Капітанская дачка/Дадатак. Прапушчаны раздзел

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XIV. Суд Дадатак. Прапушчаны раздзел[1]
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Пераклад: Кузьма Чорны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мы набліжаліся да берагоў Волгі; полк наш увайшоў ў вёску ** і спыніўся ў ён начаваць. Стараста паведаміў мне, што на тым баку ўсе вёскі ўзбунтаваліся, шайкі пугачоўскія блукаюць усюды. Гэта вестка мяне дужа ўстрывожыла. Мы павінны былі пераправіцца на другі дзень раніцаю.

Нецярплівасць апанавала мяне. Вёска бацькі майго знаходзілася за трыццаць вёрст на той бок ракі. Я спытаўся, ці не знойдзецца перавознік. Усе сяляне былі рыбакі; лодак было шмат. Я прышоу да Зурына і сказаў яму пра свой намер.

— Беражыся, — сказаў ён мне. — Аднаму ехаць небяспечна. Дачакайся раніцы. Мы пераправімся першыя і прывядзем у госці да тваіх бацькоў пяцьдзесят чалавек гусараў на ўсякі выпадак.

Я настоеў на сваім. Лодка была гатова. Я сеў у яе з двума грабцамі. Яны адчалілі і наляглі на вёслы.

Неба было яснае. Месяц свяціў. Пагода была ціхая. Волга імчалася роўна і спакойна. Лодка, плаўна гойдаючыся, шпарка ішла па (паверхні) цёмных хваль. — Я акунуўся ў мары: спакой прыроды і жахі палітычныя, каханне etc[2]. — Прайшло каля поўгадзіны. Мы дасягнулі сярэдзіны ракі... раптам грабцы пачалі шаптацца паміж сабою.

— Што такое? — спытаўся я, схамянуўшыся.

— Не знаем, бог ведае, — адказалі грабцы, гледзячы ў адзін бок.

Вочы мае павярнуліся ў тым-жа кірунку, і я ўбачыў у сузмроку нешта плыўшае уніз па Волзе. Незнаёмы прадмет набліжаўся. Я загадаў грабцам спыніцца і чакаць яго.

Месяц зайшоў за воблака. Прывучая здань зрабілася яшчэ цямней. Яна была ад мяне ўжо блізка, і я ўсё яшчэ не мог распазнаць.

— Што-б гэта было, — гаварылі грабцы. — Ветразь не ветразь, мачты не мачты...

Раптам месяц вышаў з-за воблака і асвятліў відовішча жахлівае. Да нас насустрач плыла шыбеніца, умацаваная на плыце, — тры целы віселі на перакладзіне. Балесная цікаўлівасць апанавала мяне. Я захацеў глянуць на твары шыбенікаў

Па майму загаду грабцы зачапілі плыт багром, лодка мая ткнулася аб плывучую шыбеніцу. Я выскачыў і апынуўся паміж жахлівымі слупамі. Поўны месяц асвятляў знявечаныя твары няшчасных. Адзін з іх быў стары чуваш, другі рускі[3] селянін, дужы і здаровы хлапчына гадоў дваццаць. Але, глянуўшы на трэцяга, я дужа быў здзіўлены, не мог утрымацца ад жаласнага ўскрыку: гэта быў Ванька, бедны мой Ванька, які па дурноце сваёй прыстаў да Пугачова. Над імі прыбіта была чорная дошка, на якой белымі буйнымі літарамі было напісана: «Зладзеі і бунтаўнікі». Грабцы глядзелі роўнадушна і чакалі мяне, трымаючы плыт багром. Я сеў зноў у лодку. Плыт паплыў уніз па рацэ. Шыбеніца доўга чарнела ў змроку. Нарэшце яна знікла — і лодка мая прыстала да высокага і крутога берагу...

Я шчодра расплаціўся з грабцамі. Адзін з іх павёў мяне да выбарнага вёскі, якая знаходзілася каля перавозу. Я ўвайшоў з ім разам у хату. Выбарны, пачуўшы, што я патрабую коней, прыняў быў мяне даволі груба, але мой важаты сказаў яму ціха некалькі слоў, і яго суровасць зараз-жа перайшла ў хапатлівую ўслужнасць. У адну хвіліну тройка была гатова. Я сеў у каламажку і загадаў сябе везці ў нашу вёску.

