Коннік без галавы (1941)/XCV
← Раздзел XCIV | Коннік без галавы. Раздзел XCV Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел XCVI → |
Раздзел XCV
АПОШНІ СВЕДКА
Напружанае чаканне сярод урачыстай цішыні прадаўжалася цэлых дзесяць хвілін.
На працягу гэтага часу тройчы чуліся ўскліканні. То таму, то іншаму здавалася, што нейкая кропка паказалася на гарызонце. Але гэта было толькі ашуканства зроку. Стамляльнасць чакання ўжо дасягнула сваёй граніцы, калі раптам пачуўся чацверты выкрык, ужо больш гучны і больш упэўнены. На гэты раз надзеі натоўпа не былі ашуканы: на гарызонце сапраўды з‘явіліся тры коннікі. У натоўпе, які сабраўся пад дубам, грымнула ўрачыстае ўра.
Двух з іх няцяжка было пазнаць — гэта Зеб Стумп і Касій Кольхаун. А ў трэцім хто-б мог памыліцца: гэта — сам коннік без галавы.
Бурныя выкрыкі хутка змоўклі. Зноў наступіла цішыня.
А калі коннікі наблізіліся, пачуўся толькі нясмелы шэпт.
Тры коннікі спыніліся каля натоўпа, які адразу-ж абступіў іх з усіх бакоў. Двое з уноў прыбыўшых саскочылі са сваіх коней. Трэці астаўся ў сядле.
Кольхаун адвёў свайго каня ўбок і знік у натоўпе. Яго прысутнасць нікога ўжо больш не цікавіла.
Зеб Стумп, пакінуўшы сваю старую кабылу, узяў за аброць каня конніка без галавы, і падвёў яго разам з яго мёртвым седаком да дуба, у цені якога засядаў суд.
— Ну, пане суддзя і дванаццаць прысяжных, — сказаў стары паляўнічы, — вось сведка, які дапаможа вам разабрацца ў гэтай цяжкай справе.
— Божа мой, гэта ён! — чуецца ўскліканне жаху, і высокі стары праходзіць наперад і становіцца каля конніка без галавы. Гэта — бацька. Здалёку чуваць жаночы крык і прыдушаны стогн. Гэта — крык сястры. Праз некаторы час Вудлі Пойндэкстэра адводзяць убок. Ён не супраціўляецца, як відаць, нават не разумее, што адбываецца вакол яго. Яго падводзяць да карэты і садзяць побач з дачкою.
Але карэта стаіць на месцы. Луіза Пойндэкстэр не паедзе адсюль да самага сканчэння судовага працэса.
Зебу Стумпу прапаноўваюць заняць месца сведкі.
Ён гаворыць, як заўсёды, свабодна і нявымушана:
— Я ўпершыню пачуў аб гэтай нядобрай справе на другі дзень пасля знікнення Генры Пойндэкстэра. Да гэтага я быў на паляванні. Мне сказалі, што мустангера абвінавачваюць у забойстве. Я ведаў, што Морыс Джэральд не мог гэтага зрабіць, і паехаў пабачыцца з ім. Яго не было дома. Там я знайшоў толькі аднаго Феліма, яго слугу. Чалавек быў напалоханы настолькі ўсякімі здарэннямі, што я амаль нічога не мог зразумець з таго, што ён мне расказваў. Дык вось, пакуль ён разважаў, прыбег сабака, у яго на шыі было нешта прывязана. Я паглядзеў і выявіў, што гэта была картка. На ёй былі словы, напісаныя чырвоным чарнілам, проста крывёю. Гэтыя словы гаварылі аб месцы, дзе можна знайсці хлапца. Я адправіўся туды, узяўшы з сабою Феліма і сабаку. Мы прышлі якраз своечасова, каб выратаваць мустангера з кіпцюроў ягуара. Я пусціў кулю ў гэтага плямістага ката. Тут яму і быў канец. Ну, што-ж, пасля гэтага мы даставілі мустангера ў яго халупу. Нам давялося несці яго нібы як на насілках. Сам-жа ён не мог і кроку ступіць. Ды і з мазгамі ў яго было не ў парадку — хлапец разумеў не лепш за індыка ў вясенні час. Дык вось, мы даставілі хворага ў халупу. Там ён ляжаў, пакуль не прышоў атрад разведчыкаў і не знайшоў яго.
