Перайсці да зместу

Капітанская дачка/X. Аблога горада

З пляцоўкі Вікікрыніцы
IX. Разлука Раздзел X. Аблога горада
Аўтар: Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Пераклад: Кузьма Чорны
XI. Мяцежная слабада

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




"Заняв луга и горы,
С вершины, как орел, бросал на град он взоры,
За станом повелел соорудить раскат[1],
И в нем перуны[2] скрыв, в нощи привесть под град."
Хераскаў.

Набліжаючыся да Орэнбурга, убачылі мы натоўп калоднікаў з абрытымі галовамі, з тварамі, знявечанымі клешчамі ката. Яны працавалі каля ўмацаванняў, пад наглядам гарнізонных інвалідаў. Некаторыя вывозілі на каламажках смецце, якім быў завалены роў; другія рыдлёўкамі капалі зямлю; на вале муляры цягалі цэглу і правілі гарадскую сцяну. Каля варот вартавыя спынілі нас і патрабавалі нашы пашпарты. Як толькі сержант пачуў, што я еду з Белагорскай крэпасці, дык і павёў мяне проста ў дом генерала.

Я застаў яго ў садзе. Ён аглядаў яблыні, аголеныя дыханнем восені, і, з дапамогаю садоўніка, беражна іх ухутваў цёплай саломай. На твары яго быў спакой, здароўе і добрадушнасць. Ён мне ўзрадваўся і пачаў распытваць пра жахлівыя падзеі, якім я быў сведка. Я расказаў яму ўсё. Стары слухаў мяне з увагаю і між тым адразаў сухое голле.

— Бедны Міронаў! — сказаў ён, калі кончыў я сваю сумную аповесць. — Шкода яго: добры быў афіцэр. I мадам Міронаў добрая была дама, і як умела грыбы саліць! А што Маша, капітанская дачка? — Я адказаў, што яна засталася ў крэпасці на руках у пападдзі.

— Ай, ай, ай! — заўважыў генерал. — Гэта дрэнна, вельмі дрэнна. На дысцыпліну разбойнікаў ніяк нельга спакласціся. Што будзе з беднай дзяўчынкаю? — Я адказаў, што да Белагорскай крэпасці недалёка і што напэўна яго прэвасхадзіцельства не затрымаецца выслаць войска для вызвалення бедных яе жыхароў. Генерал паківаў галавою з выглядам недаверлівасці.

— Паглядзім, паглядзім, — сказаў ён. — Пра гэта мы яшчэ паспеем пагаварыць. Прашу да мяне зайсці на кубак чаю: сягоння ў мяне будзе ваенны совет. Ты можаш нам даць пэўныя весткі пра нягодніка Пугачова і пра яго войска. Зараз пакуль ідзі адпачні.

Я пайшоў на кватэру, мне адведзеную, дзе Савельіч ужо гаспадарнічаў, і з нецярплівасцю пачаў чакаць прызначанага часу. Чытач лёгка сабе ўявіць, што я не прамінуў з'явіцца на совет, які павінен быў мець такі ўплыў на лес мой. У прызначаны час я ўжо быў у генерала.

Я застаў у яго аднаго з гарадскіх чыноўнікаў, помніцца, дырэктара тамажні, тоўстага і румянага старога ў глазетавым[3] жупане. Ён пачаў распытваць мяне пра лёс Івана Кузьміча, якога называў кумам, і часта перапыняў маю гутарку дадатковымі пытаннямі і павучальнымі заўвагамі, якія, калі і не выкрывалі ў ім чалавека дасведчанага ў ваеннай справе, дык прынамсі паказвалі кемлівасць і прыродны розум. Між тым сабраліся і іншыя запрошаныя. Калі ўсе ўселіся і ўсім разнеслі па кубачку чаю, генерал выклаў вельмі ясна і шырока, у чым была справа:

— Цяпер, панове, — казаў ён далей, — належыць вырашыць, як нам дзейнічаць супроць мяцежнікаў: наступленнем ці абаронаю? Кожны з гэных спосабаў мае сваю выгоду і невыгоду. Дзеянне наступленнем мае больш надзеі на хутчэйшае знішчэнне непрыяцеля; дзеянне абаронаю больш пэўна і бяспечнае... Значыцца пачнем збіраць галасы паводле законнага парадку, гэта значыць, пачынаючы з малодшых па чыну. П. прапаршчык! — казаў ён далей, звяртаючыся да мяне. — Будзьце ласкавы выказаць нам вашу думку.

Я ўстаў і, у кароткіх словах апісаўшы спярша Пугачова і шайку яго, сказаў сцвярджаючы, што самазванцу спосабу не было ўстояць супроць правільнай зброі.

