Коннік без галавы (1941)/II
← Раздзел I | Коннік без галавы. Раздзел II Раман Аўтар: Томас Майн Рыд 1941 год Арыгінальная назва: The Headless Horseman (1865) Пераклад: Уладзімір Ляўданскі |
Раздзел III → |
Раздзел II
СЛЕД ЛАСО
Не аставалася сумнення, што фургоны Вудлі Пойндэкстэра ішлі па слядах сваіх-жа колаў.
— Нашы сляды, — прамармытаў Кольхаун, пасылаючы праклёны.
— Нашы сляды? Што ты гэтым хочаш сказаць, Касій? Не можа быць, каб гэта мы тут ехалі.
— Так, гэта праўда. Мы зрабілі поўны круг. Глядзіце, вось задні капыт майго каня — адбітак паловы падковы, а вось сляды нашых неграў. Апрача таго, я пазнаў і месца. Гэта той самы ўзгорак, з якога мы спускаліся пасля нашага апошняга прыпынку. Вось ужо чорт ведае як не пашанцавада — мы дарэмна зрабілі каля двух міль.
Цяпер на твары Кольхауна адлюстроўваецца не адно толькі пачуццё збянтэжанасці — горкі сум і сорам з‘явіліся на ім. Гэта ён вінаваты, што караван астаўся без сапраўднага правадніка. Той, якога запрасілі ў Індыянолі, пакінуў іх, паспрачаўшыся з фанабэрыстым капітанам.
Караван зноў спыніўся. Белыя коннікі ажыўлена радзяцца. Становішча сур‘ёзнае.
Як знайсці дарогу? Сонца пачынае схіляцца да захаду, хоць усё яшчэ стаіць досыць высока. Пры дапамозе компаса можна было-б вызначыць, дзе знаходзяцца поўнач, поўдзень, усход і захад. Але што з гэтага карысці, калі яны не ведаюць, у які бок ехаць?!
Кольхаун зрабіўся асцярожным. Ён ужо больш не бярэцца быць важатым. Пасля няўдачы ў яго нехапае на гэта смеласці.
Дзесяць мінут абмяркоўваюць яны становішча, але ніхто не можа прапанаваць разумны план дзеянняў. Ніхто не ведае, як вырвацца з гэтай чорнай прэрыі, выклікаўшай ва ўсіх роспач.
Удалечыні паказалася стая чорных каршуноў. Вось яны ўжо зусім блізка. Некаторыя з іх апускаюцца на зямлю, іншыя кружаць над галовамі заблудзіўшыхся падарожнікаў.
Прайшло яшчэ дзесяць цяжкіх хвілін. І раптам — новы прыліў бадзёрасці. Удалечыні паказаўся коннік. Ён накіроўваўся проста да абозу.
Якая нечаканая радасць! Хто-б мог падумаць, што ў такім месцы можна сустрэцца з чалавекам? Зноў надзея засвяцілася ў вачах — у набліжаўшымся конніку падарожнікі бачылі свайго збавіцеля.
— Ды ён-жа накіроўваецца да нас, ці не праўда? — запытаўся плантатар, не верачы сваім вачам.
— Так, бацька, ён едзе проста да нас, — адказаў Генры, здымаючы з галавы капялюш і махаючы ім у паветры.
Але коннік і так ужо заўважыў абоз, які спыніўся. Ён ехаў галопам і хутка ўжо быў на адлегласці чалавечага голасу. Мінаваўшы абоз, ён пад‘ехаў да плантатара і яго падарожнікаў.
— Мексіканец, — прашаптаў Генры, зірнуўшы на вопратку конніка.
— Тым лепш, — таксама ціха адказаў яму бацька. — Тым больш надзеі, што ён зможа дапамагчы нам.
— Нічога мексіканскага ў ім няма, апрача яго касцюма, — прамармытаў Кольхаун. — Я зараз аб гэтым даведаюся. Beunos dias, caballero! Esta V. Mexicano? (Добры дзень, кавальеро! Вы мексіканец?) — вітаў ён незнаёмага па-іспанску.