Сведка на хвіліну змоўк, думаючы, ці варта яму расказваць аб усіх здарэннях, якія разыграліся каля халупы мустангера. Ці не лепш будзе змоўчаць аб іх?
Аднак, абвініцель перакрыжным допытам прымусіў яго расказаць усё, што здарылася да самага моманту, калі Морыс Джэральд трапіў пад варту ваеннай турмы.
— Ну, а цяпер, — прадаўжае Зеб Стумп, — я хачу яшчэ сёе-тое дадаць.
— Гаварыце, містэр Стумп, — чуецца голас абаронцы з Сан-Антоніо.
— Дык вось што. Тое, аб чым я буду гаварыць, не столькі датычыць падсуднага, колькі таго чалавека, які павінен заняць яго месца. Я цяпер не буду называць яго імя. Я толькі скажу аб тым, што мне ўдалося даведацца. Вы-ж, прысяжныя, самі здагадаецеся аб астатнім.
Стары паляўнічы на хвіліну спыняецца і пераводзіць дыханне, нібы рыхтуючыся да вялікай прамовы.
Натоўп напружана чакае.
— Што-ж, панове прадаўжае Зеб, — пасля таго, што мне давялося чуць, а галоўнае бачыць, я зразумеў, што юны Генры загінуў. Таксама цвёрда я ведаў, што не мустангер, не Морыс Джэральд зрабіў гэтую брудную справу. Хто-ж тады? Вось пытанне, якое мучыла мяне таксама, як і многіх з вас… Не сумняваючыся, што ірландзец невінаваты, я рашыў высветліць усю праўду. Многае было супроць яго. І ўсё-ж гэта не магло пераканаць мяне. Я рашыў сам вывучыць сляды ў прэрыі. Мяне асабліва цікавіў след аднаго каня. Гэта былі адбіткі падкаваных капытоў амерыканскага каня, у якога адна з чатырох падкоў была зламана. Вось яно — гэтае жалезца.
Сведка запускае руку ў глыбокую кішэню сваёй камізэлькі і выцягвае адтуль паламаную падкову.
— Я выявіў, што гэты конь бег па прэрыі ў тую самую ноч, калі было зроблена забойства. Ён ішоў па слядах каня забітага юнака, а таксама і каня таго чалавека, якога тут абвінавачваюць у забойстве. Але недалёка ад месца злачынства гэтыя сляды абарваліся. Аднак, чалавек, які ехаў на ім, пайшоў далей пехатою. І ён ішоў да таго часу, пакуль не дасягнуў крывавых месц. Пралітая кроў — гэта справа яго рук. Забойцу вёз на сабе конь з паламанай падковай.
— Прадаўжайце, містэр Стумп, — гаворыць суддзя. — Растлумачце, што вы хочаце гэтым сказаць.
— Я хачу сказаць наступнае: чалавек, пра якога я гавару, схаваўся ў гушчары зараснікаў і адтуль пусціў кулю, ад якой загінуў малады Пойндэкстэр.
— Які чалавек? Хто ён? Назавіце яго імя! Імя яго! — адначасова закрычала некалькі галасоў.
— Мне здаецца, што вы знойдзеце яго імя там.
— Дзе?
— У гэтай фігуры, якая сядзіць тут без галавы.
— Паглядзіце сюды, — прадаўжаў сведка, паказваючы на нерухомае цела. — Вы ўбачыце крывавую пляму на серапэ, а пасярод плямы прастрэленую дзірачку. Але з прычыны таго, што на спіне не відаць адпаведнай дзірачкі, то я думаю, што куля засела ў целе. Давайце раздзенем яго і паглядзім.
