Коннік без галавы (1941)/LII
← Раздзел LI | Коннік без галавы. Раздзел LII Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел LIII → |
Раздзел LII
ПРАБУДЖЭННЕ
Другі сон Феліма цягнуўся даўжэй за першы. Ужо блізіўся паўдзень, калі ён, нарэшце, прачнуўся, і то не па сваёй волі, а ад вядра халоднай вады, выплеснутай яму проста ў твар. Гэта працвярэзіла яго не горш, чым відовішча чырвонаскурых дзікуноў.
Зеб Стумп наладзіў яму гэты душ.
Выехаўшы з варот Каса-дэль-Карво, стары паляўнічы накіраваўся самым кароткім шляхам да выток ракі Нуэсес. Ён ехаў па добра вядомай яму сцежцы.
З таго, што яму сказала Луіза Пойндэкстэр, стары паляўнічы зразумеў, што Морыс Джэральд у вялікай небяспецы. Стумп стараўся ўнікаць сустрэчы з атрадамі Пойндэкстэра і спяшаўся прыехаць на Аламо да іх.
Ён ведаў, што калі ён сустрэнецца з рэгулятарамі, то хочаш-не-хочаш яму давядзецца паказаць дарогу да жылля мяркуемага забойцы.
На некаторай адлегласці ад халупы, ужо ў зарасніках нізкага берага Аламо, Стумп прывязаў каня і прадаўжаў шлях пехатою.
Дзверы, абцягнутыя скурай мустанга, былі зачынены, але пасярод іх зіяла дзірка. Што гэта магло азначаць?
Гэта прымусіла паляўнічага быць яшчэбольш асцярожным. Нячутнымі крокамі абышоў ён халупу і, прабіраючыся пад прыкрыццем дрэў, дайшоў да паветкі, стаў на калені і пачаў прыслухоўвацца.
З хакале пачулася гучнае дыханне, суправаджаемае перарывістым храпеннем. Зеб Стумп зазірнуў у шчыліну і ўбачыў спячага на падлозе Феліма.
Цяпер асцярожнасць была лішняй. Паляўнічы падняўся на ногі і, зноў абышоўшы халупу, увайшоў праз дзверы. Яны не былі замкнуты. Ён не стаў будзіць Феліма.
«Рэчы складзены ў дарогу. А! Успамінаю: малады ірландзец гаварыў, што збіраецца днямі выехаць адсюль. Гэты-ж малайчына не проста спіць, а мярцвецкі п‘яны. Цікава, ці пакінуў ён хоць кроплю выпіўкі. Наўрад. А вось і бутля без корка валяецца на баку, побач і фляга — таксама пустая. Чорт-бы пабраў гэтага п‘яніцу, — ён-жа здольны паглынуць не менш вадкасці, чым уся крэйдавая прэрыя!.. Іспанскія карты! Цэлая калода валяецца на падлозе. Што ён мог рабіць з імі? Напэўна, выпіваючы, раскладваў пас‘янс. Але хто прарэзаў дзірку ў дзвярах і адкуль гэта шчыліна ў сцяне? Напэўна, ён мне зможа растлумачыць. Разбуджу яго і запытаюся».
— Фелім! Фелім!
Фелім не адказваў.
— Фелім, гэта я! Фелім!
Адказу зноў не было. Не гледзячы на тое, што другі раз паляўнічы закрычаў з такой сілай, што голас яго быў, напэўна, чуваць на поўмілі, Фелім прадаўжаў спакойна спаць. Зеб пачаў трэсці п‘яніцу з усёй сілы; у адказ пачулася толькі нейкае мармытанне, але яно зараз-жа перайшло ў ранейшае раскацістае храпенне.
«Калі-б не яго храпенне, я падумаў-бы, што ён памёр. Але што ён страшэнна п‘яны, у гэтым няма сумнення. Як-жа прывесці яго ў прытомнасць?»
Позірк старога паляўнічага спыніўся на вядры, якое стаяла у кутку. Яно было поўнае вады. З усмешкай Зеб падняў вядро і плюхнуў ваду проста ў фізіяномію соннаму.
Гэта дало жадаемыя рэзультаты. Фелім прачнуўся, хоць яшчэ і не працверазіўся.
Паток усклікаў, які вырваўся з яго вуснаў, зліўся з вясёлым рогатам старога паляўнічага.
Нарэшце, абодва супакоіліся і маглі пачаць сур‘ёзную размову.
Не гледзячы на ап‘яненне, Фелім усё яшчэ знаходзіўся пад уплывам перажытай жудасці. Бесцырамонны жарт Зеба не выклікаў у ім крыўды — ён быў рад, што мог, нарэшце, падзяліцца з кім-небудзь сваімі ўражаннямі. Зеб упершыню пачуў ад яго аб дзіўным конніку без галавы.
Спачатку Зеб высмеяў Феліма. Ён назваў гэта проста «ігрой уяўлення» старога п‘яніцы. Аднак, ён быў азадачаны, калі Фелім прадаўжаў настойваць, што гэта было сапраўды фактам.
— Ну, якая-ж гэта магла быць памылка! — пярэчыў ірландзец. Хіба я не бачыў містэра Морыса таксама ясна, як цяпер бачу вас? Бачыў усё, за выключэннем галавы. Але і галаву я пасля ўбачыў, калі ён павярнуў каня. Ды апрача таго, на ім было яго мексіканскае серапэ і боты са скуры ягуара. А як я мог не пазнаць яго прыгожага каня? Здаецца, я забыўся яшчэ сказаць, што і Тара пайшоў за ім. А пасля я чуў, як ён роў на індзейцаў.
— Індзейцы? — усклікнуў паляўнічы, недаверліва ківаючы галавой. — Індзейцы, якія іграюць іспанскімі картамі?
