Коннік без галавы (1941)/LXXI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LXX Коннік без галавы. Раздзел LXXI
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LXXII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LXXI

ГНЕДЫ

Натхнёны гарачым заклікам, паляўнічы паспяшаўся да стайні, дзе стаяў яго конь.

Кабыла грызла кукурузу — Плутон не паскупіўся добра пачаставаць яе.

І Плутон быў тут-жа, каля каня. Не гледзячы на сваю звычайную разгаворлівасць, негр-конюх на гэты раз быў вельмі маўклівы. Як відаць, ён быў нечым вельмі засмучаны.

Зразумець яго смутак было няцяжка. Страта горача любімага маладога гаспадара, сум маладой гаспадыні, якой ён таксама быў вельмі адданы, і яшчэ, напэўна, удар бота капітана Касія Кольхауна, — усё гэта засмучала беднага негра.

Зеб так заняты быў уласнымі думкамі, што не заўважыў панурай фізіяноміі нявольніка. Спяшаючыся, ён нават не даў сваёй кабыле як след падмацавацца кукурузай. Схапіўшы каня за морду, Зеб уваткнуў яму ў зубы цуглі, закінуў за шыю рамяні аброці, хутка павярнуў яго і ўжо гатоў быў вывесці са стайні. Кабыла вельмі неахвотна падначальвалася свайму гаспадару, давялося адцягнуць яе ад смачнага корму.

— Ой-ой, містэр Стумп, — умяшаўся Плутон. — Чаму вы так спяшаецеся? Бедная кабыла яшчэ галодная. Няхай-бы наелася добра.

— У мяне няма часу, дружа мой, я адпраўляюся ў далёкую дарогу. Мне трэба праехаць каля ста міль, а часу ў мяне астаецца менш двух гадзін.

— Што вы, містэр Стумп! Я яшчэ не чуў такой хуткасці. Вы не жартуеце?

— Не, я гавару сур‘ёзна.

— Проста дзіва, як хутка ездзяць па гэтых прэрыях. Вось і той конь, напэўна, праімчаўся міль дзвесце за адну ноч.

— Які конь?

— А вось гнеды, крайні ля дзвярэй. Конь містэра Кольхауна.

— Чаму ты думаеш, што ён праімчаўся дзвесце міль?

— Таму што ён быў увесь у мыле. А калі я павёў яго на рэчку, ён спатыкаўся, як малое цялё. Ой, калі-б вы бачылі, як ён быў змучаны!

— Калі гэта было, Плутон?

— Калі? Дайце падумаць. Ну так, вядома, гэта было ў тую самую ноч, калі не стала містэра Генры — досвіткам, праз гадзіну пасля таго, як сонца паказалася на небе. Я не бачыў гнедага да гэтага часу, таму што вышаў на работу толькі досвіткам. І вось, калі я прышоў на стайню і ўбачыў гэтую жывёлінку ўсю мокрую, нібы яна пераплыла вялікую раку, і ўсю ў пене…

— Хто-ж ездзіў на ёй у тую ноч?

— Я не ведаю, містэр Стумп. Але толькі на ёй ніхто не ездзіць, апрача містэра Кольхауна. Ніхто не асмельваецца нават сесці на яе.

— Значыцца, ён ездзіў на ёй.

— Я не ведаю, містэр Стумп, я нічога не ведаю. Я не бачыў, каб капітан яе выводзіў, не бачыў, як яна трапіла назад.

— Калі ты толькі гаворыш праўду, што яна была ўся ўзмылена, значыцца, хтосьці павінен быў на ёй ездзіць.

— Так, так, хтосьці ездзіў.

— Паслухай, Плутон. Я думаю, што ты гаворыш праўду і сапраўды не ведаеш, хто ездзіў на гнедым у тую ноч. Але як табе здаецца, хто-б гэта мог быць? Я ў цябе пытаюся толькі таму, што, як табе вядома, містэр Пойндэкстэр — мой прыяцель, і я, натуральна, непакоюся, калі так дрэнна абыходзяцца з яго маёмасцю. Гэта датычыць і ўласнасці капітана Кольхауна. Напэўна, хто-небудзь з неграў з плантацый вывеў ціхенька бедную жывёліну і аб‘ездзіў на ёй усю прэрыю ўдоўж і ўпоперак. Як ты думаеш?

— Не, містэр Стумп, негр не думае, каб гэта было так. Нявольнікаў з плантацый не дазволена сюды пускаць. Яны не маюць права сюды прыйсці. Негр з плантацый не мог вывесці гнедага.