Ніхто не пярэчыць. Двое або трое з прысутных выступаюць наперад, сярод іх і Сэм Мэнлі. Асцярожным рухам ён здымае з трупа серапэ.
Навокал мёртвая цішыня, не чуваць нават шэпту. Усе глядзяць, не адрываючы вачэй.
Труп прастрэлены ў двух месцах — у вобласці сэрца і некалькі ніжэй. Кроў запяклася толькі навокал ніжняй раны. Верхняя — гэта нават не рана, а проста невялікая дзірка, прабітая куляй і зусім не акрываўленая.
— Гэта, — гаворыць Зеб Стумп, паказваючы на верхнюю дзірку, — не мае значэння. Вы бачыце, што крыві тут няма, а гэта даказвае, што куля трапіла ўжо ў труп. Гэта я пусціў яе ўночы каля халупы мустангера. А вось другая — гэта ўжо іншая справа. Гэта і была смяротная рана. І я пераконаны, што куля сядзіць тут. Варта было-б зрабіць надрэз і паглядзець.
Труп адвязваюць і здымаюць з сядла.
З вялікай асцярогай цела нябожчыка-юнака кладуць на траву. Сэм Мэнлі выконвае ролю галоўнага хірурга.
Нарэшце, кулю дасталі. Яе перадаюць прысяжным. На ёй выразна відаць ініцыялы: «К.К.К.»
Тыя, хто ўдзельнічаў у паляванні на ягуара, без цяжкасці здагадваюцца, чыя гэтая куля.
— Што вы адносна гэтага скажаце, містэр Стумп? — пытаецца абаронца.
— Справа простая, усякаму малакасосу павінна быць ясна. Гэта куля забіла юнака.
— Але хто стрэліў, як вы думаеце?
— Што-ж, гэта не менш зразумела. Калі чалавек падпісвае сваё імя на пісьме, ніхто не памыляецца, кім яно паслана. У нас падобны-ж выпадак. Праўда, тут толькі тры літары, але мне здаецца, здагадацца няцяжка, што яны азначаюць.
— Куля мечаная, гэта праўда, — хутка ўмешваецца абвініцель. — Магчыма што яна і належыць добра вядомаму ў сетлменце джэнтльмену. Скажам, што гэта так. І ўсё-такі гэтым яшчэ нічога не даказана. Забойства, зробленае крадзенай зброяй, — досыць звычайная гісторыя. Апрача таго, скажыце мне, калі ласка, чым можна матывіраваць такое забойства, калі нават і дапусціць, што яно зроблена чалавекам, на якога вы кідаеце падазрэнне? Не называючы імя, мы ўсе ведаем, каму гэтыя ініцыялы належаць. Я ўпэўнены, што гэты джэнтльмен сам не будзе адмаўляць сваіх ініцыялаў. Аднак, гэта яшчэ нічога не азначае. Іншых доказаў, якія даюць магчымасць звязаць яго імя з гэтым злачынствам, няма.
— Вы так думаеце? — гаворыць Зеб Стумп. — А як вы назавеце вось гэта?
Пры гэтых словах Зеб вымае са свайго кісета кавалачак паперы, абпаленай па краях і пачарнелай ад пораху.
— Гэта я знайшоў у зарасніках каля месца забойства, — гаворыць стары паляўнічы, перадаючы паперку прысяжным. — Яна зачапілася за шып акацыі, а трапіла туды з дула той самай стрэльбы, з якой вылецела і куля. Наколькі я разумею, гэта кавалачак канверта, скарыстаны ў якасці пыжа. Цікава, што на ім стаіць імя, якое зусім адпавядае ініцыялам кулі. Прачытайце, калі ласка, панове прысяжныя.
Адзін з прысяжных бярэ паперку і, выраўняўшы яе, чытае:
— Капітан Касій Кольхаун!