— Вы думаеце, што гэта былі не індзейцы?
— Няважна, што я думаю. Цяпер няма часу разважаць. Прадаўжай, расказвай усё, што ты бачыў і чуў.
Калі Фелім, нарэшце, скончыў сваё апавяданне, Зеб не стаў больш задаваць пытанняў. Ён вышаў з халупы і расцягнуўся на траве.
Яму хацелася разабрацца ў сваіх думках: расказ Феліма яшчэ больш заблытваў абстаноўку ўсёй справы.
Да гэтага часу вядома было толькі аб знікненні Генры Пойндэкстэра, цяпер-жа карціна ўскладнялася яшчэ тым, што мустангер не вярнуўся дадому, не гледзячы на тое, што павінен быў прыехаць, са слоў слугі, яшчэ напярэдадні раніцой.
Яшчэ больш таямніча гучэў дзіўны расказ аб тым, што мустангер з‘яўляўся ў вобразе конніка без галавы, або з галавою, якую трымаў у руцэ. Гэта магло быць толькі нейчай прадзелкай.
Дзіўна, вядома, займацца такімі жартамі ў момант, калі толькі што зроблена забойства і палова насельніцтва сетлмента шукае забойцу. Гэта было тым больш дзіўна, што вінавайцам злачынства лічылі ні каго іншага, як іменна Морыса Джэральда.
Перад Зебам Стумпам раскрывалася карціна нейкага дзіўнага счаплення акалічнасцей або, правільней, нейкага награмаджэння падзей. Здарэнні без бачных прычын, прычыны без бачных вынікаў, злачынствы без зразумелых пабуджэнняў. Штосьці таямнічае, незразумелае…
Начное спатканне паміж Морысам Джэральдам і Луізай Пойндэкстэр, сварка з братам як вынік гэтага спаткання, ад‘езд Морыса ў прэрыю, Генры, які адправіўся наўздагон, каб прасіць у Джэральда прабачэння, — усё гэта зусім натуральна і зразумела. Але далей пачыналіся блытаніна і супярэчнасці.
Зеб Стумп ведаў прыхільнасць Морыса Джэральда да Генры Пойндэкстэра. Неаднаразова Морыс гаварыў аб Генры Пойндэкстэры і ніколі не выяўляў і ценю варожасці, наадварот, заўсёды захапляўся надзвычайнымі якасцямі гэтага юнака. Здагадка, што Морыс мог раптам ператварыцца з прыяцеля юнака ў яго забойцу, здавалася, вельмі непраўдападобнай.
Не гледзячы на незвычайную яснасць розуму, Зеб Стумп не мог знайсці разумную разгадку гэтай складанай драмы. Адзіна, у чым ён не сумняваўся, — гэта ў тым, што чатыры коннікі, якія, на яго думку, не былі індзейцамі, зрабілі набег на халупу мустангера. Магчыма, што яны былі неяк звязаны з учыненым забойствам. Аднак, з‘яўленне гэтых людзей у хакале і адсутнасць яе гаспадара навялі Стумпа на яшчэ больш сумныя меркаванні. Яму здавалася цяпер, што забіты быў не адзін чалавек і што ў лясных зарасніках варта шукаць два трупы.
Пры гэтай думцы цяжкі ўздых вырваўся з грудзей старога паляўнічага. Ён палюбіў маладога ірландца амаль бацькаўскай любоўю. І думка, што Морыс Джэральд па-здрадніцку забіты ў цёмных зарасніках і што цела яго клююць каршуны і разрываюць кайоты, рабіла старому нясцерпны боль. І чым больш ён удумваўся, тым глыбей уздыхаў. Нарэшце, не могучы ўжо знаходзіцца пад гэтым пакутлівым прыгнётам, Стумп усхапіўся на ногі і пачаў хутка хадзіць узад і ўперад. Ён рашыў адпомсціць.
Стары паляўнічы быў так захоплены сваімі горкімі перажываннямі, што не заўважыў, як міма яго прабег вялікі сабака мустангера.
Фелім радасным крыкам вітаў зварот сабакі. Зеб Стумп аставаўся раўнадушным да гэтага да таго часу, пакуль не пачуў гучнага выкліку, звернутага да яго:
— О, містэр Стумп, паглядзіце на Тару. Глядзіце, у яго на шыі штосьці прывязана. Гэтага не было, калі ён пабег. Як вы думаеце, што гэта такое?
Сапраўды, на шыі сабакі быў раменьчык з аленяй скуры. Але пад ім яшчэ нешта тырчэла — нейкі маленькі скрутачак.
Зеб выцягнуў паляўнічы нож і нахіліўся да сабакі; той у сполаху пачаў адступацца назад, але пасля, пераканаўшыся, што тут не было благога намеру, дазволіў падыйсці да сябе.
Раменьчык быў разрэзаны, скрутачак расхінуты — у ім была картка.
На картцы было надрукавана імя і было штосьці напісана ад рукі, як быццам чырвоным чарнілам, правільней — крывёю.
Зеб пачаў чытаць. Ён досыць хутка разабраў, што было напісана ў пісьме. Ён з палёгкай уздыхнуў.
— Ён жывы, Фелім! Ён жывы! Паглядзі на гэта. Э, ды ты-ж непісьменны! Дзякуй старэнькаму настаўніку, што навучыў мяне чытаць. Але ўсёроўна! Ён жывы! Ён жывы!
— Хто? Містэр Морыс? Трэба падзякаваць богу!
— Пачакай! Цяпер для гэтага няма часу. Дастань коўдру і папругі. Зрабі гэта, пакуль я схаджу па сваю кабылу. І хутчэй! Нельга траціць ні хвіліны, інакш будзе позна!