Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/XCIV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XCIII Коннік без галавы. Раздзел XCIV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XCV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел XCIV

ТАЯМНІЦА АДКРЫВАЕЦЦА

Абвінавачваемы змоўк. Ніхто не падганяе яго і не задае пытанняў.

Усе адчуваюць, што надышоў момант, калі таямніца будзе адкрыта.

Суддзя, прысяжныя, гледачы — усе слухаюць, затаіўшы дыханне, не зводзячы вачэй з абвінавачваемага.

Сярод цішыні зноў чуецца голас Морыса Джэральда:

— Пасля мне прышла ў галаву другая думка — накрыць труп сваім плашчом і закруціць яго ў серапэ, якое ўсё яшчэ аставалася на ім. Гэтым я хацеў захаваць яго ад драпежнікаў да моманту свайго звароту. Я зняў ужо з сябе плашч, але тут-жа мне прышоў у галаву новы план, як мне здавалася, больш разумны. Замест таго, каб вяртацца аднаму ў форт, я рашыў, што трэба ўзяць з сабою і цела нябожчыка. Я хацеў пакласці яго на свайго каня і прывязаць пры дапамозе ласо. З гэтым намерам я прывёў свайго каня і ўжо хацеў падняць на яго труп, але ў гэты момант я заўважыў непадалёку каня Генры Пойндэкстэра. Жывёла спакойна пасвілася, нібы нічога не здарылася. Павады цягнуліся па зямлі, і мне няцяжка было яе злавіць. Цяжэй было прымусіць каня стаяць спакойна, асабліва калі я яго падвёў да трупа гаспадара. Мне ўдалося падняць цела юнака на каня, але ўтрымаць яго ва ўстойлівым палажэнні я ніяк не мог. Труп быў адзервянелы і ўвесь час саслізгваў. Пасля некалькіх дарэмных спроб я ўбачыў, што гэта ні да чога не прывядзе. Тут мне прышлаў галаву яшчэ адна думка. Мне неяк давялося чытаць, што ў стэпах Паўднёвай Амерыкі індзейцы перавозяць трупы сваіх таварышоў, пасадзіўшы нябожчыка на каня і прывязаўшы яго цела да сядла. Чаму-ж мне не зрабіць таксама з трупам Генры Пойндэкстэра? Я зрабіў спачатку спробу пасадзіць нябожчыка на яго ўласнага каня, але сядло аказалася недастаткова глыбокім. У мяне зноў нічога не атрымалася. Аставалася яшчэ адна магчымасць: трэба было абмяняцца коньмі. Я ведаў, што мой конь не будзе супраціўляцца. Апрача таго, мексіканскае сядло з яго глыбокім сядзеннем павінна вельмі добра падыйсці для гэтай мэты. Хутка мне ўдалося пасадзіць нябожчыка. Уставіўшы яго ногі ў страмёны, я адрэзаў кавалак ласо і прывязаў труп да сядла. Цяпер ён ужо ніяк не мог выслізнуць. Аставалася прыдумаць, што зрабіць з галавой. Я падняў яе з зямлі і паспрабаваў зняць капялюш. Гэта аказалася зусім немагчымым. Галава вельмі распухла, і самбрэро туга сядзела на ёй. Пераканаўшыся, што капялюш не можа зваліцца, я працягнуў кавалак вяроўкі праз яго пражку і такім чынам прывязаў галаву да лукі сядла. На гэтым скончыліся мае прыгатаванні. Не трацячы часу, я ўскочыў на каня Генры Пойндэкстэра, гнеды-ж пакорліва пайшоў за мною. Так мы адправіліся ў напрамку да сетлмента. Не прайшло і пяці хвілін, як я быў выбіты з сядла і адразу-ж страціў прытомнасць. Калі-б не гэта акалічнасць, я не стаяў-бы тут перад вамі ў становішчы абвінавачваемага.

— Выбіты з сядла? — усклікнуў суддзя. — Як гэта здарылася?

