Коннік без галавы (1941)/LXXIII
← Раздзел LXXII | Коннік без галавы. Раздзел LXXIII Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел LXXIV → |
Раздзел LXXIII
ВОСТРАЎ ПРЭРЫІ
Конніка без галавы не толькі бачылі многія, але бачылі неаднаразова і ў розны час.
Гэта стала прадметам гарачага абмеркавання не толькі ў сетлменце на Леоне, але і ў больш аддаленых месцах. Адны называлі гэта хітрым фокусам індзейцаў; другія думалі, што гэта проста манекен; былі і такія, якія лічылі, што гэта сапраўдны коннік, толькі галава ў яго схавана пад серапэ, а ў серапэ прароблены дзве дзірачкі для вачэй. Многія ўпарта запэўнялі, што коннік без галавы быў самім чортам.
Існавалі яшчэ і іншыя тэорыі, якія ўжо не столькі датычылі самога конніка, колькі той сувязі, якую можна ўстанавіць між ім і забойствам маладога Пойндэкстэра.
Большасць думала, што сувязь паміж гэтымі двума таямнічымі фактамі безумоўна існавала. Аднак, ніхто не мог зразумець, у чым іменна яна заключалася. Той, хто мог-бы праліць некаторае святло на гэтую таямніцу, усё яшчэ кідаўся ў кашмарным брэду гарачкі.
Ужо цэлы тыдзень прайшоў у гэтых разважаннях. І ўвесь гэты час коннік без галавы прадаўжаў з‘яўляцца ў прэрыі. То ён імчаўся хуткім галопам, то ехаў ціхім крокам, то яго конь спыняўся і збянтэжаным позіркам глядзеў навокал, то ён старанна жаваў сакавітую траву багатых паш Техаса.
Гэты загадачны коннік выклікаў шмат самых фантастычных і недарэчных расказаў. Пералічыць іх усё няма магчымасці, ды і няма сэнсу. Але адзін праўдзівы эпізод варта расказаць, бо ён займае важнае месца ў гэтай дзіўнай гісторыі.
* * *
Сярод прасторы адкрытай прэрыі ёсць астравок лесу. Гэта група дрэў займае тры-чатыры акры ў акружыне.
Недалёка ад ляска, на адлегласці якіх-небудзь двухсот ярдаў, спакойна пасвіцца конь — той самы конь, які возіць конніка без галавы. Дзіўны сядок усё яшчэ сядзіць на ім конна. Ні ў касцюме яго, ні ў позе як быццам не адбылося ніякіх перамен з таго часу, як яго бачылі ўпершыню. Паласатае серапэ па-ранейшаму спускаецца з яго плячэй, захутваючы верхнюю частку корпуса, боты са скуры ягуара па-ранейшаму ў яго на нагах.
Ён сядзіць крыху нахіліўшыся наперад, быццам-бы для таго, каб каню зручней было скубці траву. Павады таксама не перашкаджаюць яму — яны настолькі доўгія і так свабодна апушчаны, што жывёла іх нават не адчувае.
Тыя, хто запэўняў, што бачылі яго галаву, гаварылі праўду.
Галава, пакрытая чорным самбрэро з залатым пазументам, знаходзіцца каля левага бядра конніка, але яе можа бачыць толькі той, хто глядзіць на конніка злева. Падбародкам яна дакранаецца да калена. Іншы раз можна бачыць і твар. Рысы яго прыгожыя, але выраз жахлівы. Пасінелыя губы поўразяўленага рота замерлі ў жудаснай усмешцы, паказаўшы два рады белых зубоў.
Да гэтага часу загадачны коннік ездзіў адзін, цяпер у яго ёсць спадарожнікі. Дзесятак стэпавых ваўкоў суправаждае конніка па пятах, скачучы каля яго.
Няма сумнення, што яны надакучаюць каню: ён фыркае і б‘е капытом, калі які-небудзь з іх занадта бесцырамонна блытаецца ў яго пад нагамі. Коннік адносіцца да іх абыякава, таксама, як і да стаі вялікіх чорных птушак, што кружацца над яго плячыма.
На кані, які то спакойна скубе сакавітую траву прэрыі, то нецярпліва адбівае напад ваўкоў і каршуноў, спакойна вандруе навокал ляснога вострава коннік без галавы.