Кароткі нарыс псыхолёгіі/Воля
← Псыхолёгія пачуцьцяў | Воля Артыкул Аўтар: Мікола Ільяшэвіч 1932 год |
Ненармальныя псыхічныя зьявішчы → |
ВОЛЯ.
Побач з псыхолёгіяй пазнаваньня (чуцьцяў) мысьленьня і пачуцьця, адным зь відаў складаных псыхічных зьявішчаў зьяўляецца воля. На першы пагляд, здавалася-б, воляй можна назваць імкненьні, жаданьні, пастановы і г. д. Гэтае акрэсьленьне аднак ня будзе дакладнае. Мы паяўляемся на сьвет з уроджанымі нам рухамі, якія называем адруховымі або рэфлексыўнымі і інстынктоўнымі. Калі мы выканаем першы раз кі рух, у нас застаецца прадстаўленьне гэтага руху. У выпадку, калі гэты рух спатрэбіцца, мы зможам яго выканаць, бо ведаем, як ён выглядае. Выкліканьне гэтых усьведамленых рухаў можна назваць воляй. Мы нешта жадаем, пастанаўляем і рэалізуем, выклікаючы да жыцьця той ці іншы рух. Уся культура і цывілізацыя можна сказаць, гэта вынік гэтых рухаў, волі. Від волі, які знаходзіць выражэньне ў рухах назавем пазытыўнай воляй. Пры пазытыўнай волі маем мамэнт вызваляньня рухаў. Апрача волі пазытыўнае істнуе воля нэгатыўная, якая палягае на паўстрыманьні нашых рухаў. Часта адны рухі паўстрымліваем другімі. (Напр. робім рух галавы, каб адагнаць нейкую думку). Такім чынам, волю можам уясьніць як нейкі цэнтр сьведамасьці, праз які праходзяць усе рухі, скуль яны або скіроўваюцца ў кірунку вызваленьня або паўстрыманьня. Інакш волю можам акрэсьліць, як дыспазыцыю (уласьцівасьць) да жаданьняў і пастановаў. Часта кажам аб сільнай волі і слабой. Сільнай воляй называем дыспазыцыю да выкананьня пастановы, ня гледзячы на перашкоды (але у рамках здаровага розуму).
Слабой воляй адзначаецца той, хто ня можа станоўча пастанаўляць, а калі нават і пастановіць, то ня выканае гэтае пастанаўленьне.
Калі чалавек праяўляе дыспазыцыю да выкананьня пастанаўленьня ня згодна з здаровым розумам, — то такую волю назавём упорствам. Упорныя людзі заўсёды мала інтэлігентныя, агранічаныя.
Клясыфікацыю волі можна праводзіць і далей.
Валявыя працэсы, як было зазначана, мы выяўляем у адпаведных рухах. Рухі-ж жывое істоты дзелім на 1) рэфлексыўныя, 2) аўтоматычныя, 3) інстынктоўныя і 4) давольныя. Першыя тры віды рухаў гэта такія, якія адбываюцца бяз нашага ўсьведамленьня, бяз удзелу нашае волі, ўзьнікаюць яны дзякуючы накапленьню энэргіі ў нэрвовых цэнтрах, або папросту прыроджаны жывой істоце і агулам забясьпечваюць магчымасьць існаваньня. Адбываюцца яны нясьведама, але мэтазгодна. Разьлічаем інстынкты: жыўленьня, самазахаваньня, сацыяльны, размнажэньня і інш. Затое чацьверты від рухаў — рухі давольныя — маюць зусім іншы характар. Яны маюць пэўную мэту і падлягаюць нашай кантролі (цэлёвыя рухі). Напр. перакладаньне рэчаў з мейсца на мейсца. Кожнае імкненьне, жаданьне, ці патрэба чалавека выяўляецца ў дзейнасьці — у давольных рухах. Часамі на дарозе да заспакаеньня гэтых патрэбаў сустракаюцца перашкоды, узьнікае напружаньне волі. Валявы акт вельмі складаны працэс. У ім мы ў сутнасьці імкнемся да здабыцьця прыемнасьці або, унікненьня няпрыемнасьці. У дарозе паступаваньня трэба здабыць прадстаўленьне аб рэчах, умець рабіць выбар прадметаў, мець жаданьне, меркаваньне, пастанову і выкананьне.
