Перайсці да зместу

Капітанская дачка/XIV. Суд

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XIII. Арышт Раздзел XIV. Суд
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Пераклад: Кузьма Чорны
Дадатак. Прапушчаны раздзел

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




"Мирская молва —
Морская волна"
Прыказка

Я быў упэўнены, што віною ўсяму быў самавольны мой ад'езд з Орэнбурга. Я лёгка мог апраўдацца: наезніцтва не толькі ніколі не было забаронена, але яшчэ ўсімі сіламі падтрымлівалася. Я мог быць абвінавачаны ў залішняй гарачнасці, а не ў непаслухмянстве. Але прыяцельскія зносіны мае з Пугачовым маглі быць даведзены мноствам сведак і павінны былі здавацца прынамсі вельмі падазронымі. Праз усю дарогу раздумваў я аб допытах, якія мяне чакалі, абдумваў свае адказы і вырашыў перад судом расказаць шчырую праўду, лічачы гэты спосаб апраўдання самым простым, а разам і самым надзейным.

Я прыехаў у Казань, апустошаную і пагарэлую. Па вуліцах, заместа дамоў, ляжалі груды вугалю і тырчэл закурэлыя сцены без стрэх і акон. Гэта быў след, пакінуты Пугачовым! Мяне прывезлі ў крэпасць, якая ўцалела сярод згарэўшага горада. Гусары здалі мяне вартавому афіцэру. Ён загадаў гукнуць каваля. Надзелі мне на ногі ланцуг і закавалі яго наглуха. Потым адвялі мяне ў турму і пакінулі аднаго ў цесным і цёмным заканурку, з аднымі голымі сценамі і з акенцам, загароджаным жалезнымі кратамі.

Такі пачатак не прадракаў мне нічога добрага. Аднак я не траціў ні бадзёрасці, ні надзеі. Я звярнуўся да суцяшэння ўсіх скарбяшчых і, упершыню адчуўшы слодыч малітвы, вылітай з чыстага, але змардаванага сэрца, спакойна заснуў, не думаючы аб тым, што са мною будзе.

На другі дзень турэмны вартаўнік мяне разбудзіў з паведамленнем, што мяне патрабуюць у камісію. Два салдаты павялі мяне праз двор у каменданцкі дом, спыніліся ў пярэдняй і ўпусцілі аднаго ва ўнутраныя пакоі.

Я ўвайшоў у залу даволі вялікую. За сталом, пакрытым паперамі, сядзелі два чалавекі: паджылы генерал, выгляду строгага і халоднага, і малады гвардзейскі капітан, гадоў дваццаць восем, вельмі прыемнага выгляду, ёмкі і вольны ў абыходжанні. Каля акна за асобным сталом сядзеў сакратар з пяром за вухам, нахіліўшыся над папераю, гатовы запісваць мае паказанні. Пачаўся допыт. Мяне спыталіся пра маё імя і званне. Генерал пацікавіўся, ці не сын я Андрэя Пятровіча Грынёва? І на мой адказ сказаў сурова:

— Шкода, што такі шаноўны чалавек мае такога нягоднага сына!

Я спакойна адказаў, што якія-б ні былі абвінавачванні, якія ляжаць на мне, я спадзяюся іх развеяць шчырым паказаннем праўды. Упэўненасць мая яму не спадабалася.

— Ты, брат, востры — сказаў ён мне, нахмурыўшыся, — але бачылі мы і не такіх!

Тады малады чалавек спытаўся ў мяне: з якога выпадку і ў які час увайшоў я ў службу да Пугачова і па якіх даручэннях быў я ім скарыстаны?

Я адказаў з абурэннем, што я, як афіцэр і дваранін, ні ў якую службу да Пугачова ўступаць не мог і ніякіх даручэнняў ад яго прыняць не мог.

— Якім-жа чынам,—сказаў на гэта мой дапытнік, — дваранін і афіцэр адзін памілаваны самазванцам, — між тым як яго ўсе таварышы злачынна забіты? Якім чынам гэты самы афіцэр і дваранін па-сяброўску балюе з бунтаўнікамі, прымае ад іх галоўнага ліхадзея падарункі, футру, каня і поўрубля грошай? З чаго сталася такая дзіўная дружба і на чым яна заснавана, калі не на здрадзе, або прынамсі на агіднай і злачыннай маладушнасці?

