Перайсці да зместу

Капітанская дачка/XIII. Арышт

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XII. Сірата Раздзел XIII. Арышт
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Пераклад: Кузьма Чорны
XIV. Суд

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




"Не гневайтесь, сударь: по долгу моему
Я должен сей же час отправить вас в тюрьму.
— Извольте, я готов; но я в такой надежде,
Что дело объяснить дозволите мне прежде".
Княжнін.

Злучаны так нечакана з любаю дзяўчынай, аб якой яшчэ раніцаю я так балюча непакоіўся, я не верыў самому сабе і ўяўляў, што, ўсё, што са мною здарылася, было пустым сненнем. Мар'я Іванаўна глядзела з задуменнасцю то на мяне, то на дарогу і, здавалася, не паспела яшчэ апамятацца і апрытомнець. Мы маўчалі. Сэрцы нашы занадта былі стомлены. Непрыкметна гадзіны праз дзве апынуліся мы ў бліжэйшай крэпасці, таксама падуладнай Пугачову. Тут мы змянілі коней. Па хуткасці, з якой іх запрагалі, па хапатлівай услужнасці барадатага казака, пастаўленага Пугачовым у каменданты, я ўбачыў, што, дзякуючы языкатасці фурмана, які нас прывёз, мяне прынялі як прыдворнага ўлюбенца.

Мы рушылі далей. Стала змяркацца. Мы пад'язджалі да горада, дзе, па словах барадатага каменданта, знаходзіўся моцны атрад, які ідзе на злучэнне да самазванца. Мы былі спынены вартавымі. На пытанне: хто едзе? фурман гучна адказаў:

— Гасудараў кум з сваёю гаспадынькаю. Раптам натоўп гусараў абкружыў нас з жахліваю лаянкай.

— Выходзь, чортаў кум! — сказаў мне вусаты вахмістр[1].

— Вось ужо табе будзе баня, з тваёю гаспадынькаю!

Я вышаў з кібіткі і патрабаваў, каб адвялі мяне да іх начальніка. Убачыўшы афіцэра, салдаты спынілі і лаянку. Вахмістр павёў мяне да маёра. Савельіч ад мяне не адставаў, пагаварваючы сам сабе:

— Вось табе і гасудараў кум! З агню ды ў полымя... Госпадзі ўладыка! Чым гэта ўсё скончыцца? — Кібітка паволі паехала за намі.

Праз пяць хвілін мы прышлі к дамку, ярка асветленаму. Вахмістр пакінуў мяне пры варце і пайшоў пра мяне далажыць. Ён зараз-жа вярнуўся, абвясціўшы мне, што яго высокаблагароддзю некалі мяне прыняць, а што ён загадаў адвесці мяне ў астрог, а гаспадыньку да сябе прывесці.

— Што гэта значыць? — закрычаў я ў шаленстве. — Да хіба ён звар'яцеў.

— Не магу знаць, ваша благароддзе, — адказаў вахмістр, — Толькі яго высокаблагароддзе загадаў ваша благароддзе адвесці ў астрог, а яе благароддзе загадана прывесці да яго высокаблагароддзя, ваша благароддзе!

Я кінуўся на ганак. Вартавыя не думалі мяне ўтрымліваць і я проста ўбег у пакой, дзе чалавек шэсць гусарскіх афіцэраў гулялі ў банк. Маёр кідаў. Якое было маё здзіўленне, калі, глянуўшы на яго, пазнаў я Івана Іванавіча Зурына, які некалі абыграў мяне ў сімбірскай карчме!

— Няўжо? — ускрыкнуў я. — Іван Іваныч! ты?

— Ба, ба, ба, Пётр Андрэіч! Якімі шляхамі? Адкуль ты? Здароў, брат. Ці не хочаш паставіць картачку?

— Дзякую. Загадай вось лепш адвесці мне кватэру.

— Якую табе кватэру? Заставайся ў мяне.

— Не магу: я не адзін.

— Ну, падавай сюды і таварыша.

— Я не з таварышам; я... з дамаю.