Я скакаў па вялікай дарозе, міма спячых вёсак. Я баяўся аднаго: быць спыненым на дарозе. Калі начная сустрэча мая на Волзе даказвала прысутнасць бунтаўнікоў, дык яна разам была доказам і моцнага супроцьдзеяння ўрада. На ўсякі выпадак я меў у кішэні пропуск, выдадзены мне Пугачовым, і загад палкоўніка Зурына. Але ніхто мне не сустрэўся і я на раніцу ўбачыў раку і яловы лясок, за якім знаходзілася наша вёска. Фурман ударыў па конях, і праз чвэртку гадзіны я ўехаў у **.

Панскі дом знаходзіўся на другім канцы сяла. Коні імчаліся на ўвесь дух. Раптам пасярод вуліцы — фурман пачаў іх стрымліваць.

— Што такое? — спытаўся я з нецярплівасцю.

— Застава, пан, — адказаў фурман, ледзьве спыніўшы разгарачаных коней.

Сапраўды, я ўбачыў рагатку і вартавога з дубінкай. Мужык падышоў да мяне, зняў капялюш, пытаючыся пашпарта.

— Што гэта значыць? — спытаўся я ў яго, — чаму тут рагатка? Каго ты вартуеш?

— Ды мы, бацюхна, бунтуем, — адказаў ён, пачэсваючыся.

— А дзе вашы паны? — спытаўся я з сардэчным заміраннем.

— Паны нашы дзе? — паўтарыў мужык. — Паны нашы ў свірне.

— Як у свірне?

— Ды Андруха, земскі[4], пасадзіў бач іх у калодкі, — і хоча везці да бацюхны гасудара.

— Божа мой! Адварочвай, дурань, рагатку. Што-ж ты зяваеш?

Вартавы марудзіў. Я выскачыў з драбін, трэснуў яго (прабачце) у вуха —і сам адсунуў рагатку. Мужык мой глядзеў на мяне з бязглуздым неразуменнем. Я сеў зноў у драбіны, загадаў імчаць пад панскі дом. Свіран знаходзіўся на дварэ. Каля запёртых дзвярэй стаялі два мужыкі таксама з дубінкамі. Драбіны спыніліся проста перад імі. Я выскачыў і кінуўся проста на іх.

— Адчыняйце дзверы! — сказаў я ім.

Напэўна, выгляд мой быў жахлівы. Прынамсі абодва ўцяклі, пакідаўшы дубінкі. Я паспрабаваў збіць замок з дзвярэй, выламаць, але дзверы былі дубовыя, а вялізны замок нязломны. У гэту хвіліну малады мужык вышаў з людскай хаты і з выглядам напышлівым спытаўся ў мяне, як я смею буяніць:

— Дзе Андрушка земскі? — закрычаў я яму. — Гукнуць яго да мяне!

— Я сам Андрэй Афанас’евіч, а не Андрушка, — адказаў ён мне, горда ўзяўшыся ў вокі. — Чаго трэба?

Заместа адказу я схапіў яго за каўнер і, прыцягнуўшы пад дзверы свірна, загадаў іх адпіраць. Земскі быў заўпіраўся, але айцоўскі ўшчунак падзейнічаў і на яго. Ён выняў ключ і адпёр свіран — я кінуўся праз парог і ў цёмным кутку, слаба асветленым вузкай адтулінай, прарубленай у столі, убачыў маці і бацьку. Рукі іх былі звязаны, на ногі набіты былі калодкі. Я кінуўся іх абнімаць і не мог выгаварыць ні слова. Абодва глядзелі на мяне з здзіўленнем, — тры гады ваеннага жыцця так змянілі мяне, што яны не маглі мяне пазнаць.

Раптам пачуўся любы, знаёмы голас.

— Пётр Андрэіч! Гэта вы!..

Аглянуўся і бачу ў другам кутку Мар’ю Іванаўну, таксама звязаную. Я аслупянеў...

