Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/XCIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XCII Коннік без галавы. Раздзел XCIII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел XCIV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел ХCIII

АБЕЗГАЛОЎЛЕНЫ ТРУП

Суддзі нічога не аставалася рабіць, як абвясціць перапынак у судовым разглядзе.

Праходзіць гадзіна. Суддзя за гэты час выкурыў пару сігар і выпіў вялікую колькасць чарак кан‘яку. Прысутныя б‘юцца над разгадкай таямнічага здарэння і з нецярплівасцю чакаюць звароту ўдзельнікаў пагоні. Яны спадзяюцца, што коннік без галавы будзе захоплены ў палон. Вераць, што ў сувязі з гэтым не толькі будзе знойдзены ключ да разгадкі таямнічай з‘явы, але будзе праліта святло на самы факт забойства.

Усе глядзяць напружана ў бок прэрыі. Усе чакаюць — калі-ж, нарэшце, з‘явяцца на гарызонце два нехапаючых удзельнікі пагоні? Чакаюць, што з сабою яны прывядуць конніка без галавы.

Праходзіць гадзіна, але нікога не відаць. Ці варта надалей адкладаць судовы разгляд?

Абвініцель дамагаецца неадкладнага яго аднаўлення. Абаронца не менш горача настойвае на адваротным. Апошні лічыць неабходным адкласці слуханне справы да наступнага дня, матывіруючы гэта адсутнасцю важнага сведкі, Зеба Стумпа, які яшчэ не даваў сваіх паказанняў.

Чуюцца галасы, якія патрабуюць разгляду справы.

Згодна дамаганняў натоўпа, агітыруемага падкупленымі асобамі, вырашана аднавіць паседжанне суда. Урэшце можна пакуль прадаўжаць без гэтага сведкі. Магчыма, што ён яшчэ паспее вярнуцца своечасова. Калі-ж не, то не позна будзе адкласці сканчэнне судовага працэса.

Так прапануе суддзя. Прысяжныя яго падтрымліваюць. Прысутная публіка не супярэчыць.

Зноў выклікаюць абвінавачваемага. Ён прадаўжае свае паказанні, так нечакана спыненыя.

* * *

— Вы збіраліся расказаць нам, што адкрылася перад вашымі вачыма, — гаворыць абаронца, звяртаючыся да Морыса Джэральда. — Прадаўжайце, мы вас слухаем.

— Я ўбачыў чалавека, распасцёртага на траве.

— Соннага?

— Так, соннага, які спаў вечным сном.

— Мёртвага?

— Больш за тое, калі гэта магчыма. Нахіліўшыся над ім, я ўбачыў, што ў яго адсечана галава.

— Адсечана галава?

— Так. Я гэтага не заўважыў, пакуль не нахіліўся блізка. Ён ляжаў ніцма, і яго галава была ў самым натуральным палажэнні. Нават капялюш усё яшчэ быў на ёй. Мне хацелася думаць, што ён спіць, хоць я і адчуваў, што тут штосьці нядобра. Рукі і ногі былі нежыццёва выцягнуты. Апрача таго, на зямлі было штосьці чырвонае; пры слабым ранішнім святле я не адразу разглядзеў гэта. Калі я бліжэй нахіліўся, я адчуў пах крыві. Тут я ўжо не сумняваўся, што перада мною ляжаў труп. Я заўважыў глыбокую рану ўпоперак шыі з запёкшайся ў ёй крывёю. Пры бліжэйшым разглядзе выявілася, што галава была зусім адсечана.

Аудыторыю апанаваў жах.

— Вы гэтага чалавека пазналі?

— Увы, пазнаў.

— Пазналі, нават не паглядзеўшы яму ў твар?

— Мне гэтага не патрэбна было рабіць. Яго вопратка дастаткова ясна ўсё растлумачыла.

— Якая вопратка?

— Паласатае серапэ на плячах і самбрэро на галаве. Яны належалі мне. Калі-б не абмен, які толькі што адбыўся, я падумаў-бы, што гэта ляжу я. Гэта быў Генры Пойндэкстэр.

Зноў пачуўся пакутлівы стогн разам з усхваляваным шэптам натоўпа.

— Прадаўжайце, сэр, — гаворыць абаронца. — Скажыце, што яшчэ вам удалося выявіць?