— Чорт пабяры, хто-ж мог вывесці каня? Магчыма, гэта быў наглядчык? Што ты на гэта скажаш?

— Не, гэта не ён.

— Хто-ж гэта яшчэ можа быць, калі не сам гаспадар каня? Калі гэта так, тады ўсё добра. Ён мае права ездзіць на сваім кані, куды яму захочацца, хоць-бы і да самага пекла. Гэта ўжо не мая справа.

— І не мая, містэр Стумп. Як шкада, што мне гэта ў галаву Не прышло сёння раніцой.

— Чаму ты шкадуеш аб гэтым? Што здарылася сёння раніцой і чаму ты такі сумны?

— О, што здарылася сёння раніцой! Вялікае няшчасце. Вельмі вялікае няшчасце!

— Што-ж гэта такое?

— Ах, містэр Стумп, мяне збілі сёння. Гэта было праз гадзіну пасля паўдня.

— Збілі?

— Так, я бегаў ад болю па ўсёй стайні.

— О, разумею: ты хочаш сказаць, што цябе брыкнуў конь. Які-ж гэта цябе так пакрыўдзіў?

— О, не, вы памыляецеся. Гэта зрабіў не конь, а яго гаспадар. Мяне біў ботам містэр Кольхаун. Негр не зрабіў нічога дрэннага. Я толькі запытаўся ў капітана, што здарылася з яго канём у тую ноч, чаму ён прышоў такім змучаным. Ён мне сказаў, што гэта не мая справа, і тады пачаў мяне біць сваім абцасам, пасля лупіць бізуном. Пасля ён мне пагражаў. Сказаў, што калі я яшчэ калі-небудзь аб гэтым загавару, то атрымаю сотню ўдараў бізунамі. Ён лаяўся. Ох, як ён лаяў мяне! Плутон яшчэ ніколі не бачыў містэра Кольхауна такім злосным — ніколі ў жыцці!

— Дзе-ж ён цяпер? Яго нідзе не відаць сёння. Думаю, што ён нікуды не паехаў, бо гнеды-ж яго тут.

— Не, містэр Стумп, яго цяпер тут няма. Ён паехаў. Апошнія дні ён увесь час выязджае кудысьці і доўга не вяртаецца назад.

— Конна?..

— Так! Ён ездзіць цяпер на шэрым. Гнедага больш не бярэ. З тае самае ночы, аб якой мы толькі што з вамі гаварылі, ён толькі адзін раз ездзіў на ім. Магчыма, ён хоча, каб гнеды адпачыў.

— Паслухай, Плутон, — сказаў Зеб пасля некалькіх хвілін задумення, — бадай, сапраўды, будзе лепш, калі мая старая кабыла яшчэ крыху падмацуецца кукурузай. Ёй яшчэ шмат давядзецца пабегаць, і яна можа не вытрымаць. Таму няхай наесца, колькі захоча. А пакуль яна жуе, і я магу заняцца тым-жа. Збегай на кухню і паглядзі, ці не знойдзецца чаго закусіць. Кавалак халоднага мяса і лусту кукурузнага хлеба — больш нічога і не трэба. Твая гаспадыня прапаноўвала мне паабедаць, але я баяўся спазніцца і адмовіўся. А цяпер вось перадумаў — пашкадаваў сваю жывёлінку; давядзецца пачакаць. А пры ежы і мне будзе весялей.

— Я зараз збегаю, містэр Стумп, у адну секунду.

Сказаўшы гэта, Плутон пабег цераз двор на кухню. Зеб Стумп астаўся адзін на стайні.

Як толькі негр пайшоў, Зеб накіраваўся да таго месца, дзе стаяў гнеды. Жывёла спалохалася і, дрыжучы ўсім целам, прыціснулася да сцяны.

— Стой! Спакойна! Дурная ты жывёліна, — забурчаў Зеб. — Я не зраблю табе нічога дрэннага. А нораў у цябе не лепш, чым у твайго гаспадара. Ціха, я табе кажу, дай агледзець падковы.

Сказаўшы гэта, Зеб нахіліўся і паспрабаваў узяць каня за нагу.

Гэта яму не ўдалося. Конь раптам пачаў біць капытамі і фыркаць, нібы над ім хацелі сыграць злы жарт.

— Каб ты праваліўся, уродзіна! — са злосцю закрычаў Зеб. — Не можаш пастаяць хвілінку спакойна! Хто цябе збіраецца крыўдзіць? А ну, хадзі да мяне, дурная жывёліна. Я толькі хачу паглядзець, падкута ты ці не.

Зноў хацеў ён падняць капыт, але жывёла ўпарта супраціўлялася.

