Коннік без галавы (1941)/IX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел VIII Коннік без галавы. Раздзел IX
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел X

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Раздзел IX

ПАГРАНІЧНЫ ФОРТ

На высокім флагштоку форта Індж развяваўся флаг, усеяны звёздамі; ён адкідваў хістаючыяся цені на зусім своеасаблівую і незвычайную карціну.

Гэта карціна сапраўднага парубежнага жыцця — поўваеннага, поўграмадзянскага, напалову дзікага, напалову цывілізаванага.

Людзі тут стракацяць разнастайнасцю сваіх касцюмаў і колеру скуры.

І самы форт мае нейкі незвычайны выгляд. Тут няма ні казематаў, ні патаемных ходаў, ні канаваў, ні эскарпаў, ні гласісаў — амаль нічога, што нагадвала-б крэпасць. Просты частакол са ствалоў трапічнай алгаробіі стаіць навокал паветкі-канюшні для двухсот коней. За межамі яго — дзесятак пабудоў няхітрай архітэктуры з плеценымі сценамі, абмазанымі глінай. Ззаду размешчан шпіталь, склады. З аднаго боку гауптвахта, з другога — сталовая і афіцэрскія кватэры.

Усё надзвычай проста, але чыста і ахайна. Простыя атынкаваныя сцены выбелены вапнай. Такі форт Індж.

На невялікай адлегласці — другая група дамоў, не большая за тую, якая называецца фортам. Яны таксама знаходзяцца пад апекай амерыканскага флага; хоць непасрэдна над імі ён не развяваецца, але яму яны абавязаны сваім з‘яўленнем і існаваннем. Гэта зародак аднаго з тых пасёлкаў, якія звычайна з‘яўляюцца недалёка ад амерыканскага ваеннага пункта і затым хутка развіваюцца і робяцца вялікімі гарадамі.

У сучасны момант насельніцтва пасёлка складаецца: з маркітанта, на складзе якога ёсць спіртныя напіткі, не залічаныя ў ваенны паёк; гаспадара гасцініцы, пры якой знаходзіцца бар-шынок, з чыстымі землянымі падлогамі і прывабнымі палічкамі, устаўленымі бутэлькамі для спакусы прыходзячых п‘яніц; кучкі прафесіянальных ігракоў, якія ачышчаюць кішэні мясцовага гарнізона; двух дзесяткаў цёмнавокіх сен‘ёрыт сумніцельнай рэпутацыі і такой-жа колькасці паляўнічых, пагоншчыкаў, мустангераў і наогул людзей, якіх цяжка вызначыць і якія ва ўсіх краінах складаюць неабходную прыналежнасць кожнага ваеннага паселішча.

Дамы гэтага невялікага пасёлка размешчаны ў некаторым парадку. Як відаць, усе яны — уласнасць аднаго прадпрыемца. Яны стаяць вакол «сквера», дзе замест вулічных ліхтароў і статуй тырчаць над «каўром» вытаптанай травы засыхаючы ствол кіпарыса і некалькі кустоў.

Леона ў гэтым месцы звужаецца да размеру маленькай крыніцы і цячэ ззаду форта і пасёлка. Перад ёю рассцілаецца раўніна, пакрытая яркай ізумрудавай зеленню і ўдалечыні акрэсленая больш цёмнай паласой лесу. Тут магутныя дубы, арэхавыя дрэвы, вязы змагаюцца за сваё існаванне з калючымі пораслямі кактуса і з мноствам уючыхся і паўзучых раслін-паразітаў, амаль невядомых батаніку. На поўдзень і ўсход па беразе рэчкі раскіданы дамы-сядзібы пры плантацыях. Некаторыя з іх больш прымітыўнай і новай будовы, іншыя больш утончанага стылю і, як відаць, ужо саліднага ўзросту. Адзін з гэтых дамоў асабліва звяртае на сябе ўвагу, — гэта вялікая пабудова з плоскім дахам з зубчатымі брустверамі; белыя сцены рэзка выдзяляюцца на зялёным фоне лесу, які акружае дом поўкругам, Гэта гасіенда Каса-дэль-Карво.

Але вось вы павярнуліся на поўнач, і перад вамі нечакана вырастае адзінока стаячая гара конусападобнай формы. Яна падымаецца на некалькі соцень футаў[1]. Ззаду яе ў туманнай далечыні вырысоўваецца ломаная лінія Гвадалупскіх гор.

Паглядзіце вышэй, і вы ўбачыце неба — поўсапфіравае, поўбірузовае. Удзень яно зусім чыстае і бязвоблачнае, і вы ўбачыце на ім толькі залатое ззянне сонца. Уночы яно ўсеяна зоркамі, як быццам выкаванымі з чыстай сталі, а выразна акрэслены дыск месяца здаецца тут зусім срэбраным.

