Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/LXXII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LXXI Коннік без галавы. Раздзел LXXII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LXXIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LXXII

ЗЕБ СТУМП НАПАДАЕ НА СЛЕД

Выехаўшы з варот Каса-дэль-Карво, стары паляўнічы накіраваўся ўверх па беразе ракі ў бок форта. Не прайшло і чвэрці гадзіны як ён ужо быў там. Саскочыўшы з сядла, Зеб увайшоў у кватэру каменданта. Кабыла асталася на пляцы. Старому паляўнічаму было няцяжка дабіцца спаткання з галоўным начальнікам форта Індж. У асяроддзі ваенных да Зеба Стумпа ўстанавіліся асаблівыя прыхільныя адносіны, і ўваход для яго быў адкрыты ў любую гадзіну. Вартавыя прапусцілі яго, як свайго. Дзяжурны афіцэр радасна яго вітаў; ад‘ютант-жа неадкладна далажыў аб ім маёру, які, відавочна, чакаў яго прыходу.

— А, містэр Стумп, рад вас бачыць. Што новага? Мяркуючы па тым, што вы так хутка вярнуліся сюды, я здагадваюся, што ёсць навіны. Спадзяюся, што-небудзь спрыяльнае для гэтага гаротнага хлапца? Што-ж вы даведаліся?

— Павінен вам сказаць, маёр, — прагаварыў Зеб, нявымушана здымаючы капялюш, — што ніякіх асаблівых навін у мяне пакуль яшчэ няма, але ўсё-ж я палічыў патрэбным вярнуцца. Мне неабходна пагаварыць з вамі.

— Я слухаю вас. Расказвайце, у чым справа.

— Я хачу прасіць вас, каб вы адцягнулі, наколькі гэта будзе магчыма, пачатак судовага разгляду. Я ведаю, што тут будзе даўленне са зне, але я таксама ведаю, што вы маеце дастаткова ўлады, каб супроцьстаяць яму, і асабліва каштоўна, што вы з ахвотай гэта зробіце.

— Правільна! Я не супроць дапамагчы гэтаму няшчаснаму. Але-ж вы ведаеце, што ў нашай рэспубліцы ваенныя ўлады заўсёды падначальваюцца грамадзянскім, за выключэннем тых выпадкаў, калі краіна абвяшчаецца на ваенным становішчы. Я магу зрабіць усё, што магу, каб перашкодзіць парушэнню ўстаноўленых законаў, але я не магу ісці супроць самога закона.

— Зусім і не патрэбна, каб вы ішлі супроць закону. Нічога падобнага, маёр. Патрэбна толькі, каб вы пайшлі супроць тых, хто хоча забраць закон у свае рукі і сказіць яго ў сваю карысць. А ў нас ёсць такія людзі ў сетлменце, і калі ім не перашкодзіць, яны напэўна гэта зробяць. Асабліва небяспечны адзін чалавек…

— Хто?

— Будзьце ласкавы, нікому толькі не кажыце, маёр. Я ведаю, што вы мне гэта абяцаеце.

— Містэр Стумп, ўсё, што адбываецца тут, захоўваецца ў поўнай таямніцы. Гаварыце спакойна ўсё, што вы думаеце.

— Дык вось, я думаю, што чалавек, які зрабіў гэта забойства, — не Морыс-мустангер.

— І я так думаю. А яшчэ што вы мне можаце паведаміць?

— Я мог-бы яшчэ што-небудзь дадаць. Але гэта ўсяго толькі мае меркаванні. Яны могуць аказацца няправільнымі. І лепш будзе, калі я прамаўчу аб іх да свайго звароту з берагоў Нуэсес. Пасля гэтага я з радасцю падзялюся з вамі тымі звесткамі, якія ў мяне ёсць цяпер, і тымі, якія, магчыма, мне ўдасца сабраць у прэрыі. Ці можаце вы абяцаць мне тры дні?

— Тры дні?

