Перайсці да зместу

Колядная пісанка (1913)/Дзе ня кінь — так клін

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Белае царства Дзе ня кінь — так клін
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзе ні кінь — дык клін!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзе ня кінь — так клін.

— Ну, а як табе на службе:
Ці работы многа?
Так сусед пытаў між іншым
Янку Канцавога.

— Ах, не дай Бог за чужою
Поўзаць гаспадаркай!
Дзень і ноч, як лунь таўкуся,
Як у пекле Марка.

А сусед яму навучна
Ды пабожна клепе:
— Хоць тут трудна жыць, — за тое
Будзе ў небе лепей.

— Знаю, знаю! — так суседу
Адчыкрыжыў Янка:
Бокам вылезе мне ў небе
Гэта абецанка.

Як паткнуся, — ў раз пагонюць
Да ўсякай работы:
То седлай каня для Юрьі,
То чысць яму боты.

Або ў поўнач ўстань і сонцэ
Запалі да золка;
Вытры с пылу усе зоры,
Месяц выбель лоўка.

Завядзі машыну з ветрам,
Папраў з дожджам сіта,
Натаўчы у ступе граду,
Ды ешчэ ня квіта:

— Папіхай хутчэй, гад, хмары!
А пярун дзе кінуў?
Набівай, стрэляй! Маланкай
Сьцёбай, каб ты згінуў!

Янка тутка, Янка тамка,
Хоць ты ў пекла прыся!
А прыдзірак ад сьвятых ўсіх
Сколькі нацярпішся?!..

К—а.