.
— О, міс Луі, — гаварыла негрыцянка, пяшчотна расчэсваючы раскошныя валасы маладой пані, — якія ў вас прыгожыя валасы! Нібы пышны іспанскі мох, што звешваецца з кіпарысавага дрэва. Толькі яны ў вас іншага колеру і блішчаць, нібы цукровая патака.
Луіза Пойндэкстэр была крэолкай, а таму наўрад ці трэба гаварыць, што яе валасы былі цёмнага колеру і сапраўды пышныя, як іспанскі мох, як наіўна, але трапна сказала негрыцянка. Але яны не былі чорнымі. Гэта быў той прыгожы каштанавы колер, які сустракаецца іншы раз у афарбоўцы чарапахі або злоўленага зімою собаля.
— Ах, — прадаўжала Фларында, — калі-б ў мяне былі вашы цудоўныя валасы, замест маіх негрыцянскіх завітушак, яны-б усе былі ля маіх ног, усе да аднаго!
— Аб чым ты гаворыш? — запытала маладая крэолка, нібы прачнуўшыся ад сваіх мар. — Што ты сказала? Ля тваіх ног? Хто?
— Ну, хіба вы не разумееце мяне?
— Даю слова, не.
— Я прымусіла-б іх пакахаць мяне. Вось што я хацела сказаць.
— Але каго?
— Усіх белых джэнтльменаў. Маладога плантатара, афіцэраў форта — усіх, усіх. З вашымі валасамі я пакарыла-б іх усіх.
— Ха-ха-ха! — рассмяялася Луіза, уявіўшы сабе, як выглядала-б Фларында з яе косамі. — Ты думаеш, што ні адзін мужчына не ўстаяў-бы перад табой, калі-б у цябе былі мае валасы?
— Не, міс, я хацела-б, каб у мяне былі не толькі вашы валасы, але і ваш мілы твар, ваша скура, белая, як алебастр, ваша стройная фігура, — гэта было-б надзвычайна. О, міс Луі, вы такая прыгожая! Я чула, як белыя джэнтльмены гаварылі аб гэтым. Але мне і не трэба чуць, што яны гавораць. Я сама бачу.
— Ты навучылася ільсціць, Фларында.
— Не, міс, запэўняю вас. Тут няма ні слова ліслівасці, ніводнага слова. Клянуся зам! Клянуся апосталамі!
Таму, хто толькі раз зірнуў на Луізу, клятвы негрыцянкі здаліся-б залішнімі.
Сказаць, што Луіза Пойндэкстэр была надзвычай прыгожая, — гэта азначала толькі паўтарыць агульную думку акружаючых яе людзей. Аловак дасць толькі слабае ўяўленне аб яе абліччы; ніякі мастак не мог-бы перадаць на безжыццёвым палатне прамяністае святло, якім ззялі яе вочы.
На сур‘ёзныя запэўненні Фларынды дзяўчына адказала ласкавым смехам, у якім, аднак, не адчувалася і ноткі сумнення. Маладая крэолка не мела патрэбы ў тым, каб ёй напаміналі аб яе прыгожасці. Ліслівасць негрыцянкі, мала закранула яе, і яна зноў упала ў задуменнасць.
Фларынду гэта не збянтэжыла.
— Ах, — прадаўжала яна, як быццам размаўляючы сама з сабою, — калі-б Фларында была хоць напалову такой прыгожай, як маладая міс, яна ні на каго не звяртала-б увагі і ні аб кім-бы не ўздыхала.
— Уздыхала? — паўтарыла Луіза, здзіўленая яе гаворкай. — Што ты хочаш гэтым сказаць?
— Міс Луі, Фларында не такая сляпая, як вы думаеце, і не глухая. Яна даўно заўважае, як вы моўчкі сядзіце на адным месцы і толькі глыбока ўздыхаеце. З вамі ніколі гэтага не было, калі мы жылі ў Луізіяне.