— Вось перашкода, якой я зусім не чакаў, — прамармытаў Зеб, аглядаючыся навокал у надзеі знайсці што-небудзь, што дапамагло-б яму перамагчы гэту цяжкасць.

«Што рабіць? Папрасіць дапамагчы негра нельга. Ён нічога аб гэтым не павінен ведаць».

Некалькі хвілін паляўнічы прастаяў у задуменні.

— Каб яно правалілася, гэтае нягоднае стварэнне! — зноў усклікнуў ён. — Хочацца проста забіць яго на месцы. А, ёсць! Прыдумаў. Толькі каб негр мне не перашкодзіў. Будзем спадзявацца, што Фларында яго затрымае. Ну, пачакай ты ў мяне, я цябе прымушу стаяць спакойна або задушу насмерць. З гэтым нашыйнікам ты не вельмі будзеш круціцца!

Зеб зняў са свайго сядла ласо, накінуў пятлю на шыю гнедаму і пацягнуў вяроўку за другі канец. Конь захроп і пачаў кідацца па стайні. Але хутка храпенне перайшло ў нейкія гукі свісту, якія ледзь выляталі з яго ноздраў.

Зеб цяпер мог спакойна падыйсці. Туга прывязаўшы канец вяроўкі, ён уважліва пачаў аглядаць кожны капыт.

Калі чарга падышла да левай задняй нагі, аказалася, што падкова на ёй была паламаная.

Паляўнічы выцягнуў свой вялізны паляўнічы нож, падсунуў яго пад падкову, зняў абломак з капыта і разам з усімі цвікамі паклаў у адну з бяздонных кішэнь свайго кафтана. Затым Зеб спрытным рухам развязаў вяроўку і даў гнедаму магчымасць свабодна дыхаць.

Праз хвіліну з‘явіўся Плутон з багатым абедам. На падносе красаваўся і графінчык з манонгахельскім віскі. Зеб адразу-ж пачаў есці.

Аднак, конюх адразу заўважыў, што з жывёлай робіцца штосьці нядобрае: гнеды стаяў, дрыжучы ўсім целам і спалохана азіраючыся навокал.

— Што-ж гэта такое з канём? — усклікнуў негр. — Нібы ён вас баіцца.

— Ах, так, — працягнуў Зеб з паказаным раўнадушшам. — Магчыма, што ён крыху пабойваецца мяне. Ён палез да маёй старой кабылы, а я за гэта сцебануў яго разок-другі вяроўкай.

Плутон быў зусім задаволены гэтым тлумачэннем, і раэмова скончылася.

— Скажы, Плутон, — зноў загаварыў Зеб, — хто падкоўвае вашых коней? Напэўна, у вас ёсць свае кавалі?

— Так, так. Жоўты Джэк падкоўвае іх. А чаму вы аб гэтым пытаецеся, містэр Стумп?

— Так, мне трэба падкаваць сваю старую кабылу. Напэўна, Джэк не адмовіцца зрабіць гэта для мяне?

— Вядома, вядома, ён зробіць гэта з вялікай прыемнасцю.

— Колькі часу, ты думаеш, спатрэбіцца на тое, каб прыбіць дзве падковы?

— Гэта зусім нядоўга, містэр Стумп, Джэк добры майстар, гэта ўсе гавораць.

— Магчыма, у яго ёсць у запасе гатовыя падковы? А ці даўно ён падкоўваў вашых коней?

— Прайшло больш тыдня з таго часу. Апошнім ён падкаваў каня міс Луізы — крапчатага мустанга. Я ўпэўнены, што ў яго ёсць гатовыя падковы. Я ведаю гэта, таму што ён збіраўся падкаваць гнедага, у якога адна падкова паламаная. Гэта здарылася дзесяць дзён таму назад. Містэр Кольхаун распарадзіўся, каб яе знялі. Якраз сёння раніцой ён гаварыў аб гэтым Джэку.

— Ведаеш, я ўсё-такі баюся, што ў мяне малавата часу, — сказаў Зеб, нібы раптоўна мяняючы свой намер. — Лепш адкладзем гэтую справу з падковай да майго звароту. Думаю, што мая старая і так абыйдзецца. Дарога па прэрыі мяккая, і ёй добра будзе бегчы…

Зеб вышаў са стайні на двор і паглядзеў на неба.

— Так, час рушыць. Ну, цяпер, галубка, досыць жаваць. Давядзецца ўзяць гэта жалезца ў зубы замест кукурузы. Вось малайчына!

Зеб надзеў аброць, ускочыў у сядло і крануў павады.