Коннік без галавы (1941)/VI
← Раздзел V | Коннік без галавы. Раздзел VI Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел VII → |
Раздзел VI
КРАПЧАТЫ МУСТАНГ
Фелім не памыліўся: гэта быў голас яго гаспадара, Морыса Джэральда.
Вышаўшы за дзверы, гальвеец убачыў мустангера конна. Гнеды конь, увесь мокры ад поту, здаваўся амаль чорным; бакі і шыя ў яго былі ўзмылены.
Гнеды быў не адзін. На канцы туга нацягнутага і прывязанага да сядзельнай лукі ласо ён цягнуў за сабою захопленага ў палон таварыша.
Гэта быў мустанг зусім незвычайнай масці. Нават сярод велізарных табуноў дзікіх коней, што пасвяцца на прэрыях, такая масць была рэдкай.
Конь быў цёмнашакаладнай масці, месцамі амаль чорнай, спярэшчаны белымі плямамі, як скура ягуара.
Прыгожая афарбоўка спалучалася з бездакорным складам жывёлы. Гэта быў шырокагруды, з акруглымі контурамі і стройнымі тонкімі нагамі, прыгожы конь.
Тры разы настойлівыя спробы мустангера захапіць гэтую красуню скончыліся няўдачай. На чацверты раз ён дабіўся свайго. Пры дапамозе доўгага ласо са слізгаючай пятлёй Морыс злавіў, нарэшце, крапчатага мустанга.
Чым было выклікана яго страснае жаданне аўладаць іменна гэтым канём, аставалася таямніцай мустангера.
Фелім яшчэ ніколі не бачыў свайго гаспадара ў такім узрушаным стане, — нават тады, калі мустангер вяртаўся з палявання, як гэта часта бывала, з пяццю або шасцю коньмі на канцы свайго ласо.
Але ніколі яшчэ мустангер не прыводзіў такога прыгажуна. Крапчаты мустанг прымусіў-бы любавацца сабою каго хочаш.
— Гіп-гіп-ура! — закрычаў Фелім, падкінуўшы ўверх свой капялюш. — Дзякуй святому Патрыку, наш малады гаспадар злавіў, нарэшце, крапчатую кабылу! Ну і красуня!.. Не дзіва, што ён так ганяўся за ёю. Чорт вазьмі! Калі-б яна была ў нас на Балінаслойскім кірмашы, мы-б за яе маглі заламаць любую цану. Ах ты, красуня! Куды-ж мы яе завядзем? У кораль?[1]
— Не, гэта небяспечна: яе там могуць забрыкаць. Мы прывяжам яе пад паветкай. Кастро як гасцінны гаспадар павінен будзе ўступіць ёй сваё месца, а сам правядзе ноч пад адкрытым небам. Ці бачыў ты, Фелім, калі-небудзь такога коніка?
— Ніколі, містэр Морыс, нічога падобнага я яшчэ не бачыў. Яна такая прыгожая, што яе хочацца проста з‘есці, а на самай справе глядзі, каб яна сама каго не з‘ела. Вы яе яшчэ зусім не аб‘язджалі?
— Не, Фелім, я ёю займуся, калі ў мяне будзе больш часу. Трэба зрабіць гэта як належыць. Страшна-ж сапсаваць такую прыгожасць. Я пачну прыручаць яе пасля таго, як дастаўлю ў сетлмент.
— Калі-ж вы збіраецеся туды?
— Заўтра. Мы павінны выехаць досвіткам.
— Вось гэта добра. Я рады не толькі за сябе, але і за вас, містэр Морыс. Я не ведаю, ці вядома вам, але ў нас віскі ўжо канчаецца. Гэтыя маркітанты, каб іх чорт узяў, здорава ўмеюць ашукваць: яны і разбаўляюць і не даліваюць; нядзіва, што з іх рук бутэлькі віскі не надоўга хапае.