Матухна ахнула і залілася слязмі.

Бацька глядзеў на мяне моўчкі, не смеючы верыць самому сабе. Радасць блішчэла на твары яго.

Я спяшаўся шабляю разрэзаць вузлы іх вяровак.

— Здароў, здароў, Пятрушка, — казаў бацька мне, прыціскаючы мяне да сэрца, — дзякуй богу, дачакаліся цябе...

— Пятрушка, друг мой! — казала матухна. Як цябе бог прывёў! Ці здароў ты?

Я спяшаўся іх вывесці з зняволення, — але, падышоўшы да дзвярэй, я знайшоў іх зноў запёртымі.

— Андрушка, — закрычаў я, — адапры!

— Як не так, — адказаў з-за дзвярэй земскі. — Сядзі сам тут. Вось ужо навучым цябе буяніць ды за каўнер цягаць гасударавых чыноўнікаў!

Я пачаў аглядаць свіран, шукаючы, ці не было якога-небудзь спосабу выбрацца.

— Не клапаціся, — сказаў мне бацюхна, — не такоўскі я гаспадар, каб можна было у свірны мае ўваходзіць і выходзіць зладзейскімі лазамі.

Матухна, на хвіліну ўзрадаваная маім з’яўленнем, упала ў роспач, бачачы, што прышлося і мне падзяліць пагібель усёй сям’і. Але я быў спакайней з той пары, як знаходзіўся з імі і з Мар’яй Іванаўнай. Са мною была шабля і два пісталеты — я мог яшчэ вытрымаць аблогу. Зурын павінен быў падаспець к вечару і нас вызваліць. Я паведаміў усё гэта маім бацькам і паспеў супакоіць матухну. Яны аддаліся цалкам радасці спаткання.

— Ну, Пётр, — сказаў мне бацька, — даволі ты сваволіў, і я на цябе парадкам быў сярдзіты. Але няма чаго спамінаць пра старое. Спадзяюся, што цяпер ты выправіўся і перабясіўся. Ведаю, што ты служыў, як належыць сумленнаму афіцэру. Дзякуй. Уцешыў мяне, старога. Калі табе абавязаны я буду вызваленнем, дык жыццё мне ўдвая будзе прыямней.

Я з слязмі цалаваў яго руку і глядзеў на Мар’ю Іванаўну, якая была так узрадавана маёй прысутнасцю, што здавалася зусім шчасліваю і спакойнаю.

Каля поўдня пачулі мы незвычайны шум і крыкі.

— Што гэта значыць, — сказаў бацька, — ужо ці не твой палкоўнік падаспеў?

— Немагчыма, — адказаў я. — Ён не будзе раней вечара.

Шум павялічыўся. Білі ў набат. Па дварэ скакалі конныя людзі. У гэту хвіліну, у вузкую адтуліну, прарубленую ў сцяне, прасунулася сівая галава Савельіча, і мой бедны дзядзька вымавіў жаласным голасам:

— Андрэй Пятровіч, Аўдоцця Васільеўна, бацюхна ты мой, Пётр Андрэіч, матухна Мар’я Іванаўна, бяда! ліхадзеі ўвайшлі ў сяло. І ці ведаеш, Пётр Андрэіч, хто іх прывёў? Швабрын, Аляксей Іваныч, нялёгкая яго вазьмі!

Пачуўшы ненавіснае імя, Мар’я Іванаўна ўспляснула рукамі і засталася нерухомаю.

— Паслухай, — сказаў я Савельічу, — пашлі каго-небудзь верхам да перавозу, насустрач гусарскаму палку; і загадай даць ведаць палкоўніку аб нашай небяспецы.

— Ды каго-ж паслаць, васпан! Усе хлопцы бунтуюць — а коні ўсе захоплены! Авохці! Вось ужо на дварэ — да свірна дабіраюцца.