— Фларында! Я баюся, што ты траціш рассудак або ўжо страціла яго ў Луізіяне! Напэўна, тутэйшы клімат дрэнна дзейнічае на цябе. Ці не праўда, дружа?
— Дапраўды, міс Луі, вы павінны аб гэтым запытацца ў сябе. Не злуйцеся на мяне, што я з вамі так проста размаўляю. Фларында ваша раба і любіць вас, як сястру. Ёй балюча чуць, як вы ўздыхаеце. Таму яна і дазваляе сабе так гаварыць з вамі. Вы не будзеце злавацца на мяне, міс?
— Вядома, не. Чаму я павінна злавацца на цябе? Я не злуюся. Толькі ты зусім не права. Тое, што ты бачыла і чула, — гэта ўсяго толькі твая фантазія. Што-ж датычыць уздыхання, то мне няма калі ўздыхаць — зараз вось патрэбна будзе прыняць каля сотні гасцей, і амаль усе яны чужыя. Між імі будуць маладыя плантатары і афіцэры, якіх ты хацела-б пакарыць. Ха-ха-ха! У мяне-ж няма жадання зачароўваць іх, ніводнага з іх, і я магу іх усіх аддаць табе.
— О, міс Луі, вы праўду гаворыце? — запытала негрыцянка з незахаванай цікаўнасцю. — Вы гаворыце, што ніводзін з гэтых джэнтльменаў вам не падабаецца? Але-ж будуць вельмі-вельмі прыгожыя мужчыны. Будзе гэты малады плантатар і тыя два прыгожыя афіцэры — не, тры прыгожыя афіцэры. Вы ведаеце іх? Яны ўсе былі надта ласкавыя да вас. Вы ўпэўнены, міс, што ні аб адным з іх вы не ўздыхаеце?
— Зноў аб уздыханнях! — вымушана засмяялася Луіза. — Досыць, Фларында, мы трацім час. Не забывайся, што ў нас сёння вялікі прыём, і мне патрэбна прынамсі поўгадзіны, каб крыху сканцэнтравацца і быць на вышыні сваёй ролі — гаспадыні дома.
— Не турбуйцеся, міс Луі, не турбуйцеся. Вас апрануць няцяжка. У любым адзенні вы прыгожая. Вы ўсёроўна будзеце першай красуняй, калі нават апранеце простую сукенку работніцы плантацыі.
— Як, аднак, ты навучылася ільсціць, Фларында! Я падазраю, што табе ад мяне штосьці трэба. Магчыма ты хочаш, каб я памірыла цябе з Плутонам?
— Не міс, Плутон ніколі больш не будзе маім прыяцелем. Ён быў такім баязліўцам, калі на нас наляцела бура ў гэтай чорнай прэрыі. О, міс Луі, што-б мы толькі рабілі, калі-б да нас не падаспеў гэты малады джэнтльмен на гнедым кані!
— Калі-б не ён, дарагая Фларында, напэўна нікога з нас не было-б тут.
— О, міс! А які-ж ён прыгожы! Вы памятаеце яго твар! А яго густыя валасы зусім такога колеру, як вашы, толькі ўюцца яны крыху падобна да маіх. І што той малады плантатар або афіцэры ў параўнанні з ім! Нікуды яны няварты. Мы, негры, так і называем іх белым смеццем. А аб такім мужчыне, як той прыгажун, я разумею, можна ўздыхаць. Ён варты гэтага.
Да гэтага моманту маладая крэолка захоўвала да некаторай ступені спакой. Яна спрабавала быць спакойнай і надалей, але не змагла. Ці выпадкова, ці наўмысна, але Фларында закранула самыя патаемныя пачуцці сваёй маладой пані. Луізе не хацелася адкрыць сваю таямніцу нават нявольніцы. І яна была рада, што іменна ў гэты момант на дварэ пачуліся гучныя галасы. Гэта было досыць добрай прычынай, каб скончыць хутчэй туалет, а разам з тым і размову, якую ёй не хацелася прадаўжаць.