Я быў глыбока абражаны словамі гвардзейскага афіцэра і з запалам пачаў сваё апраўданне. Я расказаў, як пачалося маё знаёмства з Пугачовым у стэпе, у часе бурану; як пры ўзяцці Белагорскай крэпасці ён мяне пазнаў і памілаваў. Я сказаў, што кажух і каня, праўда, не пасароміўся я прыняць ад самазванца; але што Белагорскую крэпасць абараняў я супроць ліхадзея да апошняй хвіліны. Нарэшце я спаслаўся і на майго генерала, які мог пасведчыць маю адданасць у часе ліхой орэнбургскай аблогі.

Строгі старык узяў са стала адкрыты ліст і пачаў чытаць яго ўголас:

"На запытанне вашага прэвасхадзіцельства адносна прапаршчыка Грынёва, быццам замешанага ў цяперашнім гвалце і ўвайшоўшага ў зносіны з ліхадзеем, службаю недазволеныя, і абавязку прысягі супраціўныя, сказаць маю гонар: гэны прапаршчык Грынёў знаходзіўся на службе ў Орэнбургу з пачатку кастрычніка мінулага 1773 года да 24 лютага цяперашняга года, у які дзень ён з горада адбыў і з таго часу ўжо ў каманду маю не з'яўляўся. А чуваць ад перабежчыкаў, што ён быў у Пугачова ў слабадзе і з ім разам ездзіў у Белагорскую крэпасць, у якой раней знаходзіўся ён на службе; што датыча да яго паводжання, то я магу..." — Тут ён перапыніў сваё чытанне і сказаў мне сурова: — Што ты цяпер скажаш сабе ў апраўданне?

Я хацеў быў казаць далей, як пачаў, і расказаць пра маю сувязь з Мар'яй Іванаўнай гэтак-жа шчыра, як і ўсё іншае. Але раптам адчуў непераможную гідлівасць. Мне прышло ў галаву, што калі назаву яе, дык камісія запатрабуе і яе к адказу; і думка ўблытаць імя яе паміж агіднымі абмовамі ліхадзеяў і яе самую звесці з імі адзін-на-адзін — гэта жахлівая думка так мяне скаланула, што я замяўся і зблытаўся.

Суддзі мае, якія пачыналі, здавалася, выслухоўваць мае адказы з некатораю прыхільнасцю, былі зноў прадузятага погляду супроць мяне, бачачы маё збянтэжанне. Гвардзейскі афіцэр патрабаваў, каб мяне паставілі адзін-на-адзін з галоўным даносчыкам. Генерал загадаў гукнуць учарашняга ліхадзея. Я з жвавасцю павярнуўся да дзвярэй, чакаючы з’яўлення свайго абвінаваўцы. Праз некалькі хвілін загрымелі ланцугі, дзверы адчыніліся, і ўвайшоў — Швабрын. Я здзівіўся яго перамене. Ён быў страшэнна худы і бледны. Валасы яго, нядаўна чорныя як смоль, зусім пасівелі; даўгая барада была ўскудлачана. Ён паўтарыў абвінавачванні свае слабым, але смелым голасам. Паводле яго слоў, я вызначаны быў ад Пугачова ў Орэнбург шпіёнам; штодня выязджаў на перастрэлкі, каб перадаваць пісьмовыя паведамленні аб усім, што рабілася ў горадзе; што нарэшце яўна перадаўся самазванцу, раз'язджаў з ім з крэпасці ў крэпасць, стараючыся ўсяляк губіць сваіх таварышоў-здраднікаў, каб займаць іх месцы і карыстацца ўзнагародамі, раздаванымі ад самазванца. — Я выслухаў яго моўчкі і быў здаволены адным: імя Мар'і Іванаўны не было вымаўлена агідным ліхадзеем, ці з таго, што ганарлівасць яго кранала пры думцы аб той, якая адхіліла яго з пагардаю; ці з таго, што ў сэрцы яго таілася іскра таго-ж пачуцця, якое і мяне прымушала маўчаць, — як-бы там ні было, імя дачкі белагорскага каменданта не было вымаўлена ў прысутнасці камісіі. Я ўмацаваўся яшчэ больш у маім намеры, і калі суддзі запыталі: чым магу адвесці паказанні Швабрына, я адказаў, што трымаюся першага свайго тлумачэння і нічога другога ў сваё апраўданне сказаць не магу. Генерал загадаў нас вывесці. Мы вышлі разам. Я спакойна глянуў на Швабрына, але не сказаў яму ні слова. Ён усміхнуўся зласлівай усмешкаю і, прыпадняўшы свае ланцугі, выперадзіў мяне і наддаў кроку. Мяне зноў адвялі ў турму і з той пары ўжо на допыт не патрабавалі.