— О, не, — адказаў той з пратэстуючай усмешкай. — Я зусім не мексіканец. Я магу з вамі гаварыць па-іспанску, калі хочаце, але мне здаецца, вы лепш зразумееце мяне па-англійску — гэта, напэўна, ваша родная мова?
Кольхаун падумаў, што, як відаць, дапусціў нейкую памылку ў сваёй фразе, і таму ўстрымаўся ад адказу.
— Так, сэр, мы амерыканцы! — адказаў Пойндэкстэр, некалькі пакрыўджаны за сваю нацыянальнасць. Затым, нібы баючыся пакрыўдзіць чалавека, ад якога чакаў дапамогі, дадаў: — Так, сэр, мы ўсе амерыканцы з паўднёвых штатаў.
— Гэта лёгка вызначыць па саставу вашага каравана, — сказаў коннік з ледзь улавімай насмешкай, зірнуўшы ў бок неграў-нявольнікаў. — Відаць таксама, — дадаў ён, — што вам упершыню даводзіцца падарожнічаць па прэрыі. Вы збіліся з дарогі?
— Так, сэр, і ў нас няма надзеі знайсці яе, калі вы не будзеце такім добрым і не акажаце нам дапамогі.
— Аб дабраце тут не варта гаварыць. Зусім выпадкова я заўважыў вашы сляды, калі ехаў па прэрыі. Я бачыў, што вы згубілі дарогу, і прыехаў сюды, каб дапамагчы вам.
— Гэта вельмі велікадушна з вашага боку. Мы вам надзвычай удзячны. Дазвольце з вамі пазнаёміцца. Мяне завуць Пойндэкстэр, Вудлі Пойндэкстэр з Луізіяны. Я купіў сядзібу на рацэ Леоне, недалёка ад форта Індж. Мы спадзяемся дабрацца туды завідна. Як вы думаеце — мы паспеем?
— Вядома, калі толькі будзеце слухацца маіх указанняў.
Сказаўшы гэта, незнаёмы ад‘ехаў на некаторую адлегласць убок і паехаў на вяршыню ўзгорка.
Адтуль ён пачаў уважліва прыглядацца да акружаючай мясцовасці, стараючыся вызначыць, у якім напрамку павінны ісці падарожнікі.
На высокім узгорку фігура конніка вырысоўвалася прыгожым сілуэтам.
Прыгожы пародзісты гнеды конь. Самому арабскаму шэйху не сорамна было-б сесці на такога каня! Шырокагруды, са стройнымі, як чарот, нагамі, з магутным крупам і цудоўным густым хвастом, ён сам сабою прадстаўляў прыгожае відовішча. А на спіне ў яго коннік — малады чалавек гадоў дваццаці пяці, вельмі добра складзены, з правільнымі рысамі твара, апрануты ў маляўнічы мексіканскі ўбор: аксамітная куртка, штаны з шнуроўкай па баках, боты са скуры буйвала; яркачырвоны шарф з кітайскага крэпа прыгожа перахватваў яго талію; на галаве глянцавы чорны капялюш, аддзеланы залатым пазументам.
Увага ўсіх падарожнікаў была мімавольна прыцягнута гэтым прыгожым малюнкам.
З-за фіранак карэты на конніка быў накірован яшчэ адзін позірк. Ён выдаваў зусім асаблівае пачуццё. Першы раз у сваім жыцці Луіза Пойндэкстэр убачыла чалавека, які, здавалася, быў рэальным увасабленнем яе дзявочых мараў.
Ці ведаў незнаёмы аб тым хваляванні, якое ён выклікаў у грудзях маладой крэолкі? Як ён мог гэта ведаць? Яго позірк толькі слізнуў па запыленай карэце.
— Клянуся чэсцю, я не магу знайсці ніякіх прыкмет, па якіх вы самастойна маглі-б ехаць да месца свайго прызначэння, — сказаў коннік, павярнуўшыся да гаспадара абоза. — Вам прыдзецца перайсці Леону на пяць міль ніжэй форта, а ў звязку з тым, што і мне трэба пераправіцца цераз раку ў тым-жа месцы, то вы можаце ехаць па слядах майго каня. Да пабачэння, панове.
Развітаўшыся так раптоўна, незнаёмы прышпорыў свайго каня і паехаў галопам.