— Калі я дакрануўся да цела, то адчуў, што яно халоднае і зусім застыўшае. Я зразумеў, што смерць наступіла ўжо некалькі гадзін назад. Кроў запяклася і ў слабым ранішнім святле здавалася чорнай. Адсечаная галава магла лёгка ўвесці мяне ў заблуджэнне адносна прычыны смерці. Але ў мяне ў вушах усё яшчэ гучэў стрэл, і я рашыў, што яшчэ дзе-небудзь на целе павінна быць знойдзена рана. Я не памыліўся. Калі я павярнуў труп на спіну, мне кінулася ў вочы дзірачка ў серапэ. Тканіна вакол яе была прасякнута крывёю. Адхіліўшы палу серапэ і расшпіліўшы рубашку на нябожчыку, я заўважыў сінявата-чырвоную пляму на яго грудзях. Няцяжка было вызначыць, што сюды трапіла куля. Але адпаведнай раны на спіне не было. Як відаць, куля асталася ў целе.

— Ці думаеце вы, што аднаго стрэлу было дастаткова, каб забіць гэтага чалавека, ці смерць наступіла пасля таго, як адсеклі галаву?

— Я не сумняваюся, што стрэл быў смяротны. Калі смерць і не была імгненнай, то, ва ўсякім выпадку, яна павінна была наступіць праз некалькі хвілін, а магчыма нават і праз некалькі секунд.

— Вы сказалі, што галава была адсечана. Што-ж, яна была зусім аддзелена ад цела?

— Зусім, хоць і ляжала шчыльна да яго. Стваралася ўражанне, што ніводзін мускул цела, ні галава не паварушыліся пасля таго, як была адсечана галава.

— Якой зброяй, думаеце вы, быў зроблен гэты ўдар?

— Мне здаецца, што ўдар быў зроблен або тапаром або паляўнічым нажом.

— Ці не ўзніклі ў вас якія-небудзь падазрэнні?

— Я быў настолькі здзіўлены, што не мог ні аб чым думаць. Я ледзь верыў, што гэта магло быть рэальнасцю. Калі-ж я крыху супакоіўся, адзіна, што мне прышло ў галаву — што гэта была справа рук каманчаў. Але ў той-жа час яго скальп не быў зняты, і нават капялюш астаўся на галаве.

— Значыць, вы не думаеце, што гэта зрабілі індзейцы?

— Не.

— Вы каго-небудзь западозрылі?

— У той момант я ні на кога не мог падумаць. Я ніколі не чуў, каб у Генры Пойндэкстэра былі ворагі, ні тут, ні наогул дзе-небудзь. Але пасля ў мяне з‘явіліся падазрэнні. Яны ў мяне асталіся і да гэтага часу.

— Вы выкажаце іх.

— Я супярэчу супроць гэтага метада допыту, — умяшаўся абвініцель. — Нам зусім не цікава знаёміцца з падазрэннямі абвінавачваемага. Мне здаецца, што нам хопіць, калі мы выслухаем яго «праўдападобную» гісторыю.

— Няхай ён прадаўжае свой расказ, — распарадзіўся суддзя, запальваючы новую сігару.

— Раскажыце, як вы самі дзейнічалі, — запытаў абаронца. — Што вы прадпрынялі пасля таго, як зрабілі гэтыя адкрыцці?

— Некаторы час я сам не ведаў, што мне рабіць, настолькі я быў узрушаны ўсім, што мне давялося бачыць. Я быў пераконаны, што юнак забіты іменна тым стрэлам, які я чуў. Але хто-ж гэта страляў? Вядома, не індзейцы. У гэтым я не сумняваўся. Я падумаў аб бандытах, але гэта здавалася такім-жа непраўдападобным. Мексіканскае серапэ каштуе не менш ста долараў. Яны-б, вядома, узялі яго. Ды і наогул ні адна рэч не была кранута, нават залаты гадзіннік. Яўна, што гэта была помста. Пачаў успамінаць, ці не чуў я аб якой-небудзь сварцы, звязанай з імем юнага Пойндэкстэра. Але мне нічога не прышло ў галаву. Ды, апрача таго, навошта патрэбна было адсякаць галаву? Гэта больш за ўсё здзівіла мяне і навяло страх. Але, не здолеўшы вырашыць гэтую цяжкую загадку, я пачаў думаць, што-ж рабіць далей. Аставацца з трупам не было сэнсу. Пахаваць яго на месцы таксама здавалася няправільным. Тады я рашыў паехаць назад у форт і прасіць каго-небудзь дапамагчы мне перавезці труп у Каса-дэль-Карво. Але калі-б я пакінуў яго ў лесе, кайоты і каршуны маглі-б яго знайсці, і, вядома, разарвалі-б раней, чым я паспеў-бы вярнуцца. Як ні было знявечана цела юнака, а я не мог дапусціць, каб яго знявечылі яшчэ больш. Я падумаў пра яго блізкіх, для якіх гэта гора і так будзе занадта цяжкім.