Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/LIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LII Коннік без галавы. Раздзел LIII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LIV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LIII

ЯКРАЗ СВОЕЧАСОВА

Пры гэтых словах стары паляўнічы рушыў у дарогу.

Ён гаварыў зусім правільна — нельга было траціць ні хвіліны. У той момант, калі прагучэлі гэтыя словы, чалавек, які пісаў крывёю, зноў быў у смяротнай небяспецы — на яго яшчэ раз напалі кайоты. Але не ў іх была галоўная небяспека. Яму пагражаў больш страшны вораг, які быў ужо гатовы разарваць няшчаснага.

Для чытача цяпер ужо ясна, што ранены чалавек у панаме і плашчы быў Морыс Джэральд. Пасля апісанай схваткі з кайотамі, якая шчасліва закончылася дзякуючы ўмяшанню Тары, ён адчуў страшэнную слабасць, і яму захацелася спаць.

Стомлены і супакоены, ён хутка заснуў. Сон прадаўжаўся некалькі гадзін.

Прачнуўся Джэральд на гэты раз таму, што добра выспаўся. Сілы яго былі ўжо значна адноўлены, і ён мог спакойна падумаць аб сваім становішчы.

Сабака выратаваў яго ад кайотаў. Але што-ж далей? Адданая жывёла ўсёроўна не можа пераправіць яго дадому. А аставацца тут — азначала памерці з голаду або ад атрыманых ран.

Джэральд устаў на ногі, але адчуў, што яму цяжка стаяць. Слабасць далучылася цяпер да яго іншых недамаганняў. Ён паспрабаваў зрабіць адзін-два крокі і вымушан быў зноў легчы.

У цяжкую хвіліну поўнага бяссілля ў яго прамільгнула радасная думка: «Тара можа занесці вестачку ў халупу».

— Калі-б я толькі мог прымусіць яго вярнуцца дадому! — сказаў ён і выпрабавальна паглядзеў на сабаку. — Хадзі сюды, мой добры, — прадаўжаў Морыс, звяртаючыся да бязмоўнага сябра. — Я хачу, каб ты быў маім пісьманосцам і занёс маё пісьмо. Ты разумееш? Пачакай, пакуль я напішу яго. Тады я растлумачу табе лепш. На шчасце, у мяне ёсць картка, — сказаў ён, сунуўшы руку ў кішэню. — Алоўка няма, але гэта не бяда. Чарніла тут хопіць. А замест пяра мне паслужыць шып вось гэтай агавы.

Ён падпоўз да расліны, адламаў адзін даўжэйшы шып, які тырчэў на канцы ліста, памачыў яго ў кроў аднаго з кайотаў і пачаў пісаць.

Затым ён дастаў кавалачак раменьчыка з аленяй скуры і завязаў яго на шыі сабакі. Старанна закруціўшы картку ў кавалачак цыраты, адарванай ад падкладкі панамы, ён заткнуў яе за імправізаваны нашыйнік.

Цяпер аставалася ўгаварыць сабаку выканаць абавязкі пісьманосца.

Гэта было досыць цяжка. Верны пёс, не гледзячы на свой розум, ніяк не мог зразумець, чаму ён павінен пакінуць таго, каму ён быў так шчыра адданы. Ён доўга аставаўся глухім да ўгавораў, якія гналі яго адсюль. І толькі пасля таго, як чалавек, так нядаўна ім выратаваны, з прытворнай злосцю закрычаў на яго і пабіў кастылём, — толькі пасля гэтага сабака падначаліўся і пайшоў.

Адправіўшыся ў дарогу, Тара некалькі разоў аглядаўся назад і кідаў на гаспадара позіркі, поўныя дакору.

— Бедненькі! — з жалем у голасе сказаў Морыс, калі Тара знік у зарасніках. — Гэта ўсёроўна, што пабіць сябе або самага блізкага прыяцеля. Ну, нічога, я не астануся ў яго ў даўгу. А цяпер мне трэба падумаць аб абароне ў выпадку новых нападаў кайотаў. Яны, напэўна, з‘явяцца, адчуўшы, што я астаўся адзін.