Плантатар і яго спадарожнікі былі надзвычай азадачаны такімі дзіўнымі паводзінамі незнаёмага.
Але не прайшло і некалькі секунд, як коннік вярнуўся.
— Я баюся, што сляды майго каня мала дапамогуць вам. Тут былі мустангі. Яны пакінулі тысячы адбіткаў сваіх капытоў. Праўда, мой конь падкуты, але-ж вы не прывыклі адрозніваць сляды, і вам будзе цяжка разабрацца ў іх, тым больш што на сухім попеле ўсе конскія сляды амаль аднолькавыя.
— Што-ж нам рабіць? — запытаў плантатар з роспаччу ў голасе.
— Мне вельмі шкада, містэр Пойндэкстэр, але я не магу астацца, каб суправаджаць вас. Я тэрмінова павінен даставіць у форт адзін важны дакумент. Калі вы згубіце мой след, трымайцеся так, каб сонца ў вас аставалася справа, каб вашы цені падалі налева, пад вуглом каля пятнаццаці градусаў да лініі вашага руху. Міль пяць едзьце па прамым напрамку. Там вы ўбачыце вяршыню кіпарыса. Накіроўвайцеся тады проста да гэтага дрэва. Кіпарыс стаіць на самым беразе ракі, недалёка ад месца пераправы.
Малады коннік ужо гатоў быў зноў рушыць у дарогу, але штосьці прымусіла яго стрымаць свайго каня. Ён убачыў цёмныя, бліскучыя вочы, якія глядзелі на яго з-за фіранак карэты.
Уладарка іх была ў цені, але ўсё-ж ён заўважыў, што яны асвятлялі твар дзяўчыны незвычайнай прыгожасці. Малады коннік прачытаў у гэтых вачах, накіраваных проста на яго, прызнанне хвалюючай пяшчотнасці.
Мімавольна і ён адказаў позіркам захаплення, але тут-жа зрабіў нялоўкую спробу скрыць успыхнуўшае пачуццё. Ён баяўся, каб гэта не палічылі за дзёрзкасць, і, крута павярнуўшыся, зноў звярнуўся да плантатара, які горача дзякаваў яму.
— Я не заслугоўваю падзякі, — сказаў незнаёмы, — з прычыны таго, што мне прыходзіцца пакінуць вас на волю лёсу, але, на жаль, я не маю часу.
Ён паглядзеў на гадзіннік, шкадуючы, што яму прыдзецца ехаць аднаму.
— Вы вельмі добры, сэр, — сказаў Пойндэкстэр. — Я спадзяюся, што, слухаючыся вашых указанняў, мы не саб‘емся з дарогі. Сонца нас не ашукае.
— Баюся, каб хоць не змянілася надвор‘е. На поўначы збіраюцца хмары. На працягу гадзіны яны могуць засланіць сонца; ва ўсякім выпадку гэта адбудзецца да таго моманту, пакуль вы даедзеце да месца, адкуль відаць кіпарыс. Так нічога не будзе. Аднак, пачакайце, — сказаў ён пасля хвіліны размышлення, — у мяне ёсць яшчэ адна прапанова: трымайцеся па сляду майго ласо.
Незнаёмы зняў з сядзельнай лукі скручаную ў кальцо вяроўку і кінуў свабодны канец на зямлю, пакінуўшы другі канец прымацаваным да кальца на сядле. Затым, прыгожым рухам прыўзняўшы капялюш, пакланіўся ў бок карэты і, ударыўшы шпорамі каня, зноў паскакаў па прэрыі.
Ласо, выцягнуўшыся ззаду ў каня, пакінула на попельнай паверхні прэрыі паласу, падобную да следу прапоўзшай гадзюкі.
— Вельмі цікавы хлапец, — сказаў плантатар, гледзячы ўслед конніку, які хутка хаваўся ў воблаку чорнага пылу. — Мне варта было-б запытаць яго імя.
