Кляновыя завеі (1927)/На зары

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня аб дружбе На зары
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1927 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: На зары (Кляшторны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ЗАРЫ

На зары іскрыцца сьнег сыпучы
І мароз пушысьцей на зары…
Калі пройдзены абрывістыя кручы
Перайдзём драмучыя бары.

На зары і радасьць пунсавее,
І мінорней скрыпак пераліў…
Запрагае ў казачныя шлеі
Маладое сонечныя дні…

Перайдзём застыўшыя даліны,
Перастанем верыць міражам;
Будзем знаць сапраўдныя пуціны
К дарагім далёкім маякам.

Застанецца той за рубяжамі
Хто ў глухіх асьнежаных палёх
Вечна жыў сьляпымі міражамі
І блудзіў заўсёды без дарог.

На зары іскрыцца сьнег сыпучы
І мароз пушысьцей па зары…
Калі пройдзены абрывістыя кручы
Перайдзём драмучыя бары.

На зары паблёкшыя начніцы
Скрыжавалі войстрыя мячы,
Але наша раньне серабрыцца,
Нашым зоркам граюць скрыпачы.

На зары і радасьць пунсавее
І мінорней скрыпак пераліў…
Запрагае ў казачныя шлеі
Маладое сонечныя дні.