— З дамаю! Дзе-ж ты яе падчапіў? Эге, брат! (Пры гэтых словах Зурын засвістаў так выразна, што ўсе зарагаталі, а я зусім збянтэжыўся).

— Ну, — казаў далей Зурын; — так і быць. Будзе табе кватэра. А шкода... Мы-б пагулялі па-даўнейшаму... Гэй! малы! Ды што-ж сюды не вядуць кумку Пугачова? Або яна ўпіраецца? Сказаць ёй, каб яна не баялася: пан, моў, вельмі добры: нічым не пакрыўдзіць, ды добра яе ў шыю.

— Што ты гэта? — сказаў я Зурыну. — Якая кумка Пугачова? Гэта дачка нябожчыка капітана Міронава. Я вывез яе з палону, і цяпер праважаю да вёскі бацюхнавай, дзе і пакіну яе.

— Як, дык гэта пра цябе мне зараз дакладвалі? Скажы на ласку! Што-ж гэта значыць?

— Потым усё раскажу. А цяпер, богам прашу, супакой бедную дзяўчыну, якую гусары твае перапалохалі.

Зурын зараз-жа распарадзіўся. Ён сам вышаў на вуліцу прасіць прабачэння ў Мар'і Іванаўны ў мімавольным непаразуменні і загадаў вахмістру адвесці ёй лепшую кватэру ў горадзе. Я застаўся начаваць у яго.

Мы павячэралі, і калі засталіся ўдвух, я расказаў яму пра свае прыгоды. Зурын слухаў мяне з вялікай увагаю. Калі я скончыў, ён паматаў галавою і сказаў:

— Усё гэта, брат, добра; адно не добра: чаго цябе чорт нясе жаніцца? Я, сумленны афіцэр, не захачу цябе падманьваць: павер-жа ты мне, што жаніцьба блазноўства. Ну куды табе вазіцца з жонкаю ды няньчыцца з дзецьмі? Эй, плюнь! Паслухайся мяне: развяжыся ты з капітанскаю дачкою. Дарога ў Сімбірск мною ачышчана і няма ніякай небяспекі. Адпраў яе заўтра-ж адну да бацькоў тваіх; а сам заставайся ў мяне ў атрадзе. У Орэнбург вяртацца табе няма чаго. Трапіш зноў у рукі бунтаўнікоў, дык наўрад ці ад іх яшчэ раз выберашся. Такім чынам любоўная дурасць пройдзе сама сабою, і ўсё будзе добра.

Хоць я не зусім быў з ім згодзен, аднак-жа я адчуваў, што абавязак гонару вымагаў маёй прысутнасці ў войску імператрыцы. Я вырашыў зрабіць, як раіў Зурын: адправіць Мар'ю Іванаўну ў вёску і застацца ў яго атрадзе.

Савельіч з'явіўся мяне раздзяваць; я абвясціў яму, каб на другі дзень гатоў ён быў ехаць у дарогу з Мар'яй Іванаўнай. Ён быў упёрся.

— Што ты, васпан? Як-жа я цябе пакіну? Хто цябе будзе даглядаць? Што скажуць бацькі твае?

Ведаючы ўпартасць дзядзькі майго, я наважыў пераканаць яго ласкай і шчырасцю.

— Друг ты мой, Архіп Савельіч! — сказаў я яму. — Не адмоўся, будзь мне дабрадзеем; прыслугі мне тут не патрэбна будзе, а я не буду спакойны, калі Мар'я Іванаўна паедзе ў дарогу без цябе. Служачы ёй, служыш ты і мне, таму што я цвёрда вырашыў, як хутка абставіны дазволяць, ажаніцца з ёю.

Тут Савельіч усплёснуў рукамі з выглядам здзіўлення невымоўнага.

— Ажаніцца! — паўтарыў ён. — Дзіця хоча ажаніцца! А што скажа бацюхна, а матухна што падумае?

— Згодзяцца, пэўна згодзяцца,—адказаў я,— калі ўведаюць Мар'ю Іванаўну. Я спадзяюся і на цябе. Бацюхна і матухна табе вераць: ты будзеш за нас хадайнікам, праўда?

