Перайсці да зместу

Кляновыя завеі (1927)/Песьня аб дружбе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Белыя паляны, белыя гаі… Песьня аб дружбе
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1927 год
На зары
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня аб дружбе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ АБ ДРУЖБЕ

Верасьнёвая ноч.
Яркім золатам неба засыпана;
Сізы вэльм апрануў небасхіл
Эх, ты ноч!
Колькі думак рассыпана
Ў гэту зорную любую сінь…

Буду пець,
Буду пець я да сьвету
Гэтай песьняй ня выхмяліць чар;
Многа песень ў душы не дапета
Многа ў багну рассыпана мар.

Многа дружбы разьвеяна ружай
Многа ў дружбе рашчокана дзён,
Але ў рэшце ад шчырае дружбы
Не замоўкне ў душы перазвон.

Ў гэту ноч, калі сьвецяць зарніцы, —
Сьняць гаі верасьнёвыя сны
У душы як ў забытай капліцы
Па далёкаму плачуць званы.

Верасьнёвая ноч.
Яркім золатам неба засыпана,
Сізы вэльм апрануў небасхіл.
Эх, ты ноч!
Мая дружба рассыпана
Ў гэту зорную любую сінь.