— Не клапаціся наконт віскі, Фелім. Я думаю, там хопіць і на сёнешні вечар і для таго, каб запоўніць нашы флягі для заўтрашняга падарожжа. Не сумуй, дружа. Пойдзем зараз, уладзім нашу госцю, а затым мы з табою пагаворым аб пакупцы напітку, які, я ведаю, ты любіш больш за ўсё на свеце, апрача хіба толькі самога сябе.
— А вы, містэр Морыс? — запытаў Фелім, хітра падміргваючы вокам.
Мустангер толькі ўсміхнуўся і саскочыў з сядла.
Крапчатую кабылу паставілі пад паветку, а Кастро прывязалі да дрэва.
Стомлены ад цяжкага дня мустангер кінуўся на свой ложак. Ніколі яшчэ ў жыцці яму не даводзілася быць так доўга на паляванні, як у пагоні за гэтым стэпавым канём.
Не гледзячы на тое, што яму прышлося правесці некалькі дзён у сядле, з іх тры апошніх у бесперапыннай пагоні за крапчатай кабылай, не гледзячы на страшэнную стомленасць, мустангер не мог спаць. Час ад часу ён уставаў і пачынаў хадзіць узад і ўперад па халупе.
Здавалася, што дасягнуты поспех, замест таго каб супакоіць яго, выклікаў якраз адваротнае дзеянне.
Нарэшце, Фелім, карыстаючыся правам «малочнага брата», рашыў высветліць прычыну яго неспакойства.
— Што з вамі, містэр Морыс? Скажыце мне, у чым справа?
— Нічога, Фелім, нічога. Чаму ты мяне аб гэтым пытаеш?
— Ды як-жа не запытаць? І я-ж не магу ні на хвілінку заснуць з таго самага дня, як вы апошні раз вярнуліся з сетлмента. Бо, напэўна, штосьці адабрала ў вас сон. Магчыма, якая-небудзь мексіканская дзяўчына? Хоць я не думаю, каб яны былі вам да густу.
— Ты глупства гаворыш, Фелім. Са мною нічога не здарылася. Дай вось лепш мне чаго-небудзь закусіць, не забывай, што я з раніцы нічога не еў. Што ў цябе там ёсць?
— Прызнацца, у нас мала чаго знойдзецца. За гэтыя-ж тры дні, як вы палявалі на мустанга, нічога не прыбавілася. Ёсць у нас крыху халоднай аленіны і кукурузны хлеб. Калі хочаце, я зараз разагрэю мяса.
— Добра, я магу пачакаць.
— Ці не лепш вам выпіць спачатку шкляначку віна?
— Я не супраць.
— Чыстага ці з вадою?
— Шклянку грогу, толькі прынясі свежай вады з крыніцы.
Фелім узяў срэбраную шклянку і збіраўся ўжо ісці, як раптам Тара з гучным брэхам кінуўся да дзвярэй. Фелім з некаторай апаскай накіраваўся да выхаду.
Брэх сабакі змяніўся радасным піскам, як быццам ён вітаў каго-небудзь з сяброў.
— Гэта стары Зеб Стумп, — сказаў Фелім і пайшоў выканаць даручэнне.
Уноў прыбыўшы быў чалавек зусім іншага складу, чым жыхары халупы.
Гэта быў высокі мужчына, не менш шасці футаў ростам. На ім былі боты са скуры кракадзіла. У шырокія халявы былі запраўлены штаны з даматканай шэрсці, калісьці афарбаваныя кізілавай фарбай, але цяпер ужо страціўшыя ад гразі ўсякі колер. Рубашка з аленяй скуры была надзета проста на цела, а паверх яе — вельмі вылінялая зялёная камізэлька, пашытая з грубай матэрыі, работы мясцовых індзейцаў. Шэры паярковы капялюш, вельмі стары, дапаўняў яго бедны касцюм.