Стары быў расчулены.

— Ох, бацюхна ты мой Пётр Андрэіч! — адказаў ён. — Хоць раненька задумаў ты жаніцца, ды за тое Мар'я Іванаўна такая добрая паненка, што грэх і прапусціць аказію[2]. Хай будзе па-твойму! Правяду яе, анёла божага, і пакорліва буду даводзіць тваім бацькам, што такой нявесце не патрэбна і прыданага.

Я дзякаваў Савельічу і лёг спаць у адным пакоі з Зурыным. Разгарачаны і ўсхваляваны, я разгаварыўся праз меру. Зурын спачатку са мной гутарыў ахвотна; але трохі-па-трохі словы яго пайшлі радзей і бяссувязней; нарэшце, заместа адказу на нейкае запытанне, ён захроп і прысвіснуў. Я замоўк і неўзабаве ўзяў з яго прыклад.

На другі дзень раніцай прышоў я да Мар'і Іванаўны. Я паведаміў ёй свае меркаванні. Яна прызнала іх трапнымі і зараз-жа са мною згадзілася. Атрад Зурына павінен быў выступіць з горада ў той-жа дзень. Няма чаго было марудзіць. Я тут-жа расстаўся з Мар'яй Іванаўнай, даручыўшы яе Савельічу і даўшы ёй ліст да маіх бацькоў. Мар'я Іванаўна заплакала.

— Бывайце, Пётр Андрэіч! — сказала яна ціхім голасам. — Ці давядзецца нам убачыцца, ці не, бог адзін гэта ведае; але век не забудуся на вас; да магілы ты адзін застанешся ў маім сэрцы. — Я нічога не мог адказаць. Людзі нас абкружылі. Я не хацеў пры іх аддавацца пачуццям, якія мяне хвалявалі. Нарэшце яна паехала. Я вярнуўся да Зурына, сумны і маўклівы. Ён хацеў мяне развесяліць; я думаў сябе развеяць: мы правялі дзень шумна і буйна і ўвечары выступілі ў паход.

Гэта было ў канцы лютага. Зіма, якая перашкаджала ваенным распараджэнням, праходзіла, і нашы генералы рыхтаваліся да дружнага дзеяння. Пугачоў усё яшчэ стаяў пад Орэнбургам. Між тым каля яго атрады злучаліся і з усіх бакоў набліжаліся да ліхадзейскага гнязда. Бунтуючыя вёскі, убачыўшы нашы войскі, скараліся, шайкі разбойнікаў усюды ўцякалі ад нас, і ўсё прадракала хуткі і шчаслівы канец.

Неўзабаве князь Галіцын[3], пад крэпасцю Тацішчавай, разбіў Пугачова, разагнаў яго натоўпы, вызваліў Орэнбург і, здавалася, нанёс бунту апошні і рашучы ўдар. Зурын быў у той час накіраваны супроць шайкі мяцежных башкірцаў, якія рассыпаліся раней як мы іх убачылі. Вясна затрымала нас у татарскай вёсцы. Рэчкі разліліся і дарогі сталі непраходнымі. Мы цешыліся ў нашай бяздзейнасці думкаю, што хутка спыніцца нудная і дробязная вайна з разбойнікамі і дзікунамі.

Але Пугачоў не быў злоўлены. Ён з'явіўся на сібірскіх заводах, сабраў там новыя шайкі і зноў пачаў ліхадзейнічаць. Чуткі пра яго поспехі зноў распаўсюдзіліся. Мы даведаліся аб зруйнаванні сібірскіх крэпасцей. Неўзабаве вестка пра ўзяцце Казані і пра паход самазванца на Маскву ўстрывожыла начальнікаў войск, якія бесклапотна драмалі ў надзеі на бяссілле пагарджонага бунтаўніка. Зурын атрымаў загад пераправіцца праз Волгу.

