Перайсці да зместу

Кароткі нарыс псыхолёгіі/Псыхолёгія пачуцьцяў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мысьленьне Псыхолёгія пачуцьцяў
Артыкул
Аўтар: Мікола Ільяшэвіч
1932 год
Воля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПСЫХОЛЁГІЯ ПЯЧУЦЬЦЯЎ.

Пры помачы чуцьцяў мы пазнаем акружаючы нас сьвет і ўласьцівасьці прадметаў. Ядныя з прадметаў, або зьявішчаў, выклікаюць у нашай душы задаваленьне, прыемнасьць, іншыя наадварот — незадаваленьне і няпрыемнасьць. Вось такі псыхічны складаны стан, які выяўляецца ў выглядзе прыемнасьці абоняпрыемнасьці — называем пачуцьцём. Напр. пэўны колер, гук, пах, музыка, абраз заўсёды выклікае ў нас момант прыемнасьці або няпрыемнасьці, пры гэтым ужываем азначэньні: радасьць, прыгожасьць, сум, захопленьне й г. д. Значыцца, пачуцьцё моцна зьвязана з чуцьцямі, як пазнавальнымі элемэнтамі. Хоць на першы пагляд гэтыя два разуменьні і зьмешваюцца, аднак між імі істнуе істотная рожніца. Чуцьцё — простае зьявішча псыхічнае, пачуцьцё — складанае.

У чым палягае прыемнасьць і няпрыемнасьць?

Дакладна вытлумачыць сутнасьць гэтых станаў цяжка, гэта можна толькі адчуць. Досьледы аднак паказалі, што прыемнасьць зьвязана з павышэньнем жыцьцёвых функцыяў, няпрыемнасьць з паніжэньнем. Узбуджаньні ў нас выяўляюцца або прысьпяшеньнем абегу крыві, біцьцём сэрца, умысловай або мускульнай актыўнасьцю, або наадварот — прыгнечанасьцю, зморанасьцю, заміраньнем і г. д. Усе гэтыя праявы адбіваюцца на выглядзе чалавека й яго захаваньні (паводзінах). Псыхолёгі дадаюць да гэтага яшчэ такое тлумачэньне, што мамэнты прыемнасьці ў большасьці зьвязаны з працэсамі карыснымі для арганізму, а няпрыемнасьці—шкадлівымі. Вось чаму, як жыцьцёвы закон, падсьведама вынікае для ўсіх арганізмаў імкненьне здабыць як найбольш прыемнасьці Ёсьць нават тэорыя прыдбаньня й растраты энэргіі. Чалавек, які ня змораны, з накопленай энэргіяй, імкнецца да нейкай дзейнасьці й, наадварот, змораны чалавек імк­нецца праз спачынак і падмацаваньне арганізму прыдбаць энэргію. Цікава, што ўжо ў старадаўнія часы грэцкі вучоны філёзаф Арыстотэль (384—322 да Н. Хр.) заўважыў гэта і выказаў думку, што ўмеркаванае ўзбуджэньне таго або іншага воргану зьвязана з прыемнасьдю, а неўмеркаванае з няпрыемнасьцю, болем і мукай. Зморанасьць у сутнасьці ёсьць пэўнае затручэньне арганізму. Асабліва цікавы экспэрымэнт для доказу гэткага цьверджаньня быў зроблены з сабакам. Сабаку ўсадзілі ў круцячаеся кола так, што ён быў змушаны ўвесь час перабіраць нагамі, як-бы бегчы ў коле. Калі-ж узялі потым кроў зморанага сабакі і прышчапілі да іншага, ня зморанага, дык і апошні выявіў зморанасьць.

Пачуцьцё ў прасьцейшых сваіх формах аднолькава адчуваецца малым і дарослым, дзікуном і культурным чалавекам; але пачуцьцё носіць суб’ектыўны характар і часамі рожніцу цяжка вытлумачыць. Хоцьбы ўзяць напр. радасьць скупца-багача і радасьць беднага рабочага ды інш. Пачуцьці нашыя разам з гэтым зьяўляюцца паказчыкамі душэўнага жыцьця, яны паглыбляюць нас са­мых у сябе г. ё. высоўваюць момант суб’ектыўнасьці, бо розныя ўражаньні ў розных асоб выклікаюць зусім розныя пачуцьці.

Сіла прыемнасьці й няпрыемнасьці не заўсёды аднолькавая. Найвялікшая ступень няпрыемна­сьці будзе ўжо называцца балючасьцю, а для найвялікшае ступені прыемнасьці нават асобнага няма азначэньня. Кажуць: асалода, упаеньне, раскоша й г. д., але гэта азначэньні недакладныя. Індэфэрэнтнасьць — ня ёсьць адзнакай пачуцьця. Пачуцьцёвы стан трывае так доўга, пакуль не надыдзе нейкая зьмена ў арганізьме або мысьленьні. Ведамым ёсьць тое, што прыемнасьць, дзеючая даўжэйшы час аслабляецца й пераходзіць у няпрыемнасьць, так як і балючасьць праз даўжэйшы час трываньня — прытупляецца. Розум і сіла волі найлепшы рэгулятар пачуцьцёвага стану.

