Перайсці да зместу

Коннік без галавы (1941)/I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пралог Коннік без галавы. Раздзел I
Раман
Аўтар: Томас Майн Рыд
1941 год
Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Раздзел II

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Раздзел I

ВЫПАЛЕНАЯ ПРЭРЫЯ

Паўдзённае сонца ярка свяціла над велізарнай раўнінай Техаса, на поўдзень ад старога іспанскага горада Сан-Антоніо.

У залатых праменнях вырысоўваецца група прадметаў, незвычайных для дзікай прэрыі. Гэта — фургоны, кожны з іх пакрыты поўкруглым беласнежным навесам. Іх усяго дзесяць. Наўрад ці гандлёвы гэта караван або ўрадавы абоз. Хутчэй за ўсё які-небудзь перасяленец перавозіць сваю маёмасць у адзін з новых пасёлкаў на беразе ракі Леоны.

Выцягнуўшыся доўгай вераніцай, фургоны паўзуць па спякотнай саванне настолькі марудна, што іх рух амаль непрыкметны. Толькі ў сполаху ўцякаючая антылопа ды з крыкам узлятаючы кроншнеп сведчаць аб тым, што абоз сапраўды рухаецца.

Мяркуючы па ўсім, абоз належыць якому-небудзь багатаму плантатару. Кожны фургон, лепшага пітсбургскага вырабу, запрэжан васьмю дужымі муламі. Разам з абозам перасоўваюцца і негры-рабы. Жанчыны-нявольніцы з дзецьмі едуць на фургонах, а мужчыны або ідуць пехатою па баках абоза, або сумна плятуцца ззаду. Спераду едзе карэта, у якую запрэжаны выпеставаныя кентукскія мулы. На козлах негр-нявольнік томіцца ад гарачыні ў сваёй ліўрэі.

На чале картэжа, які суправаджае абоз, конна едзе сам плантатар — Вудлі Пойндэкстэр. Гэта высокі худы чалавек, гадоў пяцідзесяці, з бледным, злёгку жаўтаватым колерам твара і з адпячаткам суровай гордасці ва ўсёй знешнасці. Ён апрануты проста, але з густам. На ім свабоднага пакрою кафтан з альпагі, жылет з чорнага атласу і нанкавыя штаны. У выразе жылета відаць кашуля з тонкага палатна, перавязаная ля каўнера чорнай істужкай. На нагах, якія апіраюцца на страмёны, чаравікі з мяккай скуры. Саламяны капялюш з шырокімі палямі ахоўвае яго твар ад спякотных праменяў паўднёвага сонца.

Побач з ім два коннікі: адзін з правага боку, другі з левага. Адзін з іх — юнак, якому ледзь толькі споўнілася дваццаць год, другі — малады чалавек гадоў на сем старэйшы. Першы — сын Пойндэкстэра. Адкрыты, жыццерадасны твар юнака мімаволі радуе вока, асабліва побач з суровым бацькам і з панурым тварам трэцяга конніка.

На юнаку свабодная блуза з баваўнянай тканіны нябеснаблакітнага колеру, штаны з такога-ж матэрыялу, на галаве мяккая панама. Вопратка не толькі добра гарманіруе з яго юнацкім тварам, але і зусім адпавядае патрабаванням паўднёвага клімату.

Трэці коннік — пляменнік плантатара. Ён — адстаўны афіцэр з валанцёраў. На ім касцюм ваеннага пакрою з цёмнасіняга сукна, на галаве суконная шапка.

На невялікай адлегласці ад іх — яшчэ адзін коннік, які суправаджае абоз. Рысы яго твара больш грубыя, апрануты ён прасцей за іншых. Мяркуючы па тым, з якім майстэрствам ён ляскае сваім бізуном, можна з упэўненасцю сказаць, што гэта наглядчык над нявольнікамі плантатара.

У карэце сядзяць дзве дзяўчыны. У адной з іх скура асляпляльнай белізны, у другой — зусім цёмная. Першая — адзіная дачка Пойндэкстэра, другая-ж — яе служанка-нявольніца.

Перасяленцы едуць з берагоў Місісіпі, са штата Луізіяна. Сам плантатар не належыць да ўраджэнцаў гэтага паўднёвага штата; па яго знешняму выгляду вы заўсёды заўважыце, што ён не крэол[1]. У твары-ж яго сына і асабліва ў цудоўных тонкіх рысах твара яго дачкі ярка выяўлены прыгожы тып гэтых французскіх эмігрантаў.

Вудлі Пойндэкстэр — адзін з буйнейшых уласнікаў цукровых плантацый на поўдні. Ён вёў разгульнае жыццё і славіўся сваёй шырокай гасціннасцю. Нарэшце ён разарыўся, і яму прышлося пакінуць свае плантацыі ў Луізіяне і пераехаць з сям‘ёй у дзікія прэрыі паўднёва-заходняга Техаса.