Паглядзіце ўніз у той час, калі ўжо зніклі месяц і зоркі, калі ветрык, напоўнены араматамі кветак, дзьме з заліва Матагорда, — паглядзіце, і вы ўбачыце карціну, настолькі стракатую і яркую, настолькі багатую разнастайнымі абрысамі, фарбамі, касцюмамі, што апісаць яе амаль немагчыма.

Вы ўбачыце салдат у блакітнай форме пяхоты Злучаных штатаў, сінія мундзіры драгун, светлазялёныя — стралкоў. У поўным абмундзіраванні вы сустрэнеце толькі некалькіх дзяжурных афіцэраў. Іх таварышы, карыстаючыся вольным часам, блукаюць сярод баракаў або ўнутры частакола ў чырвоных фланелевых рубашках, у мяккіх капелюшах і нячышчаных ботах.

Афіцэры размаўляюць з людзьмі, апранутымі зусім не па-ваеннаму. Гэта паляўнічыя — у свабоднай вопратцы з аленевай скуры і з такімі-ж крагамі; пастухі, мустангеры — у мексіканскіх касцюмах, у шырокіх штанах, з шалем — серапэ — на плячах і нядбайна заламаным набок чорным глянцавым капелюшом — самбрэро. Афіцэры размаўляюць з індзейцамі, якія прышлі ў форт для сяброўскіх перагавораў або па справах гандлю, або для заключэння міру, — іх палаткі відаць непадалёку. Фігуры індзейцаў, задрапіраваных у свае даматканыя чырвоныя, зялёныя і блакітныя шалі, здаюцца незвычайна маляўнічымі і амаль класічна прыгожымі. Нават недарэчная разрысоўка, якою яны зрабілі ўродлівай сваю скуру, і ліпкія ад гразі чорныя доўгія валасы, падоўжаныя яшчэ пасмамі конскіх валасоў, не могуць парушыць іх строгай прыгожасці.

Уявіце сабе гэтую сумесь нацыянальнасцей у іх разнастайных касцюмах, згодна патрабаванняў расы, умоў жыцця і прафесіі; дадайце яшчэ чарнаскурых неграў — афіцэрскіх грумаў або пасыльных плантатара з суседняга сетлмента; уявіце іх сабе стаячымі невялікімі групкамі і балбочучымі паміж сабою або фланіруючымі па раўніне паміж фургонамі; пару цяжкіх гармат на цялежцы; адну або дзве белыя палаткі, занятыя афіцэрамі, якія з арыгінальнасці лічаць за лепшае спаць пад прыкрыццём парусіны; некалькі вінтовак са штыкамі, — уявіце сабе ўсё гэта, і перад вашымі вачыма ўстане праўдзівая карціна ваеннага форта, які знаходзіцца на граніцы Техаса, на ўскраіне цывілізацыі.

* * *

Праз тыдзень пасля таго, як плантатар з Луізіяны прыехаў у новы дом, на плац-парадзе перад фортам Індж стаялі тры афіцэры і глядзелі ў бок гасіенды Каса-дэль-Карво.

Яны ўсе былі маладыя — старэйшаму з іх было не больш трыццаці год. Пагоны з двума палоскамі паказвалі на капітанскі чын аднаго; другі, з адной палоскай, быў старшым лейтэнантам; трэці, мяркуючы па яго пустых шэўронах, быў, як відаць, малодшым лейтэнантам.

Яны былі свабодныя ад службы і размаўлялі паміж сабою аб уноў прыбыўшых жыхарах Каса-дэль-Карво.

— Мяркуецца штосьці накшталт наваселля, — сказаў капітан пяхоты, маючы на ўвазе запрашэнне, атрыманае ўсім афіцэрскім саставам гарнізона. — Спачатку абед, а пасля танцы — сапраўдная падзея, і мы, напэўна, сустрэнем там усю нашу арыстакратыю і ўсіх красунь сетлмента…

— Арыстакратыя? — смеючыся, адазваўся лейтэнант драгунскага палка. — Нельга сказаць, каб у нас было многа арыстакратаў, а красунь яшчэ менш.

— Вы памыляецеся, Генкок. На берагах Леоны можна знайсці і тых і іншых. Некаторыя са знатных сем‘яў Злучаных штатаў пераехалі сюды. Мы сустрэнем іх на свяце ў Пойндэкстэра, у гэтым я не сумняваюся. Што-ж датычыць арыстакратызма, то сам гаспадар надзелены ім у такой колькасці, што адна толькі яго прысутнасць будзе дзейнічаць накшталт прышчэпкі, якой хопіць на ўсіх гасцей. А адносна красунь, то іду ў заклад, што яго дачка лепшая за ўсіх дзяўчын на гэтым баку Сабіны. Пляменніцы камісара прыдзецца ўступіць ёй сваё месца першай красуні.