— Да пачатку суда.

— Я абяцаю вам, містэр Стумп. Не гледзячы на тое, што, магчыма, мне давядзецца рыскаваць сваім становішчам, я даю вам слова, што на працягу трох дзён Морыс-мустангер не выйдзе з гауптвахты. Невінаваты ён або вінаваты, але гэты час ён будзе пад маёй абаронай.

— Вы верны прыяцель, маёр! І я калі-небудзь яшчэ дакажу вам, наколькі я гэта цаню. Мне больш няма чаго сказаць вам, толькі я прашу, каб гэта ўсё было таямніцай. Тут ёсць людзі, якія, як толькі даведаюцца, чаго я дабіваюся, гатовы будуць перавярнуць неба і зямлю, каб перашкодзіць маім намерам.

Ад мяне яны не дачакаюцца падтрымкі, містэр Стумп. Вы можаце смела давяраць маім словам.

— Я ведаю, маёр, я ведаю гэта. Дзякуй вам за добрую спагаду.

Развітаўшыся з маёрам, паляўнічы накіраваўся да пляца, дзе чакала яго старая кабыла.

Не даехаўшы да граніцы плантацый Пойндэкстэраў, Зеб пачаў падымацца па крутым схіле, які вёў да раўніны. Там паляўнічы спыніўся ў задуменні пад ценем акацый.

— Чорт пабяры! — прамармытаў Зеб. — Конь Кольхауна адсутнічаў у тую-ж ноч і вярнуўся дадому, абліваючыся потам. Што гэта можа азначаць? Пракляцце на мяне, калі яго рукі не запэцканы ў гэтай бруднай справе. Я ўвесь час так і думаў. Толькі вельмі недарэчна думаць, што Кольхаун забіў стрыечнага брата. Вядома, ён здольны на любую подласць. Але я не разумею, дзеля чаго гэта яму спатрэбілася. Калі-б ён мог разлічваць пасля смерці старога зрабіцца наследнікам замест Генры, гэта можна было-б зразумець. Але гэта не так. Старому Пойндэкстэру не належыць больш ніводнага акра, таксама-ж як і ніводнага негра. Усё захапіў гэты мярзотнік. І чаму яму патрэбна было вызваліцца ад стрыечнага брата? Паміж імі ніколі не было дрэнных адносін. А тут яшчэ замяшаўся мустангер і ўся гэтая сварка, фальшывыя індзейцы, мексіканская дзяўчына, коннік без галавы і чорт ведае яшчэ што! Іосафат! Гэта можа заблытаць мазгі самаму лепшаму чыноўніку. Аднак, нельга траціць дарагога часу. З гэтым кавалачкам жалеза ў руках мне, магчыма, удасца дабіцца хоць-бы частковай разгадкі гэтай крывавай гісторыі, а магчыма — і поўнай. Але куды ехаць?

Зеб наглядзеў навокал, як быццам шукаючы адказу.

— Няма сэнсу пачынаць шукаць у ваколіцах форта або сетлмента. Там уся зямля стаптана слядамі коней. Лепш адразу-ж выехаць у прэрыю і ўзяць кірунак, перасякаючы дарогу на Рыо-Грандэ. Так будзе правільней.

Праехаўшы каля мілі ў напрамку ракі Нуэсес, Зеб павярнуў на захад. Нахіліўшыся наперад, стары паляўнічы ўважліва разглядаў траву з абодвух бакоў ад сцежкі.

Каля мілі праехаў ён у адным напрамку, але тут штосьці прымусіла яго схамянуцца і хутка нацягнуць павады.

Кабыла спынілася. Зеб саскочыў з сядла, зрабіў два-тры крокі наперад і апусціўся на калені; пасля, выняўшы падкову з кішэні, ён прыклаў яе да адбітка капыта, які выразна быў відаць на траве.

— Акурат! — усклікнуў паляўнічы. — Дык вось яны, сляды здрадніка, а магчыма і забойцы!