Кароткі нарыс псыхолёгіі/Мысьленьне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Віды складанае душэўнае дзейнасьці Мысьленьне
Артыкул
Аўтар: Мікола Ільяшэвіч
1932 год
Псыхолёгія пачуцьцяў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МЫСЬЛЕНЬНЕ.

Мысьленьне — гэта адзін з працэсаў скла­данае душэўнае дзейнасьці, выяўляючыйся пры помачы мовы, з мэтай пазнаньня. Сам працэс мысьленьня ёсьць пэўная праца розуму, выконваючаяся ў мазгу, гдзе адбываецца злучэньне (сынтэз) або разлучэньне (аналіз) прадстаўленьняў і ўражаньняў. Мысьленьне зьвязана з мовай г. ё. здольнасьцю чалавека выяўляць пры помачы знакаў (словаў) свае паняцьці й прадстаўленьні другім асобам.

Разьвіцьцё псыхікі выклікала патрэбу, ды ўрэшце прывяло да ўзьніку мовы. Даць тлумачэньне яе ўзьніку доволі цяжка. Ведама толькі адно, што ўзьнікла мова не адразу, а ў выніку доўгае эвалюцыі. Псыхолёгі й іншыя вучоныя выходзяць з таго пункту гледжаньня, што чалавек на першапачаткавай ступені разьвіцьця насьледаваў крыкам птушак, жывёлаў, тукам прыроды, удасканальваў гукі, а потым, у залежнасьці ад патрэбаў і перажываньняў, выяўляў іх. Слова паволі сталася зьмястоўным знакам адпаведных станаў нашае сьведамасьці. У гэтых знаках, з адпаведна акрэсьленым значэньнем пэўнага індывідуума, бачым ягонае адношаньне да акружаючага сьвету. Мысьленьне разам з тым — форма пазнаваньня дзеяльнасьці чалавека, якая праяўляецца ў складаньні паняцьцяў, суджэньняў і, вывадаў. Мысьліць, інакш кажучы, — прыраўноўваць або разважаць.

3 прадстаўленьняў прыдбаных намі, мы, на падставе аналізу або сынтэзу, выказваем пэўнае суадношаньне, творым пэўны посудак або суджэньне. Пры разважаньні мы што небудзь або цьвердзім або адкідаем у адносінах чагосьці да нечага. Заўсёды ў даным прыпадку ідзе гутарка аб дзейніку (суб‘екце) і сказьніку (прэдыкаце). Але не абавязкава ў разважаньні мусіць быць момант злучэньня або разлучэньня прадстаўлень­няў выабстрагаваных паняцьцяў, (напр. беларуская справа вымагае ахвярнасьці), але можа быць су­адношаньне конкрэтных рэчаў і фактаў (напр. жалеза — праваднік цяплыні). Пры посудках (суджэньнях) карыстаемся трыма аснаунымі мэтадамі: індукцыяй, дэдукцыяй і аналёгіяй.

Індукцыйны мэтад г. ё. такое паступаваньне ў разважаньні, калі з паасобных, адзіночных спасьцярогаў прыходзім да агульнага суцэльнага выснаўку-заключэньня (ад лац. слова inductio —уводзіць). Большасьць прыродазнаўчых законаў збудавана на падставе гэтага мэтаду. Проціўлежнасьць індукцыйнаму мэтаду становіць г. зв. дэдукцыйны, калі ў разважаньні грунтуемся на вывадах ад агульнага да паасобнага (deductio — адводзіць). Урэшце разважаньні па аналёгіі або падобнасьці складаюцца з таго, што ад падабенства двух рэчаў, ці зьявішчаў, у некаторых адзнаках робяць вывад аб падобнасьці гэтых рэчаў і зья­вішчаў у іншых адзнаках. Напр. на гэтым палягае і біогенэтычны закон, што дзіця ў сваім разьвіцьці павінна прайсьці ўсе стадыі, якія прайшла ў сваім разьвіцьці людзкасьць.

