Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/LI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел L Коннік без галавы. Раздзел LI
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел LII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел LI

ДВОЙЧЫ П‘ЯНЫ

Вернемся зноў у адзінокую халупу на Аламо, так раптоўна пакінутую карцёжнікамі, якія размясціліся пад яе дахам у часе адсутнасці гаспадара.

Набліжаўся поўдзень наступнага дня, а гаспадар усё яшчэ не вяртаўся. Фелім па- ранейшаму быў адзіным жыхаром халупы. Па-ранейшаму ён ляжаў п‘яны, расцягнуўшыся на падлозе.

Каб растлумачыць усё, трэба расказаць, што адбылося далей у тую ноч, калі ігракі ў monté так раптоўна пакінулі халупу.

Відовішча трох чырвонаскурых дзікуноў, што размясціліся вакол стала ў азарце картачнай ігры, працвярэзіла Феліма больш, чым сон.

Што было далей, ён ясна сабе не ўяўляў. Памятаў толькі, што трое расфарбаваных індзейцаў раптам спынілі ігру, шпурнулі карты на падлогу, усталі перад ім з кінжаламі ў руках, пагражаючы яго жыццю. Пасля раптам павярнуліся спіною і разам з чацвертым індзейцам, які прышоў па іх, спяшаючыся вышлі з халупы.

Усё гэта адбылося на працягу якіх-небудзь дваццаці секунд. І калі ён апамятаўся ад страху, то ў хакале ўжо нікога не было.

Спаў ён ці не? П‘янымі вачыма ён бачыў усё гэта ці ў сне? Ці было гэта рэальнасцю ці якой-небудзь новай, незразумелай для яго розуму з‘явай, падобнай да той, якая да гэтага часу стаяла ў яго памяці?

Не, гэта не магло быць зданню. Ён бачыў дзікуноў занадта блізка, каб памыліцца ў тым, што яны былі сапраўднымі людзьмі. Ён чуў, як яны размаўлялі на незразумелай для яго мове. Больш за тое, яны-ж пакінулі на падлозе свае карты.

Фелім і не падумаў падняць хоць-бы адну з іх, каб пераканацца, ці сапраўдныя яны. Ён быў у дастаткова цвярозым стане, але проста ў яго нехапіла для гэтага мужнасці. Хіба мог ён быць упэўненым, што гэтыя дзіўныя карты не апякуць яму пальцаў? Адкуль ведаць, яны-ж маглі належаць самому чорту!

Не гледзячы на зблытанасць думак, Фелім усё-ж зразумеў, што аставацца ў халупе небяспечна. Прыбраныя ігракі могуць вярнуцца, каб прадаўжаць ігру. Яны пакінулі тут не толькі свае карты, але і ўсю маёмасць хакале. Праўда, штосьці важнае прымусіла іх раптам пайсці адсюль, але таксама раптоўна яны могуць і вярнуцца.

Пры гэтай думцы ірландзец рашыў дзейнічаць. Патушыўшы свечку, каб ніхто не бачыў, што ён робіць, ён, крадучыся, вышаў з халупы. Праз дзверы ён не асмеліўся выйсці. Месяц ярка асвятляў пляцоўку перад домам. Дзікуны маглі быць дзе-небудзь паблізу. Ён сарваў конскую скуру са сцяны і праціснуўся ва ўтварыўшуюся шчыліну. Апынуўшыся на дварэ, Фелім прашмыгнуў пад цень дрэва.

Ён не паспеў яшчэ далёка адыйсці, калі заўважыў наперадзе ў сябе некалькі цёмных прадметаў. Пачуліся гукі, нібы коні жавалі траву; час ад часу далятаў удар капытоў. Фелім спыніўся і схаваўся за ствол кіпарыса.

Хутка ірландзец пераканаўся, што гэта сапраўды коні. Няма сумнення, што яны належалі тым чатыром воінам, якія ператварылі халупу мустангера ў ігарны дом. Як відаць, коні былі прывязаны да дрэў, — але-ж маглі быць каля іх і гаспадары.

Пры гэтай думцы Фелім хацеў павярнуць ужо і пайсці ў іншым напрамку. Але ў гэты момант ён пачуў галасы, якія даляталі з супроцьлеглага боку, — гэта было некалькі мужчынскіх галасоў, якія пагражалі некаму. Пасля пачуліся адрывістыя ўсклікі сполаху, за імі брэх сабакі. Затым наступіла цішыня, парушаемая толькі трэскам ламаўшыхся галін, нібы некалькі чалавек ратаваліся, у паніцы ўцякаючы праз лясныя зараснікі.

Фелім прадаўжаў прыслухоўвацца: людзі набліжаліся да кіпарыса. Праз некалькі секунд яны былі ўжо каля сваіх коней і, не спыняючыся, ускочылі ў сёдлы і паехалі.

Калі чатыры ўцекачы трапілі ў паласу святла месяца, Фелім выразна ўбачыў яркачырвоную афарбоўку іх голых цел. Ён пазнаў у іх чатырох індзейцаў, якія былі ў халупе мустангера.

