Перайсці да зместу

Кляновыя завеі (1927)/Адрывак «Кляновыя завеі»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адрывак «Кляновыя завеі»
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1927 год
Рыжы, но…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кляновыя завеі (Кляшторны, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АДРЫВАК «КЛЯНОВЫЯ ЗАВЕІ»

I

Ня вечар росны —
Вечар сіні
Губляе ў просіні цьвяты,
А кудры выцьвіўшай асіны
Стрыгуць васеньнія сярпы.

Ня жнеі ў вязьмы залатыя
Ўплятаюць пражу туманоў,
А ветры буйныя за тынам
Мяцеляць золата кляноў.

Ня сьпеваў звонкія адзыўкі
Разносяць ў далечы гаі,
А ў полі сумныя дажынкі
Сягоньня граюць журавы…

Лілёвы змрок
Ў палёх нямее,
Даліны выбяліў мяроз,
І, быццам, сеюць,
Зоры сеюць
На гонях шоўкавых нябёс.

II

Як сумна, любая, дакоры
З твайго кілішка дапіваць,
Калі так сьвецяць
Сьвецяць зоры,
Калі так зоры зіхацяць.

Пайці-бы ў ноч,
Пайці далінай,
Пайці чорт ведае куды…
Ня ўсе пратоптаны пуціны,
Ня ўсе стаптаны гарады.

Пайці туды, —
Дзе ты за брамай
Калісьці ждала маладзік.
І з ціхіх сноў,
З дзявочых мараў
Пляла ружовыя вянкі.

Пайці туды,
Дзе з каласамі
Твая шапталася каса,
Дзе з цёмна-сінімі начамі
Ты ціха гутарку вяла.

Хачу шукаць туды пуціну,
Дзе ў сіняй пражы туманоў
Ты серп сярэбраны згубіла,
І многа казачных гадоў.

І там дзе стынь ў палёх нямее,
Дзе стрэхі выбяліў мароз,
І быццам сеюць, —
Зоры сеюць
На гонях шоўкавых нябёс;

Дзе месяц з зорнае званьніцы
Вартуе золата кляноў,
Хачу сьпяваць,
Хачу маліцца
Над чаркай выпітых гадоў.

Хачу асьнежаным страпілам
Сказаць ў нямеючай цішы,
Што ты згубіла,
Ты згубіла
Асноведзь ціхую душы.

Што гэту сінь
І клён за брамай
Ты любіш так,
Як любім мы
Даўно рассыпаныя мары,
Даўно разьвеяныя сны.

Што ў час, як месяц серабрыцца
Ў каралях выцьвіўшых асін,
Другой красе,
Другім зарніцам
Ты аддаеш спакой душы.

III

Як сумна, любая, дакоры
З твайго кілішка дапіваць,
Калі так сьвецяць, —
Сьвецяць зоры,
Калі так зоры зіхацяць.

Пайці-бы ў ноч,
Пайці далінай
Пайці чорт ведае куды…
Ня ўсе пратоптаны пуціны,
Ня ўсе стаптаны гарады.

Пайці дзе ветры на вазёрах
З лістоты выткалі абрус…
Люблю я шыр,
Люблю я поле,
Люблю я маці Беларусь.

Тут кожны куст пяе каханьне,
Тут рэчка казкаю журчыць,
Аповесьць доўгую змаганьня
Тут навявае кожны крыж.

Дарогай ў далечы пайду я,
Пайду часамі без дарог,
І кожны кусьцік расцалую.
На уміраючых палёх…

Калі над цінаю імшараў
Засьвішча волат гарадоў,
Я разаб‘ю пустую чарку
На полі выпітых галоў.

Ня буду, любая, дакоры
З твайго кілішка дапіваць,
Калі над шляхам будуць зоры
Сталёвай раніцай зіяць.