Думка мая была прынята чыноўнікамі з яўнаю непрыхільнасцю. Яны бачылі ў ёй безгаловасць і дзёрзкасць маладога чалавека. Узнялося нараканне, і я пачуў выразна слова: блазнюк, вымаўленае некім упоўголас. Генерал звярнуўся да мяне і сказаў з усмешкаю:

— П. прапаршчык! Першыя галасы на ваенных советах падаюцца звычайна ў карысць наступлення: гэта законны парадак. Цяпер пачнем весці далей збіранне галасоў. П. калежскі советнік![4] Скажыце нам вашу думку!

Старычок у глазетавым жупане спешна дапіў трэці свой кубак, значна разбаўлены ромам, і адказаў генералу:

— Я думаю, ваша прэвасхадзіцельства, што не трэба дзейнічаць ні наступленнем ні абаронаю.

— Як-жа так, пан калежскі советнік? — запярэчыў здзіўлены генерал. — Другіх спосабаў тактыка не ўяўляе: абарона або наступленне...

— Ваша прэвасхадзіцельства, дзейнічайце подкупам.

— Э-хе-хе! думка ваша вельмі трапная. Подкупы тактыкаю дапускаюцца, і мы скарыстаем вашу параду. Можна будзе абяцаць за галаву нягодніка... рублёў семдзесят або нават сто... з сакрэтнай сумы...

— І тады, — перапыніў дырэктар тамажні, — будзь я кіргізскі баран, а не калежскі советнік, калі гэтыя зладзеі не выдадуць нам свайго атамана, скованага па руках і па нагах.

— Мы яшчэ пра гэта падумаем і пагаворым, — адказаў генерал. — Аднак належыць ва ўсякім выпадку распачаць і ваенныя захады. Панове, падайце галасы вашы паводле законнага парадку.

Усе думкі аказаліся адваротнымі маёй. Усе чыноўнікі гаварылі пра ненадзейнасць войск, пра няпэўнасць удачы, пра асцярожнасць і да таго падобнае. Усе думалі, што больш разумным будзе заставацца пад прыкрыццем гармат за моцнай каменнай сцяною, як на адкрытым полі выспрабоўваць шчасце зброі. Нарэшце генерал, выслухаўшы думкі ўсіх, вытрас попел з люлькі і сказаў наступную прамову:

— Гасудары мае! павінен я вам абвясціць, што з майго боку я цалкам з думкаю пана прапаршчыка згодзен: бо думка гэта пабудавана на ўсіх правілах разважнай тактыкі, якая заусёды амаль наступленню перад абаронаю аддае перавагу.

Тут ён спыніўся і стаў набіваць сваю люльку. Гонар мой быў на сваім месцы. Я горда паглядзеў на чыноўнікаў, якія між сабою перашэптваліся з выглядам назадаволенасці і непакою.

— Але, гасудары мае, — казаў ён далей, выпусціўшы, разам з глыбокім уздыхам, густы струмень табачнага дыму, — я не магу ўзяць на сябе такую вялікую адказнасць, калі справа ідзе аб бяспецы давераных мне правінцый яе імператарскай вялікасцю, усеміласцівейшай маёю гасударыняй. Ітак, я згаджаюся з большасцю галасоў, якая вырашыла, што за ўсё разважней і бяспечней унутры горада чакаць аблогі, а напады непрыяцеля сілаю артылерыі і (калі будзе магчымым) вылазкамі адбіваць.

Чыноўнікі ў сваю чаргу кпліва паглядзелі на мяне. Совет разышоўся. Я не мог не шкадаваць аб слабасці шаноўнага воіна, які, насуперак уласнаму пераконанню, вырашыў рабіць па думцы людзей недасведчаных і неспрактыкаваных.

Праз некалькі дзён пасля гэтага славутага совета даведаліся мы, што Пугачоў, пэўны свайму абяцанню, набліжаўся да Орэнбурга. Я ўбачыў войска мяцежнікаў з вышыні гарадской сцяны. Мне здалося, што лік іх у дзесяць разоў павялічыўся з часу апошняга прыступу, якому быў я сведкай. Пры іх была і артылерыя, узятая Пугачовым у малых крэпасцях, ужо ім пераможаных. Успомніўшы пастанову совета, я прадбачыў доўгачасовае зняволенне ў сценах орэнбургскіх і ледзь не плакаў ад злосці.

