Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/VIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел VII Коннік без галавы. Раздзел VIII
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел IX

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Раздзел VIII

ТЫСЯЧАНОЖКА

Пасля расправы са змяёй усё супакоілася. Выццё сабакі спынілася разам з крыкамі Феліма. Мустангі зноў спакойна стаялі пад ценем дрэў.

У халупе ўсё было ціха, і толькі час ад часу чуваць было, як ёрзаў гальвеец на падсцілцы са скуры мустанга, не верачы больш У абарону кабрыэсто.

І за сцяною халупы ціха. Толькі адзін гук парушае цішыню. Гэта нешта сярэдняе паміж шыпеннем кракадзіла і кваканнем лягушкі. Аднак, паколькі гэты гук вылятае з ноздраў Зеба Стумпа, наўрад ці ён можа быць чым-небудзь іншым, апрача як храпеннем заснуўшага паляўнічага.

Амаль цэлую гадзіну цягнецца гэты канцэрт.

— Ратуйце! — закрычаў нечакана гальвеец, разбудзіўшы не толькі свайго гаспадара ў халупе, але і госця на паляне. — Святая дзева! Заступніца безабароннай нявіннасці! Выратуй мяне! Выратуй мяне!

— Выратаваць цябе, ад чаго? — запытаўся Морыс Джэральд, яшчэ раз усхапіўшыся са свайго ложка і наспех запальваючы святло. — Што здарылася?

— Другая змяя, ваша міласць. Ох! Дапраўды, эта была гадзюка, горшая за тую, якую забіў містэр Стумп. Яна пакусала мне ўсе грудзі. Я адчуваю, як у мяне ўсё цела гарыць, нібы мяне абпалілі гарачым жалезам.

— Чорт-бы цябе пабраў! — закрычаў Зеб Стумп, паказаўшыся ў дзвярах з коўдрай на плячы. — Другі раз будзіш мяне, дурань! Прабачце мне, містэр Джэральд. Мне здаецца, што дурняў ва ўсіх краінах дастаткова, у Амерыцы таксама, як і ў Ірландыі, але такога ідыёта, як ваш, я яшчэ нідзе не сустракаў. Гэта — проста няшчасце! Я не ведаю, ці ўдасца нам сёння заснуць, хіба толькі пасля таго, як мы яго выкупаем у рацэ.

— Ох, містэр Стумп, дарагі, не гаварыце так. Клянуся вам абодвум, што тут — зноў змяя. Я ўпэўнены, што яна яшчэ ў халупе. Толькі хвіліну таму назад я адчуваў, як яна паўзла па мне.

— Гэта табе прыснілася, напэўна, — адказаў спагадлівым і больш даверлівым тонам. — Я гавару табе, што ніводная цехаская змяя не перапаўзе цераз кабрэсто. Першая змяя напэўна ўжо была ў халупе, перш чым ты паспеў пакласці ласо. Не падобна, каб дзве адразу маглі апынуцца тут. Між іншым, гэта няцяжка пазнаць.

— Ох, выратуйце! — крычаў ірландзец, зрываючы з сябе рубашку. — Вось ён, след змяі, якраз на рэбрах. Хіба не мая праўда? О, міласэрдная дзева, што будзе са мною? Я гару, як у агні.

— Змяя! — усклікнуў Стумп, набліжаючыся да перапалоханага гальвейца і трымаючы над ім свечку. — Змяя, на самай справе. Клянуся пеклам, гэта не змяя. Гэта горш за змяю!

— Горш за змяю? — усклікнуў Фелім у роспачы. — Горш, вы сказалі, містэр Стумп? Вы думаеце, што гэта небяспечна?

— Як табе сказаць? Усё залежыць ад таго, ці знайду я паблізу лякарства. Калі-ж не, то я не адказваю…

— О, містэр Стумп, не палохайце мяне!

— У чым справа? — запытаў Морыс, які з першага-ж позірку заўважыў на грудзях Феліма яркачырвоную паласу. — Што-ж гэта нарэшце? — запытаў ён з узрастаючым неспакоем, калі заўважыў, якім сканцэнтраваным позіркам паляўнічы разглядаў дзіўныя сляды. — Я нічога падобнага не бачыў. Гэта выклікае ў вас трывогу?

— Вялікую, містэр Джэральд, — адказаў Стумп, ведучы з сабою мустангера за дзверы халупы і размаўляючы шэптам, каб не пачуў Фелім.

— Але што-ж гэта такое? — усхвалявана перапытаў Морыс.

— Гэта прапаўзла тысячаножка.

— Ядавітая тысячаножка? Няўжо яна ўкусіла яго?

— Не, я не думаю. Але гэтага і нне патрэбна. Хопіць і таго, што тысячаножка прапаўзла, — гэта смяротна.

— Нябесныя сілы! Няўжо гэта так небяспечна?

