Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/LXXIV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LXXIII Коннік без галавы. Раздзел LXXIV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LXXV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LXXIV

НЕЗАДАЧЛІВЫ ЛАВЕЦ

Ці бачыў хто конніка без галавы ў яго новым акружэнні — у суправаджэнні ваўкоў і каршуноў?

Так, бачыў.

Бачыў адзін чалавек, і ён першы ва ўсім Техасе пачаў разумець гэтую неразгаданую яшчэ нікім таямніцу.

Але і для яго не ўсё яшчэ было ясна. Ён ужо ведаў, што коннік без галавы не быў ні чучалам, ні чортам, але гэта не вызваліла яго ад агульнага ўсім адчування жаху перад страшным відовішчам. Ён глядзеў на конніка без галавы з узлеску «вострава» прэрыі, стоячы пад прыкрыццем дрэў, і, як відаць, не збіраўся выходзіць з гэтай засады.

Не гледзячы на адчуванне жудаснага страху і жаданне астацца незаўважаным, гэты чалавек увесь час ехаў за коннікам. Пры гэтым ён заўважыў, што коннік без галавы, замест таго каб наблізіцца да лесу, нязменна прадаўжаў трымацца адной і той-жа адлегласці ад узлеску.

«Ах ты, чортава стварэнне! Каб быў я да яго бліжэй хоць на дваццаць ярдаў, я мог-бы ў яго папасці. Стрэліць цяпер — значыць упусціць яго, магчыма, назаўсёды».

Як быццам жадаючы яшчэ раз праверыць свой разлік, чалавек пачаў вымяраць вачыма адлегласць, якая аддзяляла яго ад конніка без галавы. Сваю кароценькую стрэльбу ён трымаў напагатове.

— Няма сэнсу, — прамармытаў ён. — Куля будзе на злёце і толькі спалохае каня. Мне трэба набрацца цярплівасці і пачакаць, пакуль конь падыйдзе бліжэй. Праклятыя ваўкі! Да таго часу, пакуль яны ходзяць па пятах, конь будзе трымацца паводдаль ад лесу, — гэта звычка ўсіх цехаскіх мустангаў, чорт-бы іх узяў! Цікава, ці няможна яго як-небудзь прывабіць. Калі ён убачыць майго каня, то гэта, магчыма, прыцягне яго, як гэта і было ў той раз. Праўда, тады гэта было пры святле месяца, апрача таго, за ім з выццём бег сабака. Нядзіва, што конь зрабіўся дзікім, цягаючы на сабе чорт ведае каго. Гэта-ж не можа…

Пры гэтых словах чалавек, які размаўляў сам з сабою, рэзка спыніў свайго каня. Нахіліўшыся ўперад, каб лепш бачыць скрозь лісце дрэў, ён прадаўжаў углядацца ў дзіўнага конніка, які памалу аб‘язджаў лес.

«Гэта яго конь, у гэтым не можа быць сумнення. Яго сядло, серапэ, усё яго. Якая-ж нячыстая сіла магла ўсё гэта перадаць другому? Фокус гэта ці не, але гэта брудная справа, хто-б яе ні падстроіў. І гэты чалавек павінен ведаць усё, што адбылося ў тую ноч. Які я дурань! Як можна было выхваляцца такімі рэчамі! Вось ужо сапраўды шанцуе, як павешанаму! Ён упарта не набліжаецца. Конь баіцца лесу. Што-ж рабіць? Магчыма, каню прыемна будзе пачуць чалавечы голас? Калі гэта толькі наблізіць яго на дваццаць ярдаў, я буду зусім задаволены. Трэба папрабаваць».

Пад‘ехаўшы крыху бліжэй да ўзлеску лясных зараснікаў, чалавек пачаў клікаць каня:

— Ідзі сюды, разумнік! Хадзі, прыгожы конік!

Дарэмна ён клікаў — конь не падышоў, ён спудзіўся. Ён выпусціў траву з рота, затрос галавою і дзіка захроп. Здавалася, кайоты і каршуны менш палохалі яго, чым гук, які ён пачуў.

Пачуўшы блізкасць чалавека, ён шалёным галопам паімчаўся насустрач шырокаму раздоллю прэрыі.

Расчараваны паляўнічы выехаў на адкрытае месца, асыпаючы лаянкамі ўслізнуўшую здабычу.

Пушчаная ў парыве бяссільнай злосці куля не дасягнула сваёй мэты: коннік без галавы быў ужо далёка.