Сонца амаль дасягнула зеніта. Падарожнікі едуць павольна, наступаючы на ўласныя цені. Змучаныя спякотай, белыя коннікі моўчкі сядзяць у сваіх сёдлах. Нават негры, прывычныя да спякоты, спынілі свае манатонныя, цягучыя размовы і стомленымі кучкамі маўкліва плятуцца ззаду фургонаў.

Нудлівая цішыня перапыняецца толькі гучным лясканнем бізуноў ды пакрыкваннем неграў-пагоншчыкаў.

Паволі рухаецца караван, як быццам ён ідзе вобмацкам. Уласна кажучы, сапраўднай дарогі няма. Шлях абазначаны слядамі колаў, праехаўшых тут раней, слядамі, прыкметнымі толькі па прытаптанай траве.

Плантатар мяркуе, што яны знаходзяцца на адлегласці дваццаці міль ад месца прызначэння. Ён разлічвае закончыць шлях да надыходу начы. Таму ён і загадаў рухацца, не гледзячы на паўдзённую спякоту.

Раптам наглядчык знакамі спыняе абоз і імчыцца да гаспадара. У яго жэстах — трывога.

Ці не індзейцы? Аб іх распаўсюджваецца так многа жахлівых чутак.

— Што здарылася, Сансом? — запытаў плантатар, калі коннік наблізіўся.

— Трава выпалена. У прэрыі быў пажар.

— Быў пажар, але цяпер-жа прэрыя не гарыць? Я нідзе не бачу дыму.

— Не, сэр, — паспяшаўся адказаць наглядчык, — я толькі сказаў, што прэрыя гарэла, і ўся яна зрабілася чорнай.

— Ну і што-ж? Мне здаецца, мы таксама спакойна можам падарожнічаць па чорнай прэрыі, як і па зялёнай.

— Што за недарэчнасць, Джон Сансом, падымаць цэлую гісторыю з-за глупства, — умяшаўся пляменнік Пойндэкстэра. — Навошта ты дарэмна палохаеш людзей? Гэй вы, негры, варушыцеся! Наперад! Пайшлі!

— Але скажыце, капітан Кольхаун, — запярэчыў наглядчык, — як-жа мы цяпер знойдзем дарогу?

— Навошта шукаць дарогу? Што за глупства! Мы-ж яе не гублялі?

— На жаль, гэта не так. Дарога згублена. Слядоў колаў ужо не відаць, яны згарэлі разам з травой.

— Ну і што-ж? Мне здаецца, мы можам перайсці цераз выпалены ўчастак і без усякіх слядоў. Мы знойдзем іх, калі трапім на той бок.

— Так, — з гораччу адказаў наглядчык, які добра ведаў прэрыю, — калі толькі там астаўся другі бок. Я, па крайняй меры, ніяк не мог яго знайсці.

— Паганяй, негры! Паганяй! — закрычаў Кольхаун, не адказваючы больш наглядчыку, і, прышпорыўшы каня, рушыў уперад.

Абоз зноў рушыў у дарогу, але, падышоўшы да граніцы выпаленай прэрыі, спыніўся яшчэ раз, ужо не чакаючы нічыіх распараджэнняў.

Коннікі ад‘ехалі ўбок, каб абмеркаваць, што рабіць далей. Наперадзе, наколькі хапала толькі зроку, прасціралася неабсяжная прастора зусім чорнай, выпаленай прэрыі. На ёй не асталося ніводнай зялёнай былінкі, ніводнага зялёнага лісціка. Уперадзе, направа, налева, адыходзячы ў бясконцую далячынь, разгарнулася карціна бязмежнага суму. Нават яркі, блакітны купал паўднёвага неба здаваўся тут зусім цёмным. Сонца не заслонена воблакамі, але яно як быццам не хоча тут свяціць і хмурыцца, гледзячы на змрочную зямлю.

Пажар, як відаць, адбыўся ў часе летняй спякоты, у перыяд даспявання траў.

Сансом правільна сказаў, што ў прэрыі не асталося і слядоў якога-небудзь шляху — яны выпалены разам з травою.

— Што-ж нам рабіць? — запытаў плантатар голасам, у якім гучэла разгубленасць.

— У чым справа, дзядзя Вудлі? Вядома, мы павінны прадаўжаць наш шлях. Рака павінна быць з таго боку пажарышча. Калі нам не ўдасца знайсці пераправу на адлегласці поўмілі[2], мы падымемся ўверх па цячэнню або спусцімся ўніз, гледзячы па акалічнасцях.

— Але паслухай, Касій, гэтак-жа мы можам згубіць дарогу!

— Гэтага не можа быць. Мне здаецца, што абгарэўшае месца невялікае. Не бяда, калі мы крыху саб‘ёмся з дарогі: усёроўна, рана ці позна мы на яе трапім.