— Так, містэр Джэральд. Не раз я быў сведкай, як добрыя людзі адпраўляліся на той свет з такой паласой. Калі не ўжыць мер, і да таго-ж тэрміновых, у яго пачнецца страшэнная гарачка, а пасля ён страціць прытомнасць, усёроўна як пасля ўкусу шалёнага сабакі. Не варта, аднак, палохаць яго, пакуль я не высветлю, што можна зрабіць. У гэтых краях сустракаецца адна расліна. Калі мне ўдасца хутка яе знайсці, тады вылечыць Феліма будзе няцяжка. На няшчасце, схаваўся месяц, і мне прыдзецца шукаць вобмацкам. Я ведаю, што на абрыве шмат гэтага зелля. Вы ідзіце назад і супакойце хлапца, а я пагляджу, што мне ўдасца зрабіць. Праз хвілінку я вярнуся.

Размова, якая адбывалася шэптам і прытым за дзвярыма халупы, замест таго каб супакоіць Феліма, прывяла яго ў панічны стан.

Не паспеў стары паляўнічы адправіцца на пошукі лекавай расліны, як гальвеец з яшчэ больш дзікімі енкамі, чым раней, выбег з халупы. Морыс доўга правазіўся, пакуль яму ўдалося супакоіць свайго слугу.

Некалькі хвілін пасля ў дзвярах зноў з‘явіўся Зеб Стумп. Выражэнне яго твара адразу ўзрадавала прысутных: ясна было, што лячэбная расліна знойдзена. У правай руцэ паляўнічы трымаў некалькі авальных лісцяў цёмназялёнага колеру, роўнамерна ўсаджаных вострымі шыпамі.

Морыс пазнаў у іх лісты добра знаёмай яму расліны, вядомай пад назвай Cactus Oregano.

— Не бойся, містэр Фелім, — сказаў стары паляўнічы, пераступаючы парог халупы, — цяпер нічога страшнага няма. Я дастаў кветачку, якая хутка выцягне ўвесь жар з тваёй крыві. Спыні сваё выццё, кажуць табе! Ты разбудзіў усіх птушак, звяроў і паўзуноў на дваццаць міль уверх і ўніз па рацэ. Калі ты будзеш прадаўжаць гэтак і далей, сюды збягуцца ўсе каманчы, а гэта, бадай, будзе горш, як тысячаножка. Містэр Джэральд, прыгатуйце павязку, пакуль я буду прэпарыраваць расліну.

Паляўнічы перш за ўсё зняў нажом шыпы. Абабраўшы затым скурку, ён нарэзаў кактус тоўстымі кавалкамі і пакрыў імі ўспаленую паласу на целе Феліма, пасля чаго перавязаў пацярпеўшага чыстай анучкай, прыгатаванай мустангерам. Успаленне было выклікана не тым, што тысячаножка проста прапаўзла, як думаў Зеб, а тым, што яна тысячу разоў упілася ў спячага гальвейца сваімі ядавітымі сківіцамі.

Кактус хутка аказаў сваё дзеянне — востры сок расліны даў добрае супроцьяддзе. Супакоены Фелім хутка заснуў. Пасля няўдалай спробы знайсці тысячаножку доктар-самавучка вярнуўся на сваю палянку, дзе спакойна праспаў да раніцы.

На золаку ўсе трое былі на нагах. Фелім паспеў паправіцца ад перажытага сполаху і ліхарадкі. Паснедаўшы рэшткамі смажанага індыка, яны пачалі збірацца ў дарогу. Фелім пры дапамозе паляўнічага падрыхтаваў дзікіх коней для перагону цераз прэрыю. Морыс гэтым часам рыхтаваў у дарогу свайго каня і крапчатую кабылу. Асабліва вялікую ўвагу ён удзяляў цудоўнай палонніцы. Ён старанна расчэсваў яе грыву і хвост і счышчаў з бліскучай шэрсці плямы гразі — сляды ўпартай пагоні.

— Кіньце гэта, — сказаў Зеб, наглядаючы не без здзіўлення за мустангерам. — Вы дарэмна так стараецеся. Вудлі Пойндэкстэр не з тых людзей, якія адмаўляюцца ад свайго слова. Тое, што вы атрымаеце дзвесце долараў, гэта таксама-ж правільна, як тое, што мяне завуць Зебам Стумпам. Чорт возьмі, яна-ж варта гэтых грошай!

Морыс нічога не адказаў, але, мяркуючы па ўсмешцы, якая з‘явілася ў куточках яго рота, можна была зразумець, што Зеб Стумп зусім не зразумеў прычыны яго асаблівай увагі да крапчатага мустанга.

Не прайшло і гадзіны, як мустангер рушыў у дарогу на сваім гнедым кані, ведучы за сабою на ласо прыгожую палонніцу. Астатнія мустангі беглі трушком за Фелімам. Зеб Стумп на сваёй старой кабыле ледзь паспяваў за імі.

Ззаду ўсіх, асцярожна ступаючы па калючай траве, не спяшаючыся, бег Тара.

Ніхто не астаўся ахоўваць халупу; зачынілі толькі дзверы, абцягнутыя конскай скурай, каб не забрылі ў яе чатырохногія жыхары прэрыі. На некаторы час цішыня яе самотнасці будзе парушацца толькі крыкам савы, прарэзлівымі завываннямі пумы і сумным выццём галоднага воўка.