Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/XCIX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XCVIII Коннік без галавы. Раздзел XCIX
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел C

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XCIX

ДВА СТРЭЛЫ

Пасля другога нечаканага перапынку, менш працяглага, чым першы, суд зноў аднавіў сваё паседжанне пад дубам.

Надышоў ужо вечар. Касыя праменні заходзячага сонца пранікаюць на ўчастак, ахаваны густой зеленню дрэва. Гэтыя праменні ўжо не залатыя, як удзень, а злавесна чырвоныя — яны прадракаюць навальніцу.

На лаўцы падсудных сядзіць ужо не Морыс Джэральд, а Касій Кольхаун.

Гэта, бадай, адзіная перамена ў карціне суда.

Суддзя той самы, тыя самыя прысяжныя, той самы натоўп. Розніца толькі ў іх адносінах да абвінавачваемага. Яго вінаватасць ужо больш не ставіцца пад сумненне. Яна відавочная. Усе доказы ў наяўнасці.

Нехапае толькі аднаго звяна, калі так можна сказаць у даным выпадку: не высветлена пабуджэнне да забойства. Чаму Касій Кольхаун забіў свайго стрыечнага брата? Чаму адсек яму галаву? Ніхто не можа адказаць на гэта пытанне, апрача самога забойцы.

Судовы разгляд скончыўся хутка. Прысуд — «Вінаваты» — вынесен. І суддзя, зняўшы сваю панаму, ужо збіраецца адзець чорную шапачку, змрочную эмблему смерці, каб агаласіць прысуд.

З урачыстай фармальнасцю абвінавачваемаму прапануюць сказаць апошняе слова.

Ён уздрыгвае. Гэтая прапанова, як пахавальны звон, гучыць у яго вушах. Ён дзіка аглядаецца навокал, глядзіць з безнадзейнасцю, не сустракаючы ні ў кога ніякай спагадлівасці.

— Ці можаце вы сказаць што-небудзь у сваё апраўданне, каб адхіліць смяротны прыгавор? — агалашае суддзя.

— Не, — адказвае ён, — мне няма чаго сказаць. Прыгавор справядлівы. Я заслугоўваю пакарання смерцю. Зусім правільна, — прадаўжае Кольхаун, — што я забіў Генры Пойндэкстэра, застрэліў яго ў гушчары лесу.

З натоўпа далятае нейчы мімавольны крык. Гэта хутчэй крык жаху, чым абурэння. Таксама мімавольна вырываецца і стогн у бацькі забітага.

— Пасля майго прызнання дзіўна было-б, калі-б я разлічваў на памілаванне. Я зусім заслужыў жорсткае пакаранне. Але ўсё-такі я не хачу пакідаць жыцця з ганебным кляймом злоснага забойцы. Вы пытаецеся, чаму я забіў і што было пабуджэннем да гэтага злачынства? У мяне не было ніякіх пабуджэнняў да гэтага забойства.

У натоўпе заўважаецца новае хваляванне; яно выдае здзіўленне, цікаўнасць і абурэнне.

Але ўсе маўчаць і не робяць ніякай спробы перапыніць прамову.

— Вы здзіўлены гэтым? Тлумачэнне вельмі простае: я забіў яго памылкова.

У натоўпе чуюцца выкрыкі здзіўлення.

Абвінавачваемы прадаўжае:

— Так, памылкова. Цяжка перадаць, што мне давялося перажыць, калі я выявіў гэта. Я даведаўся аб усім праз шмат часу пасля.

Асуджаны падымае вочы, нібы ў надзеі, што яму ўдалося выклікаць спачуванне. Але на злосных тварах ён не бачыць спагадлівасці.

— Я не адмаўляю, — гаворыць Кольхаун, — я не магу адмаўляць, што быў чалавек, якога я хацеў забіць. Не буду ўтойваць таксама і яго імя. Вось ён, гэты нягоднік, які стаіць тут перада мною.

З нянавісцю глядзіць Кольхаун на Морыса Джэральда. Той адказвае яму зусім спакойным, зусім абыякавым позіркам.

— Так, яго я хацеў забіць. Для гэтага ў мяне былі свае падставы, аб іх я не буду гаварыць. Цяпер не варта. Я думаў, што забіў яго, але па ракавой памылцы выявілася, што я забіў стрыечнага брата. Як мог я здагадацца, што гэты ірландскі сабака памяняўся плашчом і капелюшом з Генры Пойндэкстэрам? Астатняе вам вядома. Я меціў у ворага, а папаў у сябра. Стрэл, як відаць, быў ракавым, і коннік зваліўся з каня. Але каб не аставалася сумненняў, я выняў нож — праклятае серапэ ўсё яшчэ ашуквала мяне — і адсек няшчаснаму галаву.

Чуюцца крыкі, патрабуючыя адплаты.

— А цяпер, — закрычаў Кольхаун, калі хваляванне крыху супакоілася, — вы ведаеце аб усім, што здарылася, але вам яшчэ невядома, чым гэта скончыцца! Вы бачыце, што я стаю на краю магілы, але я не спушчуся ў яе, пакуль і яго не адпраўлю туды-ж. Я не магу інакш, клянуся богам!

Адразу-ж чуюцца два стрэлы, адзін услед за другім.

Ніцма падаюць два чалавекі. Яны ляжаць нерухома, амаль дакранаючыся галовамі адзін да другога.

Адзін з іх — Морыс Джэральд, мустангер, другі — Касій Кольхаун, капітан кавалерыі.

Натоўп акружае іх кальцом. Як відаць, яны абодва нежывыя. Сярод напружанай цішыні чуецца страшэнна жаласлівы крык жанчыны.