Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/V

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел IV Коннік без галавы. Раздзел V
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел VI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел V

ЖЫЛЛЁ ПАЛЯЎНІЧАГА НА МУСТАНГАЎ

На беразе ракі Аламо, аднаго з прытокаў ракі Нуэсэс, стаяла скромнае, але маляўнічае жыллё, адно з тых, якімі багаты Техас.

Гэта была халупа, пабудаваная з расшчэпленых папалам ствалоў дрэвападобнай юкі[1], убітых стойма ў зямлю. Страха яе была наслана з штыкападобных лісцяў гэтай-жа расліны. Прамежкі паміж вертыкальнымі стойкамі, наперакор звычаю Техаса, не былі замазаны глінай. Сцены ўнутры халупы былі зацягнуты конскімі скурамі. Шыпы мексіканскага сталетніка замест цвікоў вытрымлівалі на сабе цяжар гэтых скур.

Абрывістыя берагі ракі былі багаты расліннасцю, якая паслужыла будаўнічым матэрыялам для халупы. Тут былі дзікія зараснікі юкі, сталетніка і іншых непладаносных раслін, але ўнізе ўрадлівая: даліна была пакрыта цудоўным лесам, дзе раслі тутавыя, арэхавыя дрэвы і дубы.

У масіў лесу каля берагу ракі ўразаліся даліны, пакрытыя сакавітай пашавай травою. У глыбіні адной з гэтых далін, уся акружаная ізумрудавай зеленню, стаяла апісаная намі незамыславатая халупа.

Цені дрэў хавалі халупу. Яе можна было бачыць толькі з боку ракі, і то толькі ў тым выпадку, калі станеш проста супроць яе. Прымітыўная прастата пабудовы і блеклыя таны рабілі яе яшчэ больш непрыкметнай.

Домік быў не большы за маркітанскую палатку. Дзверы — яго адзіная адтуліна, калі не лічыць коміна ад невялікага ачага, складзенага ля адной з сцен. Будова дзвярэй — своеасаблівая і простая: драўляная рама, абцягнутая конскай скурай, была навешана пры дапамозе петляў, зробленых з такой-жа скуры.

Ззаду халупы знаходзілася паветка, пакрытая юкавым лісцем і абгароджаная плотам з жэрдак, прывязаных да ствалоў суседніх дрэў.

Такі-ж плот быў пастаўлены вакол участка, каля акра велічынёю, што знаходзіўся паміж халупай і абрывам. Як відаць, гэта быў загон для дзікіх коней — мустангаў.

Сапраўды, у гэтай агарожы было каля дзесятка, а то і больш коней. Іх дзікія, спалоханыя вочы і парывістыя рухі не пакідалі сумнення, што яны толькі нядаўна злоўлены і што ім нялёгка зносіць няволю.

Унутранае абсталяванне халупы не пазбаўлена было некаторай утульнасці і камфорта. Мяккія, бліскучыя скуры самых разнастайных масцей — чорныя, гнедыя, пярэстыя і зусім беласнежныя — былі падабраны ў прыгожую гаму колераў.

Мэбля была надзвычай прымітыўная: ложак — козлы, абцягнутыя конскай скурай, пара самадзельных крэслаў і просты стол, збіты з аполкаў юкавага дрэва — вось і ўсё абсталяванне. Штосьці падобнае да другога ложка было відаць у кутку.

Паліца з кнігамі, пяро, чарніла і паштовая папера, а на стале газета неяк нечакана здзіўлялі вока ў гэтай скромнай халупе.

Тут было яшчэ некалькі і іншых рэчаў, яўна напамінаўшых аб цывілізацыі: надзвычайны скураны куфар, стрэльба-двухстволка, срэбраная шклянка чэканнай работы, паляўнічы рог і арапнік. На падлозе стаяла некалькі прадметаў кухоннага начыння, большай часткай зробленага з бляхі; у кутку — вялікая бутля, аплеценая лазою; у ёй, відаць, быў больш моцны напітак, чым вада з Аламо. Астатнія рэчы не супярэчылі агульнай карціне. Мексіканскае з высокай лукой сядло, аброць з агалоўем з плеценых конскіх валасоў, такія-ж павады, два або тры серапэ, некалькі канцоў вітай вяроўкі — усё гэта было тут зусім да месца. Такое было жыллё мустангера.

На адным з крэслаў сярод пакоя сядзеў чалавек, відаць, слуга. Гэта быў таўсцяк з купінай рыжых валасоў на галаве і з яркачырвоным тварам. На ім былі плісавыя брыджы і такія-ж гетры. Аксамітная куртка, калісьці цёмназялёнага колеру, але ўжо даўно выцвіўшая і цяпер амаль карычневая, пакрыта была вялікай колькасцю кішэнь рознай велічыні. Адзеты набок капялюш з загнутымі ўверх палямі дапаўняў касцюм. Можна яшчэ дадаць, што вакол каўняра грубой калянкоравай рубашкі была нядбайна завязана чырвоная паркалёвая хустка, а на нагах красаваліся характэрныя ірландскія чаравікі.