Клясыфікацыя пачуцьцяў. Пачуцьці ўзьнікаюць ад усемагчымых прадстаўленьняў і абставінаў, а таму могуць быць рожныя формы й праявы іх. Клясыфікаваць пачуцьці вельмі трудна, бо іх ёсьць вялікая колькасьць. Падзяліць усё-ж іх можна, перадусім, на дзьве групы: прыемныя й няпрыемныя, а таксама паводле сілы напружэньня. У апошнім прыпадку разьлічаем г. зв. духовы настрой і афэкты. Цэлы рад прадстаўленьняў, адбіваючыхся непаметна на пачуцьцях, у агульнай суме твораць духовы настрой („гумар“) вясёлы або сумны, гнеўны, дабрадушны ды інш.

Аффэкты. Кожнае пачуцьцё мае сваё асобае выяўленьне і сілу (інтэнсыўнасьць). Калі-ж па­чуцьцё такой вялікай інтэнсыўнасьці, што робіць немагчымай нармальную псыхічную й цялесную дзеяльнасьць, тады маем дачыненьне з аффэктамі. Аффэкт — праява у вышэйшай ступені пачуцьцяў (шал, роспач, ярасьць і г. д.). Аффэкт паўстае раптоўна або разьвіваецца паступова, па меры таго, як чалавек паглыбляецца ў прадстаўленьне, выклікаючае пачуцьцё. Тут злучаецца рад працэсаў псыхічнага й фізіолёгічнага характару. Кант дзеліць аффэкты на стэнічныя або ўзбуджваючыя (напр. радасьць, гнеў, ярасьць, увадушаўленьне ды інш.) і астэнічныя або прыгнечваючыя (страх, сумлеваньне, перапалох ды т. падобныя). Аффэкты выклікаюць зьмену ў фізычным арганізьме; дзеюць ад’емна ў арганізьме, асабліва ў нэрвовай сыстэме і праяўляюцца ў гістэрычным плачы, сьмеху, дрыжэньні цела й г. д. Кароткатрывалыя аффэкты мацнейшыя ад доўгатрывалых, але як адныя, гэтак і другія аслабляюць арганізм чалавека.

Віды іншых пачуцьцяў. Пачуцьці, як было зазначана, выклікаюць пэўныя зьмены ў арганізме, як у нутры гэтак і звонку (біцьцё сэрца, прысьпешаны абег крыві, рухі, плач, сьмех, чырваненьне, пот і г. г.), але разам з гэтым знаходзяцца ў пэўным узаемаадношаньні між сабою. Іх можна падзяліць яшчэ і па іншаму прынцыпу: ніжэйшыя (прасьцейшыя) пачуцьці й вышэйшыя (складаныя). Прасьцейшыя пачуцьці: голаду, змору, холаду ды інш., зьвязаны з фізыолёгічнымі працэсамі, аднолькава адпавядаюць як інтэлігентнаму, культурнаму чалавеку, гэтак і дзікуну, стоячаму на першабытным ступені разьвіцьця. Затое пачуцьцёва вышэйшы момант: мараль, эстэтыка й г. д. — у адных і другіх неаднолькавая. Кажам аб эстэтычных перажываньнях або пачуцьцях. Бязумоўна, эстэтычныя перажываньні ўласьцівы ўсім людзям, розьняцца яны толькі характарам. Дзікун, які ўкладае каменчыкі, мае таксама эстэтычнае перажываньне, як і асоба, слухаючая музыку Бэтховэна. Эстэтычныя пачуцьці называюцца яшчэ безінтэрэсоўнымі. Безінтэрэсоўны яны ў тым сэньсе, што мы не зьмяняем прадмету, з якога чэрпаем перажываньне.

Разгледзім яшчэ некаторыя з прасьцейшых складаных пачуцьцяў.

Пачуцьце страху і гневу. Страх,—гэта такі індывідуальны псыхічны стан, які наступае падчас небясьпекі. Сіла страху залежыць ад прадстаўленьняў пагражаючай небясьпекі й ўражлівасьці, а таксама ад нэрвовай сыстэмы. Фізычна пачуцьцё страху выяўляецца паніжэньнем жыцьцёвых функцыяў (біцьцё сэрца, дрыжаньне, сьціснутае дыханьне).

Гнеў—таксама індывідуальны псыхічны стан, калі індывідуум хоча рэагаваць ад’емна на прычыняную яму нейкую крыўду або шкоду і заўсёды скіроўваецца супроць іншае асобы. Пры страху пазыцыя нашая абаронная, у гневе наадварот — агрэсыўная і зьвязана з пэўным задаваленьнем.

Рыс. № 5. I.—Мімічнае азабражэньне выразу твару чалавека падчас спакойнага, ураўнаважанага стану. II. — Выраз бадзёрасьці і сьмеласьці („добры гумар“). III. — Незадаваленьне (гнеў, злосьць, страх). У першым прыпадку рысы твару прыймаюць гарызантальнае распалажэньне; у другім — прыпаднятае й ў трэцім — апушчанае.


