Перайсці да зместу

Кляновыя завеі (1927)/Рыжы, но…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адрывак «Кляновыя завеі» Рыжы, но…
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1927 год
Зацьвілі сярэбраныя росы…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рыжы, но…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Рыжы, но,
Не глядзі з-за плуга,
Годзе слухаць табе салаўя!
Ўліў-бы ў косьці старэнькія пугай,
Тузгануў-бы,
Ды нечага жаль.
Помню, рыжы,
Па сіняй атаве
Жарабячы ты зух рассыпаў;
Ў заліхвацкай кадрылі
Ня раз капытамі
Раззлавана мяне частаваў.
Ты падрос
І мушатай кабыле
Сыпаў ласкі, разьвесіўшы чуб,
І ад рэўнасьці шыю намыліў
Вараному каню грывачу.
На табе, мой задзёр златагрывы
У сьвірэпіцы дзён гарцаваў,
А затым,
Я з асінавым кіем
Вышаў новыя сьцежкі таптаць.
Аваднямі часы праляцелі,
Васількамі рассыпан задзёр;
Не падняць нам з сьмяротнай пасьцелі
Ў сінярунь адгітарыўшых дзён.
Здохнеш рыжы
На гэтых вось гонях,
Здохнеш любы —
І ўсё будзе тут…
Скора, скора жалезныя коні
Упрагуцца ў твой мулкі хамут.
Здохнеш ты —
На заспаныя гоні
Прывяду я стальнога каня
Будзе вецер-бадзяка з прасоньня
Смуту дымам з палёў праганяць…
Не шкадую мінулых мяцеляў,
Не шкадую рассыпаных дзён,
Я хачу толькі ў новае стрэмя
Палажыць адшумеўшы задзёр
Не хачу над здыхаючай клячай
Я плясьнівым псалтырнікам ныць,
Я хачу скрозь туман раскудлачваць
Усхадзячыя косы зарніц.
Рыжы, но,
Не глядзі з-за плуга,
Годзе слухаць табе салаўя!
Ўліў-бы ў косьці старэнькія пугай,
Тузгануў-бы,
Ды нечага жаль.