— Я сказаў-бы — самаздаволены малады чалавек, — прамармытаў Кольхаун, ад якога не ўслізнуў позірк, кінуты незнаёмым у бок карэты. — Што датычыць яго імя, то ўсёроўна ён назваўся-б выдуманым імем. Техас напоўнен такімі франтамі, яны трапляюць сюды на папраўленне або шукаюць тут прыгод і таму скрываюць свае сапраўдныя імёны.
— Паслухай, Касій, — запярэчыў малады Пойндэкстэр, — ты несправядлівы. Ён робіць уражанне адукаванага і зусім прыстойнага чалавека.
— Ну, ужо даруй, калі ласка! Я яшчэ ніколі не бачыў чалавека, прыбранага ў мексіканскія анучы, які не быў-бы нягоднікам. Я іду ў заклад, што і гэты такі-ж самы.
У часе гэтай кароткай размовы прыгожая крэолка высунулася з карэты і вачыма праводзіла конніка, які аддаляўся.
Кольхаун гэта заўважыў.
— У чым справа, Лу? — запытаўся ён амаль шэптам. — Ты, здаецца, вельмі спяшаешся? Магчыма, ты хочаш дагнаць гэтага нахабніка? Яшчэ не позна — я табе дам свайго каня.
Маладая дзяўчына адкінулася назад, непрыемна здзіўленая гэтымі словамі, але скрыла сваю крыўду і звонка засмяялася.
— Так, так. Гледзячы на цябе, я падумаў, што тут нешта нячыстае. Здавалася, што ты зачаравана гэтым бліскучым кур‘ерам. Ён зачараваў цябе, напэўна, сваім незвычайным касцюмам? Але памятай, што гэта толькі варона ў павіных пер‘ях, а мне, напэўна, яшчэ прыдзецца сарваць гэтую лічыну, і, магчыма, з кавалкам яго ўласнай скуры.
— Як табе не сорамна, Касій!
— Гэта табе павінна быць сорамна, Лу. Аддаць сваю ўвагу якомусьці нягодніку, выфранчанаму камедыянту! Я не сумняваюся, што ён проста кур‘ер на службе ў афіцэраў форта.
— Кур‘ер, ты думаеш? О, як-бы я хацела атрымліваць любоўныя пісьмы з рук такога кур‘ера!
— Тады паспяшайся і скажы яму аб гэтым. Мой конь да тваіх паслуг.
— Ха-ха-ха! Які-ж ты ўсё-ж нездагадлівы! Калі-б я нават і захацела дзеля жарту дагнаць гэтага пісьманосца прэрыі, то на тваёй лянівай клячы мне ўсёроўна не ўдалося-б гэтага зрабіць. Ён знікне з вачэй, перш чым ты паспееш злезці з сядла. О, не! Мне яго не дагнаць, як-бы я гэтага не хацела!
— Глядзі, каб бацька не пачуў цябе.
— Глядзі, каб ён цябе не пачуў, — адказала яму дзяўчына, загаварыўшы цяпер ужо сур‘ёзным тонам. — Хоць ты мне і стрыечны брат і хоць бацька лічыць цябе верхам розуму, але я трымаюся другой думкі. Я не ўтойваю гэтага ад цябе і ніколі не ўтойвала.
Кольхаун толькі насупіўся ў адказ на гэта горкае для яго прызнанне.
— Ты мне стрыечны брат, — прадаўжала крэолка тонам, які рэзка адрозніваўся ад таго, якім яна пачала гутарку, — але для мяне ты ўсяго толькі капітан Касій Кольхаун і больш нічога. І не спрабуй, калі ласка, быць маім другам і дарадчыкам. Я прашу цябе не чытаць натацый і не ўмешвацца ў маё асабістае жыццё. Я нікому не хачу даваць справаздачу аб сваіх думках і ўчынках да таго часу, пакуль я не знайду чалавека, які гэтага варты. Але не табе быць маім абраннікам!
Скончыўшы водпаведзь, дзяўчына зноў адкінулася на падушкі карэты, змерыўшы капітана позіркам, поўным абурэння і пагарды.
Пасля задзёрнула фіранкі карэты, даючы гэтым зразумець, што больш яна не жадае размаўляць.
Крыкі пагоншчыкаў вывелі капітана са стану здрантвення. Ён быў рад, што зноў рушылі ў дарогу.