Коннік без галавы (1941)/LIV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LIII Коннік без галавы. Раздзел LIV
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LIV

ПАЛАНКІН ПРЭРЫІ

Гэта Зеб Стумп прышоў на выручку мустангера. Слухаючыся ўказанняў запісачкі, стары паляўнічы спяшаўся, як толькі мог, каб хутчэй прыбыць на месца спаткання.

Ён падаспеў якраз своечасова, у той самы момант, калі ягуар рыхтаваўся скочыць. На шчасце, Зеб ужо быў на адлегласці ружэйнага стрэлу.

Куля, якая прабіла сэрца лютага звера, не спыніла прыжка, але гэта быў апошні прыжок драпежніка.

Стары паляўнічы кінуўся ў ваду.

Але тут яго самога чакаў напад. Не кіпцюры ягуара ўчапіліся ў яго, а рукі чалавека, якога ён толькі што выратаваў ад смерці.

На шчасце Зеба, нож мустангера астаўся на зямлі, але непрытомны кінуўся душыць свайго выратоўцу. Зеб адкінуў стрэльбу і адбіў нечаканы напад. Барацьба прадаўжалася досыць доўга. Нарэшце, Зебу ўдалося схапіць маладога ірландца на рукі і занесці на бераг.

Але як толькі хворы адчуў сябе вызваленым, ён усхапіўся з месца і пабег да арэшніка з такой хуткасцю, нібы хворая нага не трывожыла яго больш.

Паляўнічы адгадаў намер непрытомнага. Ён заўважыў лязо нажа, якое блішчэла на плашчы. Мустангер бег па нож. Зеб кінуўся за непрытомным і, яшчэ раз схапіўшы яго, адцягнуў ад дрэва.

— Хутчэй, Фелім! — закрычаў Зеб. — Схавай гэтую штуку. Хлапец страціў прытомнасць. Ён увесь гарыць. У яго гарачка.

Фелім неадкладна паслухаўся.

Але барацьба ўсё-ж не скончылася. Хворы кінуўся з кулакамі на свайго выратоўцу. Ён моцна крычаў, пагражаў, яго вочы бегалі і гарэлі дзікім агнём. На працягу дзесяці хвілін прадаўжалася бойка. Нарэшце, зусім знясілены, Джэральд апусціўся на траву і, пасля некалькіх уздрыгванняў, якія суправаджаліся глыбокімі ўздыхамі, зусім сціх. Здавалася, што апошняя іскра жыцця згасла ў ім.

Фелім пачаў галасіць над ім.

— Перастань раўці, пракляты дурань! — закрычаў Зеб. — Аднаго твайго выцця дастаткова, каб душа рассталася з целам. Ён такі-ж мёртвы, як і ты, — гэта непрытомнасць. Мяркуючы па тым, як ён распраўляўся са мною, як відаць, тут нічога сур‘ёзнага няма.

Фелім, узрадаваны тым, што гаспадар жывы і што, больш за тое, жыццю яго небяспека не пагражае, раптам перайшоў ад сумнай роспачы да радасці, якая выявілася ў нейкіх камічных скоках.

Яго радасная ўзрушанасць падзейнічала і на Тару. Ён кружыўся каля Феліма, далучаючыся да яго шалёнага ірландскага танца.

Зеб не звяртаў увагі на гэтае камічнае прадстаўленне. Яшчэ раз нахіліўся над хворым. Пераканаўшыся, што небяспечных ран няма, Зеб Стумп устаў і пачаў разглядаць рэчы, што валяліся на зямлі. Затым ён звярнуў увагу на панаму, якая ўсё яшчэ аставалася на галаве мустангера.

Капелюшы з гаяквільскай травы, няправільна называемыя панамамі, былі шырока распаўсюджаны на ўсім поўдні, таксама як у Техасе. Але паляўнічы ведаў, што малады ірландзец прывык насіць мексіканскае самбрэро — галаўны ўбор зусім іншага тыпу. Магчыма, што мустангер на гэты раз здрадзіў свайму звычаю. Зебу здалося, што ён ужо бачыў на некім іменна гэты капялюш. Зазірнуўшы ўнутр панамы, паляўнічы заўважыў два кляймы — адно фабрыканта гэтых капелюшоў, другое, напісанае ад рукі: «Генры Пойндэкстэр».