Часта паўстае спрэчнае пытаньне адносна свабоды нашае волі. Свабодны чалавек у сваіх паступках? Ці залежаць ягоныя паводзіны і воля ад вонкавага, акружаючага сьвету? Вось-жа тыя філёзофы і псыхолёгі, каторыя цьвердзяць, што воля наша, а значыцца і паводзіны, зьяўляюцца абумоўленыя соцыяльнымі або біолёгічнымі фактарамі—называюцца дэтэрміністымі. Тыя-ж, якія вучаць, што воля сама зьяўляецца прычынай рухаў і чалавек свабодны у сваіх паступаваньнях — індэтэрміністымі.
Трэба аднак пры гэтым памятаваць, што ёсьць пэўная ўзаемадзейнасьць волі, пачуцьця і розуму.
Калі рухі часта паутараюцца і не патрабуюць вялікага напружаньня, каб іх выклікаць, і нават бываюць бяз удзелу волі, — называем гэткае зьявішча звыкам. Калі, напр., часта барабаніць пальцамі па стале, то праз пэўны час мы будзем выконваць рухі пальцаў аўтаматычна. Калі гаворым аб сіле волі, дык разумеем згоднасьць дзеяньня з перакананьнямі чалавека. Слова „пэўнасьць сябе“ або „сіла волі“ часта заменьваецца тэрмінам „характар“, які знаходзіцца ў сувязі з воляй.
Характар і тэмпэрамэнт — гэта ёсьць сума ўсіх псыхічных уласьцівасьцяў, каторымі адрожніваецца адзін чалавек ад другога.
Ангельскі вучоны Бэн дзеліць характеры на тры тыпы: 1) інтэлектуальны, гдзе пераважае праца розуму 2) эмацыянальны, з пераважаньнем пачуцьцяў і 3) актыўны — гдзе пераважае воля.
Ведама, цяжка падвесьці характар кожнага чалавека пад адзін з гэтых тыпаў. Калі чалавек сільнае волі ў сваіх учынках трымаецца сталых прынцыпаў, кажам, што такі чалавек мае сільны характэр. Калі чалавек часта адступаець ад гэтых прынцыпаў, дык у такім выпадку кажам аб слабым характары. Калі ў учынках і захаваньні чалавека няма ніякіх прынцыпаў, тады кажам аб безхарактэрнасьці. Характар шмат залежыць ад тэмпэрамэнту. Словам тэмпэрамэнт азначаюць фізычныя варункі ў арганізьме чалавека, дзякуючы каторым з большай або меншай хуткасьцю і глыбінёй успрыймаюцца перажываныя намі ўражаньні.
Ужо Гіпакрат (грэцкі вучоны з IV в. да Н. Хр.) разьлічаў розьніцу тэмпэрамэнтаў і тлумачыў, што у арганізьме чалавека ёсьць чатыры віды сокаў, якія ўплываюць на тэмпэрамэнт. Адсюль і паходзяць назовы тэмпэрамэнтаў: 1) сангвінічны, 2) халерычны, 3) мэлянхалічны, і 4) флегматычны. Сангвінік адзначаецца рухлівасьцю, рупкасьцю і адзыўчытасьцю, але і хутка забываючымся на ўражаньні. Флегматык—становіць праціўлежнасьць сангвініку, больш спакойны, разважны, зраўнаважаны. Халерык — чалавек энэргіі і запалу. Мэлянхолік — зачынены ў сабе, усім прыступны, але пасыўны. У чыстым выглядзе, ведама, гэтыя тыпы сустракаюцца рэдка. Пераважна характары і тэмпэрамэнты мяшаныя, хоць усё-ж у кожным індывідууме пераважаюць пэўныя адзнакі таго ці іншага тэмпэрамэнту або характару. Наш характар залежыць яшчэ шмат ад уроджаных (дэдычных) асаблівасьцяў і акружаючага нас асяродзішча. Ангелец Джон Лёкк нават высунуў пагляд, што душа наша ад дзяцінства гэта tabula rasa (чыстая дошка) на якой запісываюцца ўжо пасьля ўсе прадстаўленьні і ўражаньні акружаючага нас сьвету.