У гэты час за дзвярыма пачулася некалькі галасоў. Я моўчкі даў знак матухне і Мар’і Іванаўне адыйсці ў куток, агаліў шаблю і прытуліўся да сцяны каля самых дзвярэй. Бацюхна ўзяў пісталеты і на абодвух узвёў куркі, і стаў каля мяне. Загрымеў замок, дзверы адчыніліся, і галава земскага паказалася. Я ўдарыў па ей шабляю, і ён упаў, загарадзіўшы ўваход. У тую-ж хвіліну бацюхна стрэліў у дзверы з пісталета. Натоўп, які падступаў на нас, адбегся з пракляццямі. Я перацягнуў праз парог раненага і запёр дзверы ўнутранаю засоўкаю.

Двор быў повен узброенымі людзьмі. Між імі пазнаў я Швабрына.

— Не бойцеся, — сказаў я жанчынам, — Ёсць надзея. А вы, бацюхна, ужо болей не страляйце. Паберажом апошні набой.

Матухна моўчкі малілася богу; Мар'я Іванаўна стаяла каля яе, з анёльскім спакоем чакаючы вырашэння лёсу нашага. За дзвярыма чуліся пагрозы, лаянкі і пракляцці. Я стаяў на сваім месцы, гатовячыся пасячы першага смеляка... Раптам ліхадзеі замоўклі. Я пачуў голас Швабрына, які зваў мяне па імені.

— Я тут, чаго ты хочаш?

— Здайся, Грынёў, працівіцца дарэмна. Пашкадуй сваіх старых. Упартасцю сябе не выратуеш. Я да вас дабяруся.

— Паспрабуй, здраднік!

— Не стану ні сам лезці марна, ні сваіх людзей траціць. А загадаю падпаліць свіран і тады паглядзім, што ты станеш рабіць. Дон Кішот[5] белагорскі... Цяпер час абедаць. Пакуль сядзі, ды думай як ёсць час. Да спаткання, Мар’я Іванаўна, не прашу прабачэня ў вас, вам напэўна не нудна ў поцемках з вашым рыцарам.

Швабрын пайшоў, пакінуўшы варту каля свірна. Мы маўчалі. Кожны з нас думаў сам сабе, не смеючы паведаміць другому сваіх думак. Я ўяўляў сабе ўсё, што мог зрабіць раззлаваны Швабрын. Пра сябе я амаль не клапаціўся. Ці прызнацца? І лёс бацькоў маіх не столькі зжахаў мяне, як лёс Мар’і Іванаўны. Я ведаў, што матухну любілі сяляне і дваровыя людзі, бацюхну, не гледзячы на яго строгасць, таксама, бо быў справядлівы і ведаў сапраўдныя патрэбы падуладных яму людзей. Бунт іх быў памылкаю, раптоўным п’янствам, а не выяўленнем іх абурэння. Тут злітаванне было пэўнае. Але Мар'я Іванаўна? Што рыхтаваў ёй распусны і несумленны чалавек! Я не мог спыніцца на гэтай жахлівай думцы і рыхтаваўся, даруй божа, хутчэй забіць яе, як у другі раз убачыць яе ў руках лютага непрыяцеля. Прайшло яшчэ каля гадзіны. У вёсцы чуліся песні п’яных. Вартавыя нашы ім зайздросцілі і, злуючыся на нас, лаяліся і палохалі нас катаваннямі і смерцю. Мы чакалі вынікаў пагроз Швабрына. Нарэшце ўзняўся вялікі рух на дварэ, і мы ізноў пачулі голас Швабрына.

— Што, ці надумаліся вы? Ці аддасцеся дабраахвотна ў мае рукі?

Ніхто яму не адказаў.

Пачакаўшы трохі, Швабрын загадаў прынесці саломы. Праз некалькі хвілін узгарэўся агонь і асвятліў цёмны свіран - і дым пачаў прабівацца з-пад шчылін парога. Тады Мар’я Іванаўна падышла да мяне і ціха, ўзяўшы мяне за руку, сказала:

— Годзе, Пётр Андрэіч. Не губіце за мяне і сябе, і бацькоў. Выпусціце мяне. Швабрын мяне паслухае.

— Ні за што! — закрычаў я з запалам. — Ці ведаеце вы, што вас чакае!?