Не стану апісваць орэнбургскую аблогу, якая належыць гісторыі, а не сямейным запіскам. Скажу каротка, што гэтая аблога па неасцярожнасці мясцовага начальства была згубнаю для жыхароў, якія прынялі голад і ўсякае ліха. Лёгка можна сабе ўявіць, што жыццё ў Орэнбургу было самае нясцерпнае. Усе з сумам чакалі вырашэння свайго лесу, усе вохалі ад дарагоўлі, якая сапраўды была жудасная. Жыхары прывыклі да ядраў, якія заляталі на іх двары: нават прыступы Пугачова ўжо не закраналі агульнай цікаўлівасці. Я паміраў з нуды. Час ішоў. Лістоў з Белагорскай крэпасці я не атрымліваў. Усе дарогі былі адрэзаны. Разлука з Мар'яй Іванаўнай рабілася нясцерпнай. Невядомасць пра яе лёс мяне мучыла. Адзіная забаўка мая была ў наезніцтве. З ласкі Пугачова, я меў добрага каня, з якім дзяліўся беднай ядою, і на якім штодня выязджаў за горад перастрэльвацца з Пугачоўскімі наезнікамі. У гэтых перастрэлках перавага была звычайна на баку ліхадзеяў, сытых, п'яных і добраконных. Худая гарадавая конніца не магла іх адолець. Часам выходзіла ў поле і наша галодная пяхота; але глыбокі снег перашкаджаў ёй дзейнічаць удала супроць рассыпаных наезнікаў. Артылерыя марна грымела з вышыні вала, а ў полі грузла і не рухалася з прычыны змардаванасці коней. Гэткія былі нашы ваенныя дзеянні! І вось што орэнбургскія чыноўнікі называлі асцярожнасцю і разважнацю!

Аднойчы калі ўдалося нам неяк размесці і прагнаць даволі густы натоўп, наехаў я на казака, які адстаў ад сваіх таварышаў; я гатоў быў ужо ўдарыць яго сваёй турэцкай шабляю, як раптам ён зняў шапку і закрычаў:

— Добры дзень, Пётр Андрэіч! Як вас бог мілуе?

Я глянуў і пазнаў нашага ўрадніка. Я вельмі яму ўзрадваўся.

— Добры дзень, Максімыч, — сказаў я яму. — Ці даўно з Белагорскай?

— Нядаўна, бацюхна Пётр Андрэіч; толькі ўчора вярнуўся. У мяне ёсць да вас пісямко.

— Дзе-ж яно? — ускрыкнуў я, увесь так і ўзгарэўшыся.

—Са мной, — адказаў Максіміч, паклаўшы руку за пазуху. — Я абяцаўся Палашы ўжо як-небудзь да вас даставіць. — Тут ён падаў мне складзеную паперку і зараз-жа памчаў прэч. Я разгарнуў яе і з дрыготкай прачытаў наступныя радкі:

"Бог захацеў пазбавіць мяне раптам бацькі і маткі: не маю на зямлі ні радні, ні заступнікаў. Зварачаюся да вас, ведаючы, што вы заўсёды зычылі мне дабра і што вы ўсякаму чалавеку гатовы дапамагчы. Малю бога, каб гэты ліст як-небудзь да вас дайшоў! Максімыч абяцаў вам яго даставіць. Палаша чула таксама ад Максімыча, што вас ён часта здалёк бачыць на вылазках і што вы зусім сябе не беражэце і не думаеце пра тых, якія за вас са слязмі бога моляць. Я доўга была хворая, а калі ачуняла, Аляксей Іванавіч, які камандуе ў нас на месцы нябожчыка бацюхны, прымусіў айца Герасіма выдаць мяне яму, запудзіўшы Пугачовым. Я жыву ў нашым доме пад вартаю. Аляксей Іванавіч прымушае мяне выйсці за яго замуж. Ён кажа, што выратаваў мне жыццё, таму што стаіў абман Акуліны Памфілаўны, якая сказала ліхадзеям, быццам я яе пляменніца. А мне лягчэй было-б памерці, як зрабіцца жонкаю такога чалавека, як Аляксей Іванавіч. Ён абыходзіцца са мною вельмі люта і пагражае, калі не абдумаюся і не згаджуся, дык прывязе мяне ў лагер да ліхадзея, і з вамі моў тое-ж будзе, што з Лізаветай Харловай[5]. Я прасіла Аляксея Іванавіча даць мне падумаць. Ён згадзіўся чакаць яшчэ тры дні; а калі праз тры дні за яго не выйду, дык ужо ніякай літасці не будзе. Бацюхна Пётр Андрэіч! вы адзін у мяне абаронца; заступіцеся за мяне, бедную. Упрасіце генерала і ўсіх камандзіраў прыслаць да нас хутчэй сікурсу, ды прыязджайце самі, калі можаце. Застаюся вам пакорная бедная сірата
Мар'я Міронава".