Сьвядомасьць. Псыхічнае й фізычнае жыцьцё адзінкі творыць суцэльнасьць, якая выяўляецца паняцьцем „я“. Яле трэба адрожніваць „я“ фізычнае ад „я“ духовага. Спачатку дзіця мае прадстаўленьне аб фізычным (цялесным) „я“, і толькі з бегам часу, калі становіцца дарослым, далучаецца прадстаўленьне і аб духовым „я“. Пад выражэньнем „я“ разумеецца нешта акрэсьленае, пэўнае; выяўляецца індывідуальнасьць. Я ўсё тое, што індывідуум сам аб сабе ведае, тыя прадстаўленьні, якія ён набывае і памятуе, і якія разам з гэтым ёсьць адзнакай яго ўнутранага жыцьця,—даюць нам паняцьце „суб‘екта“. Проціўлежнасьцю „суб‘екта“ зьяўляецца „об‘ект“.
3 разуменьнем „я“ зьвязана яшчэ паняцьце сьведамасьці й сябесьведамасьці. Усё тое, што мы перажываем, як нешта псыхічнае, ёсьць прадметам нашае сьведамасьці. Яле сьведамасьць у чалавека часта бывае зацемнена часова, або пэрыядычна (летаргія, абамленьне, сон) і ў канцы перарываецца зусім, калі наступае сьмерць. Нармальнай, пэрыядычнай зьменай дзейнасьці у арганізьме, ёсьць працэс спаньня, з характэрнымі яму снабачаньнямі (соннымі марамі).
Сон — гэта такі пэрыядычны стан чалавека, які фізіолёгічна выяўляецца няздольнасьцю да выконваньня валявых рухаў і задаваленьня жыцьцёвых патрэбаў, а псыхічна выяўляецца станам няпрытомнасьці. Падчас спаньня бачым г. зв. снабачаньні, якія вельмі фантастычныя і ня маюць ані прыродных, ані лёгічных межаў. Аднак у сутнасьці няма ў снабачаньнях нічога новага, чаго-б мы не перажывалі або ня бачылі падчас сьвядомага стану; залежаць яны часта ад вонкавых уражаньняў. Пры гэтым снабачаньні падобны да ільлюзыяў і галюцынацыяў, аб якіх гутарка была ўжо раней. Фізыолёгічнай прычынай спаньня ёсьць зморанасьць арганізму, а прычыны снабачаньняў устанавіць цяжка. Ведама, што на снабачаньні ўплываюць вельмі ўсялякія зьмены ў арганізьме (неправідловы абег крыві, дыханьне, жалудак і г. д.).
У сучаснай псыхолёгіі, асабліва ў псыхааналізе, запачаткаванай д-рам 3. Фройдам, сонным марам і мараньню на яве прыпісываецца вялікае значэньне. Разрозьніваюцца у ёй: 1) сфэра сьведамай псыхікі і 2) сфэра нясьведамай псыхікі. Вось-жа ў снах праяўляецца нясьведамая псыхіка, а перадусім нашыя незаспакоеныя інстынкты, жаданьні і імкненьні. Напр. дзіцяці, якое ня мае калегаў, сьніцца, што яно апавядае казку, а шмат дзяцей уважна яго слухае. Сны часта бываюць вельмі скамплікаваныя, але й тады можна дашукацца вышэйуспомненых прычын.