Цяпер ён пачаў даследаваць плашч. На ім Стумп таксама ўбачыў прыкметы, якія даказвалі прыналежнасць плашча таму-ж уласніку.

— Чорт ведае, што ўсё гэта азначае! — прамармытаў стары, гледзячы ў зямлю і глыбока задумаўшыся. — Капелюшы не на сваіх галовах, галовы не на сваіх месцах! Дапраўды, тут штосьці нячыста. Калі-б я толькі не адчуваў болю пад левым вокам ад удару гэтага малайца, я не ўпэўнены, бадай, ці на месцы мая ўласная чарапная каробка. Ад яго чакаць тлумачэнняў цяпер не даводзіцца, — дадаў Зеб, паглядаючы на Морыса. — Хіба толькі пасля таго, як ён пераспіць сваю гарачку. Але калі гэта будзе — хто ведае?

— Добра, — прадаўжаў паляўнічы пасля некаторай паузы. — Тут аставацца няма чаго. Нам трэба даставіць хворага ў халупу, а для гэтага трэба падумаць, як пераправіць яго туды.

— Гэты ўсёроўна нічога не прыдумае, — сказаў Зеб, зірнуўшы на Феліма, занятага размовай з Тарай. — У сабакі, як відаць, больш розуму, чым у яго. Ну, нічога. Давядзецца і яму папрацаваць. Што-ж тут зрабіць? Трэба было-б змайстраваць насілкі. Можна зрабіць іх з пары шастоў і або коўдры, якую ўзяў з сабою Фелім. Так, зусім правільна. Іменна насілкі — якраз тое, што нам цяпер патрэбна.

Цяпер ірландзец быў пакліканы на дапамогу.

Зрэзалі і абстругалі два дрэўцы, кожнае каля дзесяці футаў даўжынёй, дадалі яшчэ два, карацейшых, для папярочных перакладзін. На іх рацягнулі спачатку коўдру, а наверх — плашч. Такім чынам, імправізаваныя насілкі былі гатовы. Прадбачачы магчымасць новага шалёнага прыступу, Зеб Стумп рашыў прывязаць хворага да насілак.

Не два чалавекі, як гэта звычайна бывае, неслі гэтыя насілкі. Справа была арганізавана інакш: пярэднія канцы шастоў былі ўмацаваны на кані, а ззаду насілкі падтрымліваў чалавек.

Да гэтай ролі быў прызначан Фелім.

Зеб ішоў наперадзе ў якасці важатага.

У гэтым імправізаваным паланкіне Морыс Джэральд быў дастаўлены ў сваю халупу.

* * *

Ужо спусцілася ноч, калі гэта дзіўная працэсія прыбыла да хакале мустангера.

Дужыя рукі паляўнічага асцярожна перанеслі хворага з насілак на яго ложак у халупе.

Джэральд не разумеў, дзе ён знаходзіцца, і не пазнаваў свайго сябра Зеба, які нахіліўся над ім. Яго думкі ўсё яшчэ блукалі, хоць ён больш ужо не вар‘яцеў. Надышоў перыяд зацішша.

Хворы не маўчаў, але і не адказваў на ласкавыя пытанні, звернутыя да яго; з яго вуснаў вырываліся нейкія загадачныя выкрыкі.

Сябры мустангера перавязалі яму раны, як змаглі, але больш нічога зрабіць было нельга. Трэба было чакаць раніцы.

Зеб распарадзіўся, каб Фелім пайшоў спаць, а сам астаўся ля пасцелі хворага.

У старога паляўнічага былі свае меркаванні адносна гэтага. Яму не хацелася, каб брэд хворага чуў хто-небудзь, апрача яго, нават Фелім. І ён прасядзеў цэлую ноч ля пасцелі хворага і лавіў кожнае яго слова.

Зебу Стумпу не дзіўна было чуць, як хворы ў сваіх любоўных клятвах паўтараў увесь час імя Луізы. Але і другое імя часта вырывалася з вуснаў хворага. І з ім была звязана менш прыемная для слыху гаворка.

Гэта было імя брата Луізы.

Нейкія няскладныя, жудасныя, бяссэнсныя словы суправаджалі гэта імя.

Зеб Стумп сядзеў і параўноўваў усё чутае з ужо вядомымі яму фактамі, і, калі надышла раніца, ён ужо не сумняваўся ў тым, што Генры Пойндэкстэр нежывы.