Я не быў сведкам усяму, аб чым застаецца мне паведаміць чытача; але я так часта чуў аб тым расказы, што самыя малыя падрабязнасці ўрэзаліся ў маю памяць і што мне здаецца, быццам я тут-жа невідочна прысутнічаў.

Мар'я Іванаўна прынята была маімі бацькамі з той шчырай прыязню, якая адзначала людзей старога века. Яны бачылі ласку божую ў тым, што мелі выпадак прытуліць і аблашчыць бедную сірату. Неўзабаве яны да яе шчыра прывыклі, таму што нельга было яе ўведаць і не палюбіць. Маё каханне ўжо не здавалася бацюхну пустым блазенствам; а матухна толькі таго і жадала, каб яе Пятруша ажаніўся на мілай капітанскай дачцэ.

Чутка аб маім арышце здзівіла ўсю маю сям'ю. Мар'я Іванаўна так проста расказала маім бацькам пра дзіўнае знаёмства маё з Пугачовым, што яно не толькі не непакоіла іх, але яшчэ прымушала часта смяяцца ад чыстага сэрца. Бацюхна не хацеў верыць, каб я мог быць замешаны ў агідным бунце, якога мэта была нізрынуцце прастола і знішчэнне дваранскага роду. Ён строга дапытаў Савельіча. Дзядзька не стаіў, што пан бываў у гасцях у Емелькі Пугачова і што моў ліхадзей яму ткі спрыяў; але кляўся, што ні аб якой здрадзе ён і не чуў. Старыя супакоіліся і з нецярплівасцю пачалі чакаць добрых вестак. Мар'я Іванаўна дужа была ўстрывожана, але маўчала, бо ў вышэйшай ступені была надзелена сціпласцю і асцярожнасцю.

Прайшло некалькі тыдняў... Раптам бацюхна атрымлівае з Пецербурга ліст ад нашага сваяка князя Б**. Князь пісаў яму пра мяне. Пасля звычайнага пачатку ён абвясціў яму, што падазрэнні наконт удзелу майго ў замыслах бунтаўнікоў на няшчасце аказаліся вельмі грунтоўнымі, што належную кару павінен быў-бы я панесці, але што гасударыня, шануючы заслугі і старыя гады бацькі, вырашыла памілаваць злачыннага сына і, вызваляючы яго ад ганебнага пакарання смерцю, загадала толькі выслаць у далёкі край Сібіры на вечнае пасяленне.

Гэты нечаканы ўдар ледзь не звёў бацьку майго ў магілу. Ён страціў звычайную сваю цвёрдасць, і гора яго (звычайна маўклівае) вылівалася ў горкіх скаргах.

— Як! — паўтараў ён, вар'юючыся, — сын мой удзельнічаў у замыслах Пугачова! Божа праведны, да чаго я дажыўся! Гасударыня вызваляе яго ад пакарання смерцю! Ад гэтага хіба мне лягчэй? Не смерць страшная: прашчур мой памёр на лобным месцы[1], адстойваючы тое, што лічыў за святыню свайго сумлення; бацька мой пацярпеў разам з Валынскім і Хрушчовым[2]. Але двараніну здрадзіць сваёй прысязе, з'яднацца з разбойнікамі, забойцамі, з збеглымі халопамі! Сорам і ганьба нашаму роду!.. — Спалоханая яго роспаччу матухна не асмельвалася плакаць пры ім, і старалася вярнуць яму бадзёрасць, кажучы пра хлуслівасць чутак, пра хісткасць людской думкі. Бацька мой быў няўцешны.

Мар'я Іванаўна мучылася больш за ўсіх. Будучы ўпэўненай, што я мог апраўдацца, калі-б толькі захацеў, яна здагадвалася аб прычыне і лічыла сябе вінаватаю ў маім няшчасці. Яна хавала ад усіх свае слёзы і пакуты і між тым безупынна думала аб сродках, як-бы мяне выратаваць.

Аднойчы ўвечары бацюхна сядзеў на канапе, перагартаючы лісты Прыдворнага Календара; але думкі яго былі далёка, і чытанне не мела над ім звычайнага свайго ўплыву. Ён насвістваў старадаўні марш. Матухна моўчкі вязала шарсцяную фуфайку, і слёзы зрэдку капалі на яе работу. Раптам Мар'я Іванаўна, якая тут-жа сядзела за работаю, абвясціла, што неабходнасць яе прымушае ехаць у Пецербург і што яна просіць даць ёй спосаб адправіцца. Матухна вельмі засмуцілася.