— Гэта была простая выпадковасць або, правільней, гэта здарылася дзякуючы маёй неасцярожнасці. Ускочыўшы на чужога каня, я не ўзяў у рукі павадоў. Я прывык кіраваць сваім канём толькі голасам і каленьмі. Не паспелі мы ад‘ехаць, як конь, азірнуўшыся, раптам у спалоху кінуўся ўбок і пусціўся шалёным галопам: ён заўважыў за сабою дзіўнага конніка. Я хацеў схапіць павады, але гэта было цяпер не так проста. Конь шалёна імчаўся, павады саслізнулі, і мне цяжка было дацягнуцца да іх. Спрабуючы выправіць сваю памылку і спрабуючы злавіць раменьчык аброці, я не сачыў за кірункам, куды імчаў мяне конь. Толькі тады, калі я адчуў, як мяне балюча сцебанула галінай па твары, я зразумеў, што мы ўжо імчымся не па адкрытай дарозе, а трапілі ў лясныя зараснікі. Пасля гэтага ўся мая ўвага была сканцэнтравана толькі на тым, каб адхіляць са свайго шляху калючыя галіны акацый, якія лёгка маглі выбіць мяне з сядла. Я досыць паспяхова змагаўся з гэтай перашкодай, хоць, трэба сказаць, мае рукі былі ўсе абадраныя шыпамі. Але далей на шляху трапілася тоўстая гарызантальна выцягнутая галіна вялізнага дрэва. Яна звісала настолькі нізка над зямлёю, што была на ўзроўні маіх грудзей. Мой спалоханы конь на злом галавы кінуўся проста пад яе. Куды ён паімчаўся далей, я не разумею. Вы, напэўна, ведаеце гэта лепш за мяне. Магу вам толькі сказаць, што я астаўся на зямлі пад гэтым дрэвам з вялікай ссадзінай на галаве і страшэнна балючай пухлінай на калені. Але гэта я выявіў толькі праз дзве гадзіны пасля. Калі я апрытомнеў, то ўбачыў, што сонца ўжо было высока на небе, а нада мною кружыліся каршуны. Мяне мучыла страшэнная смага, і я рашыў адправіцца на пошукі вады. Але, устаўшы на ногі, я выявіў, што не магу ступіць і кроку. Больш за тое, я ледзьве мог стаяць. Аставацца-ж на месцы мне здавалася роўназначна пагібелі. І вось, зрабіўшы над сабою страшэннае намаганне, я рушыў у дарогу. Я ведаў, што недзе, не вельмі далёка, павінна быць крыніца. Я прасоўваўся часткова паўзком на чацвярэньках, часткова на кастылі, які я сабе тут-жа змайстраваў. Пасля пакутлівага падарожжа, я, нарэшце, дабраўся да вады і, прагнаўшы сваю смагу, заснуў… Калі я прачнуўся, то ўбачыў, што мяне з усіх бакоў акружылі кайоты. Гэтыя баязлівыя драпежнікі, як відаць, выбралі мяне сваёй афярай. Сапраўды, хутка яны накінуліся на мяне. На шчасце, са мною быў паляўнічы нож. І паміж намі пачалася страшэнная барацьба. Аднак, я хутка адчуў, што мяне пакідаюць сілы. Вядома, я стаў-бы афярай гэтых агідных драпежнікаў, калі-б мяне не выратаваў шчаслівы выпадак: да мяне на выручку прыбег верны прыяцель — мой са- бака Тара. Напэўна, ён бегаў па лесе, шукаючы мяне. Як-бы там ні было, але ён прыбег да мяне якраз своечасова, каб выратаваць мяне з кіпцюроў немінучай смерці. Ён спрытна расправіўся з некалькімі кайотамі, і хутка ўсе яны разбегліся. Я яшчэ раз заснуў або, правільней, страціў прытомнасць у выніку поўнага знесілення. Прачнуўшыся, я ўжо мог абдумаць становішча. Я рашыў паслаць пры дапамозе сабакі вестачку дадому. Я чыркнуў некалькі слоў на картцы, на якой было надрукавана маё імя. Я ведаў, што мой слуга непісьменны, але быў упэўнены, што ён ведае картку з маім імем і звернецца да каго-небудзь за далейшымі растлумачэннямі, тым больш, што я пісаў крывёю. Закруціўшы запіску ў кавалачак скуры, каб яна не згубілася, я заткнуў яе за нашыйнік сабакі, які мне ўдалося тут-жа змайстраваць з раменьчыка. Угаварыць сабаку пайсці ад мяне было вельмі цяжка. Але, нарэшце, мне ўдалося гэта зрабіць. Маё пісьмо было дастаўлена па прызначэнню. Аб гэтым, праўда, я даведаўся толькі ўчора. Калі мой сабака пабег, да мяне з‘явіўся яшчэ больш страшны вораг — зласнейшы драпежнік тутэйшых месц, ягуар. Чым скончылася гэтая сустрэча, я не магу сказаць. Я захварэў гарачкай і страціў прытомнасць. Няхай аб гэтай схватцы вам раскажа мой адважны выратоўца Зеб Стумп. Спадзяюся, што ён паспее своечасова прыйсці сюды, каб даць свае паказанні. Для мяне гэты выпадак астаўся неразгаданай таямніцай. З гэтага моманту я памятаю толькі цяжкія кашмары, перамешаныя са шчаслівымі снамі. Толькі ўчора ў мяне праясніўся розум. Я прачнуўся ў сценах турмы, у становішчы злачынцы, абвінавачваемага ў забойстве. Больш мне няма чаго дадаць.

* * *

Споведзь абвінавачваемага, простая і шчырая, зрабіла моцнае ўражанне на прысутных. Большасць ужо не сумнявалася ў яго невіноўнасці. Але ўсё-ж гэта толькі словы. Для таго, каб зняць абвінавачанне, патрэбны яшчэ пацвярджаючыя паказанні сведак.

Дзе-ж той сведка, ад якога так многа залежыць? Дзе Зеб Стумп?

Усе глядзяць запытальна на лінію гарызонта, дзе сапфіравая сінь неба пераходзіць у ізумрудную зелень саванны.