— Бясчэсця я не перажыву, — адказала яна спакойна. — Але, можа быць, я выратую майго збавіцеля і сям’ю, якая так велікадушна прытуліла мяне, сірату. Бывайце, Андрэй Пятровіч, бывайце, Аўдоцця Васільеўна, вы былі для мяне больш, як дабрадзеі — блаславіце мяне. Бывайце-ж і вы, Пётр Андрэіч. Будзьце упэўнены, што... што... — тут яна заплакала і закрыла твар рукамі... Я быў. як вар’ят. Матухна плакала.

— Годзе выдумваць. Мар’я Іванаўна. — сказаў мой бацька. — Хто цябе пусціць адну да разбойнікаў. Сядзі тут і маўчы. Паміраць, дык паміраць ужо разам.

— Слухай, што там яшчэ кажуць?

— Ці здаяцеся? — крычаў Швабрын. — Бачыце? Праз пяць хвілін вас спякуць.

— Не здадзімся, ліхадзей! — адказаў яму бацюхна цвёрдым голасам.

Твар яго, пакрыты маршчынамі, ажыўлены быў дзіўнаю бадзёрасцю, вочы грозна бліскалі з-пад сівых брывей.

І, звярнуўшыся да мяне, сказаў:

— Цяпер пара.

Ён адпёр дзверы: агонь уварваўся і ўзвіўся па бярвенні, зашпакляваным сухім мохам. Бацюхна стрэліў з пісталета і ступіў за палаючы парог, закрычаўшы:

— Усе за мною.

Я схапіў за руку матухну і Мар’ю Іванаўну і шпарка вывеў іх на паветра. Каля парога ляжаў Швабрын, прастрэлены старою рукою бацькі майго, натоўп разбойнікаў, які кінуўся бегчы ад нечаканай нашай вылазкі, зараз-жа падбадзёрыўся і пачаў нас абкружаць. Я паспеў зрабіць яшчэ некалькі ўдараў, але цэгла, ўдала кінутая, трапіла мне проста ў грудзі. Я ўпаў і на хвіліну зняпрытомнеў. Ачухаўшыся, убачыў я Швабрына, які сядзеў на акрываўленай траве, і перад ім усю нашу сям’ю.

Мяне падтрымлівалі пад рукі. Натоўп сялян, Казакаў і башкірцаў абкружаў нас. Швабрын быў страшэнна бледны. Адной рукой прыціскаў ён ранены бок. На твары яго была пакута і злосць. Ён павольна падняў галаву, глянуў на мяне і вымавіў слабым і невыразным голасам:

— Вешаць яго... і ўсіх... акрамя яе...

Зараз-жа натоўп ліхадзеяў абкружыў нас і з крыкам пацягнуў да варот. Але раптам яны нас пакінулі і разбегліся — у вароты ўехаў Зурын і за ім цэлы эскадрон з аголенымі шаблямі.

Бунтаўнікі ўцякалі ўва ўсе бакі; гусары за імі гналіся, секлі і хапалі ў палон. Зурын саскочыў з каня, пакланіўся бацюхну і матухне і моцна паціснуў мне руку.

— У час-жа я падаспеў, — сказаў ён нам. — А, вось і твая нявеста.

Мар’я Іванаўна пачырванела па вушы. Бацюхна да яго падышоў і дзякаваў яму з выглядам спакойным, хоць і расчуленым. Матухна абнімала яго, называючы анёлам-збавіцелем.

— Міласці просім да нас, — сказаў яму бацюхна і павёў яго да нас у дом.

Праходзячы міма Швабрына, Зурын спыніўся.

— Гэта хто? — спытаўся ён, гледзячы на раненага.

— Гэта сам правадыр, начальнік шайкі, — адказаў мой бацька з некатораю гордасцю, якая выкрывала ў ім старога воіна, — бог дапамог старой руцэ маёй пакараць маладога ліхадзея і адпомсціць яму за кроў майго сына.

— Гэта Швабрын, — сказаў я Зурыну.