Ужо няраз зазначалася, што суджэньні нашыя могуць быць памылковыя г. ё. не адпавядаць сапраўднасьці, хоць чалавек імкнецца ўсьцяж пазнаць праўду, бо патрабуе яе для жыцьця. Чым болей чалавек пазнае, тым болей ён узброяны ў жыцьцёвым змаганьні, тым бліжэй да праўды. Што-ж такое праўда? Гэтым пытаньнем займаецца тэорыя пазнаньня — адна з філёзофічных навук. Вось-жа праўда ёсьць згоднасьць нашае думкі (мысьленьня) з тым, што і як ёсьць. Пазнаньне праўды зьяўляецца заданьнем кожнай навукі. Аднак і пазнаньне нашае ёсьць адноснае (рэлятыўнае). Бо пазнаем мы толькі пры помачы нашых чуцьцяў, праз ворганы ня зусім дасканалыя, як мы пераканаліся пры разглядзе аддзелу аб наіўным рэалізьме. Рэшту, тое што чуцьцям чалавека ня прыступна, ён дадумываецца на аснове прыдбаных пазнаньняў. Ужо Джон Лёкк (1637—1704) выказаў думку, што нічога няма ў розуме чалавека, пакуль ня была ў яго чуцьцях. (Nihil est in intellectu, quod non fuerit in sensu). Гэтую самую думку выказываў і Давід Юм, ангельскі філёзаф (1711 — 1776). Праўда — паняцьце да пэўнай меры суб‘ектыўнае. На падставе здабытых прадстаўленьняў з акружаючага нас сьвету, мы творым агульныя паняцьці, якія ўзьнікаюць дзякуючы індукцыі або дэдукцыі, аналізу або сынтэзу, абстракцыі й ассыміляцыі. Агульнае паняцьце мы можам акрэсьліць, як думку аб усіх прадметах пэўнае клясы наагул. Словы рака, сабака, рожа — ёсьць агульныя паняцьці. Калі мы кажам рака, то ня маем на думцы ані Нёману, ані Рэйну, ані іншае ракі, але раку наагул. У агульных паняцьцях разрозьніваем засяг і зьмест. Засягам агульнага паняцьця назавём усе прадметы, якія падпадаюць пад гэтае паняньце. Зьместам агуль­нага паняцьця — ўсе рысы, адзнакі, якія ўласьцівы ўсім прадметам данага засягу.

Чалавек не супакойваецца пазнаньнем паасобных зьявішчаў і прадметаў у сусьвеце, ён шукае пэўнага адказу на пытаньне: — чаму і дзеля чаго? — а дзеля гэтага, шукае адносінаў між прычынамі й вынікамі й патрабуе досьледу (post hoc? ergo propter hoc); шукаецца сувязь паміж папярэднім і наступным. 3 гэтага самага пачынае вынікаць патрэба суцэльнага пагляду на жыцьцё і сьвет, які й падае навука філёзофія, якая мае свае навуковыя мэтады досьледаў. Калі-ж сьветапагляд злучаны з культам г. ё. пачытаньнем надпрыродных істот, не абгрунтованы строгімі досьледамі й фактамі, абаснаваны на веры, перакананьні, гэтым самым ён зводзіцца да рэлігіі. У сераднявечныя часы разуменьні: навука, філё­зофія і тэолёгія былі амаль што ідэнтычнымі й толькі пазьней настала разгранічэньне назоваў. Наву­ка (веда) скіроўвае думкі да сапраўднасьці, да фактаў об‘ектыўна ўсімі прызнаных і на іх апірае вывады, у той час, як вера закладаецца на суб‘ектыуных мамэнтах і часта не правераных фактах.

Прынцыпам навуковага мысьленьня ёсьць у першай меры правідловасьць лёгічная, дастарчальнасьць фактаў і правідловае выслоўліваньне. Памылкі паўстаюць пры неправідловым паступаваньні ў разважаньнях (суджэньнях). Як трэба разважаць, каб не рабіць памылак, вучыць нас лёгіка—навука аб законах мысьленьня. Могуць памылкі паўставаць адразу-ж ужо пры мамэнце самага ўспрыйманьня ўражаньняў, або пры рэпродукцыі. Сьведама выкліканыя памылкі, з мэтай асьвятленьня нечага не такім, якім яно ёсьць, называем маной. Апрача таго памылкі бываюць прыпадковыя і часта ўзьнікаюць ад дэфэктаў у нашых ворганах.

Ільлюзыя і галюцынацыя. Часта ў выніку неправідловага ўспрыйманьня ўражаньняў у чалавека паўстае такі стан сьведамасьці, які мала адпавядае сапраўднасьці. Гэткае зьявішча псыхічнае называем ільлюзыяй. Напрыклад, некаму здалося, што ў пакоі нешта стаіць каля дзьвярэй, у той час, як у тым мейсцы вісела пальто. У даным выпадку маем прадмет, які ўспрыймаем, але ўспрыняцьце ўражаньня ад гэтага прадмету — здэфармаванае, неправідловае. Добрым прыкладам гэткага неправідловага ўспрыняцьця ўражань­няў можам знайсьці ў творы Гётэ „Лясны Ка­роль“ (Erlkönig).

Блізкай да ільлюзыі ёсьць галюцынацыя. Апошняе зьявішча чыста хвараблівае, бо без усялякіх вонкавых пабуджэньняў узьнікаюць у чалавека абразы зусім не адпавядаючыя сапрауднась­ці. Уласьцівы такі стан людзям нэрвова-хворым або вычэрпаным. Напр.: нехта выразна бачыць, як праз дзьверы ўвайшоў дзед і праз пэўны час зьнік, прычым ніхто з прысутных у пакоі гэтага ня бачыў. Пры галюцынацыях ня маем ніякіх вонка­вых раздражальнікаў. Прычынай ільлюзыяў і га­люцынацыяў ёсьць нарушэньне каркавых цэнтраў у мазгу. Віды галюцынацыяў пераважна бываюць зрокавыя і слухавыя або зрокава-слухавыя. Калі-ж чалавек сьпіць і сьведамасьць вельмі нязначная тагды адчыняецца шырокае поле для галюцынацыяў.