— Чаго табе ў Пецербург? — сказала яна. — Няўжо, Мар'я Іванаўна, хочаш і ты нас пакінуць? — Мар'я Іванаўна адказала, што ўвесь яе будучы лёс залежыць ад гэтага падарожжа, што яна едзе шукаць заступніцтва і дапамогі ў уплывовых людзей, як дачка чалавека, які загінуў за сваю адданасць.

Бацька мой панурыў галаву: усякае слова якое нагадвала ўяўнае злачынства сына, было яму балючым і здавалася жорсткім папрокам.

— Едзь, матухна! — сказаў ён ёй з уздыхам. — Мы твайму шчасцю перашкоды рабіць не хочам. Дай бог табе ў жаніхі добрага чалавека, не ашальмованага здрадніка. — Ён устаў і вышаў з пакоя.

Мар‘я Іванаўна, застаўшыся адзін-на-адзін з матухнаю, трохі расказала ёй пра свае меркаванні. Матухна са слязмі абняла яе і маліла бога аб шчаслівым канцы задуманай справы. Мар'ю Іванаўну сабралі, і праз некалькі дзён яна рушыла ў дарогу з вернай Палашай і з верным Савельічам, які, гвалтам разлучаны са мною, цешыўся прынамсі думкаю, што служыць маёй нявесце.

Мар'я Іванаўна шчасліва дабралася да Сафіі[3] і, даведаўшыся, што двор знаходзіўся ў той час у Царскім Сяле, вырашыла тут спыніцца. Ёй адвялі куточак за пераборкаю. Жонка даглядчыка зараз-жа з ёй разгаварылася, паведаміла, што яна пляменніца прыдворнага слугі, які паліць там печы, і ўвяла яе ва ўсе таямніцы прыдворнага жыцця. Яна расказала, а якой гадзіне гасударыня звычайна прачыналася, піла каву, прагульвалася; якія вяльможы знаходзіліся ў той час пры ёй; што мела за ласку яна ўчора гаварыць у сябе за сталом, каго прымала ўвечары, — словам гутарка Анны Влас'еўны варта была некалькіх старонак гістарычных запісак і была-б дорага для патомкаў. Мар'я Іванаўна слухала яе з увагаю. Яны пайшлі ў сад. Анна Влас'еўна расказала гісторыю кожнай алеі і кожнага мастка, і, нагуляўшыся, яны вярнуліся на станцыю вельмі здаволеныя адна адною.

На другі дзень раніцаю Мар'я Іванаўна прачнулася, адзелася і ціхенька пайшла ў сад. Раніца была надзвычайная, сонца асвятляла вяршыні ліп, пажаўцелых пад свежым дыханием восені. Шырокае возера ззяла непарушна. Прачнуўшыся, лебедзі важна выплывалі з-пад кустоў, абступіўшых бераг. Мар'я Іванаўна пайшла каля прыгожага лугу, дзе толькі што пастаўлены быў помнік у гонар нядаўніх перамог графа Пятра Аляксандравіча Румянцэва[4]. Раптам белы сабачка англійскай пароды забрахаў і пабег ёй насустрач. Мар'я Іванаўна спалохалася і спынілася. У гэту самую хвіліну пачуўся прыемны жаночы голас:

— Не бойцеся, яна не ўкусіць. — І Мар'я Іванаўна ўбачыла даму, якая сядзела на лаўцы супроць помніка. Мар'я Іванаўна села на другім канцы лаўкі. Дама пільна на яе глядзела; а Мар'я Іванаўна, з свайго боку кінуўшы, некалькі ўскосных поглядаў, паспела разглядзець яе з ног да галавы. Яна была ў белым ранішнім адзенні, у начным чапцы і ў душагрэйцы. Ёй здавалася гадоў сорак. Твар яе, поўны і румяны, выражаў важнасць і спакой, а блакітныя вочы і лёгкая усмешка мелі пекнату невымоўную. Дама першая перарвала маўчанне.

— Вы пэўна не тутэйшая? — сказала яна.

— Точна так-с: я ўчора толькі прыехала з правінцыі.

— Вы прыехалі з вашымі роднымі?

— Ніяк не. Я прыехала адна.

— Адна! Але вы такая яшчэ маладая.

— У мяне няма ні бацькі, ні маткі.

— Вы тут канешне па якіх-небудзь справах?