Не стану апісваць нашага паходу і сканчэння вайны. Скажу коратка, што ліхалецце даходзіла да апошняга. Праўленне было ўсюды спынена; памешчыкі хаваліся па лясах. Шайкі разбойнікаў ліхадзейнічалі ўсюды; начальнікі асобных атрадаў самаўладна каралі і мілавалі; становішча ўсяго вялізнага края, дзе лютаваў пажар, было жудаснае... Не дай бог бачыць рускі бунт, недарэчны і бязлітасны!

Пугачоў бег, гнаны Іванам Іванавічам Міхельсонам[4]. Неўзабаве даведаліся мы аб поўным яго паражэнні. Нарэшце Зурын атрымаў паведамленне, што самазванец злоўлены, а разам з тым атрымаў і загад спыніцца. Вайна была скончана. Нарэшце мне можна было ехаць да маіх бацькоў! Думка іх абняць, убачыць Мар'ю Іванаўну, ад якой не меў я ніякай звесткі, напаўняла мяне вялікай радасцю. Я скакаў, як дзіця. Зурын смяяўся і гаварыў, паціскаючы плячыма:

— Не, табе гэта так не пройдзе! Ажэнішся — загінеш ні за што!

Але між тым дзіўнае пачуццё атручвала маю радасць: думка пра ліхадзея, залітага крывёю столькіх нявінных ахвяр, і пра кару, якая яго чакала, трывожыла мяне мімаволі: Емеля, Емеля! — думаў я з прыкрасцю: — Чаму не наткнуўся ты на штых, або не падвярнуўся пад карцеч? Лепш нічога не мог-бы ты прыдумаць. Што загадаеце рабіць? Думка пра яго неразлучна была ва мне з думкаю пра літасць, зробленую мне ім у адну з жахлівых хвілін яго жыцця, і пра вызваленне маёй нявесты з рук агіднага Швабрына.

Зурын даў мне водпуск. Праз некалькі дзён павінен я быў ізноў апынуцца сярод маёй сям'і, убачыць зноў маю Мар'ю Іванаўну... Раптам нечаканая бура на мяне навалілася.

У дзень, прызначаны для выезду, у самую тую хвіліну, калі я збіраўся пусціцца ў дарогу, Зурын увайшоў да мяне ў хату, трымаючы ў руках паперы, з выглядам надзычай заклапочаным. Нешта кальнула мяне ў сэрца. Я спалохаўся, сам не ведаючы чаго. Ён выслаў майго дзяньшчыка і абвясціў, што мае да мяне справу.

— Што такое? — спытаўся я з трывогаю.

— Маленькая непрыемнасць, — адказаў ён, падаючы мне паперу. — Прачытай, што зараз я атрымаў. — Я пачаў яе чытаць: гэта быў сакрэтны загад да ўсіх асобных начальнікаў арыштаваць мяне, дзе-б ні трапіўся, і зараз-жа адправіць пад вартаю ў Казань у следчую камісію, утвораную па справе Пугачова.

Папера ледзь не выпала з маіх рук.

— Рабіць няма чаго! — сказаў Зурын. — Абавязак мой падначаліцца загаду. Напэўна, чуткі аб тваіх прыязных падарожжах з Пугачовым як-небудзь ды дайшлі да ўрада. Спадзяюся, што справа не будзе мець ніякіх вынікаў, і што ты апраўдаешся перад камісіяй. Не смуціся і рушай. — Сумленне маё было чыстае; я суда не баяўся; але думка адцягнуць хвіліну салодкага спаткання, можа быць, на некалькі яшчэ месяцаў — зжахала мяне. Каламажка была гатова. Зурын па-сяброўску са мною развітаўся. Мяне пасадзілі ў каламажку. Са мной селі два гусары з аголенымі шаблямі, і я паехаў па вялікай дарозе.

Зноскі

[правіць]
  1. Вахмістр – вышэйшы ніжні чын (унтэр-афіцэр) у кавалерыі
  2. Аказія – выпадак
  3. Генерал-маёр П.М. Галіцын – начальнік аднаго з урадавых атрадаў
  4. І.І. Міхельсон (1740-1807) – генерал, які нанёс рашучае паражэнне Пугачову