Рыс. № 5. I.—Мімічнае азабражэньне выразу твару чалавека падчас спакойнага, ураўнаважанага стану. II. — Выраз бадзёрасьці і сьмеласьці („добры гумар“). III. — Незадаваленьне (гнеў, злосьць, страх). У першым прыпадку рысы твару прыймаюць гарызантальнае распалажэньне; у другім — прыпаднятае й ў трэцім — апушчанае.

Калі-б мы фізычна не праяўлялі гневу, то праўдападобна, вельмі-б страдалі. (Гл. рыс. № 5).

Пачуцьці сораму, нуды й самазадаваленьня. Сорам — тэта пачуцьцё, якое ўзьнікае, калі істнуе пэўная дагадка, што думаюць аб нас іншыя ад’емна, асабліва пасьля якога небудзь учынку, заслугоўваючага на асуджэньне. У чалавека ёсьць уроджанае імкненьне паказаць сябе, а таму ўсьведамленьне ў нас самых нечага дадатняга, выклікае самазадаваленьне й наадварот. (Напр. уменьне іграць, сьпяваць, маляваць). Аднастайнасьць прадстаўленьняў выклікае пэўную апатыю й бяздзейнасьць, выяўляючуюся ў пачуцьці нуды.

Вышэй пералічаныя пачуцьці, страху, гневу, сораму ды іншыя, гэта віды пачуцьцяў эгаістычных (хоць часамі ўласьцівы цэлай масе, натоўпу), бо ў іх аснове ляжыць інстынкт самазахаваньня. Вось-жа тыя пачуцьці, якія зьвязаны з захаваньнем асабістага жыцьця называюцца індывідуальнымі, эгоістычнымі або аўтопатычнымі, а тыя, якія зьвязаны з захаваньнем іншых індывідуумаў — соцыяльнымі пачуцьцямі альтруістычнымі або гэтэропатычнымі. Апошнія вынікаюць з пачуцьцяў эгаістычных і ўзьнікаюць ад спачуваньня аднае асобы другой. Адсюль паходзяць паняцьці: сяброўства, пашаны, удзячнасьці і каханьня (пачуцьці сымпатычныя). Каханьне — у найшырэйшым разуменьні ёсьць туга, якая зьяўляецца прадметам патрэбы іншае асобы. Каханы прадмет, або асоба, становіцца вельмі блізкай й як-бы ўласнасьцю другое асобы. Вось чаму кожнае імкненьне заўладаць ёю выклікае зайздрасьць, гнеў і нават помсту. Каханьне матчынае або бацькоўскае найлепшы узор сымпатычнага пачуцьця. Гэтыя пачуцьці мы заўважваем ня толькі ў людзей, але й жывёлаў. Пачуцьці соцыяльныя вельмі важны від сымпатычных пачуцьцяў, палягаюць яны ў тым, што пашыраюцца не на адну асобу, а на грамадзянства. Формы і віды грамадзкага пачуцьця роз­ныя. У першую чаргу гаворыцца аб „любові да блізкага“ ў шырэйшым разуменьні гэтага слова (гуманнасьць) і любові да бацькаушчыны (патрыятызм). На гэтых-жа падставах будуецца палітычпалітычны лад апошніх часоў асабліва з лёзунгамі свабоды, роўнасьці і брацтва. Гэта ёсьць апошнім дасягненьнем людзства, хоць многія з гэтых прынятых ідэяў былі вядомымі на прадвесьні гісторыі, а любоў да бліжняга сталася нават заветам хрысьціянства.

Ідэёвыя пачуцьці ўзьнікаюць ад прыраўніваньня іх да нечага такога, чаго ў сапраўднасьці няма, але што павінна была-б быць.

Гэтак гаворым аб ідэале. Кажам, напр. аб ідэале справядлівасьці, дабра, прыгожасьці і праўды, якія сталіся ўсялюдзкімі.

Зводзяцца гэтыя паняцьці да засад добрых і злых, а апошнія{{{2}}} дастаўляюць нам маральнае пераконаньне і ўплываюць на раўнавагу нашага жыцьця. Сумленьне ў даным выпадку будзе найлепшым крытэрыем; бо сапраўды ўнутранае пераконаньне ёсьць асновай душэўнага супакою і раўнавагі. Немалую ролю адыгрывае ў псыхічным жыцьці і пачуцьцё рэлігійнасьці, у аснову якога кладзецца пашана Бога — істоты надпрыроднае. Пачуцьцё рэлігійнасьці праяўлялася на працягу ўсяе гісторыі людзкасьці, ува ўсіх народаў і ў розных відах (монотэізм і політэізм). Таемнасьць зьявішчаў прыроды, пытаньні першапрычыны сусьвету, загадка сьмерці — у вялікай меры разьвівае рэлігійнае пачуцьцё.