Паляўнічае снаражэнне Зеба Стумпа, тыповае для лясных паляўнічых Паўночнай Амерыкі, было такое-ж скромнае, як і яго касцюм. Сумка для патронаў і вялікі серпападобны рог для пораху былі падвешаны з правага боку на раменьчыку, перакінутым цераз плячо. Шырокая скураная папруга перахватвала камізэльку, і на ёй віселі скураныя ножны, з якіх высоўвалася грубая рукаятка вялікага паляўнічага нажа, зробленая з аленяга рога.
Наперакор звычаю цехаскіх паляўнічых, на яго вопратцы не было відаць ніякіх упрыгожанняў. Усё было проста, амаль груба, як быццам чалавек асуджаў усякае франтаўство.
Нават стрэльба — галоўная прылада яго рамяства — была надзвычай прымітыўнай работы. Гэтая стрэльба была такога размеру, што калі гаспадар ставіў яе на зямлю, то дула даходзіла яму да пляча.
Зебу Стумпу было з выгляду каля пяцідзесяці год. Скура ў яго была смуглая, а рысы твара на першы погляд рабілі суровае ўражанне. Аднак, прыгледзеўшыся крыху, вы пачыналі адчуваць, што гэты чалавек не пазбаўлен спакойнага юмару.
Зеб Стумп нарадзіўся і вырас у штаце Кентукі, маладосць сваю правёў сярод некранутых лясоў ніжняй Місісіпі, займаючыся выключна паляваннем. Цяпер, пад старасць, ён прадаўжаў гэтую-ж справу, але ўжо ў нетрах паўднёва-заходняга Техаса.
— Здарова, — лаканічна вітаў Зеб, загараджваючы дзверы халупы сваім вялікім целам.
— Добры вечар, містэр Стумп, — адказаў гаспадар, устаючы насустрач госцю. — Заходзьце і сядайце.
Паляўнічы не прымусіў сябе прасіць і, пераступіўшы праз парог халупы, няёмка ўсеўся на няўстойлівым крэсле. Сядзенне было настолькі нізкім, што калені Стумпа апынуліся амаль на ўзроўні яго падбародка, а доўгі ствол стрэльбы, нібы піка, падняўся на некалькі футаў над яго галавою.
— Праклятыя крэслы! — забурчэў ён, відаць нездаволены няёмкім палажэннем. — На што лепш які-небудзь чурбан: адчуваеш, па крайняй меры, што ён пад табою не паедзе.
— Паспрабуйце вось гэта, — сказаў гаспадар, паказваючы на скураны куфар у кутку пакоя. — Ён, здаецца, будзе ўстойлівей.
Стары Зеб не пярэчыў супроць гэтай прапановы і, выпрастаўшыся, перасеў на куфар.
— Пехатою, містэр Стумп, як заўсёды?
— Не, мая старая там; я прывязаў яе да дрэва. Я не быў на паляванні.
— Вы, здаецца, ніколі не палюеце конна, ці не праўда?
— Я не дурань, каб паляваць на кані.
— Але-ж у Техасе ўсе так робяць.
— Усе так палююць ці не, але гэта неразумны звычай, звычай лянівых дурняў. На сваіх на дваіх я падстрэлю больш дзічы за адзін дзень, чым за цэлы тыдзень верхам на кабыле. Вядома, для вас, паляўнічага на мустангаў, конь неабходны, але калі вы палюеце на мядзведзя, аленя або дзікага індыка, то на кані вы толькі іх распалохаеце. Сваю старую кабылу я трымаю толькі для таго, каб перавозіць на ёй здабычу.
— Дарэчы, вы яе пакінулі пад адкрытым небам. Няхай Фелім паставіць яе пад паветку. Вы-ж пераначуеце ў нас?
— Так, я з гэтым і прыехаў сюды. Адносна майго каня вы не турбуйцеся — ён добра прывязаны.
— Магчыма, вы хочаце закусіць? Фелім якраз гатуе вячэру. На жаль, я нічога не магу вам прапанаваць, апрача аленіны.