План дзеяння быў абдуманы.

Недалёка ад арэшніку стаяла дрэва з двума тоўстымі гарызантальнымі сукамі. Яны былі блізка адзін ад другога на вышыні шасці-сямі футаў над зямлёю.

Джэральд пракалоў нажом цэлы рад дзірачак у полах свайго плашча, пасля разматаў свой крэпавы шарф і разарваў у даўжыню надвое. Такім чынам атрымаліся дзве паласы па некалькі ярдаў даўжынёю. Пасля гэтага ён расцягнуў плашч паміж сукамі і прывязаў яго палоскамі шарфа на дрэве ў выглядзе гамака.

Морыс ведаў, што кайоты не ўмеюць лазіць па дрэвах і што, уладзіўшыся на гэтай вісячай пасцелі, ён можа зусім спакойна наглядаць за імі.

Ён не шкадаваў сваіх сіл, наладжваючы гэтае прыстасаванне, бо быў упэўнены, што кайоты павінны вярнуцца, І, сапраўды, ваўкі не замарудзілі паказацца. Яны падкрадваліся з апаскай. Крок-два наперад, затым спыняліся і глядзелі навокал. І зноў прасоўваліся да месца ранейшай бітвы. Пераканаўшыся, што сабакі няма, яны хутка сабраліся ўсім табуном.

Морыс стаў сведкай іх агіднай разлютаванасці, характэрнай для гэтых баязлівых жывёлін. Спачатку яны пачалі жэрці трупы сваіх загінуўшых сабратаў. Услед за тым кайоты стоўпіліся пад дрэвам, на якім размясціўся ранены.

Падвешваючы свой гамак, мустангер не спрабаваў замаскіраваць яго. Ад зямлі яго аддзяляла досыць вялікая адлегласць, і яму здавалася, што гэтым ужо забяспечана яго безапаснасць.

Як відаць, крывавы абед яшчэ больш раздражніў апетыт драпежнікаў, і яны стаялі цяпер перад дрэвам, аблізваючы свае запэцканыя крывёю морды.

Морыс амаль не звяртаў на іх увагі, нават і тады, калі баязлівыя жывёлы, падскокваючы, амаль што хапалі за яго ногі.

Аднак, была небяспека, якой ён не прадбачыў загадзя. Драпежнікі, пераканаўшыся ў бескарыснасці сваіх спроб, цяжка дыхаючы, улягліся пад дрэвам. Здавалася-б, гэта не павінна было спалохаць мустангера, паколькі ён не адчуваў небяспекі ў сваім гамаку. Ён-бы і не трывожыўся, калі-б не адчуў зноў прыступу нясцерпнай смагі, якая з кожнай хвілінай рабілася ўсё больш пакутлівай.

Яму зрабілася крыўдна за сваю нездагадлівасць: можна-ж было падумаць аб гэтым раней, перш чым узлезці на дрэва. Няцяжка было захапіць з сабою запас вады. Крыніца была тут-жа, а ўвагнутыя лісты агавы маглі паслужыць пасудай.

Але цяпер ужо было позна. Нястрымнае жаданне напіцца павялічвалася ўсё мацней і мацней. Прабрацца да крыніцы праз засаду кайотаў было немагчыма — гэта пагражала смерцю.

Пасля вялікай страты крыві смага мучыць асабліва моцна. Пакуты рабіліся нясцерпнымі. На гэты раз пакуты суправаджаліся галюцынацыямі. Здавалася, што колькасць ваўкоў павялічылася ў дзесяць разоў. Іх ужо не сотня — цэлая тысяча навадняла палянку. Яны ўсё набліжаліся і набліжаліся. Вочы іх блішчэлі страшным бляскам. Чырвоныя языкі дакраналіся да падвешанага плашча. Яны раздзіралі яго сваімі зубамі. Да Морыса даносілася іх смуроднае дыханне, калі яны падскаквалі да сукоў дрэва.