— Точна так-с. Я прыехала падаць просьбу гасударыні.

— Вы сірата: напэўна, вы скардзіцеся на несправядлівасць і крыўду?

— Ніяк не. Я прыехала прасіць міласці, а не праўдзівага суда.

— Дазвольце запытацца, хто вы такія?

— Я дачка капітана Міронава.

— Капітана Міронава! Таго самага, што быў камендантам у адной з орэнбургскіх крэпасцей?

— Точна так-с.

Дама, здавалася, была расчулена.

— Прабачце мне, — сказала яна голасам яшчэ больш ласкавым, — калі я ўмешваюся ў вашы справы; але я бываю пры дварэ; раскажыце мне, якая ваша просьба, і, можа быць, мне ўдасца вам дапамагчы.

Мар'я Іванаўна ўстала і пачціва ёй падзякавала. Усё ў невядомай даме мімаволі вабіла сэрца і ўзнімала даверлівасць. Мар'я Іванаўна выняла з кішэні складзеную паперу і падала яе незнаёмай сваёй заступніцы, якая пачала чытаць сама сабе.

Спачатку яна чытала з выглядам уважлівым і прыхільным; але раптам твар яе змяніўся, — і Мар‘я Іванаўна, якая сачыла вачыма за ўсімі яе рухамі, спалохалася строгага выразу гэтага твара, які хвіліну назад быў такі прыемны і спакойны.

— Вы просіце за Грынёва? — сказала дама з халодным выглядам. — Імператрыца не можа яму дараваць. Ён прыстаў да самазванца не з няведання і лёгкадумнасці, але як разбэшчаны і шкодны агіднік.

— Ах, няпраўда! — ускрыкнула Мар'я Іванаўна.

— Як, няпраўда! — запярэчыла дама, уся ўзгарэўшыся.

— Няпраўда, яй-богу, няпраўда! Я знаю ўсё, я ўсё вам раскажу. Ён для мяне адной падпадаў пад усё, што цяпер церпіць. І калі ён не апраўдаўся перад судом, то толькі таму, што не хацеў заблытаць мяне. — Тут яна з запалам расказала ўсё, што ўжо вядома майму чытачу.

Дама выслухала яе з увагаю.

— Дзе вы спыніліся?—спыталася яна потым; і, пачуўшы, што ў Анны Влас'еўны, сказала з усмешкаю: — А! ведаю. Бывайце, не гаварыце нікому пра нашу сустрэчу. Я спадзяюся, што вы нядоўга будзеце чакаць адказу на ваш ліст.

З гэтым словам яна ўстала і вышла ў крытую алею, а Мар'я Іванаўна вярнулася да Анны Влас'еўны, поўная радаснай надзеі.

Гаспадыня палаяла яе за раннюю асеннюю прагулку, шкодную, паводле яе слоў, для здароўя мададой дзяўчыны. Яна прынесла самавар і за чаем толькі была ўзялася за бясконцыя расказы пра двор, як раптам прыдворная карэта спынілася каля ганка, і камер-лёкай[5] увайшоў з паведамленнем, што гасударыня мае ласку да сябе запрашаць дзяўчыну Міронаву.

Анна Влас'еўна здзівілася і забегала.

— Ах, божачка! — закрычала яна. — Гасударыня патрабуе вас да сябе. Як-жа гэта яна пра вас даведалася? Ды як-жа вы, матухна, з'явіцеся да імператрыцы? Вы, бадай, і ступіць па-прыдворнаму не ўмееце... Ці не праводзіць мне вас? Усё-ткі я вас хоць у чым-небудзь ды магу перасцерагчы. І як-жа вам ехаць у дарожным адзенні? Ці не паслаць да бабкі павітухі па яе жоўты раброн? — Камер-лёкай сказаў, што гасударыня хацела, каб Мар'я Іванаўна ехала адна і ў тым, у чым яе застануць. Рабіць было няма чаго; Мар'я Іванаўна села ў карэту і паехала ў дварэц, пад бясконцыя парады і блаславенні Анны Влас'еўны.

Мар'я Іванаўна прадчувала вырашэнне нашага лёсу; сэрца яе моцна білася і замірала. Праз некалькі хвілін карэта спынілася каля дварца. Мар'я Іванаўна з хваляваннем пайшла па лесніцы. Дзверы перад ёю адчыніліся насцеж. Яна прайшла даўгі рад пустых пышных пакояў; камер-лёкай паказваў дарогу. Нарэшце, падышоўшы да запертых дзвярэй, ён сказаў, што зараз пра яе даложыць, і пакінуў яе адну.