— Швабрын! Вельмі рад. Гусары! Вазьміце яго ды скажыце нашаму лекару, каб ён перавязаў яму рану і бярог яго як найпільней. Швабрына трэба абавязкова даставіць у сакрэтную казанскую камісію.[6] Ён адзін з галоўных злачынцаў і паказанні яго павінны быць важныя.

Швабрын адплюшчыў млявыя вочы. На твары яго нічога не было відаць, акрамя фізічнай мукі. Гусары аднеслі яго на плашчы.

Мы ўвайшлі ў пакоі. З хваляваннем глядзеў я вакол сябе, прыпамінаючы свае маленскія гады. Нішто ў доме не змянілася, усё было на ранейшым месцы. Швабрын не дазволіў яго разграбіць, захоўваючы ў самым сваім уніжэнні мімавольную гідлівасць да ганебнай хцівасці. Слугі з’явіліся ў пярэднюю. Яны не ўдзельнічалі ў бунце і ад чыстага сэрца радаваліся нашаму вызваленню. Савельіч быў у захапленні. Трэба ведаць, што ў часе трывогі, узнятай нападам разбойнікаў, ён пабег у стайню, дзе стаяў швабрынаў конь, асядлаў яго, вывеў ціхенька і, дзякуючы сумяціцы, непрыкметна паскакаў к перавозу. Ён сустрэў полк, які адпачываў ужо на гэтым баку Волгі. Зурын, даведаўшыся ад яго пра нашу небяспеку, загадаў садзіцца, скамандаваў марш, марш у галоп — і, дзякуй богу, прыскакаў у час. Зурын настояў на тым, каб галава земскага была на некалькі гадзін выстаўлена на жардзіне каля карчмы.

Гусары вярнуліся з пагоні, захапіўшы ў палон некалькі чалавек. Іх заперлі ў той самы свіран, у якім вытрымалі мы вартую памяці аблогу.

Мы разышліся кожны па сваіх пакоях. Старым патрэбен быў адпачынак. Не спаўшы цэлую ноч, я кінуўся на пасцель і моцна заснуў. Зурын пайшоў рабіць свае распараджэнні.

Вечарам мы сышліся ў гасцінай каля самавара, весела гутарачы пра мінуўшую небяспеку. Мар’я Іванаўна разлівала чай, я сеў каля яе і заняўся ёю выключна. Бацькі мае, здавалася, прыхільна глядзелі на пяшчоту нашых адносін. Дасюль гэты вечар жыве ў маёй памяці. Я быў шчаслівы, шчаслівы зусім — а ці шмат гэткіх хвілін у бедным жыцці чалавечым?

На другі дзень далажылі бацюхну, што сяляне з’явіліся на панскі двор з пакораю. Бацюхна вышаў да іх на ганак. Пры яго з’яўленні мужыкі сталі на калені.

— Ну, што, дурні, — сказаў ён ім, — чаго вы ўздумалі бунтаваць?

— Вінаваты, гасудар ты наш, — адказалі яны ўголас

— To-ж бо, вінаваты. Напракудзяць, ды і самі не рады. Дарую вам дзеля радасці, што бог даў мне ўбачыцца з сынам Пятром Андрэічам. Ну, добра: пакорную галаву меч не сячэ.

— Вінаваты!

— Канешне, вінаваты. Бог даў пагоду, пара-б сена ўбіраць — а вы, дурні, цэлыя тры дні што рабілі? Стараста? Вызначыць усіх пагалоўна на касьбу; ды глядзі, рыжая мазгаўня, каб у мяне да Іванавага дня ўсё сена было ў копах. Выносцеся.

Мужыкі пакланіліся і пайшлі на паншчыну як ні ў чым не бывала.

Рана Швабрына аказалася не смяротнаю. Яго з канвоем адправілі ў Казань. Я бачыў праз акно, як яго ўклалі ў драбіны. Погляды нашы сустрэліся, ён панурыў галаву, а я спешна адышоў ад акна. Я баяўся падаць выгляд, што радуюся з няшчасця і ўніжэння непрыяцеля. Зурын павінен быў адправіцца далей. Я вырашыў ісці за ім, не гледзячы на маё жаданне прабыць яшчэ некалькі дзён сярод маёй сям’і. Напярэдадні паходу я прышоў да маіх бацькоў і па тагочаснаму звычаю пакланіўся ім у ногі, просячы іх блаславення на шлюб з Мар’яй Іванаўнай. Старыя мяне паднялі і ў радасных слязах далі сваю згоду. Я прывёў да іх Мар’ю Іванаўну, бледную і трапяткую. Нас блаславілі...