— Вось як! — выразна працягнуў лейтэнант стралковых войск. — Значыць, міс Пойндэкстэр павінна быць чартоўскі прыгожая.

— Яна надзвычай прыгожая, кажу я вам, калі толькі яна не збрыдчэла з таго часу, як я яе бачыў апошні раз на бале ў Лофурша. Там было некалькі маладых крэолаў, якія дабіваліся яе ўвагі, і справа ледзь не дайшла да дуэлі.

— Какетка, напэўна? — заўважыў стралок.

— Аніколькі, Кросман. Наадварот, запэўняю вас. Яна разумная дзяўчына і не любіць залішняй фамільярнасці. Яна атрымала ў спадчыну гордасць свайго бацькі. Гэта фамільная рыса Пойндэкстэраў.

— Дзяўчына якраз майго густу, — жартаўліва заўважыў малады драгун, — і калі яна такая прыгожая, як вы гаворыце, капітан Сломан, то я, напэўна, закахаюся ў яе. Маё сэрца вольнае, не так, як у Кросмана.

— Паслухайце, Генкок, — адказаў стрымана капітан, — я не люблю ісці ў заклад, але я запэўняю вас, што пасля таго, як вы ўбачыце Луізу Пойндэкстэр, вы перастанеце гаварыць аб ёй у такім тоне.

— Не турбуйцеся, калі ласка, аба мне, Сломан. Я занадта часта бываў пад агнём прыгожых вачэй і таму не вельмі гэтага баюся.

— Але на такіх цудоўных…

— Чорт пабяры! Вы прымусіце чалавека закахацца ў жанчыну, нават не зірнуўшы на яе. Яна, напэўна, зусім незвычайная і ні з кім непараўнальная.

— Так, яна была такою, калі я яе бачыў апошні раз. Але я павінен папярэдзіць вас, перш вым вы канчаткова закахаецеся, што ў сям‘і ёсць чалавек, які можа нарабіць вам непрыемнасці.

— Брат, мусіць? Браты звычайна перашкаджаюць.

— У яе ёсць брат, але не ў ім справа. Гэта цудоўны юнак — адзіны з Пойндэкстэраў, якога не точыць чарвяк гордасці.

— Тады яе арыстакратычны татка?

— Не, не стары Пойндэкстэр.

— Хто-ж яшчэ?

— Яе стрыечны брат — Касій Кольхаун. Вельмі дзіўны суб‘ект.

— Я, здаецца, чуў гэтае імя.

— І я таксама, — сказаў малодшы лейтэнант.

— Аб ім чуў кожны, хто так або інакш меў дачыненне да мексіканскай вайны, гэта значыць хто ўдзельнічаў ў паходзе Скота. Трэба сказаць, што ён пакінуў аб сабе нядобрую памяць. Як ураджэнец штата Місісіпі, ён быў капітанам у палку місісіпскіх валанцёраў. Толькі яго часцей сустракалі ў тылу за картачным сталом, чым у штабе палка. Былі ў яго адна або дзве справы, якія склалі яму рэпутацыю брэтэра[2]. Але гэтую славу ён набыў яшчэ да мексіканскай вайны. У Новым Орлеане ён лічыўся небяспечным чалавекам.

— Ну, і што-ж? — запытаўся малады драгун з некаторай недаверлівасцю ў голасе. — Каму якая справа, небяспечны чалавек містэр Касій Кольхаун ці бяскрыўдны. Мне, па праўдзе сказаць, гэта ўсёроўна. Вы-ж гаворыце, што ён ёй усяго толькі стрыечны брат.

— Не зусім так. Мне здаецца, што ён да яе няроўнадушны.

— І карыстаецца ўзаемнасцю?

— Гэтага я не ведаю. Як відаць, ён любімец яе бацькі. І мне нават растлумачылі, праўда, пад вялікім сакрэтам, прычыну гэтай сімпатыі. Гэта звычайная гісторыя — усё пабудавана на грашовай залежнасці. Пойндэкстэр ужо не такі багаты, як раней, інакш мы ніколі не ўбачылі-б яго тут.

У гэты момант ражок пратрубіў збор да ранішняга агляду, — цырамонія, якая захоўвалася ў маленькім форце таксама строга, як быццам-бы ў наяўнасці быў армейскі корпус.

І тры афіцэры разышліся, кожны да сваёй часці, каб падрыхтаваць іх да агляду, які рабіўся маёрам, камандзірам форта.


  1. Фут — 30,4 см.
  2. Брэтэр — дуэлянт, забіяка.