Прачытаўшы гэты ліст, я ледзь не звар'яцеў. Я пусціўся ў горад, без літасці прышпорваючы беднага майго каня. Дарогаю прыдумваў я і тое, і другое для вызвалення беднай дзяўчыны і нічога не мог выдумаць. Прыскакаўшы ў горад, я адправіўся проста да генерала і кулём да яго ўбег.

Генерал хадзіў узад і ўперад па пакоі, курачы сваю пенковую люльку. Убачыўшы мяне, ён спыніўся. Напэўна, выгляд мой здзівіў яго; ён клапатліва запытаўся аб прычыне майго спешнага прыходу.

— Ваша прэвасхадзіцельства, — сказаў я яму, — зварачаюся да вас, як да бацькі роднага; богам прашу, не адмоўце мне ў маёй просьбе; справа аб шчасці ўсяго майго жыцця.

— Што такое, бацюхна? — спытаўся здзіўлены старык. — Што я магу для цябе зрабіць? Кажы.

— Ваша прэвасхадзіцельства, загадайце ўзяць мне роту салдат і поўсотні казакаў і пусціце мяне ачысціць Белагорскую крэпасць.

Генерал глядзёў на мяне пільна, думаючы, напэўна, што я звар'яцеў (у чым амаль і не памыляўся).

— Як гэта? Ачысціць Белагорскую крэпасць? — сказаў ён нарэшце.

— Ручаюся вам за поспех, — адказаў я з жарам. — Толькі адпусціце мяне.

— Не, малады чалавек, — сказаў ён, ківаючы галавой. — На такой вялікай адлегласці непрыяцелю лёгка будзе адрэзаць вас ад камунікацыі[6] з галоўным стратэгічным пунктам і атрымаць над вамі поўную перамогу. Адрэзаная камунікацыя...

Я спалохаўся, убачыўшы яго рынутага ў ваенныя разважанні, і спяшаўся яго перапыніць.

— Дачка капітана Міронава, — сказаў я яму, — піша да мяне ліст; яна просіць дапамогі; Швабрын прымушае яе выйсці за яго замуж.

— Няўжо? О, гэты Швабрын вялікі Schelm[7], і калі трапіць да мяне ў рукі, дык я загадаю яго судзіць у 24 гадзіны, і мы расстраляем яго на парапеце[8] крэпасці! Але пакуль трэба мець цярпенне...

— Мець цярпенне! — ускрыкнуў я без памяці, — А ён між тым ажэніцца на Мар'і Іванаўне.

— О! — сказаў на гэта генерал. — Гэта яшчэ не бяда: лепш ёй быць пакуль жонкаю Швабрына; ён цяпер можа зрабіць ёй пратэкцыю; а калі яго расстраляем, тады, бог дасць, знойдуцца ёй і жанішкі. Прыгожанькія ўдовачкі ў дзеўках не сядзяць; гэта значыць, хацеў я сказаць, што ўдовачка хутчэй знойдзе сабе мужа, як дзяўчына.

— Хутчэй згаджуся памерці, — сказаў я ў шаленстве, — як пераступіць яе Швабрыну!

— Ба, ба, ба, ба! — сказаў старык. — Цяпер разумею: ты, відаць, у Мар'ю Іванаўну закаханы. О, справа іншая! Бедны хлапчына! Але ўсё-ж я ніяк не магу даць табе роту салдат і поўсотні казакоў. Гэта экспедыцыя была-б неразумная - я не магу ўзяць яе на сваю адказнасць!

Я панурыў галаву; роспач мяне апанавала. Раптам думка мільгнула ў галаве маёй: у чым яна складалася, чытач убачыць з наступнага раздзелу, як кажуць старыя раманісты.

Зноскі

[правіць]
  1. Раскат – памост для ўстаноўкі гарматы
  2. Перуны – удары грому – у дадзеным выпадку гарматы
  3. Глазет – гатунак парчы з вытканымі на ёй залатымі і срэбнымі ўзорамі
  4. Калежскі советнік – цывільны чын, які адпавядае чыну палкоўніка
  5. Лізавета Харлова – дачка каменданта Тацішчаўскай крэпасці і жонка каменданта Ніжнеазёрнай крэпасці. Абедзве крэпасці былі ўзяты Пугачовым; бацька, маці і муж Харловай пакараны смерцю, а сама Харлова, якая адзначалася надзвычайнай прыгожасцю, зроблена наложніцай Пугачова, і праз некаторы час таксама забіта
  6. Камунікацыя – зносіны
  7. Schelm(ням.) – шэльма
  8. Парапет – каменная або земляная сценка крэпасці