Фелім не крануўся з месца да таго часу, пакуль па гуку далятаўшага тупату не вызначыў, што коннікі падняліся па крутым адкосе на раўніну і паімчаліся хуткім галопам па прэрыі.

Тады ён вышаў са сваёй засады і, пляснуўшы рукамі, усклікнуў:

— Святы Патрык! Што-ж гэта можа азначаць? Што гэтым чарцям тут патрэбна? І хто ўздумаў гнацца за імі? Але, відаць, хтосьці іх здорава напалохаў. Цікава, магчыма, гэта той самы? Клянуся, што гэта так. Я чуў, як брахаў сабака, а ён-жа пабег за ім. О, госпадзі, што гэта такое? А раптам ён, у пагоні за імі, накіруецца ў гэты бок?

Боязнь зноў сустрэцца з загадачным коннікам прымусіла Феліма схавацца за дрэва. У стане трэпетнага чакання ён прастаяў там яшчэ некаторы час.

«Нарэшце, гэта, напэўна, толькі жарт містэра Морыса. Яму захацелася напалохаць мяне. Ён вяртаўся дадому. Добра, што падаспеў якраз своечасова і напалохаў чырвонаскурых. Яны збіраліся аграбіць і забіць нас. Напэўна, гэта так і ёсць. Прайшло, напэўна, ужо шмат часу. Памятаю, што выпіў я парадкам. А цяпер як быццам нічога і не бывала. А вось што цікава: ці не ўбачылі індзейцы маёй бутлі? Я чуў, што яны любяць гэты напітак не менш за нас, белых. Божа, калі яны толькі пачулі пах, там-жа, напэўна, і кроплі не асталося! Трэба на хвіліначку вярнуцца і праверыць. Іх баяцца няма чаго. Мяркуючы па тым, як яны паімчаліся, і след іх ужо даўно прастыў».

Выбраўшыся са сваёй засады, Фелім накіраваўся да халупы. Ён прабіраўся з апаскай, некалькі разоў спыняўся, каб праверыць, ці няма каго паблізу? Не гледзячы на выдуманую для свайго супакаення гіпотэзу, Фелім усё-ж баяўся яшчэ раз сустрэцца з коннікам без галавы. Аднак, жаданне выпіць заглушала страх, і Фелім хоць і не рашуча, але ішоў наперад. Нарэшце, ён ціхенька ўвайшоў у халупу.

Святла ён не запаліў — у гэтым не было неабходнасці. Знайсці бутлю вобмацкам для яго не было цяжка: ён вельмі добра ведаў меёсца, дзе яна стаяла.

Але ў заветным кутку бутлі не было.

— Чорт-бы іх пабраў! Падобна, што яны да яе дабраліся! Інакш чаму яе няма на месцы? Я паставіў яе туды. Вельмі добра памятаю, што паставіў яе на сваё месца.

— Ах, вось ты дзе, мая каштоўнасць! — прадаўжаў ён, калі, нарэшце, намацаў прадмет сваіх пошукаў. — Ах, жывёліны, ды яны-ж асушылі яе! Каб на тым свеце чэрці прыпяклі гэтых чырвонаскурых зладзеяў! Няхай ім пакажуць, як красці віно ў спячага чалавека! Ай-ай! Што-ж мнё цяпер рабіць — зноў класціся спаць? Але хіба заснеш з думкамі аб іх і аб тым, другім? Напэўна без выпіўкі я не знайду сабе спакою. А ні кроплі-ж не асталося. Пачакай! Святы Патрык! Успомніў! Поўная фляга. Я яе ў куфэрак схаваў. Напоўніў да самага рылца, каб даць містэру Морысу ў дарогу, калі ён ў апошні раз збіраўся у сетлмент. І ён-жа, здаецца, забыўся яе ўзяць з сабою. Не дай бог, калі толькі індзейцы дабраліся сваімі бруднымі лапамі і да яе, — я тады звар‘яцею!

— Ура! — закрычаў Фелім пасля некаторага маўчання, у часе якога чуваць было, як ён капаўся ў куфэрку. — Вось шчасце, чырвонаскурыя не здагадаліся сюды зазірнуць! Фляга поўная — ніхто і не дакрануўся да яе!

Пасля гэтай шчаслівай вынаходкі ў цемені халупы пачаліся скокі абрадаванага ірландца.

Пасля надышла цішыня, затым пачулася бульканне вадкасці.

Праз некаторы час гэты гук змяніўся чмоканнем губ, усклікамі прыемнасці.

Зноў пачулася бульканне, зноў чмоканне, і так па чарзе да таго часу, пакуль, нарэшце, не пачуўся гук зваліўшайся на падлогу пустой флягі.

А затым п‘яныя выкрыкі чаргаваліся з урыўкамі п‘янай песні, дзікім рогатам і няскладнымі разважаннямі аб чырвонаскурых індзейцах і безгаловым конніку. Зноў і зноў, але ўсё цішэй і цішэй паўтараліся тыя-ж словы аб перажытых жахах, пакуль, нарэшце, не змяніліся бесперапынным гучным храпеннем дарэшты ап‘янеўшага прамоўцы.