Аднак, не толькі касцюм, але ўся яго знешнасць і манеры нагадвалі ў гэтым чалавеку ірландца.

Усякае сумненне адразу рассейвалася, як толькі таўсцяк пачынаў гаварыць. На такім жаргоне гавораць толькі ў Ірландыі, у графстве Гальвей. Гальвеец увесь час размаўляў, не гледзячы на тое, што быў як быццам адзін у халупе. Аднак, гэта было не так. Расцягнуўшыся на падсцілцы з конскай скуры перад тлеючым агнём і ўткнуўшыся носам у самы попел, ляжаў вялікі алені сабака[2]. Здавалася, што ён разумеў мову свайго субяседніка.

— Што, Тара, скарб мой, — усклікнуў чалавек у плісавых брыджах, — хочаш вярнуцца ў Балібалах? Нядрэнна было-б табе падкарміцца там крыху. А то, глядзі, у цябе-ж цяпер усе рэбры можна злічыць. Дружок ты мой, мне самому хочацца туды. Але хто ведае, калі гаспадар вернецца і возьме нас з сабою! Ну, нічога, Тара. Ён хутка павінен паехаць у сетлмент, стары ты мой пёс. Ён абяцаў і нас з сабою захваціць, — давай хоць гэтым суцяшацца. Чорт пабяры! Ужо больш трох месяцаў, як я не быў у форце. Магчыма, там, сярод нядаўна прыбыўшых салдат, я сустрэну каго-небудзь са сваіх старых знаёмых? Вось-бы добра нам тады выпіўку наладзіць! Ці не праўда, Тара?

Сабака, пачуўшы сваё імя, падняў галаву і толькі фыркнуў замест адказу.

— Я і цяпер-бы не супроць прамачыць горла, — прадаўжаў гальвеец, кідаючы прагны позірк у бок бутэлькі. — Толькі бутля вось ужо амаль парожняя, і малады гаспадар можа спахапіцца. Ды ўсёроўна-ж несумленна піць, не запытаўшыся. Праўда, Тара?

Сабака зноў падняў морду і зноў фыркнуў.

Гальвеец устаў і накіраваўся ў куток, дзе стаяла бутля.

Некалькі секунд ён прастаяў прыслухоўваючыся, павярнуўшыся проста да дзвярэй, пасля падняў спакушаўшую яго пасудзіну, выцягнуў корак, паднёс рыльца да носа і пачаў адчуваць асалоду ад спіртнага паху.

Аднак, гэта не надоўга задаволіла гальвейца.

— Чорт пабяры! — усклікнуў ён, яшчэ раз зірнуўшы ўпотайкі на дзверы. — Хто можа ўстаяць супроць паху гэтага цудоўнага віскі! Куды ні ішло, я змачу толькі кончык языка.

Рыльца бутлі дакранулася да яго губ, пачулася бульканне вадкасці…

Чмокнуўшы са здавальненнем некалькі разоў, гальвеец уваткнуў корак, паставіў бутлю на месца і зноў усеўся на крэсла.

— Ах ты, стары баламут Тара. Гэта-ж ты спакусіў мяне. Ну, нічога, гаспадар не пазнае. Да таго-ж ён хутка паедзе ў форт і там зможа зрабіць новы запас.

Некалькі хвілін гальвеец прасядзеў моўчкі. Ці думаў аб зробленым злачынстве, або проста атрымліваў асалоду ад дзеяння алкаголю, — адкуль ведаць?

Хутка ён зноў загаварыў:

— Я ніяк не разумею, чаму нашага гаспадара так і цягне ў сетлмент? Ён гаворыць, што адправіцца туды, як толькі зловіць крапчатага мустанга. І што яму раптам так спатрэбіўся гэты конь? Мне здаецца, што тут справа не так сабе. Гаспадар гаворыць, што не пакіне гэтай справы да таго часу, пакуль не даб‘ецца свайго. Як-бы не прышлося нам прасядзець тут цэлы год. Хто гэта там?

Тара кінуўся з брэхам да дзвярэй.

— Фелім! — пачуўся голас знадворку. — Фелім!

— Гэта гаспадар, — прамармытаў сам сабе Фелім, усхопліваючыся з крэсла і кідаючыся да дзвярэй услед за сабакам.


  1. Юка — належыць да сямейства лілейных; гэта гіганцкая лілія з дрэвавым ствалом.
  2. Сабака ірландскай пароды, з якім ходзяць паляваць на аленяў.