У моманты прасвятлення мустангер бачыў, што ўсё гэта было ігрой хворага ўяўлення. Ваўкі прадаўжалі спакойна ляжаць на траве, пільнуючы свайго палонніка.

У адзін з такіх момантаў Джэральд убачыў нечаканую і незразумелую перамену. Кайоты раптам усхапіліся і ўцяклі ў гушчар. Зніклі ўсе да аднаго.

Што-б магло спалохаць іх?

Крык радасці вырваўся з грудзей Морыса. Напэўна, Тара вярнуўся. Магчыма, і Фелім разам з ім. Часу-ж прайшло дастаткова: засада кайотаў прадаўжалася каля двух гадзін. Морыс нахіліўся ўніз і паглядзеў навокал. Ні сабакі, ні слугі не было відаць. Нічога, апрача галін і кустоў. Ён прыслухаўся. Ні гуку, апрача завыванняў кайотаў, якія ўсё яшчэ, здавалася, прадаўжалі адступаць. Ці не брэд гэта зноў? Што магло прымусіць іх уцякаць? Але ўсёроўна. Дарога была свабодная. Падыйсці да крыніцы цяпер можна было. Вада блішчэла перад яго вачыма. Яе бульканне лашчыла слых.

Ён спусціўся з дрэва і накіраваўся да берагу крыніцы. Але, перш чым нахіліцца да вады, Морыс яшчэ раз азірнуўся назад і ясна ўбачыў сярод зелені жоўтую плямістую скуру — ягуара. Нібы змяя, выпаўзаў ягуар з гушчы, выгінаючы сваё доўгае тонкае цела.

Цяпер было зразумела, чаму ўцяклі кайоты.

Намеры драпежніка былі таксама досыць відавочныя: ён адчуў кроў і спяшаўся да месца, дзе яна была праліта, каб падзяліць крывавы пір.

Ягуар накіраваўся да чалавека перш памалу, паўзком, пасля хутчэй і хутчэй, рыхтуючыся скочыць.

Лезці на дрэва было бескарысна: ягуар лазіць па дрэвах, як кошка. Мустангер гэта ведаў, але калі-б ён і не ведаў гэтага, усёроўна было позна ўжо. Жывёла мінавала тое дрэва, якое служыла мустангеру сховішчам, а паблізу не было другога, куды можна было-б узлезці.

Кіруемы несвядомым інстынктам, няшчасны кінуўся проста ў ваду. Але ягуар не толькі добра лазіць па дрэвах, але і плавае, як выдра. Ён таксама страшны ў вадзе, як і на сухазем‘і.

У поўнай безнадзейнасці Морыс Джэральд спыніўся, увайшоўшы ў ваду па пояс. Больш нічога не аставалася рабіць. Абараняцца не было чым: не было ні стрэльбы, ні рэвальвера, ні нажа, ні нават кастыля.

Дзікі крык вырваўся ў няшчаснага, калі плямісты звер падрыхтаваўся скочыць.

Але адначасова завыў і ягуар. І замест таго, каб кінуцца на афяру, ягуар мёртвым зваліўся ў ваду.

Нібы водгулле, у адказ на крык мустангера пачуўся другі крык і ўслед за ім стрэл, які прымусіў завыць ягуара.

Вялізны сабака рынуўся праз зараснікі і скочыў у ваду. Чалавек гіганцкага росту хутка набліжаўся да берага. Другі, невялікага росту, ехаў за ім, напаўняючы паветра крыкамі ўрачыстай радасці.

Гэтыя гукі здаліся раненаму хутчэй зданнёвымі, чым рэальнымі. Усе перажытыя жахі былі занадта доўгімі і занадта цяжкімі пакутамі для яго нервовай сістэмы. Морыс Джэральд не вытрымаў такога напружання — яго ахапіў прыступ гарачкі. Хворы хацеў задушыць свайго вернага сабаку, які лашчыўся да яго, і адбіваўся ад моцных абдымкаў сябра, які спрабаваў вынесці яго з вады.