Думка ўбачыць імператрыцу тварам да твару так палохала яе, што яна ледзьве магла трымацца на нагах. Праз хвіліну дзверы адчыніліся, і яна ўвайшла ў прыбіральню гасударыні.

Імператрыца сядзела за сваім туалетам. Некалькі прыдворных абкружалі яе і пачціва прапусцілі Мар'ю Іванаўну; Гасударыня ласкава да яе звярнулася і Мар'я Іванаўна пазнала ў ёй тую даму, з якой так шчыра гаварыла яна некалькі хвілін назад. Гасударыня пазвала яе і сказала з усмешкаю:

— Я рада, што магла стрымаць вам свае слова і выканаць вашу просьбу. Справа ваша скончана. Я пераконана ў невінаватасці вашага жаніха. Вось ліст, які самі будзьце ласкавы адвязіце да будучага свёкра.

Мар'я Іванаўна прыняла ліст дрыгатлівай рукой і, заплакаўшы, упала ў ногі імператрыцы, якая падняла яе і пацалавала. Гасударыня разгаварылася з ёю.

— Ведаю, што вы не багатыя, — сказала яна; — але я ў даўгу перад дачкою капітана Міронава. Не трывожцеся аб будучым. Я бяру на сябе ўладзіць ваша становішча.

Абласкаўшы бедную сірату, гасударыня яе адпусціла. Мар'я Іванаўна паехала ў той-жа прыдворнай карэце. Анна Влас'еўна, якая нецярпліва чакала, калі яна вернецца, абсыпала яе пытаннямі, на якія Мар'я Іванаўна адказвала так-сяк. Анна Влас'еўна хоць і была нездаволена яе бяспамяццю, але прыпісала гэта правінцыяльнай сарамяжлівасці і прабачыла велікадушна. У той-жа дзень Мар‘я Іванаўна, не пацікавіўшыся глянуць на Пецербург, паехала назад у вёску...

———————

Тут спыняюцца запіскі Пятра Андрэевіча Грынёва. З сямейных паданняў вядома, што ён быў вызвалены ад зняволення ў канцы 1774 года, па імянному загаду; што ён прысутнічаў пры пакаранні Пугачова, які пазнаў яго ў натоўпе і кіўнуў яму галавою, якая праз хвіліну, мёртвая і акрываўленая, паказана была народу. Неўзабаве потым Пётр Андрэевіч ажаніўся з Мар'яй Іванаўнай. Патомства іх шчасліва жыве ў Сімбірскай губерні. За трыццаць вёрст ад *** знаходзіцца сяло, якое належыць дзесяцём памешчыкам. У адным з панскіх флігеляў паказваюць уласнаручны ліст Екацярыны II за шклом і ў рамцы. Яно пісана да бацькі Пятра Андрэевіча і змяшчае ў сабе апраўданне яго сына і пахвальбу розуму і сэрцу дачкі капітана Міронава. Рукапіс Пятра Андрэевіча Грынёва дастаўлен быў нам ад аднаго з яго ўнукаў, які даведаўся, што мы заняты былі працаю, якая мае дачыненне да часоў, апісаных яго дзедам. Мы вырашылі, з дазволу радні, выдаць яго асобна, падшукаўшы да кожнага раздзела прыстойны эпіграф і дазволіўшы сабе змяніць некаторыя ўласныя імёны.

Выдавец.
19 кастрычн. 1836 г.

Зноскі

[правіць]
  1. Лобнае месца – у даўнейшыя часы месца публічных пакаранняў смерцю на Красным пляцы ў Маскве
  2. А.П. Валынскі (1689-1740) – габінет-міністр Анны Іоанаўны, абаронца інтарэсаў сярэдняга дваранства, шляхецтва, – абвінавачаны ў арганізацыі, разам з групай асоб, у тым ліку А.Ф. Хрушчовым, змовы супроць палюбоўніка імператрыцы, фактычнага галавы дзяржавы, Бірона, і пакараны смерцю разам з Хрушчовым у 1740 г.
  3. Сафія – прыгарад Царскага (цяпер Дзецкага) Сяла
  4. П.А. Румянцэў-Задунайскі (1725-1796) – адзін з буйнейшых рускіх палкаводцаў XVIII в., які атрымаў шэраг бліскучых перамог у так зван. «Першайтурэцкайвайне» 1769 – 1774 гг.
  5. Камер-лёкай – прыдворны лёкай