Што адчуваў я, таго не стану апісваць. Хто бываў у маім становішчы, той і без таго мяне зразумее, — хто не бываў, таго я толькі магу пашкадаваць і раіць, пакуль яшчэ час не ўцёк, закахацца і атрымаць ад бацькоў блаславенне.

На другі дзень полк сабраўся. Зурын развітаўся з нашай сям'ёю. Усе мы былі ўпэўнены, што ваенныя дзеянні хутка будуць спынены; праз месяц я спадзяваўся быць мужам. Мар’я Іванаўна, развітваючыся са мною, пацалавала мяне пры ўсіх. Я сеў на каня. Савельіч зноў пайшоў за мною — і полк адышоў.

Доўга глядзеў я здалёк на сельскі дом, зноў мною пакідаемы. Чорнае прадчуванне трывожыла мяне. Нехта мне шаптаў, што не ўсе няшчасці для мяне прайшлі. Сэрца чула новую бяду.

Не стану апісваць нашага паходу — і канца Пугачоўскай вайны. Мы праходзілі праз сельбішчы, зруйнаваныя Пугачовым, і мімаволі адбіралі ў бедных жыхароў тое, што пакінута было ім разбойнікамі.

Яны не ведалі, каму скарацца. Праўленне было усюды спынена. Памешчыкі хаваліся па лясах. Шайкі разбойнікаў ліхадзейнічалі ўсюды. Начальнікі асобных атрадаў, пасланых у пагоню за Пугачовым, які тады ўжо бег пад Астрахань, самаўладна каралі вінаватых і бязвінных... Становішча ўсяго края, дзе лютаваў пажар, было жахлівае. Не дай бог бачыць рускі бунт — недарэчны і бязлітасны. Тыя, якія замышляюць у нас немагчымыя перавароты, або молады і не ведаюць нашага народу, або ўжо людзі лютыя, якім чужая «головушка — полушка[7], да и свая шейка — копейка».

Зноскі[правіць]

  1. Гэты раздзел з «Капітанскай дачкі» не быў уведзены Пушкіным у канчатковы тэкст рамана і захаваўся толькі ў чарнавым рукапісе, дзе так і загалоўлена «Прапушчаны раздзел». Як відаць з зместу яго, ён павінен быў або уваходзіць у склад XIII раздзела друкаванага тэкста (каля абзаца, дзе апавядаецца аб «поўным паражэнні Пугачова»), або, што больш пэўна, ісці за ім, у якасці самастойнага раздзела. Пра неапрацаванасць яго сведчыць і тое, што Грынёў тут яшчэ называецца Буланіным (імя героя ў першых рэдакцыях) і Зурын — Грынёвым. У нашай перадрукоўцы мы мяняем гэтыя імёны ў адпаведнасці з канчатковай рэдакцыяй рамана.
  2. Словы пасля двукроп’я ўяўляюць сабой толькі кароткі запіс зместу «лятуценняў» Грынёва, які Пушкін зрабіў для сябе, мяркуючы ў далейшым яго распрацаваць.
  3. «Рускі» напісана над закрэсленым «заводскі». Гэты першы варыянт дужа цікавы, паколькі паказвае, што Пушкін цалкам разумеў тую важную ролю, якую мелі ў пугачоўскім руху «заводскія сяляне», гэта зн. прыгонныя рабочыя Урала.
  4. Земскі — пісар пры панскім маёнтку.
  5. Дон Кішот — Дон Кіхот, недакладнае (на французскі лад) вымаўленне імені славутага героя рамана Сервантэса.
  6. Сакрэтная камісія была прызначана для следства і суда над усімі прыналежнымі да пугачоўскага паўстання.
  7. Поўгроша, шэлег