— Добра, мой дружа, ты лепш ведаеш, я буду ісці за табою.

— Не бойцеся, дзядзя. Мне прыходзілася пракладаць дарогу і ў горшых умовах. Паганяй, негры! За мной!

І адстаўны афіцэр кінуў самаздаволены позірк у бок карэты. З-за фіранкі выглянуў цудоўны тварык, злёгку засмучаны трывогай. Кольхаун прышпорыў каня і самаўпэўнена паехаў наперад.

І вось хору зноў зашчоўкаўшых бізуноў пачаў уторыць тупат капытоў васьмідзесяці мулаў, змешаны са скрыпам колаў. Фургоны зноў рушылі ў дарогу.

Мулы пайшлі з вялікай паспешлівасцю. Чорная паверхня, непрывычная для вока жывёл, палохала іх, — ледзь паспявалі яны дакрануцца да попелу, як адразу-ж падымалі капыты. Мала-памалу жывёла супакоілася і пачала прасоўвацца больш роўнамерным крокам.

Так караван прайшоў каля мілі. Затым зноў спыніўся.

Ландшафт, калі яго толькі можна так назваць, змяніўся, але не к лепшаму. Усё было па-ранейшаму чорна да самага гарызонта. Аднак, тут раўніна змянілася няроўным рэльефам — горныя ўзвышшы, невялікія ўзгоркі раздзяляліся далінамі. Нельга сказаць, каб тут зусім не было дрэвавай расліннасці, хоць тое, што было відаць, наўрад ці можна было назваць дрэвамі. Па адной і групамі раслі тут нізкарослыя мексіканскія акацыі. Іх ажурнае лісце знікла бясследна, а абвугленыя ствалы і пачарнелыя галіны стаялі, як панурыя шкілеты.

— Ты згубіў дарогу, мой дружа? — запытаў плантатар, паспешліва пад‘язджаючы да пляменніка.

— Не, дзядзя, я ведаю дарогу. Я спыніўся, каб лепш арыентавацца. Дарога павінна ляжаць унізе, вось у гэтай даліне. Мы едзем правільна. Няхай караван прадаўжае шлях. Адказнасць я бяру на сябе.

Рушылі яшчэ раз. Спусціліся ўніз па схілу, затым накіраваліся ўздоўж даліны, затым зноў узабраліся па адкосу другой узвышанасці і наверсе зноў спыніліся.

— Ты ўсё-ж згубіў дарогу, Касій? — паўтарыў сваё пытанне плантатар, зноў пад‘язджаючы да пляменніка.

— Чорт пабяры! Баюся, што так. І які чорт мог-бы наогул знайсці дарогу сярод гэтага пекла? Не, не! — прадаўжаў Кольхаун, не жадаючы выдаць сваё замяшанне, убачыўшы, што карэта пад‘ехала блізка. — Мне цяпер усё ясна. Рака павінна быць вунь у тым напрамку. Наперад!

І капітан прышпорыў каня, як відаць сам не ведаючы, куды трэба ехаць. За ім рушылі фургоны.

Ад неграў не ўслізнула замяшанне Кольхауна. Яны бачылі, што абоз рухаецца не па прамым шляху, але кружыць паміж абпаленымі кустамі па ўзгорках і выпаленых далінах.

Але вось падбадзёрваючы выгук важатага адразу ўсяліў у іх надзею. У адказ пачулася моцнае лясканне дружна ўзняўшыхся бізуноў, змешанае з выгукамі радасці.

Падарожнікі зноў на дарозе, дзе відаць яшчэ зусім свежыя сляды колаў і капытоў. Нейкі абоз, як відаць, зусім нядаўна праехаў па выпаленай прэрыі.

Няма сумнення, што ён ішоў у напрамку да Леоны, — вельмі магчыма, што гэта ўрадавы абоз, які накіроўваўся да форта Індж. У такім выпадку трэба ехаць па яго слядах.

Форт якраз на лініі іх шляху, а адтуль недалёка і да месца прызначэння.

Нічога лепшага як быццам нельга было і чакаць. Капітан зноў узрадаваўся і з пачуццём адкрытага самазадавалення даў распараджэнне рушыць уперад.

На працягу мілі, а магчыма і больш, караван ідзе па знойдзеных слядах. Яны вядуць не проста, а кружаць вакол абгарэўшых хмызнякоў. Выгляд самаздаволенай упэўненасці паступова змяняецца ў Касія Кольхауна выражэннем панурага смутку. Ён зразумеў, што сляды сарака чатырох колаў, па якіх яны ехалі, былі слядамі іх уласнага абозу.


  1. Крэолы — ураджэнцы паўднёвых штатаў Амерыкі, патомкі французскіх эмігрантаў, якія захавалі сваю нацыянальную мову і звычаі.
  2. Міля (англ.) — 1.852 м.