— Што можа быць лепш за добрую аленіну? Хіба толькі мядзвежае мяса. Давайце падсмажым яе на гарачых вугалях, я дапамагу гатаваць. Містэр Фелім, калі вам няцяжка, прайдзіце, калі ласка, да маёй кабылы і прынясіце дзікую індычку — яна прывязана да лукі сядла; я яе падстрэліў па дарозе.
— Вось гэта нам пашанцавала, — усклікнуў мустангер. — Нашы запасы зусім вычарпаліся. На працягу апошніх трох дзён я паляваў на аднаго надзвычай прыгожага мустанга і зусім не браў з сабою стрэльбы. Фелім і я, а таксама Тара зусім згаладаліся за гэты час.
— Што-ж гэта за мустанг? — з цікавасцю запытаў паляўнічы, як быццам не звяртаючы ўвагі на апошнюю заўвагу.
— Цёмнашакаладная кабыла з белымі плямамі — надзвычайны экземпляр.
— Чорт пабяры! Ды гэта-ж якраз тое, дзеля чаго я сюды і прыехаў.
— Вось як?
— Я бачыў гэтага мустанга. Вы гаворыце, гэта кабыла — я гэтага не ведаў, бо яна не падпускала мяне да сябе на адлегласці поўмілі. Я бачыў яе некалькі разоў у прэрыі і хацеў, каб вы паспрабавалі злавіць яе. Я вам скажу, чаму. Я быў у сетлменце. Туды прыехаў адзін чалавек, якога я ведаў яшчэ па Місісіпі. Гэта багаты плантатар. Жыў ён раскошна і асабліва праславіўся сваімі багатымі пірамі. Шмат аленяў і індыкаў паставіў я для яго дома. Яго завуць Пойндэкстэр.
— Пойндэкстэр?
— Гэта імя ведаюць на берагах Місісіпі, ад Орлеана да Сент-Луі. Ён быў багаты, так, думаю, і цяпер не бедны, бо прывёў з сабою сотню неграў. У яго ёсць пляменнік, па імю Кольхаун, у якога ёсць долары, і рабіць хлапцу з імі няма чаго, апрача як пазычаць іх свайму дзядзьку. Цяпер, мой дружа, я скажу, чаму я хацеў пабачыцца з вамі. У плантатара ёсць дачка — вялікая ахвотніца да коней. У Луізіяне яна ездзіла на самых шалёных, якіх толькі можна было знайсці. Чула яна адзін раз, як я расказваў старому аб крапчатым мустангу. З таго часу яна не давала бацьку спакою, пакуль той не абяцаў ёй, што ён заплоціць вялікія грошы таму, хто зловіць гэтага каня. Ён сказаў, што дасць дзвесце долараў. Я ведаў, што ўсе мустангеры сетлмента адразу-ж пагоняцца за мустангам, як толькі аб гэтым даведаюцца; таму, не сказаўшы нікому ні слова, я паспяшаўся сюды на сваёй старой кабыле.
— Пойдзем са мною, містэр Стумп, — сказаў малады ірландзец, устаючы з крэсла і накіроўваючыся да дзвярэй.
Паляўнічы пайшоў за ім, некалькі здзіўлены нечаканым запрашэннем.
Морыс павёў свайго госця да паветкі, дзе быў прывязаны крапчаты мустанг.
— Ці падобны гэты конь хоць колькі-небудзь да таго мустанга, аб якім вы гаварылі, містэр Стумп?
— Чорт мяне пабяры, калі гэта не той самы мустанг! Гатова, ужо злоўлены! Дзвесце долараў — вашы. І пракляцце на мяне, калі ён не варты кожнага пені гэтай сумы! Ну і прыгожасць!
Вось будзе радасць для міс Пойндэкстэр! Яна звар‘яцее ад захаплення!
- ↑ Кораль — загон для коней або іншых жывёл.